Другога лістапада – Задушны Дзень ці Дзень Усіх Святых. Перад гэтым днём ішлі на могілкі, прыбіралі ўсё, прыносілі кветкі, свечы, маліліся. У самы Дзень Усіх Святых паміналі не паасобку кожнага нябожчыка, а ўсіх разам. Уся вёска ў чорным адзенні – у жалобе.
Запісалі ў 1990 годзе студэнткі філалагічнага факультэта БДУ імя Леніна П.М. Булдакова і А.В. Гіціна у в. Індуры Гродзенскага раёна Гродзенскай вобласці ад Белуць Марыі Дамінікаўны (1925 г.н., беларуска, адукацыя 7 класаў, мясцовая).
***
На Дзяды на могілкі насілі толька цветы або пасвенчонае пячэнне, хлеб, ваду.
Свянцонай вадой крапілі магілкі. Перад памінальнай вячэрай гаварылі : “Дзяды, дзяды, усе сабірайцеся к сталу”. Усіх паімённа звалі. Астаўлялі яду на стале.
Уночы дзяды сніліся. Гэта было добрым знакам.
Запісалі ў 2002 годзе студэнтамі Г.М. Навумчык, Ю.І. Данільчык, В.М. Астроўская, І.С. Канановіч у г. Зэльва Гродзенскай вобласці ад Борыс Ніны Антонаўны (1931 г.н.).
***
Яшчэ гэта свята называлася Асяніны. У гэты дзень калолі парсюка ці рэзалі цялушку або авечку. Гатавалі старвы: куццю, бліны, клёцкі, мяса. Перад гэтым святам абавязкова ўбіралі падворак і хату, мыліся ў лазні. На вячэру заклікалі сваякоў, суседзяў. Гаспадар запальваў свечку і звяртаўся да памерлых:
- Прыходзьце да нас на Асяніны
ўсе тыя, што займалі гэту сялібу!
Ад кожнай стравы адкладвалі памерлым продкам. Пасля заканчэння вячэры зноў звяртаўся да дзядоў, развітваючыся з імі: “Святыя дзяды, елі і пілі, ідзіце да сябе”.
Запісала ў 2001 годзе студэнтка філалагічнага факультэта БДУ Е.С. Канановіч у в. Дзітва Лідскага раёна Гродзенскай вобласці ад Нямшной Клаўдзіі Піліпаўны (1940 г.н., полька).
Болей пра свята можна пачытаць тут,
а пра ўвесь народны каляндар - у раздзеле "Святы" нашага сайта.