На філалагічным факультэце БДУ 23 снежня 2021 года прайшла серыя майстар-класаў «Каля Каляд». Свята традыцыйна арганізоўвае вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору. Мэта мерапрыемстваў – пазнаёміць і далучыць да беларускіх калядных традыцый усіх жадаючых.
Майстар-класы праходзілі на базе вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору. Госці сёлетняга мерапрыемства – навучэнцы 10 класа Ліцэя БДУ і замежныя студэнты філалагічнага факультэта – пазнаёміліся з асноўнымі каляднымі традыцыямі, даведаліся пра асаблівасці і гісторыю беларускай батлейкі, пра семантыку калядных масак. Пра ўсё гэта ім распавялі супрацоўніцы ВНЛБФ Міхаліна Грыб і Вера Дзянісенка. Акрамя таго, наведвальнікі мелі магчымасць увачавідкі пабачыць самаробную батлейку, паўдзельнічаць у калядных гаданнях і віктарыне. І, канешне ж, як сапраўдныя калядоўшчыкі, атрымалі пачастункі ад гаспадароў.