Вітаем Вас на сайце
Вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору
Увага!
Паважаныя наведвальнікі!
Вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору цяпер знаходзіцца ў новым вучэбным корпусе БДУ па адрасе: г. Мінск, вул. Даўгабродская, 20.
У лабараторыі атрымала сваё развіццё фалькларыстычная навуковая школа, якая адлічвае пачатак з 1970 года. У розныя гады ў НДЛ беларускага фальклору і дыялекталогіі распрацоўваліся ўсе асноўныя напрамкі школы: лакальна-рэгіянальнае вывучэнне нацыянальнага фальклору (тэарэтычную аснову заклалі кандыдаты філалагічных навук, дацэнты Вера Захарава, Рыма Кавалёва, Васіль Ліцьвінка); адукацыйна-культуралагічная інтэрпрэтацыя фальклору як асновы этнічнай і традыцыйнай культуры народа (актыўна рапрацоўваў кандыдат філалагічных навук Васіль Ліцьвінка); этналінгвістыка (тэарэтычны падмурак закладзены кандыдатам філалагічных навук, дацэнтам Мікалаем Антропавым); сацыяфалькларыстыка (тэарэтычную аснову распрацавалі кандыдаты філалагічных навук, дацэнты Р.М. Кавалёва, Т.А. Марозава ў 2000-я гг.);
Перадгісторыя
3 1918 года адным з актыўных стваральнікаў Беларускага дзяржаўнага універсітэта да яго адкрыцця ў 1921 годзе быў вядомы фалькларыст з Палесся, збіральнік беларускіх народных песень з напевамі, прафесар Маскоўскага універсітэта Мікалай Янчук. Ён першым, яшчэ ў другой палове ХІХ ст., на навуковай аснове запісваў з мелодыямі і даследаваў песенны фальклор беларусаў, а ў 1889 годзе апублікаваў 158 лепшых узораў. Працай над беларускім меласам ён яшчэ напрыканцы ХІХ ст. зацікавіў рускіх кампазітараў М.Рымскага-Корсакава, С.Танеева, М.Пятніцкага, А.Грачанінава, з якімі працаваў у Таварыстве аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі пры Маскоўскім універсітэце. У 1921 годзе М.Янчук стаў прафесарам кафедры беларускай літаратуры і этнаграфіі БДУ і перадаў яму сваю багацейшую бібліятэку, у тым ліку і фальклорныя запісы.
У 20-я гады XX ст. па ініцыятыве фальклорнай камісіі Інстытута беларускай культуры, якую ўзначальваў Якуб Колас, студэнты БДУ ўсіх спецыяльнасцей падчас летніх канікул збіралі фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы. Са стварэннем у 1939 годзе філалагічнага факультэта гэтая праца стала больш планамернай і арганізаванай. На жаль, усе сабраныя матэрыялы, якія былі перададзены ў архіў Акадэміі навук, былі знішчаны ў час Вялікай Айчыннай вайны.
У пасляваенныя гады на філалагічным факультэце лекцыі па вуснай народнай творчасці чыталі і стварылі адпаведныя вучэбныя дапаможнікі сумесна з фалькларыстамі ІМЭФ прафесары Іван Гутараў і Міхась Ларчанка. Першы з іх, былы партызан, даследаваў творчасць перыяду вайны з фашызмам, вынікам чаго стала выданне зборніка “Барацьба і творчасць народных мсціўцаў”, а пад кіраўніцтвам заснавальніка літаратуразнаўчай галіны беларускай навукі М.Ларчанкі быў створаны падручнік “Беларуская вусна-паэтычная творчасць”.
Уласна гісторыя
На пачатку 60-х гадоў, калі на філалагічным факультэце БДУ намаганнямі кандыдатаў навук, дацэнтаў Веры Захаравай і Ніла Гілевіча была ўведзена абавязковая 2-тыднёвая палявая вучэбная практыка па фальклоры, фалькларыстыка на філфаку БДУ была пастаўлена на навуковую аснову, стала планамернай, сістэматычнай і мэтанакіраванай. Яны зацікавілі зборам фальклору шырокае кола выкладчыкаў кафедраў беларускай і рускай літаратур, прадбачліва вызначылі плённы рэгіянальны напрамак фалькларыстычных даследаванняў, распачалі выданне сабраных матэрыялаў. У розныя гады фальклорныя запісы склалі выдадзеныя Нілам Гілевічам фундаментальныя зборнікі “Песні сямі вёсак”, “Песні народных свят і абрадаў”, “Казкі і апавяданні беларусаў”, “Лірычныя песні”, “Лірыка беларускага вяселля”, “Замовы”. Унікальныя запісы на Палессі, якое, па словах акадэміка Мікіты Талстога, можна назваць “своеасаблівым запаведнікам стараславянскай культуры”, склалі заснаваную Верай Захаравай серыю “Беларускі фальклор у сучасных запісах”, у якой калектывам аўтараў выдадзена 5 зборнікаў традыцыйнага фальклору Брэсцкай, Гомельскай і Мінскай абласцей, а таксама адзінаасобна Верай Захаравай –“Палескае вяселле”.
Прафесар Ніл Гілевіч і дацэнт Вера Захарава чыталі лекцыі адпаведна па беларускай і рускай вуснай народнай творчасці і выдалі цікавыя вучэбныя дапаможнікі, у прыватнасці “Паэтыка беларускай народнай лірыкі”, “Наша песня”, “З клопатам пра песні народа”, “Паэтыка беларускіх загадак”. У наступны перыяд лекцыі і заняткі па вуснай народнай творчасці вялі Анатоль Фядосік, Янка Саламевіч, Алесь Лозка. З 1994 г. заняткі па фальклоры праводзяць кандыдаты філалагічных навук, дацэнты Рыма Кавалёва, Вольга Прыёмка і Таццяна Марозава, выкладчыкі Святлана Крылова і Славяна Шамякіна, якія ўтварылі на кафедры тэорыі літаратуры вучэбна-метадычную секцыю па фальклору. Імі пад рэдакцыяй Рымы Кавалёвай выдадзены 5 выпускаў “Метадычных указанняў і ілюстрацыйных матэрыялаў да правядзення фальклорнай практыкі”, а таксама зборнікі артыкулаў “Восточнославянский фольклор” (2000), “Свет славянскага фальклору” (2001), “На хвалях філалогіі” (2002), 6 выпускаў зборніка “Фалькларыстычныя даследаванні: кантэкст, тыпалогія, сувязі” (2003–2009). Пачынаючы з 1999 г. кафедра тэорыі літаратуры і лабараторыя беларускага фальклору ладзяць навуковыя рэспубліканскія Шырмаўскія чытанні, у якіх прымаюць удзел студэнты, магістранты, аспіранты і выкладчыкі спачатку філалагічнага факультэта БДУ, з 2005 года – і іншых ВНУ рэспублікі, а з 2008 года – і іншых славянскіх краін (Чэхія, Карлаў універсітэт, і Балгарыя, Універсітэт імя Неафіта Рыльскага).
Фалькларыстычная праца на моўных і літаратурных кафедрах філалагічнага факультэта падрыхтавала адкрыццё на філфаку БДУ ў студзені 1981 года Міністэрствам адукацыі Беларусі спачатку сектара беларускага фальклору і дыялекталогіі ў межах праблемнай НДЛ сацыялагічных даследаванняў філалагічнага факультэта БДУ, а ў 1985 годзе – уласна навукова-даследчай лабараторыі беларускага фальклору як каардынацыйнага цэнтра па збіранні, вывучэнні і даследаванні фальклору ў ВНУ Беларусі. Асновай яе працы сталі створаныя на аснове кафедральных архіваў філфака БДУ, а пазней і архіваў філфакаў большасці іншых універсітэтаў і інстытутаў 5 фальклорных архіваў НДЛ: рэгіянальнага, жанравага, аўдыё- і відэаматэрыялаў, архіву іншых народаў свету.
Ініцыятарамі стварэння НДЛ, якія вызначылі не толькі асноўныя напрамкі даследавання, але і формы сучаснай мастацкай інтэрпрэтацыі музычнага фальклору, былі выдатныя беларускія фалькларысты ХХ ст. Рыгор Шырма і Генадзь Цітовіч (апошнія 2 гады свайго жыцця працаваў у лабараторыі на стадыі яе станаўлення). У 90-я гады у станаўленні лабараторыі ўдзельнічаў пераемнік Р.Шырмы як мастацкага кіраўніка Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы імя Шырмы Уладзімір Раговіч, які стварыў на аснове запісаў НДЛ трохтомную фундаментальную працу “Песенны фальклор Палесся” (2001–2002), музыказнаўца Галіна Кутырова і вучань Г.Цітовіча, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Мікалай Сірата.
Напачатку 90-х гадоў лабараторыя афіцыйна была пераведзена пад узначаленне кафедры беларусазнаўства, на якой тады працавалі выкладчыкі фальклору. А з 1994 г. і па сённяшні лабараторыя функцыянуе пры кафедры тэорыі літаратуры, якая забяспечвае выкладанне фальклору на філалагічным факультэце.
1 красавіка 2003 года вучоным саветам Навукова-даследчай часткі БДУ было прынята Палажэнне, у якім афіцыйна замацоўвалася новая назва лабараторыі як лабараторыя беларускага фальклору. Скасаванне ў назве “і дыялекталогіі” было абгрунтавана тым, што з 1996 года навуковыя даследаванні этналінгвістычнага характару ў лабараторыі не распрацоўваліся, а матэрыялы дыялекталагічных практык пачалі канцэнтравацца ў архіве новастворанай на філалагічным факультэце кафедры гісторыі беларускай мовы, якая пачала самастойна ажыццяўляць дыялекталагічную практыку з 1997 года.
У розныя гады ў лабараторыі працаваліЛіцьвінка Васіль, Кутырова Галіна, Астрэйка Вера, Антропаў Мікалай, Літвіновіч Анатоль, Сергун Ларыса, Марушкевіч Людміла, Котаў Мікола, Раговіч Уладзімір, Харчанка Марына, Дарашэнка Людміла, Трайкоўская Валянціна, Запрудскі Ігар, Кавалёва Рыма, Шырына Алена, Мячыкава Ірына, Сірата Мікалай, Выдронак Юрый, Каратай Віктар. Іх пачэсная праца знайшла сваё выражэнне ў збіральніцкай і выдавецкай дзейнасці, сярод якой -- зборнікі фальклорных твораў і метадычныя рэкамендацыі па збіранні фальклору.
1 красавіка 2005 года загадам па БДУ НДЛ беларускага фальклору была рэарганізавана ў вучэбна-навуковую лабараторыю (ВНЛ) беларускага фальклору на бюджэтнай аснове фінансавання (упершыню ў гісторыі) у складзе вучэбнай і навуковай частак.
У лабараторыі сфарміраваны 5 архіваў:
1) рэгіянальны архіў змяшчае фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы з усіх абласцей Беларусі. Тут вядзецца работа па сістэматызацыі і інвентарызацыі фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў, стварэнні тапаграфічнага каталога праведзеных экспедыцый, каталога інфарматараў і выканаўцаў фальклорных твораў. На сённяшні дзень удакладняюцца складзеныя да 2005 года рэестры рэгіянальных архіваў усіх абласцей з мэтай паляпшэння зручнасці карыстання матэрыяламі.
2) жанравы архіў змяшчае тэксты фальклорных твораў пэўных відаў і жанраў. Тут вядзецца работа па навуковай унутрыжанравай класіфікацыі фальклорных адзінак, адрозніваюцца варыянты і інварыянты твораў, распачата работа па стварэнні камп’ютарнай базы дадзеных архіва з мэтай азнаямлення ўсіх жадаючых з архіўнымі фондамі лабараторыі ў сетцы Internet.
3) аўдыё- і 4) відэаархівы – змяшчаюць фона- і відэаматэрыялы: бабінны фонаархіў з запісамі 60–80-х гг. мінулага стагоддзя, відэакасеты, аналагавыя аўдыёкасеты. Тут вядзецца работа па расшыфроўцы твораў, іх пашпартызацыі, сістэматызацыі, спісанні няякасных запісаў. Распачата работа па перазапісу бабінных фонаматэрыялаў на сучасныя носьбіты інфармацыі з мэтай іх захавання ад разбурэння і далейшага актыўнага выкарыстання. У тэхнічных адносінах гэта патрабуе не толькі часу і фінансавых сродкаў, але і правядзення рэстаўрацыйных работ, для якіх патрабуецца спецыяліст-этнамузыказнавец. На сённяшні дзень такога спецыяліста лабараторыя не мае.
5) фальклорны архіў іншых народаў свету змяшчае фальклорна-этнаграфічныя запісы амаль з усіх рэспублік былога СССР і Усходняй Еўропы, а таксама з Кітая, Карэі, Індыі, Ірана. Тут праведзена работа па сістэматызацыі матэрыялаў і плануецца пачаць працу па іх класіфікацыі з падключэннем студэнтаў 1 курс, якія набываюць адпаведную спецыялізацыю або родам з названых краін. Стварэнне рэестра названага архіва – перспектыўны план лабараторыі.
Лабараторыя чатыры разы выступіла самастойным арганізатарам правядзення міжнародных навуковых фальклорна-этналінгвістычных канферэнцый: у 2004 г. – “Праблемы ўсходнеславянская этналінгвістыкі”, прысвечаная 80-годдзю Мікіты Талстога; у 2005 г. – “Комплекснае даследаванне фальклору і этнакультуры Палесся”, прысвечаная 220-годдзю Зарыяна Деленгі-Хадакоўскага, у 2006 годзе – «Фальклор і этнакультура Палесся ў індаеўрапейскім кантэксце», прысвечаная 80-годдзю Анатоля Фядосіка, у 2007 годзе – “Фальклорная спадчына Р. Шырмы і Г. Цітовіча: вопыт збіральніцкай, навуковай і папулярызараскай дзейнасці ў кантэсце праблем адраджэння традыцыйнай культуры вёскі”, прысвечаная 115-годдзю Рыгора Шырмы.
Асноўны напрамак навуковай дзейнасці лабараторыі –праблематыка лакальна-рэгіянальнага вывучэння нацыянальнага фальклору. Гэта адлюстравана ў тэматыцы глабальных дзяржаўных пяцігадовых НДР, якія распрацоўваліся ў лабараторыі і вызначалі яе навуковае развіццё 15 гадоў запар:
1) «Исследование современных процессов в белорусском фольклоре, его места в духовной жизни народа и его роли в создании художественной культуры общества эпохи развитого социализма» (1981–1985 гг.; навуковыя кіраўнікі – Вера Захарава і Ніл Гілевіч);
2) «Фольклорное наследие и его значение для современности» (1986–1990 гг., навуковы кіраўнік Васіль Ліцьвінка);
3) «Региональная специфика белорусского фольклора и его место в современной культуре» (1991–1996 гг., навуковы кіраўнік Васіль Ліцьвінка).
Пасля 1995 г. у лабараторыі распрацоўваліся адна-, двух- і трохгадовыя навуковыя праекты, якія закраналі пытанні рэгіянальнай спецыфікі беларускага фальклору:
1) «Жанрава-рэгіянальнае адрозненне беларускага фальклору і яго месца ў сучасным адукацыйным і культурным працэсе» (1996–1998 гг., навуковы кіраўнік Васіль Ліцьвінка);
2) «Фальклор як сродак вучэбна-выхаваўчага працэсу» (1997 г.; навуковы кіраўнік Валянціна Трайкоўская);
3) «Фальклор запаведных і памежных з Расіяй, Польшчай і Літвой рэгіёнаў» (2000–2002 гг., навуковы кіраўнік Васіль Ліцьвінка);
4) «Даследаванне і рэканструкцыя фальклору і этнакультуры Чарнобыльскага рэгіёна» (2003–2005 гг., навуковы кіраўнік Васіль Ліцьвінка).
Тэматыка навуковых праектаў лабараторыі пасля яе рэарганізацыі закранула новыя напрамкі:
1) 2006—2008 гг. -- «Фальклор у сучаснай культуры беларускай моладзі» (перамога ў конкурсе грантаў БРФФД “Навука2006-М”, навуковы кіраўнік – к.ф.н., дацэнт Таццяна Марозава);
2) 2008—2010 гг. – “Сучасны гарадскі фальклор Беларусі” (перамога ў конкурсе грантаў БРФФД “Навука2008-М”, навуковы кіраўнік – к.ф.н., дацэнт Таццяна Марозава);
3) 2010—2012 гг. – “Фенаменалагічныя параметры жанраў фальклорнай няказкавай прозы” (перамога ў конкурсе грантаў БРФФД “Навука2010-М”, навуковы кіраўнік – к.ф.н. Таццяна Лук’янава);
4) 2010—2015 гг. – “Захаванне і папулярызацыя архіваў фальклорнай творчасці Беларусі: канцэптуальныя асновы і метадычнае забеспячэнне” (навуковы кіраўнік – к.ф.н., дацэнт Таццяна Марозава). Дадзеная тэма з’яўляецца заданнем, якое было ўключана ў Дзяржаўную праграму навуковых даследаванняў на 2010—2015 гг.;
5) 2013—2015 гг. – “Беларускія і ведыйскія замовы: структура, вобразнасць, семантыка” (перамога ў конкурсе грантаў БРФФД “Навука2013-М”, навуковы кіраўнік – Вера Дзянісенка).
Дадзеныя тэмы не ўкладваюцца ў тыя вядомыя напрамкі навуковай дзейнасці лабараторыі, аб якіх размова ішла вышэй. Новы час дае жыццё новым навуковым арыенцірам. Здзяйсняць іх – задача маладога пакалення супрацоўнікаў лабараторыі, якое вырасла на трывалым падмурку мінулых дасягненняў. Ад іх залежыць, ці з’явяцца ў слаўным летапісе лабараторыі новыя старонкі.
Таццяна Марозава