Вясна ўбіраецца ў сілу, самы час ісці на вуліцу, каб пагуляць.

У што - падкажа нам студэнтка філфака Паліна Куксанава, вытрымкі з фальклорнай практыкі якой (самазапісы 2005 года, зробленыя ў г. Мінску і ў в. Сваткі Мядзельскага раёна Мінскай вобласці) мы з прыемнасцю прапануем усім вам.

Фарбы”

Жанр – дзіцячая гульня.

 “Фарбы” – назва перакладная, звычайна выкарыстоўваецца рускамоўная – “Краски”.

Чамусьці я заўважыла, што менавіта ў гульнях для дзяцей дашкольнага ўзросту часта выкарыстоўваюцца розныя паэтычныя радкі, чатырохрадкоўі, якія суправаджаюць дзеянне. Далей мы пабачым, што ў гульнях для дзяцей старэйшага ўзросту тэкст знікае. На маю думку, гэта тлумачыцца развіццём дзіцяці, неабходнасцю ўздзенічаць на ўражанне і візуальна, і слыхава, і непасрэдна ў дзеянні, у руху.

Матка (вядоўца) загадвае ўдзельнікам колеры фарбы і прызначае ваўка. Воўк прыходзіць і кажа:

–Тук-тук!

–Кто там?

–Волк, пришел за краской.

–Какой?

–Розовой!

Калі няма такой фарбы, яму ў адказ:

–Беги по дорожке, сломай себе ножки.

Калі такая ёсьць, яна выбягае, Матка лічыць да трох, і за ёй наўздагон пускаецца Воўк. Калі злавіў – становіцца фарбай, а былая фарба – Воўкам, калі не – усё пачынаецца спачатку.

 

“Выбівалы”

Жанр– жвавая гульня.

Два чалавекі (у аднаго з іх у руках мячык) становяцца на пэўнай адлегласці адзін ад аднаго, а паміж імі становяцца астатнія гульцы. Задача іх – павыбіваць усіх у цэнтры. Першыя, каго выб’юць, на наступны раз выбіваюць астатніх.

 

“Дрэва”

Жанр – дзіцячая гульня.

Гэта дзіцячая гульня на рэакцыю, змест якой такі. Ёсць вядоўца, удзельнікі і мячык.

Удзельнікі сядаюць на лаўку, а вядоўца па чарзе кідае мячык удзельнікам, прапаноўваючы напачатку імя, потым імя мужа/жонкі, потым колькі дзяцей, дзе жывуць, колькі грошай зарабляюць, дзе адпачываюць і далей, наколькі хопіць дзіцячай фантазіі. У сваю чаргу ўдзельнік, калі яму падабаецца імя, прапанаванае вядоўцам, павінен лавіць мячык, калі не – адпаведна адбіваць. Калі падчас палёту мяча вядоўца прамовіў Дрэва (Самжэла, Сабжэк), то ўдзельнік павінен злавіць і назваць загаданае пажаданае імя (альбо месца жыхарства, альбо колькасць дзяцей – у залежнасці ад пытання). Калі ж удзельнік не злавіў, то яму застаецца папярэдні варыянт, прамоўлены да гэтага. Вось звычайна менавіта ў гэтым выпадку і раздаецца рогат, калі хлопчык альбо дзяўчынка атрымліваюць імя кшталту Бомж, Ануча, Прастытутка і г.д. (таксама ў залежнасьці ад фантазіі вядоўцы).

 

“Гадалка”

Жанр – дзіцячая гульня.

Акурат зараз мне ўзгадалася падобная гульня “Гадалка”, якую мы складалі са сшытку з загорнутымі напалову старонкамі ва ўзросце пяці-шасці гадоў. На кожнай старонцы пісалася пытанне вялікім круглявым дзіцячым почыркам, а на загорнутай старонцы – дваццаць з нечым адказаў: Дзе жывяце? 1) у склепе, 2) у катэджы, 3) у асабняку, 4) пад лаўкай... І чамусьці зноў-такі чуўся рогат, калі хлопцу альбо дзяўчыне варажыўся гаротны лёс – шлюб з алкаголікам, 10 дзяцей, 0 рублёў, 5 каханкаў, жыццё пад лаўкай... Ня думаю, што да гэтага хто-небудзь ставіўся сур’ёзна, хутчэй, як да забавы.

 

“Алі-Баба”

Жанр – дзіцячая гульня.

“Алі-Баба” – улюбёная гульня ў дзіцячым садку. Усе яе ведаюць: дзве каманды становяцца насупраць адзін аднаго і перакідваюцца фразамі:

–Али-Баба!

–Зачем,слуга?

–Пришить рукава!

–На чьи бока?

–Пятого, десятого, Танюшу сюда!

І Танюша, набіраючы хуткасць, бяжыць і з усяе моцы спрабуе прабіць счэпленыя Тарасёвы і Марыліны рукі. Далей усё проста: прабівае – забірае альбо Марылю, альбо Тарася да сябе ў каманду, не прабівае – застаецца тут. І так пакуль у якой-небудзь з камандаў не астанецца адзін чалавек. І тут два варыянты: 1) калі толькі што сябра з яго каманды застаўся ў чужой камандзе і яго чарга клікаць Алі-Бабу, каманда прайграе, бо няма каго разбіваць; 1) калі ж яго чарга “шыць рукавы”, ён бяжыць і калі не прабівае – яго каманда прайграе, калі ж прабівае – гульня працягваецца.

 

“Цішэй едзеш – далей будзеш”

Жанр – дзіцячая гульня.

Аналагічная гульня па мэце, але крыху іншая па сродках “Цішэй едзеш – далей будзеш” (аршанскі варыянт назвы “Ехала машына – стоп!”). Вядоўца абарочваецца да удзельнікаў спінай і прамаўляе гэтую прыказку ў розным тэмпе. Удзельнікі падчас словаў рухаюцца наперад, а калі прыказка змаўкае і вядоўца раптоўна абарочваецца, усе павінны стаяць не варушачыся. Калі вядоўца заўважае кагосьці ў руху, вяртае яго назад. Звычайна менавіта лёт і бег цяжка спыніць, калі раптоўна абарвуцца словы, і аматары хуткасці вяртаюцца назад. А вось памяркоўныя хадакі дабіраюцца да мэты хутчэй. Такім чынам, народная прымаўка знайшла сваё падмацаванне і ў фальклоры.

Зараз збольшага прыгадваю гульні, якія памятаю са свайго ўласнага досведу, бо памяць дзіцячая фіксуе вельмі дакладна нават зусім нязначныя дэталі, а гульні, пачутыя ад інфарматараў застаюцца далёкімі і неспазнанымі.

 

“Светлафор”

Жанр – дзіцячая гульня.

Памятаю, часта пасля школы нам не хацелася ісці дадому, і мы спыняліся на развілцы, каб пагуляць у “Светлафор”. Ён бывае дзвюх разнавіднасцяў – каляровы і музычны. Каляровы заключаецца ў тым, што вядоўца, адвярнуўшыся, загадвае колер і паварочваецца. Тыя ўдзельнікі, якія маюць гэты колер альбо на вопратцы, альбо на ўпрыгажэннях – прахозяць, і светлафор іх не затрымлівае. А тыя, хто не мае, павінны прабегчы праз Светлафор (вядоўцу), каб той іх не затрымаў. З тым, каго затрымлівае, Светлафор мяняецца ролямі. Калі нікога не затрымаў – гульня працягваецца.

Музычны– для малодшых школьнікаў. Светлафор сам з сабою прагаворвае алфавіт, хто-небудзь з удзельнікаў яго спыняе. Той называе літару, і на гэтую літару кожны з удзельнікаў павінен прыгадаць назву песні, альбо пачатак, альбо прыпеў. Хто не прыгадвае, становіцца Светлафорам. Калі гуляюць спрактыкаваныя – у іх адразу ёсць дзяжурныя варыянты на кожную літару алфавіта. Урэшце, лепшы ўдзельнік ведае як мінімум па пяць песень на кожную літару. Ці трэба казаць, што ў асноўным гэта – эстрадныя песні, але часам сустракаюцца і фальклорныя кшталту “Во поле берёзка стояла”. Гэтая гульня можа развівацца і далей разам з дзецьмі, напрыклад,паэтычны светлафор. Прыгадваць вершы і назвы твораў на пэўную літару. Але пакуль гэта толькі аўтарская рэмарка.

 

“Море волнуется раз...”

Жанр – дзіцячая гульня.

З цяжкасцю мне прыгадваецца сэнс гульні “Море волнуется раз”. Я яшчэ ў дзяцінстве не разумела яе сэнсу. Наколькі памятаю, група падзяляецца на вядоўцу і гульцоў. Вядоўца (альбо ўся група) прамаўляе: “Море волнуется раз, море волнуется два, море волнуется три – на месте фигура замри”. Тут гульцы прымаюць выгляд пэўнай марской жывёліны (альбо каралавага рыфу – наколькі хопіць фантазіі), а вядоўца павінен здагадацца, што гэта за фігуры. Гэта мае прыгады.

Але мяне паправіла супрацоўніца маёй матулі: “Фігуры заміраюць, а вядоўца павінен вычварацца (рабіць пэўныя рухі, казаць словы), каб хто-небудзь з гульцоў рассмяяўся альбо паварушыўся. Тады той, хто страціўся, становіцца вядоўцам. (Мяне таксама вельмі пацешыў той факт, што ў гульнёвай тэрміналогіі захавалася беларускае слова “страціцца”.)

 

“Сапсаваны тэлефон”

Жанр – дзіцячая гульня.

“Сапсаваны тэлефон” – гэта гульнёвая мадэль пляткарства. Хто як пачуў, штосьці дадаў ад сябе, а сэнсу і не пазнаць. Правілы лёгкія. Усе сядаюць у шэраг альбо ў кола. Першы шэпча другому нейкае слова, другі перадае пачутае трэцяму і так па чарзе. У выніку звычайна гучыць нейкая абракадабра, праз што і дасягаецца забаўляльны эфект.

 

“Пярсцёнак”

Жанр – дзіцячая гульня.

Тут жа яшчэ хочацца зьмясьціць цікавую гульню “Пярсцёнак”. Усе сядаюць на лавачку, а вядоўца трымае пярсцёнак, схаваны паміж далоняў. Гульцы таксама сціскаюць далоні, але так, каб вядоўца вольна мог/магла б прасунуць свае паміж далонямі ўдзельнікаў. Вядоўца можа прайсьціся адзін раз, камусьці кінуць пярсцёнак падчас праходжання паміж далонямі і лічыць да трох. Удзельнікі павінны затрымаць таго, хто мае пярсцёнак і не даць яму выбегчы. Мэта ўладара пярсцёнка – выбегчы да вядоўцы і стаць ім. Часам вядоўца можа паздзеквацца з народу і не кінуць пярсцёнка, а яны хай сабе вырашаюць, хто з іх уладар! Калі падман раскрыты, вядоўца робіць чарговае кола, пакуль не падорыць каму-небудзь пярсцёнак.

 

“Арам-Шым-Шым”

Жанр – дзіцячая гульня.

Назва падаецца нейкай арабскай, хаця ручацца не буду.

Было гэта пяць гадоў таму. Сэнс гульні ў наступным: Гульцы становяцца ў кола, а ў цэнтры застаецца адзін шчасліўчык. Ён заплюшчвае вочы і кружыцца вакол сябе, указваючы рукой наперад, пакуль кола прамаўляе загадкавае:

Арам-Шым-Шым,

Арам-Шым-Шым!

Арамея, Бусея,

Пакажы-ка на меня!

І ў гэты момант шчасліўчык расплюшчвае вочы і бачыць, на каго паказвае яго рука. Гэта менавіта той, каго шчасліўчык павінен пацалаваць! З пацалункам перадаецца і права быць шчасліўчыкам, якога таксама чакае патаемнае – пацалунак з невядомым. Гэтая гульня першая, якая знаёміць дзяцей з пацалункам, хаця, канечне, нявінным, і яскрава выяўляе пачуцці паміж дзецьмі.

 

“Кракадзіл”

Жанр – гульня.

Гурт падзяляецца на дзве каманды. Чалавеку з каманды А каманда Б загадвае альбо слова, альбо словазлучэнне, альбо радок з песьні, альбо назву твора (на гэтых варыянтах бачна, як развіваецца гульня ў розных асяродках). Гулец з каманды А толькі рухамі і мімікай (не кажучы ні слова) павінен паказаць гульцам са сваёй каманды тое, што яму загадалі, каб каманда здагадалася. Калі каманда А здагадалася, гульцу з каманды Б дае не менш складанае заданне. Хачу падзяліцца найбольш вясёлымі ўспамінамі, звязанымі з гэтай гульнёй.

Аднойчы ўвечары ля вогнішча мы гулялі ўсямёх. Склад быў такі: тры дзяўчынкі, тры хлопцы і тата адной дзяўчынкі. Мы падзяліліся па гендэрнай прыкмеце. І было досыць смешна, калі дзядзька Лёня з паўгадзіны не мог паказаць хлопцам са сваёй каманды істэрыку! Мы не стрымаліся і за паўхвіліны давялі да ведама хлопцаў, што было ім загадана, паказаўшы псіхі, плач і крыкі. Я вяду да таго, што немэтазгодна гуртавацца ў каманды па полавай прыкмеце: усё-ткі ў дзяўчынак з хлопцамі розныя механізмы мысленьня, варта было б абменьвацца рэсурсамі.

 

“Я лячу на Марс...”

Жанр – гульня-задачка.

Гульня пачынаецца са словаў “Я лячу на Марс і бяру з сабой...”, і кожны па чарзе дадае да гэтых словаў нешта сваё, а той хто ведае сістэму, паводле якой чалавек ляціць альбо не ляціць, адказвае, ці падыходзіць гэтая рэч, каб узяць яе з сабой на Марс. Гульня цягнецца, пакуль усе не заўважаць сістэму. А яна тут вельмі простая, нават для дзяцей: бяры з сабой рэчы, першая літара якіх супадае з першай літарай твайго імя, і паляціш на Марс!

 

“Мядзведзь, Вожык альбо Кіт”

Жанр – гульня-розыгрыш.

Гульцы становяцца ў кола, а вядоўца кожнаму па чарзе на вуха называе нейкую жывёлу. Сэнс у тым, каб не выпусьціць (альбо не даць прысесці) той жывёле, якую ўслых назаве вядоўца. А прыкол хаваецца ў тым, што слова, прышэпчанае на вуха, у кожнага адно і тое ж: Мядзьведзь, Вожык альбо Кіт. І калі гэтае слова прамаўляе вядоўца, усе з усяе моцы падаюць на падлогу (траву).

 

“Суп гатовы”

Жанр – жвавая гульня.

Дзеці гуляюць на спортпляцоўцы. Вядоўца заплюшчвае вочы і лічыць да дзесяці. Астатнія за гэты час павінны заняць месца над зямлёй: ці то на лаўцы, ці то на турніках, ці то на арэлях, ці то на павуцінцы. Вядоўца з заплюшчанымі вачыма пачынае гуляць з астатнімі ў Кошкі-мышкі, спрабуючы некага злавіць. У вядоўцы ёсьць выключнае права – прамовіць “Суп гатоў” (варыянт “Вышэй ногі ад дарогі”) і расплюшчыць вочы. Калі ў гэты час хто-небудзь стаіць на зямлі, становіцца вядоўцам. Калі не, то гэты вядоўца пакутуе, покуль не зловіць каго-небудзь усляпую альбо не засячэ момант перабежкі з аднага “доміка” на другі якога-небудзь няўрымслівага гульца.

 

“Квач (Кіч)”

Жанр–  жвавая гульня

Найбольш жвавая гульня, гэта, напэўна, “Квач”. Звычайныя даганялкі, але іх існуе шмат разнавіднасьцяў. Ёсьь гулец-квач, які мае задачу дагнаць каго-небудзь з удзельнікаў і перадаць яму эстафету. Існуе звычайны квач; існуе квач з мячом, які акрамя жвавасці патрабуе і трапнасці шпурляння мяча; існуе квач ў вадзе і на “павуцінцы” (характэрнай жалязяцы, якая маецца ледзь не ў кожным двары); існуе квач грузінскі... Задача апошняга ў тым, каб дагнаць і торкнуць ззаду ахвяру, проста кажучы, зымітаваць фрагмент полавага акту.

 

“Гарачая бульба”

Жанр – спартыўная гульня.

Вядомая ўсім “Гарачая бульба” – сродак выхавання тых, хто не лепшым чынам гуляе ў валейбол. Усе становяцца ў кола і кідаюць мячык на валейбольны манер, а тыя хто ня змог адбіць, сядае ў кола. Так кола меншае, а ў цэнтры расце “Бульба”. Часам на полі астаюцца два гульцы і выбіваюць усіх. Часам нехта вызваляе каго-небудзь, не чакаючы, пакуль астанецца два чалавекі. Тады выходзіць зноў гуляць той, у каго трапілі мячом. Натуральна, што выбіваць трэба разаком, а “Бульба” мае права падымаць рукі, каб іх захапіў мячык, калі ўжо не церпіцца  выйсці зноў гуляць.

Вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору

Адрас электроннай пошты: folkndl@yandex.ru


Адрас: 220030, Рэспубліка Беларусь, г.Мінск,
вул. К.Маркса, дом 31, п.39.

 

Тэлефон: 365-39-45

(з рэгіёнаў Беларусі: 8-017-3653945, 
з замежжа: +375 17 3653945)

 

Прыём наведвальнікаў:

панядзелак, серада, чацвер
з 10.00 да 16.30

(перапынак 

з 13.00 да 14.00)

У сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй прыём наведвальнікаў прыпынены.

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики.

Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.