6 жніўня
У гэты дзень я апынулася ля вытокаў сваёй фальклорнай практыкі ў тым плане, што зноў прыехала да бабулі і дзядулі ў вёску Елка, якая знаходзіцца ў Зэльвенскім раёне Гродзенскай вобласці. Разумеючы, што мінімальную неабходную колькасць адзінак фальклорнай працы я яшчэ ой як не сабрала, была ў больш рашучым настроі, чым раней, калі толькі пачынала збіраць фальклор. Вынікам такой рашучасці стаў мой візіт да Дубатоўка Ганны Віктараўны (1950 г.н., беларуска, сярэдняя адукацыя, мясцовая). З ёй я пазнаёмілася дзякуючы свайму дзядулі, які прывёў нас з матуляй да яе. Тое, што гэта незвычайная жанчына, я зразумела адразу пасля першага ўражання. Ганна Віктараўна сустрэла нас у сваёй хаце вельмі прыветліва, цёпла, пасля чаго адразу я пачала адчуваць сябе даволі ўтульна. Тое, што Ганна Віктараўна вельмі творчая асоба, бачна нават па тым, як яна ўпрыгожыла свой надворак. Пад яблынькай у яе сядзіць мужчына, які нагадвае стомленага вандроўніка, што прысеў крышку адпачыць. Каля кветак у Ганны Віктараўны вельмі ўтульна сябе адчуваюць плюшавы мішка з вавёркай, якія ствараюць добры настрой. У хаце таксама шмат падзелак, створаных самой Ганнай Віктараўнай, аб якіх яна нам з матуляй і дзядулем расказвала. Напрыклад, мая субяседніца зрабіла такую крэатыўную працу, сутнасць якой заключаецца ў наступным: Ганна Віктараўна выразала малюнкі з розных паштовак, а таксама фатаграфіі прыгажунь з часопіса “Ліза”, узяла цырату і наклеіла на яе гэтыя выразкі. Вынікам такой працы стаў цудоўны і незвычайны калаж, на які прыемна паглядзець, заходзячы ў пакой гаспадыні.
Ганна Віктараўна працавала да пенсіі загадчыцай мясцовага клуба. Яна вельмі любіла сваю працу і адносілася да яе з вялікім імпэтам. У вёсцы заўсёды на любое народнае свята праводзілася цікавае мерапрыемства, якое станавілася сапраўднай падзеяй для жыхароў вёскі. Таму, зразумела, што Ганна Віктараўна ведае шмат прыпевак, прыкмет, песень, аўтарам якіх з’яўляецца сама, а таксама цікавых абрадаў, былічак, даведацца аб якіх пашчасціла і мне. Творы Ганна Віктараўна выконвала пры нас з матуляй і дзядулем. Асабліва цікава было яе слухаць яшчэ і таму, што яна расказвала з асаблівым пачуццём пяшчоты, якая выходзіла з сэрца. Такое пачуццё нельга выдумаць, сыграць. Было відаць, што гэтая жанчына сапраўды шчыра любіць беларускае слова ў тым выглядзе, як яна яго разумее, захоўвае памяць пра тое, чым можна падзяліцца з нашчадкамі.
Спачатку Ганна Віктараўна расказвала пра тое, як святкуецца Купалле ў іхняй вёсцы. Расказы аб гэтым свяце, якое беларусам уяўляецца як адно з самых галоўных нацыянальных святаў у фальклорным кантэксце, і занялі яшчэ адзін дзень майго падарожжа на шляху да крыніц фальклору. Паколькі Ганна Віктараўна сама з’яўлялася актыўнай удзельніцай святкавання Купалля, то з задавальненнем парасказвала мне пра цікавыя звычаі правядзення гэтага свята ў Елцы.
35. На Купалле…
На Купалле ў нашай вёсцы збіралася шмат хлопцаў ды дзяўчат. Перад тым, як пачыналіся гульні, танцы, ваджэнне карагодаў, моладзеж рабіла круг, а пасярод яго станавіліся дзве дзяўчыны. Першая з іх пачынала гаварыць:
– На Купала сонца грала
І на свята запрашала.
Сёння будуць музыкі граць,
Сёння будзем кастры раскладаць,
Песні спяваць, танцы скакаць
Ды цудоўную папараць-кветку шукаць.
А другая працягвала:
– Летняя ночка купальская,
Ноч, чаруючая сваім хараством,
Сваімі казкамі, легендамі.
Кажуць, хто знойдзе гэтую кветку,
Той будзе шчаслівы.
Ідзіце, маладыя, шукайце сваё шчасце.
Заўвага: каляндарна-святочная проза – летні цыкл – купальская.
36. На Купалле было прынята ў нас гэткае гаданне…
На Купалле было прынята ў нас гэткае гаданне: дзяўчаткі пускалі на ваду два вянкі. Адзін для сябе, а другі – для каханага. І, значыць, трэба было глядзець, ці сыдуцца гэтыя вяночкі. Калі да, то маладыя будуць у пары, а калі не – трэба чакаць, ці вылавіць хто з хлопцаў гэты вяночак. Калі нейкі спрытны хлопец вылаўліваў той вянок, то з дзяўчынаю яны былі ўсё свята разам. Карагоды вадзілі, песні спявалі, у гульні гулялі, Купалле спраўлялі.
Заўвага: каляндарна-святочная проза – летні цыкл – купальская.
37. У адзін круг запрашаюцца дзяўчаты…
У адзін круг запрашаюцца дзяўчаты, а у другі – хлопцы. У дзяўчат сардэчкі, яны выкідваюць іх уверх. Хлопцы ловяць. Хто чыё спаймае, той з тым гуляе ў пары.
Заўвага: каляндарна-святочная проза – летні цыкл – купальская.
38. Моладзь ідзе шукаць кветку…
Моладзь ідзе шукаць кветку. Калі яе знаходзіць дзяўчына – яна будзе Купалінкай. Хлопцы робяць круг вакол яе, водзяць пад музыку карагод, і Купалінка выбірае сабе Купалу. Адзяе яму вянок на галаву і сабе таксама. А калі кветку знойдзе хлопец – ён выбірае сабе Купалінку, і яны разам да ранку водзяць карагоды ля кастра, спяваюць песні, гуляюць.
А яшчэ мы праводзім конкурс на лепшы вянок. Дзяўчаты з вянкамі на галаве робяць круг вакол Купалы, і ён выбірае. За лепшы вянок – прыз.
Заўвага: каляндарна-святочная проза – летні цыкл – купальская.
39. “Конкурс на меткасць”
Ну, ёсць у нас і конкурс на меткасць. Ставіцца бутылка шампанскага, і трэба накінуць на яе вянок. Хто пападзе, той выігрывае шампанскае.
Заўвага: каляндарна-святочная проза – летні цыкл – купальская.
Вось так і прайшоў яшчэ адзін дзень маёй фальклорнай практыкі. Трэба сказаць, што калі я пазнаёмілася з Ганнай Віктараўнай, то адразу зразумела, што калі і ўзнікне нейкая праблема, то толькі ў тым выпадку, калі я не буду паспяваць запісваць матэрыял. Але ўсё неяк абышлося. Мая скарбонка фальклорнай прозы папоўнілася яшчэ на 5 адзінак, чаму нельга не парадавацца.