23 жніўня 2009г., нядзеля.
Сёння да Зосі Аляксееўны я ішла адна, бо бабуля павяла карову “да быка”. За фальклор я несла малако, бо каровы ў бабы Зосі не было, як паведамі бабуля(летась прадала) і вядро вішань(мы проста не ведалі, што з імі рабіць).
Зося Аляксееўна доўга здзіўлялася, што я вельмі падобная да Анькі(мая цёця), нашмат больш, чым да маці. Спяваць яна мне адмовілася: “старая ўжо”, але дала сшытак, у які запісвала калісьці прыпеўкі ад розных дзяўчат,і зараз трошкі запісвае, як сама паведаміла. Вось што было ў тым сшытку:
Ты ляці, мая прыпеўка,
Тонкая і звонкая.
Хоць я сто гадоў ня дзеўка,
Дык затое ж ёмкая.
(24, “Ты ляці, мая прыпеўка”.., пазаабрадавая лірыка, прыпеўка пра старасць)
Калі хочаш пазнакоміцца,
Прыдзі на беражок.
Прынясі буханку хлеба
І заціркі чыгунок.
(25, “Калі хочаш пазнакоміцца”.., пазаабрадавая лірыка, прыпеўка пра каханне)
Палюбіла лейцінанта,
А патом палкоўніка.
Стала юбка узкавата,
Не найду віноўніка.
(26, “Палюбіла лейцінанта”.., пазаабрадавая лірыка, прыпеўка пра каханне)
Пад вясёлую гармошку
Пяю – не ўстаю.
Да семдзесят гадоў прапела,
Яшчэ два, мо, прапяю.
(27, “Пад вясёлую гармошку”, пазаабрадавая лірыка, прыпеўка пра старасць)
У мілёнка шыя тонка,
Як у блуднага ката.
Даканала самагонка:
Ні грудзей, ні жывата.
(28, “У мілёнка шыя тонка”.., пазаабрадавая лірыка, прыпеўка пра п`янства)
Хто гарэлачку ня п’е,
Ездзіць на машынах,
А ў мілёнка адно дышла,
І тое ў маршчынах.
(29, “Хто гарэлачку ня п’е”.., пазаабрадавая лірыка, прыпеўка пра п`янства)
П’юць жанчыны і мужчыны,
Нет ні дня, ні ночкі.
Просім цябе, участковы,
Закрый усе точкі.
(30, “П’юць жанчыны і мужчыны”.., пазаабрадавая лірыка, прыпеўка пра п`янства)
Кавалераў у нас нет -
Мы заявім ў сельсавет.
Ў сельсавеце разбяруць,
Нам па міламу дадуць.
(31,“Кавалераў у нас нет”.., пазаабрадавая лірыка, прыпеўка пра каханне)
Гарэлачка горка,
Гарэлачкі дайце!
Як нап’юся – павалюся,
Хлопцы, налятайце
(32, “Гарэлачка горка”.., пазаабрадавая лірыка, прыпеўка пра п`янства)
Я падзякавала Зосі Аляксееўне, абяцала вярнуць сшытак на наступны дзень.