7 жніўня
На наступны дзень я ізноў звярнулася да дапамогі Ганны Віктараўны Дубатоўка (1950 г.н., беларуска, сярэдняя адукацыя, мясцовая). Яна вырашыла расказаць мне пра некаторыя магічныя абрады, звязаныя з варажбой менавіта на Каляды. І хоць сама я ніколі не варажыла на Каляды, але гэтая тэма мяне зацікавіла. Лічба запісаных мною фальклорных адзінак таксама не магла не парадаваць вока (усяго ў гэты дзень я сабрала 16 фальклорных адзінак ).
40. “Варажба на Каляды”
Беларусы найчасцей варажылі на Каляды, на Багатую куццю, пад Новы год, на Крашчэнне. Варажба павінна вызначыць, чаго можна чакаць у надыходзячым годзе. Варажылі па зорках, па лініях далоні, на картах, па вадзе, на зерні. Ну, вось, напрыклад, з-пад каляднага абруса выцягвалі сена і па ім меркавалі, які будзе лён.
Заўвага: магічная проза – варажба на Каляды.
41. Варажылі і пра замужжа…
Варажылі і пра замужжа: калі дзяўчына ўпоцемку ў хляве зловіць баранчыка – выйдзе замуж.
Заўвага: магічная проза – варажба шлюбнага характару.
42. З якога боку…
З якога боку нявеста пачуе брэх сабакі – там яе нарачоны.
Заўвага: магічная проза – варажба шлюбнага характару.
43. Было яшчэ і такое ў нашай вёсцы гаданне…
Было яшчэ і такое ў нашай вёсцы гаданне. Расплаўлены воск лілі ў ваду і па абрысах ліній меркавалі пра суджанага.
Заўвага: магічная проза – варажба шлюбнага характару.
44. Калі выцягне дзяўчына з-пад шапкі пярсцёнак…
Калі выцягне дзяўчына з-пад шапкі пярсцёнак – выйдзе замуж.
Заўвага: магічная проза – варажба шлюбнага характару.
45. Можна расказаць і пра такое…
Можна расказаць і пра такое. Значыць, колькі ў плоце абдыме шчыхетак ці возьме зерня ў жменю, то тады будзе ў пары.
Заўвага: магічная проза – варажба шлюбнага характару.
46. Гэтак жа сімвалічна мог устанаўлівацца напрамак…
Гэтак жа сімвалічна мог устанаўлівацца напрамак, адкуль чакаць сватоў. Напрыклад, на гэту тэму гадалі па перакінутым за плот валенку: у які бок тырчыць насок, адтуль і будуць сваты.
Заўвага: магічная проза – варажба шлюбнага характару.
47. Гадалі на сватоў па голасе…
Гадалі на сватоў па голасе: адкуль яго пачуюць, адтуль і прыйдуць сваты.
Заўвага: магічная проза – варажба шлюбнага характару.
48. Высветліць тэрмін выхаду замуж…
Высветліць тэрмін выхаду замуж давяралі сабаку. Чые аладкі з’есць па чарзе, так і будуць дзяўчаты па чарзе замуж выходзіць.
Заўвага: магічная проза – варажба шлюбнага характару.
49. Да берагоў вялікай міскі…
Да берагоў вялікай міскі з вадой прылепліваюць паперы з мужчынскімі імёнамі так, каб канцы паперкі былі відаць над вадою. Затым пускаюць на ваду ў місе арэх, з чыім іменем паперка выпадзе, за таго дзеўка і пойдзе замуж.
Заўвага: магічная проза – варажба шлюбнага характару.
50. Пускаюць на ваду дзве іголкі…
Пускаюць на ваду дзве іголкі, пры гэтым задумваюць, на якога хлопца ці дзяўчыну. Калі іголкі сыдуцца, то пара з’яднаецца.
Заўвага: магічная проза – варажба шлюбнага характару.
51. Пішуць на паперцы імёны…
Пішуць на паперцы імёны, і кладуць пад падушку. Назаўтра наўгад выцягваюць адну. Чыё імя выцягнуць, з тым і пажэняцца.
Заўвага: магічная проза – варажба шлюбнага характару.
52. Робяць з хлеба два шарыкі…
Робяць з хлеба два шарыкі.У адзін кладуць зерне, а ў другі – не. Адзін кладуць на акно, другі – пад дзверы. Глядзяць, дзе зерне. Калі на акно – то будзе выглядаць цэлы год. Каля дзвярэй – пойдзе хутка замуж.
Заўвага: магічная проза – варажба шлюбнага характару.
53. Ставяць па чарзе абутак…
Ставяць па чарзе абутак. Чый ступіць на парог першы – той пойдзе замуж ці жэніцца.
Заўвага: магічная проза – варажба шлюбнага характару.
54. Выцягваюць зубамі саломку…
Выцягваюць зубамі саломку. Чыя даўжэйшая, тая хутчэй пойдзе замуж. Калі пры гэтым саломінка будзе мець колас з зернем – выйдзе замуж за багатага, без зерня – беднага. Саломінка без коласа – за ўдаўца або не выйдзе зусім.
Заўвага: магічная проза – варажба шлюбнага характару.
55. Калі куры спакойна клююць зерне…
Калі куры спакойна клююць зерне, не б’юцца – будзе ціхі, спакойны муж. І наабарот – будзе задзірысты, буйны.
Заўвага: магічная проза – варажба шлюбнага характару.
Такім чынам, сённяшні дзень быў прысвечаны варажбе ў большай частцы шлюбнага характару. Падзякаваўшы Ганне Віктараўне за цікавую сустрэчу, я дамовілася з ёй пра заўтрашні дзень.