На другі дзень свята, якое пінчукі называюць «Трыйца», «Труйца», «Трійца», на вуліцах вёсак пануе ажыўленне. На лужках, грудках, на лавачках каля хат збіраюцца жанчыны ў яркіх сукенках, прыгожых вышываных фартухах, стракатых хустках, да іх далучаюцца мужчыны, моладзь, падлеткі. Каля  поўдня аднекуль з  краю вёскі даносіцца песня. «Ой,булы мы ў вэлыкому лісі, ізвілі куста з зэлёного клёну», – выводзяць жаночыя галасы, паведамляючы аб тым, што ідзе Куст.

У адрозненне ад звычайнай мовы ў сферы абраднасці слова «куст»мае шмат значэнняў. Куст – назва святочнага панядзелка пасля «Трыйцы»: кажуць – «На Куста», гэтаксама як гавораць «на Каляды», «на Купалу». Кустам, Кустай, «маладой» пінчукі называюць упрыгожаную зелянінай і кветкамі галоўную асобу абраду. Яе ролю ў залежнасці ад узроставай групы ўдзельніц выконвае жанчына, дзяўчына або дзяўчынка. Зараз на палескіх вуліцах часцей сустракаецца жаноцкая куста, бо менавіта жанчыны з’яўляюцца захавальніцамі даўніх прыгожых традыцый, ад іх вучацца спевам дзяўчаткі, якія таксама робяць свой «Куст».

Куст– гэта песні, якія гучаць падчас шэсця па вуліцы, у танках, якія таксама носяць назву «куст»: «Куст – тое самое шчо танок. Куст  – як ходять по дзерэвні, а танок – як побэруцца танцоваты» (в. Камень). Выкананне песень называецца  «співаты куста», падобна таму як кажуць «співаты шчодрыка», «коляду».

Падыходзячы да двара, Куст аддае паклон гаспадарам. «Чы дозволітэ співаты куста?»– пытаюцца жанчыны. «Дорогіе госты, моей хаты не мінайтэ, заходьтэ до мэнэ, ды куста заспівайтэ», – адказвае гаспадыня. Атрымаўшы дазвол, спяваюць прывітальную песню:

Ой,дэнь добры да наш пане до хаты!

Ой,чы ж вэлыш нашому Густу статы,

Бочку мэдочку прыпывалночкам даты,

Нам,молодэнькім,на ганочку погуляты?

Спявачкі віншуюць гаспадароў са святам, жадаюць ім сямейнага шчасця, дабрабыту, багатага ўраджаю на полі, а тыя ў адказ дзякуюць за добрыя пажаданні, частуюць хлебам, мёдам, кладуць у кошык пірагі, яйкі.

Рытуальныя матывы песень складаюцца з паведамленняў аб здзяйсненні ключавых момантаў абраду. Галоўны з іх – прыбіранне Куста «у вэлыкому лісі». Песня абвяшчае, што «чэрэз сэло» ідзе незвычайнае «войско дэвоцкэ». Падыходзячы да хаты, даюць знак, што «прывэлы Куста до нового двору». Амаль усе рытуальныя песні маюць зварот да гаспадароў і просьбу выйсці да Куста, дазволіць яму стаць на ганачку, узнагародзіць Куст і спявачак: «наш Куст надарыты», вынесці «Кусту хоч по золотому», «піты-есты даты», «пірожкі в маслі», «крынічную воду».

Нешматлікія песенныя заклінанні накіраваны на магічнае забяспячэнне ўраджаю: «Шчо посіемо, нэхай зародыцца». Песні, прысвечаныя хлопцу ці дзяўчыне, больш цікавыя, яны заклінаюць каханне, шчаслівы лёс.

Аб’ектам велічання ў першую чаргу з’яўляецца зеляненькі Куст як падавец дабрабыту. Некалі песні выконваліся з красамоўным прыпевам: «Дэ Куста водылы,там пшэнычэнька родыла». Апяваецца «войско дэвоцкэ», якое ніхто «ны б’е, ны воюе, ано тэе войско вэлычуе», родная вёска, у якой «хорошэ куста водять». Элементы велічання гаспадароў і іх дзяцей нешматлікія, толькі для гаспадыні знайшлося прыгожае параўнанне: як зорка асвятляе неба, так гаспадыня звесяляе падвор’е.

Сучасны арэал куставых песняў суадносіцца з тэрыторыяй рассялення дрыгавічоў па сярэдняй Прыпяцці, магчыма, у старажытнасці ён быў значна шырэйшым, але захоўвалі яго на працягу двух апошніх стагоддзяў менавіта пінчукі. Зусім дакладна акрэсліваецца паўднёвая мяжа. Яна праходзіць па лініі Сварыцэвічы Дубровіцкага раёна, Броднікі, Сернікі, Зарэчча Зарэчанскага раёна Ровенскай вобласці, далей на поўдзень  «ваджэнне Куста» невядома. Астатнія  межы больш няпэўныя. Хаця  менавіта Піншчына – ядро арэлу Куста, ён часткова вядомы ў сумежных раёнах: Іванаўскім, Лунінецкім, Столінскім, Івацэвіцкім.

«Войска»

У зачынах песень знаходзіць адлюстраванне абмежаванасць абрадавага топасу толькі вуліцай. Ёсць сведчанні заслугоўваючых давер сталых інфармантаў, што ў некаторых вёсках «абход двароў наогул не адбываўся». Наўрад што гэта вынік скарачэння абраду. Выключэнне з абраду сям’і як грамадскай адзінкі сведчыць на карысць старажытнай формы рытуалу, калі на першы план выносіліся інтарэсы  ўсёй грамады.

Макратопас абраду заўсёды спалучаецца з прыпадабненнем яго выканаўцаў войску, хаця ў асноўным удзельнікі шэсця не маюць спецыяльнай назвы. У асобных выпадках назва з’яўляецца агульнай для ўсіх удзельніц: «Ідэ Куста …. усі дэвчата звалыса Куста» (в. Чухава).

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики.

Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.