2 жніўня.
Дзень пяты.
Сёння, вярнуўшыся з Багданава, вырашыла схадзіць да сваёй суседкі Сальмановіч Галіны Вітольдаўны (1938 г.н., беларуска, скончыла 4 класы, родам з в. Святы Дух ( зараз Будзёнаўка), у в. Навасяды з 1960 г.). Ведаю яе з дзяцінства. Яна сяброўка маёй бабулі Рэгіны. Яе дзеці сябравалі з маім татам, а я вучылася ў адным класе з яе ўнучкай, ды яшчэ і разам здымалі кватэру ў Мінску ў мінулым годзе. Цёця Галіна, як мы яе нызываем, заўсёды любіла мяне і маёго малодшага браціка Жэню. Прыносіла нам розныя пачастункі: то яблык, то цукеркі, то шакаладку.
Яна таксама пражыла вельмі цяжкае і складанае жыццё. І гэты лягло абрысам на яе твары. Гады ўзялі сваё.
Было вельмі прыемна і цікава гаварыць з ёй. Падчас гутаркі адкрываеш для сябе чалавека з новага боку, невядомага табе дагэтуль.
Так атрымалася і з цёцяй Галінай. Я як быццам убачыла яе маладой, прыгожай, з кучаравымі валасамі.
- Бачаш, якія валасы сталі, а раней якія былі кучаравыя, і завіўкі не трэба было. Я табе потым фотакартку пакажу, - казала мне цёця Галіна, прычэсваючы валасы, калі я яе збіралася фатаграфаваць.
За гэтыя дні, я зразумела, што жанчына, у якім бы ўзросце не была, застаецца жанчынай.
Спачатку я вырашыла паспытаць пра святкаванне каляндарных свят. Пачала з Каляд.
- Ну што, як святкавалі:
49. Перш ставілі ёлачку, куццю ячменную рыхтавалі. Толькі адну куццю. Гатавалі дванасця страў: ваду шчыталі, соль, хлеб, булку, кісель, а кісель белы быў, аўсяны, тады што, мак, абаранкі, сялёдка, бульбачку варылі да сялёдкі, аладкі, грыбы, клёцкі. Дванаццаць страў, як дванаццаць апосталаў. Пад абрус на стол лажылі сена, гэта як Езус у ясельках на сене ляжаў. Тады, калі сядалі есці усе, маліліся. А разам са сваімі талеркамі ставілі яшчэ і талерку, або некалькі, для памерлых родных. І ўсю яду не можна прымаць са стала на ноч, бо памерлыя разам з анёламі прыдуць есці.А тады ўжо варажылі.
Заўвага:каляндарна-святочная проза – калядныя абрады.
- А як варажылі?
50. Ну па рознаму варажылі. Напрымер,ішлі некаторыя хлопцы на рунь, на жыта клаліся і слухалі. Што пачуеш, тое табе і будзе.
Заўвага: магічная проза –варажба на будачыню.
- Вось мой брат нябожчык, хадзіў з Сінкевічам на жыта. Потым прышоў, стаў рассказваць, што яму на жыце песні ўсё былі паграбовыя, і ён умёр. А гэны жаніўся.А мы тэж хадзілі варажыць.
51. Каноплі сеялі.Трэба босым кругом студні пахадзіць. І тады прысці, легчы, каб не да кога не загаварыць. І казаць: “Сею, сею канапелькі, дай, Божа, знаць, з кім буду век каратаць”.
Заўвага: магічная проза – варажба шлюбнага характару.
- Мы прыйшлі пад дзверы, а дзядзька зачыніў дзверы, і пытаецца: “Хто?”. А нам жа не сказаць, хто гэта. Ну што, мусілі казаць, - цёця Галіна засмяялася.
52. Тады клёцкі клалі каля парогу, пускалі сабаку,і чыю сабака першы з’есць, тая і першая замуж выйдзе.
Заўвага: магічная проза – варажба шлюбнага характару.
53. І волава вылівалі. Каторай вяночак выльецца – тая замуж пойдзе. Каторай калысачка – дзіця будзе, гэта значыць байстручка будзеш мець, ну калі не замужняя.
Заўвага: магічная проза – варажбашлюбнага характару.
-А ці шчадравалі ў вас, ці хадзілі шчадроўнікі? – пытаюся я.
54. На Тры Каралі хадзілі шчадроўнікі, шостага январа. Праходзілі тры каралі, чорт быў убраўшыся, з хвастом доўгім, рагамі, і анел, у белай сукенцы, з скрыдэлкамі. А чорт як прыйдзе, адразу пад стол, і хвастом матляе.
Заўвага: каляндарна-святочная проза – калядна-навагодняя проза (шчадроўскі абрад).
- А, напрыклад, як святкавалі Вялікдзень? – пацікавілася я.
55. Ну як, прыбіралі ў хаце ўсё. За абразам ёлачкі затыкалі, яйкі красілі ў лупіне ад цыбулі, чым больш яны там паляжаць, тым лепш закрасяцца. Мама пірагі пякла, мяса варылі, свенціць насілі ў касцёл. Прыйшоўшы з касцёла сядалі ўсёй сям’ёй за стол і елі свянцонку. Потым днём дзеці хадзілі ў жакі. Ім давалі па яечку, пірог, цукерак, ці яшчэ чаго смачнага, або, што мелі, а ўжо пад вечар валоўнікі хадзілі, дзяўчаты і хлопцы. Дзеці з яйкамі гулялі, у біткі, хто мацней стукне. Качалі яйкі.
Заўвага: каляндарна-святочная проза – вялікодныя абрады.
Вельмі люблю гэта свята. Раней, у дзяцінстве, мне вельмі падабалася хадзіць у жакі. Збіраліся цэлым гуртом. Хадзілі па хатах, расказвалі вершыкі хорам, а хто не баяўся мог і адзін расказаць. Людзі за гэта надаюць цэлы кошык прысмакаў, і ты такі шчаслівы потым бяжыш дамоў хутчэй паказаць матулі, колькі ў цябе ўсяго смачнага. А потым цэлы дзень гуляем, качаем яйкі. Дзяцінства, дзяцінства…
- А жакі вось як спявалі:
56. “Я малы жачэк, яко румбачэк”.
Я малы жачэк, яко румбачэк.
В школе не бывала, рузгі не відзяла.
Рузга зелёна, з дрэва ламёна.
Малюткі дзятке на дродзэ сталі,
Пана Езуса віталі.
Езу муй дрогі, под ногі падэм.
Валончэнэго проша.
Проша даць, не жаловаць,
Жэ бы за цо было подзенковаць.
Заўвага: каляндарна-святочная паэзія – вялікодная песня.
57. “Мы жакі, жакі , жакі”.
Мы жакі, жакі , жакі
Прышлі да вас у жакі.
Вы нам па яечку,
А мы вам па славечку.
Заўвага: каляндарна-святочная паэзія – вялікодная песня.
- А гэта крышку благаватая.
58. “Я маленькі жачок”.
Я маленькі жачок, скачу, як рачок.
Не дасі кока – вылязе вока.
Не дасі двух – вылязе дух.
Не дасі трох – вылязе паміж ног.
Не дасі пірага – адсохне нага.
Заўвага: каляндарна-святочная паэзія – вялікодная песня.
Далей я вырашыла распытаць пра сямейныя святы. Але пра радзіны і хрэсьбіны цёця Галіна нават і не ведала, што адказваць.
- Добра, дзякуй. Цёця Галіна, вось, а што раней забаранялася рабіць цяжарнай жанчыне, - вырашыла я крыху змяніць размову на другі лад.
- А ў нас цяжарная жанчына ўсё рабіла. Бывала, дажа на полі родзіць, укруціць дзіця ў фартух і нясе, тады, дахаты.
Я ўявіла сабе, як гэта цяжка, балюча.
- А бабкі павятухі ці былі?
- Яшчэ як я была маленькай былі, а ўжо потым мы з тваёй бабуляй ражалі ў бальніцы.
- Зразумела. Ну, добра. Пагаворым тады пра пахавальныя абрады. Раскажыце ўсё, што ведаеце.
59. Адразу як чалавек памёр, завешваюць зеркалы посцілкай, гадзіннікі завешваюць, астанаўліваюць. Гэта каб душа пакойніка там не засталася. Мылі і адзівалі яго суседзі, тыя, хто мог гэта рабіць. Труну рабілі спецыяльныя людзі, якія ўмелі гэта рабіць. Тады выразалі з матэрыялу такія зубочкі, і імі труну аббівалі. У труну клалі зёлкі свянцоныя, або хлеб Святой Агаты. А маладых дзяўчат хавалі ў сукенцы белай, з фатой, як да шлюба, і хлопца як да шлюба хавалі. Гэта значыць, што чысты, нявінны. Запрашалі спевакоў, каб спявалі. А выносілі з хаты пакойніка нагамі ўперад, бо нагамі ходзіш. Праходзіць і мінаць пахавальную працэсію не можна. Трэба стаць і памаліцца за душу пакойнага.
Заўвага: сямейна-абрадавая проза – пахавальна-памінальная проза (пахавальны абрад).
- А як паміналі нябожчыка?- пытаюся я.
60. А раней толькі раз у год, на Усе Святыя, калі ўсіх нябожчыкаў памінаюць. Раней трыццаць дней не рабілі, такога не было. І гадаўшчыны не было. Ды і як паміналі тады. Людзі галодныя былі. Прыходзілі і казалі: “Пойдзіш за нябожчыкам?”. Калі пойдзеш, то цябе там пасадзяць за стол і накормяць.
Заўвага: сямейна-абрадавая проза – пахавальна-памінальная проза (пахавальныя звычаі).
- А няхрышчанных дзяцей як хавалі?
61. А няхрышчанных у рвах хавалі, не там, дзе ўсіх. Прыпадковы магільнік такі быў. Ці, калі хто павесіўшыся быў, таксама хавалі. Гэта не так, як зараз, усіх разам хаваюць.
Заўвага: сямейна-абрадавая проза – пахавальна – памінальная проза (пахавальныя звычаі).
- Добра. Хопіць пра сумнае. Цёця Галіна, можа вы ведаеце якія-небудзь мясцовыя легенды, паданні. Вось вы родам з вёскі Будзёнаўка, а раней яе назва была Святы Дух. Можы вы ведаеце, адкуль такая назва?
62. Там раней касцёл стаяў. Я тож сама не помню, але мне мая мама, а ёй бабця, расказвала, што там касцёл Святога Духа стаяў. Ён пашоў пад зямлю. І толькі крыж доўгі-доўгі астаўся. І вот там вёску пабудавалі, і вёска стала так называцца.
Заўвага: няказкавая проза – легендарная проза (тапанімічная легенда).
- Магу такую табе расказаць загадку, - кажа цёця Галіна.
63. У куце на пруце вісяць яйцы-мэндалі. ( Каўбасы)
Заўвага: малы жанр буларускага фальклору – загадка.
Вось як, аднак.
І на прыканец цёця Галіна праспявала мне некалькі прыпевак.
64. У паповай луццэ
Конікі пасуцца.
Ляціць хлопец да дзяўчыны
Аж кудлы трасуцца.
Заўвага: пазаабрадавая лірыка – прыпеўка.
65. Трактарыста палюбіць
Нада прыгатовіцца.
Тону мыла пакупіць,
А тады знакоміцца.
Заўвага: пазаабрадавая лірыка – прыпеўка.
66.Гарманіст, гарманіст,
Выйдзі на дарожку.
Пад тваю гармошку
Паплясаць нямножка.
Заўвага: пазаабрадавая лірыка – прыпеўка.
- Бывала, ідзём на танцы, спяваем. Усе спяваем. Ішлі разам, ніхто па аддзельнасці. Калі, напрыклад, хлопец цябе прапускае, так з-заду ўсе ідуць. Аднэй не пакіне ніхто.
Цёця Галіна працягнула спяваць далей.
67. Гармонь новая іграе,
Планачкі блісцяшчыя.
Гарманіста палюбіць –
Парень падхадзяшчый.
Заўвага: пазаабрадавая лірыка – прыпеўка.
На гэтым вырашыла скончыць. Як-ніяк, а ўжо дзесяць гадзін вечара.
Старэйшыя людзі ў гэты час кладуцца спаць, ды і нам, маладым, таксама было б нядрэнна.
Сёння я зразумела, што нам зараз не хапае супольнасці, таварыскасці. Мы ўсё больш па-аднаму. А раней людзі больш трымаліся адзін за аднаго, і гэтым былі моцныя. Адзін чалавек – гэта камень, а многа – гэта скала.