АГУЛЬНАНАЦЫЯНАЛЬНЫ КАНТЭКСТ СВЯТКАВАННЯ ВЯЛІКАДНЯ НА БЕЛАРУСІ

Аўтар - Яўгенія Сухаверхава

ВЯЛІКДЗЕНЬ (мясцовыя назвы -- Вялікадне, Вялічка, Пасха) – вялікае свята ў гонар сонца, вясны, абуджэння прыроды і надыходу земляробчага сезона. У эпоху хрысціянства Вялікдзень стаў прымяркоўвацца да ўваскрэсення ўскрыжаванага Хрыста. Дзень правядзення Вялікадня залежыць ад месячнага календара: у праваслаўных ён святкуецца ў нядзелю пасля поўні, якая з’явіцца на небе пасля дня веснавога раўнадзенства, г.зн. паміж 4 красавіка і 8 мая новага стылю. Да Вялікадня прывязаныя і іншыя рухомыя святы і перыяды народнага календара: Масленіца, Вялікі пост, Серадапосце, Вербніца, Чысты чацвер, Радаўніца, Ушэсце, Сёмуха, Русальны тыдзень і інш.

Вялікдзень – самае доўгачаканае і радаснае свята ў хрысціян, якое прыходзіла пасля працяглага сямітыднёвага посту. Да Вялікадня ўсе старанна рыхтавалі самыя разнастайныя стравы, каб належным чынам сустрэць свята. У суботу ўсе, хто мог, ішлі на святочную службу ў храм. Тыя, хто заставаўся дома, не клаліся спаць, раскладалі на вясковых вуліцах вогнішчы і чакалі, калі апоўначы зазвоняць званы і паведамяць усім, што Хрыстос Уваскрос. Казалі, што ад гэтага звону абуджаюцца пасля зімы пчолы і пачынаюць пець птушкі і першай з іх -- наймілейшая Богу птушка салавей. Напярэдадні Вялікадня ці на самым яго пачатку людзі неслі асвячаць у храм яйкі, пафарбаваныя галоўным чынам у адвары шалупіння цыбулі ці кары дрэў, што надавала ім чырвоны колер (былі пісанкі, маляванкі – яйкі, размаляваныя рознымі ўзорамі, пераважна на Заходняй Беларусі). Яйка для асвячэння трэба было крыху аблупіць, каб святасць лепш прайшла ў яго. “Свято Вялічка – з красным яічкам” – менавіта ім разгаўляліся на Вялікдзень за святочным сталом. А прынёсшы яйка дадому з царквы, апускалі яго ў ваду, каб ёю памыцца і быць румяным, прыгожым і здаровым увесь год. Адно велікоднае яйка клалі за абразы: калі яго кінуць у пажар, то ён патухне.  З тою ж мэтай захоўвалі шкарлупінне ад першага з’едзенага на Вялікдзень яйка, нямыты абрус з велікоднага стала, а косткі з асвечанага мяса спецыяльна закопвалі на гарышчы (аднак, калі іх закопвалі ў жыце, спадзяваліся тым самым засцерагчыся ад буры і граду).

Улюбёныя гульні на Вялікдзень – таксама з яйкамі: іх каталі па нахіленым жолабе і глядзелі, чыё далей пакоціцца. Іх хавалі пад шапку, і трэба было ўгадаць, у якім напрамку глядзіць дзюбка. Але найбольш пашыраная была гульня ў біткі. Стукаліся святочнымі яйкамі, і перможцам быў той, у каго яно заставался цэлае (“мацак”).

У першы дзень Вялікадня трэба было есці толькі ўсё асвечанае. Разгавеўшыся ў сваёй хаце, гаспадары прыхоўвалі рэшткі асвечаных страў, каб праз дзевяць дзён, на Радаўніцу, занесці на могілкі і “пачаставаць” нябожчыкаў.

 

На Вялікдзень мужчыны і хлопцы збіраліся ў вялікія (па 10—20 чалавек) гурты валачобнікаў і хадзілі па сяле спяваць у кожным двары валачобныя песні. ВАЛАЧОБНІКІ (мясцовыя назвы -- лалоўнікі, лачыншчыкі, кукольнікі, хрыстаслаўнікі) – удзельнікі традыцыйнага штогадовага абходу двароў на Вялікдзень з велічальна-віншавальнымі валачобнымі песнямі і музыкай. Звычай валачобнага абходу існаваў на ўсёй этнічнай тэрыторыі беларусаў, у тым ліку на Віленшчыне, Беласточчыне, Чарнігаўшчыне, Смаленшчыне, Пскоўшчыне. Валачобныя групы фарміраваліся з мужчын адной узроставай катэгорыі – дарослых сярэдніх гадоў мужчын, дзецюкоў шлюбнага ўзросту, юнакоў-падлеткаў. Валачобны гурт захоўваў прыкметы сакральнасці, паводзіў сябе рытуальна, годна, бо нёс выключна добрыя звесткі, падтрымліваў жыццёвы аптымізм. Функцыі ў групе валачобнікаў падзяляліся наступным чынам: кіраўнік, адказны і дасведачны спявак, называўся пачынальнікам, ён пачынаў і выстройваў усю песню і завяршаў яе прамовай; яму дапамагалі “падхватнікі”, што спявалі часам толькі рэфрэн; музыка суправаджаў спеў ігрой на народных існтрументах, а “механоша” мог зусім не спяваць, галоўнае, каб ён меў сілу насіць і зберагаць дары, што давалі валачобнікам, -- пірагі, масла, мяса, сала, каўбасы, сыр і яйкі. Валачобнікі хадзілі толькі па сваіх звычайных акругах. Гэта была нялёгкая праца, якая доўжылася ўсю велікодную ноч і заканчвалася агульным рытуальным пірам удзльнікаў. Умелыя валачобнікі не толькі ўмелі падабраць кожнаму адрасату адпаведную песню, але і вершаванае завяршэнне, злёгку гумарыстычнае, каб лягчэй і спарней прыносіліся дары.

 

ВАЛАЧОБНЫЯ ПЕСНІ (мясцовыя назвы -- валачэўныя песні, лалынкі) – віншавальна-велічальныя творы, адзін з самых жыццесцвярджальных і высокамастакіх жанраў паэзіі беларускага земляробчага календара, нацыянальная адметнасць народна-паэтычнай культуры беларусаў (сустракаецца яшчэ ў сербаў). Іх абрадавы сэнс – велічанне селяніна, пажаданне яму на пачатку палявых работ добрага здароўя, шчасця ў сям’і, прыплоду ў хляве, плёну на ніве. У аснове гэтых міфалагічных уяўленняў – вера ў магічную моц слова, калі шчодрым зычэннем можна наблізіць чаканае, мару -- да рэальнасці. Рэальны, практычны аспект выканання валачобных песень выяўляўся ў тым, што, прасякнутыя радасным адчуваннем свету, абуджанай вясною на дабрабыт, яны кіравалі  думкамі селяніна да палявых работ, клікалі да працоўнай руплівасці. Аналагічна калядным песням яны падзяляюцца на песні, прысвечаныя гаспадару, гаспадыні, іхняй незамужняй дачцы, нежанатаму сыну. Ёсць таксама невялікая група песень да бабкі.

Паэтычны змест валачобных песень багаты і разнастайны. Кожная песенная група мае сваё кола матываў і вобразаў. З усіх каляндарных песень валачобным у найбольшай ступені ўласцівы эпічная разгорнутасць зместу, жанрава-тыпалагічная акрэсленасць і стабільнасць структур. Самі сюжэты кампануюцца свабодна, з істотнай доляй імправізацыі. Вялікае месца ў афармленні сюжэтаў належыць умоўнасці, казачнаму зместу. Некаторыя песні налічваюць да 200 і болей радкоў і маюць разнастайную рыфмоўку. Самыя тыповыя прыпевы: “Вясна красна на ўвесь свет!”, “Вясна красна на дварэ!”, “Зялён явар, дуброва!”, "Да віно ж, віно зеляно!”, “Зялёны сад вішнёвы!”, “Зялёна траўка мураўка!”, “А-ля-ля-лё, лі-ляй-лё!”, “Гэй, палын!”, “Хрыстос васкрос, сын Божы!”.

 

Ад Вялікадня пачыналі таксама і вадзіць карагоды. Не абыходзілася і без варажбы. На Вялікдзень існавала многа прадказанняў надвор’я. Чакалася, што сонца на ўсходзе, як і на Купалле, “іграе”, “купаецца” (гэта абяцала багаты ўраджай, шчаслівае вяселле). Адкуль вецер дзьме – адтуль будзе дуць усё лета. Калі яснае і халоднае надвор’е – летам у садзе будзе поўна розных пладоў. Калі дождж – да Сёмухі трэба чакаць больш даджоў, чым ясных дзён.

 

Паводле артыкулаў У. А. Васілевіча, Л. М. Салавей, А. С. Ліса і З. Я. Мажэйка, змешчаных у энцыклапедыі “Беларускі фальклор” (т. 1).

У афармленні выкарыстаная праца мастака Яўгеніі Сухаверхавай з "Беларускага календара 2008. Неба і зямля: спевы краю"

Вы можаце спампаваць для азнаямлення аўдыёзапіс з фондаў ВНЛ.

 

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики.

Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.