На філалагічным факультэце БДУ з 21 па 23 снежня 2022 года адбылося тэматычнае традыцыйнае мерапрыемства “Каля Калядаў”. Шосты год запар свята арганізоўвае наша вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору і кафедра тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства БДУ. Мэта мерапрыемства – пазнаёміць і далучыць да беларускіх калядных традыцый усіх жадаючых.
Госці сёлетняга мерапрыемства – студэнты і магістранты філалагічнага факультэта БДУ, навучэнцы ліцэя БДУ і гімназіі №14 г. Мінска – пазнаёміліся з асноўнымі беларускімі каляднымі традыцыямі, даведаліся пра асаблівасці і гісторыю беларускай батлейкі, пра семантыку калядных масак. Пра ўсё гэта ім распавяла супрацоўніца ВНЛБФ Ірына Падчыненка. Акрамя таго, удзельнікі “Каля Калядаў” мелі магчымасць увачавідкі пабачыць самаробную батлейку, разам з выкладчыкам кафедры прыкладной лінгвістыкі Марынай Дубень праспяваць калядку, паўдзельнічаць у інтэрактыўнай гульні, зрабіць сэлфі ў каляднай масцы і, канешне, як сапраўдныя калядоўшчыкі, атрымаць пачастункі ад гаспадароў.
23 снежня 2022 года да беларускіх калядных традыцый далучыліся і замежныя студэнты, якія на майстар-класе змаглі зрабіць сваю калядную зорку.