ВЯЛІЧКА ІДЗЕЦЬ – НЕЧАГА НАДЗЕЦЬ…

Запісана ад Т. А. Лесінай

з в. Дубраўка Ушацкага раёна

Вялічка ідзець – нечага надзець,

Траўка-мураўка зялёна!

Адзін кажушок – і той трабушок,

Траўка-мураўка зялёна!

Адна хусцінка – тая лісцінка,

Траўка-мураўка зялёна!

Адна куртачка – тая шурпатачка,

Траўка-мураўка зялёна!

Адзін кажушок і той трабушок,

Траўка-мураўка зялёна!

Адна сярмяжка – і тая цяжка

Траўка-мураўка зялёна!

Запісала К. Дабравольская ў 1989 г.

 

А ВЯЛІКДЗЕНЬ ІДЗЕЦЬ, ПА ЯЕЧКУ НЯСЕЦЬ…

Запісана ад Марыі Крупскай (1914 г. н.)

з в. Рудкоўшчына Сенненскага раёна

А Вялікдзень ідзець, па яечку нясець,

А зялёны сад вішнёвы!

Па яечку ды па краснаму,

А зялёны сад вішнёвы!

Малым рабяткам па яечаньку,

А зялёны сад вішнёвы!

Старым бабкам па пірожаньку,

А зялёны сад вішнёвы!

Маладым жонкам па сыночаньку,

А зялёны сад вішнёвы!

Красным паненкам па вяночаньку,

А зялёны сад вішнёвы!

Малым рабякам з яйцом гуляць,

А зялёны сад вішнёвы!

Старым бабкам за столікам сесці,

А зялёны сад вішнёвы!

За столікам сесці, піражок з’яесці,

А зялёны сад вішнёвы!

Маладым жонкам сынкоў расціць,

А зялёны сад вішнёвы!

Красным паненкам у вянку вянчацца,

А зялёны сад вішнёвы!

Запісалі Ж. Кохан і Н. Панкрашчанка.

А на першы дзень на вялічка…

Запісана ад Г. Ф. Барадзейка (1920 г. н.)

з в. Юркоўшчына Лепельскага раёна

А на первый дзень на Вялічачка.

Ай, зялён явар, кудравы!

Усім дзетачкам па яечачку,

Ай, зялён явар, кудравы!

Адной сіраце не выспалася,

Ай, зялён явар, кудравы!

Да пайшла сірата да закплакаўшы.

Ай, зялён явар, кудравы!

– Да пастой, сірата, цябе Бог кліча,

Ай, зялён явар, кудравы!

Цябе Бог кліча, табе долю даець.

Ай, зялён явар, кудравы!

Табе долю даець – яец карабец,

Ай, зялён явар, кудравы!

Яец карабец, скрыню, скрыню грошай,

Ай, зялён явар, кудравы!

Скрыню грошай, каня варанога,

Ай, зялён явар, кудравы!

Каня варанога, князя маладога.

Ай, зялён явар, кудравы!

Запісалі А. Ухваронак, В. Макаўчык,

А. Ляшкевіч, І. Ясючэня ў 1993 г.

 

Чыя гэта хата на пагорачку…

Запісана ў в. Райцы Талачынскага раёна

Чыя гэта хата на пагорачку?

Хрыстос васкрэс, Сын Божы!

Стаіць іна пахіліўшасі.

Хрыстос васкрэс, Сын Божы!

А там жывець удовушка,

Хрыстос васкрэс, Сын Божы!

Ана жывець і гаруіць,

Хрыстос васкрэс, Сын Божы!

Яе дзетачкі пацішаюць,

Хрыстос васкрэс, Сын Божы!

– Ні плач, ні гаруй, наша мамачка,

Хрыстос васкрэс, Сын Божы!

А як жа мы ды павырасцім,

Хрыстос васкрэс, Сын Божы!

Тады жа мы пабудуемся.

Хрыстос васкрэс, Сын Божы!

Запісала А. Красавіцкая ў 1984 г.

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики.

Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.