1. Калядная гульня “Угадывай”

2. Як адзначалі Каляды

3. Каляды

4. Без назвы

5. Каталіцкія Каляды

6. Жаніцьба Цярэшкі

7. Тры каралі

8. На куццю

9. Абрад “Каляда”

10. Гульня “Яшчур”

11. Пра куццю і заклінанне марозу

12. Без назвы

13. Без назвы

14. Без назвы

1. Калядная гульня “Угадывай”

У нас прыходзілі (я сама не хадзіла, но маладзёж хадзіла), у чорта адзін быў надзеўшыся, два – у анёлаў. На Каляды вот гэтак хадзілі. Арэхі елі, гулялі. Вот, дапусцім... ну вот такая вот, “угадывай”. Вот ты вазьмёш жменьку арэхаў і спрашываеш: “Цотка ці лішка?” ну, как сказаць: пара ілі не пара. Еслі ты ўгадаеш, сколька ў мене, еслі ты скажэш “пара”, а ў мяне не пара (дапусцім, там дзесяць арэшкаў, а ты скажэш, што ў мене сем арэшкаў), вот ты мне далжна даць дзесяць арэшкаў.
 
Запісалі ў 1998 годзе студэнткі аддзялення беларускай мовы і літаратуры Зуева Ірына Сяргееўна і Клюц Паліна Валянцінаўна ў в. Ахрэмаўцы Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці ад Папковіч Яніны Браніславаўны, 1935 г.н. (г.Полацк, сельскагаспадарчы тэхнікум, беларуска, праваслаўная).

2. Як адзначалі Каляды

Ёлка ставілася на Каляды. На самі Каляды (на Ражджэство) ужэ ставілі ўсё, што можна есць: мяса, і кілбасу, і там пірагі пяклі. А на вячору, на Куццю, па-другому: далжно быць двенаццаць блюд, і ўсе посныя.
 
Запісалі ў 1998 годзе студэнткі аддзялення беларускай мовы і літаратуры Зуева Ірына Сяргееўна і Клюц Паліна Валянцінаўна ў в. Ахрэмаўцы Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці ад Папковіч Яніны Браніславаўны, 1935 г.н. (г.Полацк, сельскагаспадарчы тэхнікум, беларуска, праваслаўная).

3. Каляды

Дваццаць чацвёртага дзекабра ўсе ўжо пачыналі гатовіцца да Калядаў: прыбіралі ў хаце, усё мылі (окны, стол, дзверы), ставілі елку, нараджалі яе бумажнымі ігрушкамі. Гатовілі закускку. Варылі куццю. На стол клалі сена, засцілалі настольнікам. На яго клалі аплаткі, куццю, салаты, картошку, пяклі хлеб, рыбу. Аплаткі дзялілі між сям’ёй, перахрысціліся і елі . піць забаранялася, бо быў грэх. На куццю звалі дзеда Мароза. Пасля вячэры іўлі калядаваць. Калядоўшчыкамі былі ахотнікі з дярэўні. Перапраналіся ў звяркоў, надзявалі страшныя маскі ці хадзілі ў сваёй адзежы. Спявалі пад акном калядныя песні. Хадзілі з карзіначкамі. У іх гаспадары клалі яблакі, булачкі, канфеты. Спявалі многа песен. Сабіраюцца ў каго галасы харошыя. Так красіва запяюць. Гаспадарам за пачастунак гаварылі: “Спасіба. Дай Бог вам, чаго хочацца.” Гадалі. На дванаццаць хадзілі ў царкву ці касцёл. Патом спаць клаліся.
 
Запісала ў 2004 годзе студэнтка Бараноўская Юлія Анатольеўна ў г. Браслаў Віцебскай вобласці ад Прошчанка Ніны Фёдараўны (1925 г.н., беларускі, пісьменнай, мясцовай).

4. 

У нас Цярэшку не жанілі. А вот у Царкавішчы жанілі. Маладзеж збіраецца, і закуску наносяць, усяго, і гарэлкі, я не знаю толькі, якой парой гэта было. Маладзенец і маладуха содзяцца таксама за стол, як маладыя, і выпіваюць, а тут кругом каля іх закусваюць. І песні нейкія спяваюць, але ж я не ведаю якія. І танцавалі там. Гармошку ігралі і танцавалі.
 
Запісасала ў 2000 годзе студэнтка завочнага аддзялення філалагічнага факультэта БДУ Давідоўская Таццяна ў в. Антонава Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці ад Батурынай Ганны Максімаўны (1913 г.н., беларуска, сярэдняя адукацыя, мясцовая).

5. Каталіцкія Каляды

Прыбіраецца хата, пірагі пякут, кутью варят. У нас рабілі ў чыгуночку з пярловай крупы. Ставілі на край стала. Сена жменьку якую бяруць, гэтага сенца, сурвэту* сцелюць.
12 блюд гатавалася калісьці (колькі і апосталаў): рыба, каша, лаза´нкі**кісель клюквенный, сыр, калбасы, вяндліна***. Ужын канчаўся – сенца аддавалі жывёле.
Калядоўнікі самі прыходзілі. Яны выступалі ўсе разряжэныя, разукрашэныя. Хто багацейшыя – тыя ім давалі. У Віцебску ўжо адзяваліся то ў казлят, у казлоў, цыганоў, мядзведзя – кажухвывернуць. Песні спявалі на той час саврэменныя. Усялякія ўкрашэнні насілі. А тэатр лялечны не паказвалі, летам паказвалі. Куццю спраўлялі адзін раз. Сягоння куцья, а заўтра Раждзество.
 
Заўвагі выканаўцы: *скацерць
**посныя пірагі, мёдам заліваныя, як маленькія булачкі (расцёрты мак залівалі мёдам)
*** ветчина.
 
Запісала ў 1998 годзе студэнтка аддзялення беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта БДУ Кабяк Наталля Віктараўна ў г. Віцебск ад Бужынскай Эміліі Антонаўны (1926 г.н., скончыла 8 класаў, беларуска, родам з Лагойску).

6. Жаніцьба Цярэшкі

Ну, як жанілі?.. Ну, вот закручываюць за нядзелю, ідуць на танцы, ідуць прыглашаюць, хто будзіць і сь кім жаніць, но бальшынство жанілі па любві, хто і сь кім хочыць. Ну, і вот закручываюць, пойдуць вальс. А тады становюцца, вот вальс пройдуць, а тады січас скамандуюць: “Пара за парай! Барышні ў круг, кавалеры о´круг”. І пайшлі вот так. Тады дзіўчаты становяцца вот у адзін рад, а мальцы ў другі рад, у другі. Ну, і “Лявоніху”, “Лявоніху” круцюць усе. Гэта значыць ужо закруцілі, за нядзелю. Патом ужо гатовюцца, нада ж дзяўчыні згатовіць закуску ўсю, а хлопцу гарэлку. Ну, а тады ўжо на Каляды ідуць і жэнюць. Тады ўжо жэнюць. Апяць тады ўжо становюцца, тады ўсе ўжо знаюць і сь кім. Бацька і з маткай, там, на Цярэшкі выбіраюць, хто будзіць за бацьку вясці гэту Цярэшку. Ну, і вот тады бацька начынаіць, начынаіць “Лявоніху” закручваць, а патом ловюць, бабу ловюць ілі дзеда, гэта ўсіраўно, ну… Усе па пары, пара аддзельна выходзіць. Вот жэнім 22 пары, а калі болей, усе выходзюць і ўсе пяюць, красіва. Вот выходзім, закруцім гэту Цярэшку, патом ужо пашоў дзед уцікаіць, дзед уцікаіць, каля жанчын бегаіць дзед, а бабы ловюць. Ну, і тады пяюць, бабы ўжо пяюць. А тады ўжо баба ўцікаіць, а дзед ловіць. Тады баба пяець. Ну, а тады ўжо ён зловіць, а тады ўжо ідуць, по´дручку ідуць, там дарога такая шырокая, вот гэтай вуліцай ідуць баба з дзедам. Тады баба пяець:
Ой, хвала, мая хвала,
Далі мне добрага дзеда.
Ну, а патом “Лявоніху” іграюць, іграюць і танцуюць, ну, і “Лявоніху” пяюць, хто як хочыць. А тады ідуць дамоў, кожны ідзець дамоў, мальцы ідуць за гарэлкай, а дзіўчаты за закускай. Тады збіраюцца ў адной хаце, садзяцца за стол. Бацька і з маткай садзіцца на куце і вядуць парадак. Тады п’юць, пяюць, выходзяць з-за стала, танцуюць. Песні пяюць усякія, ня толькі калядныя.
 
Запісала ў 1997 годзе студэнтка філалагічнага факультэта БДУ Матусевіч Святлана Аляксандраўна ў в. Ворань Лепельскага раёна Віцебскай вобласці ад Аляксандровіч Фаіны Рыгораўны (1916 г.н., беларуска, пісьменная, мясцовая).

7. Тры каралі

Свята адзначаецца 6 студзеня. У гэты дзень моладзь хадзіла па хатах, насілі з сабой макеты чорта з віламі, смерці з касой, караля Гаральда, шопу (скрыпачку), у якой ляжала выява Маткі Боскай, звязду з мноствам вуглоў-промняў. Моладзь скакала, спявала песні: “Сярод начной цішы”, “Калі Хрыстос нарадзіўся”, “Сёння ў Бэтлеем” і іншыя. Песні спявалі на польскай мове. А за песні гаспадар адорваў моладзь каўбасой, пірагамі, гарэлкай.
 
Запісала ў 2009 годзе студэнтка спецыяльнасці “Беларуская філалогія” філалагічнага факультэта БДУ Таляронак Наталля Мікалаеўна ў в. Слабада Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці ад Зубрыцкай Чаславы Іосіфаўны (1929 г.н., беларуска, мясцовая).

8. На куццю

Калі куцця зварыцца і яе трэба пераносіць з печы на кут, гаспадыня, узяўшы гаршчок з куццёй, пачынае квахтаць, як курыца-квахтуха. Пачуўшы гэта, дзеці бягуць пад стол хуценька і пачынаюць там кудахтаць. Маці ставіць куццю на кут, накрывае яе хлебам і сыпле дзецям пад стол семечкі сланечніку. Пазбіраўшы іх, дзеці вылазяць з-пад стала.
 
Запісала ў 2002 годзе студэнтка філалагічнага факультэта БДУ Смірнова Алеся Аляксандраўна ў г. Віцебску ад Кротавай Зінаіды Мікалаеўны (1927 г.н., беларуска, пісьменная, нарадзілася ў в. Сарокі Віцебскай вобласці).

9. Абрад “Каляда”

Да свята сяляне пачыналі рыхтавацца з часу піліпаўкі. К Калядам кожная сям’я імкнулася забяспечыць сябе патрэбнымі прадуктамі харчавання.
З другога дня калядных свят пачыналі хадзіць калядоўшчыкі, “цыганы”, хлопчыкі-звездары, вадзіць “казу”.
“Казу” рабілі наступным чынам: кажух адным рукавом на канец дугі, якая ставілася выгінамі ўніз. Рукаў завязвалі, ён служыў шыяй і галавой, да якой прымацоўваліся рогі з саломы. Да другога канца дугі прывязвалі хвост, таксама з саломы. Акрамя саломы ўжываліся лён, звычайныя кіі і нават сталовыя ложкі – тое, што было пад рукой.
У вывернуты кажух пераапранаўся хлопец. Хлопца адбіралі звычайна невысокага росту і здатнага да танцаў. Другі хлопец высокага росту, які ўмеў складна гаварыць, ішоў за павадыра-Дзеда. Астатнія каляднікі таксама загаддзя дамаўляліся, хто кім будзе, потым збіраліся ў адной хаце і прыбіраліся. Абавязковыя ўдзельнікі шэсця (каля 15-20 чалавек) прадстаўлялі Цара, Царыцу, іх служак (4-5 чалавек), Каваля, Смерць, Чорта, Барабаншчыка, Музыку, Жорава, Кабылу, Лісу, цыган, Мядзведзя.
Мядзведзя, як і Казу, апраналі ў вывернуты кажух ці аж два кажухі, якія замацоўвалі (сшывалі або звязвалі) паміж сабой. На галаву надзявалі калматую шапку, на твар прымацоўвалі маску ці мазалі сажай.
Для пераапранання ў Жорава прывязвалі якую-небудзь посцілку, сабраную ў складкі, а пад яе саджалі хлопца. Трымаючыся рукамі за кій, ён варочаў галаву “жорава”. Ходзячы па хаце, ён кіркаў і стараўся дзяўбануць каго-небудзь з гледачоў. Яго вадзілі разам з Казой.
Кабылу робяць так: бяруць шэст і прасоўваюць яго праз два рэшаты, паміж якімі ўсаджваюць маладога хлопца, затым робяць спераду галаву з вушамі і ззаду хвост з лёну і накрываюць якой-небудзь лайнінай.
Касцюмы астатніх удзельнікаў былі традыцыйныя. Цар – з каронай на галаве, у стракатым халаце з шырокім аднатонным поясам, на які прышпільвалася вялікая бліскучая брошка. Побач з ім Царыца ў шубейцы, у квяцістай сукенцы, каляровых рукавіцах і боціках. За імі слугі ў доўгіх белых кашулях, падпярэзаных яркімі паясамі, пелі “Вяртэп”.
А потым рухаліся астатнія: Смерць у белым адзенні з шырокімі рукавамі, з касой за плячыма; чарнабароды Каваль у цёмнай куртцы, шырокіх цёмных штанах, шэрым фартуку, чорнай шапцы, з малатком і сякерай у руках; Барабаншчык з барабанам, Музыка ў вышаванай кашулі, падпярэзанай поясам, Ліса ў масцы і з кіем.
Даволі экзатычны выгляд мелі калядныя цыганы. Гэты гурт складаўся з Цыгана, Старой цыганкі, якая трымала на руках “Сідорку” – скручаную з анучы ляльку, а таксама некалькі Маладых цыганак.
Адну дзяўчыну апранаюць у мужчынскае цыганскае адзенне, прымацоўваюць з абсыпанага сажай ільну бараду, наводзяць вусы, затыкаюць за пояс бізун. Другую апранаюць Старой цыганкай: адну вялікую хустку ці посцілку, а другую хустку завязваюць на галаве чалмой такім чынам, што ззаду адзін з вуглоў яе спускаецца да пояса, на левую руку кладуць скручаныя ў выглядзе вялікай лялькі анучы – “Сідорку” – дзіця Цыганкі. Астатнія дзяўчаты апранаюцца маладымі цыганкамі: у такі ж балахон-хустку, але з непакрытымі галовамі, на якіх у валасы ўплятаюцца чырвоныя ленты. Валасы, бровы і твар мажуцца сажай.
Цікавымі каляднымі персанажамі былі Немец і Афіцэр. Першы прадстаўляў, відаць, нейкага іншаземца ў чорных штанах і камізэльцы, на галаве брыль, а вочы і рот абведзены сажай. Афіцэра апраналі ў вайсковы мундзір, з паперы рабілі галаўны ўбор – ківу з султанам, а праз плячо навязвалі папяровую стужку.
Хлопца ж, якога прыбіралі ў маладзіцу, апраналі ў жаночую вышытую сарочку, андарак, шнуроўку, на шыю вешалі маністы, а на галаве завязвалі хустку.
Калі ўсё было гатова, гурт на чале з Дзедам і Казой ішлі на абход. Падышоўшы да двара, павадыр пасылаў гаваркога хлопца да гаспадара прасіцца ў хату. Хлопец вітаўся, а пасля гаварыў ветлівыя словы і спяваў:
Іду ад пана нашага,
Іду, пытаю,
Што сказаці маю
Свайму пану Году,
Што носіць бараду,
Шыроку, як лапату,
Сіву і касмату?
Ці шырокі лавы,
Каб нам паляжаці?
Ці добра гаспадыня,
Каб нас частаваці?
– Адкуль вы?
– Мы людзі не простыя,
З далёкага краю.
Хлопцы ўсе сталыя,
З самага раю.
– Адкуль ідзеце?
– Ідзем кругам света,
Аж да пана Лета.
Мы к Лету ідзем,
Казу вядзём
І радасць нясём.
– Дык просім у хату!
Першым уваходзіць павадыр, вёў за сабой Казу, пасля Музыка і ўся “світа”. Каза станавілася пасярод хаты, пры ёй павадыр з музыкам, астатнія стаялі ў парозе. Пахваліўшы гаспадароў, павадыр пачынаў муштраваць кіём Казу, а астатнія спявалі:
Го-го-го, каза,
Го-го-го, шэра.
Дзе рожкі дзела?
– На соль праела.
 
Го-го-го, каза,
Го-го-го, шэра.
Лезь, каза, на печ,
Пакажы чапец.
 
Го-го-го, каза,
Го-го-го, шэра.
Лезь на кут,
Пакажы хамут.
 
Го-го-го, каза,
Го-го-го, шэра.
Лезь, каза, на пол,
Пакажы хахол.
 
Го-го-го, каза,
Го-го-го, шэра.
На печы авёс
Вялікі парос.
 
Го-го-го, каза,
Го-го-го, шэра.
На палу жыта
Пачкамі звіта.
 
Го-го-го, каза,
Го-го-го, шэра.
А ў тым жыце
Перапёлачка.
 
Го-го-го, каза,
Го-го-го, шэра.
Вывела дзеці,
Міла глядзеці.
 
Го-го-го, каза,
Го-го-го, шэра.
Дзе каза ходзіць,
Там жыта родзіць.
 
Го-го-го, каза,
Го-го-го, шэра.
Дзе каза рогам,
Там жыта стогам.
 
Го-го-го, каза,
Го-го-го, шэра.
Дзе каза нагой,
Там жыта капой.
 
Го-го-го, каза,
Го-го-го, шэра.
А дзе каза хвастом,
Там жыта кустом.
Музыка падыграваў, а Каза дробнай ступой хадзіла то ўперад, то назад, пераварочвалася то налева, то направа. Пасля заканчэння песні Каза клалася і прыкідвалася мёртвай, затым падымалася і кланялася гаспадарам.
Пасля Казы выступаў Важак з Мядзведзем, які выконвае ўвесь рэпертуар былых важакоў сапраўдных мядзведзяў:
– Ну-ка, Міша, выйдзі на хату, прайдзі па хаце, пакажы, як бабы ў поле ходзяць!
Ідуць бабы ў поле нага цераз нагу, чуць ідуць.
– Ну-ка, Міша, як бабы з поля ідуць: з поля ідуць – на кані не дагоніш.
– Ну-ка, Міша, як дзеці ў гарох ходзяць? Падпаўзаюць, назад паглядваюць, ці не ідзе хто, ці не гоніцца.
І гэтак далей. У канцы Важаты гаворыць:
– Ну, Міша, падзякуй усім хазяінам, да пойдзем далей.
Мядзведзь кланяецца.
Аднымі з самых цікавых у час Каляд былі прадстаўленні, звязаныя з Кабылай. І галоўнае тут заключалася не ў ёй самой, а ў яе павадыру-цыгану. Цыган мяняў кабылу. Пасля невялікага танцавальнага ўступу ён звяртаўмя да гаспадара хаты і гледачоў:
– Ці няма памяняцца на каней?
Пасля браўся расхвальваць кабылу:
– Мая сівая як бяжыць, дык дрыжыць, а паваліцца – ляжыць, памажы падняць. Ну, дык будзем мяняць? Я цыган багаты. У мяне ў адным кармане вош на аркане, а ў другім – блаха на цапе.
Складна гаварыць стараўся ў гэтым гурце і механоша, які заканчваў прадстаўленне словамі, звернутымі да гаспадара хаты:
– За гэту чэсць
Давай, хазяін, карбованцаў шэсць
І тры кускі сала,
Каб наша кабыла не прыстала!
Гаспадар даваў бохан хлеба, кусок сала і 3-5 капеек грашыма, гледзячы па сваёй магчымасці. Тады Кабыла пераходзіць у другую хату. Калі дзе-небудзь не пажадаюць яе пусціць, пяюць:
А ў бару, бару
Стаяла сасна
Вілаватая.
А Кумнярыха*
Жаднаватая!
Шчадзёр-бадзер,
Хазяін – зладзей,
Кабылку ўкраў,
Пад печ схаваў.
Дзеці сказалі,
Яго звязалі.
Дзеці ў смех,
Хазяіна ў мех!
 
Заўвагі выканаўцы: * Кушнярыха, або якое-небудзь іншае імя – гэта імя гаспадыні.
 
Пакідаючы хату, павадыр зычыў гаспадару:
Будзь ваша здароў,
Як рыжы бароў!
Май торбу грошы,
Жыві ў раскошы!
Май усяго даволі,
А бяды – ніколі!
Стары год канчаем,
Новы зачынаем:
З ранняю вясною,
З буйнаю травою,
З збожжам каласістым,
З зярном ядраністым.
Ды з прыятным летам,
І з грашом пры гэтым,
І з восенню яснай,
І з долечкай шчаснай!
– Дзе вы гэту казу дасталі? – пытаў гаспадар.
– На кірмашы ад старога купіў, – адказваў павадыр. – Семсот грошаў заплаціў.
– А дзе сам так вывучыўся?
Па ўсім свеце ходзячы,
Торбу хлеба носячы,
Між людзей бываючы,
Дзівы дзіўныя відаючы,
Розныя кнігі чытаючы,
Уверх нагамі трымаючы.
А вы здаровы бывайце,
За год нас чакайце.
Пасля заканчэння абходу двароў з велічальна-віншавальнымі песнямі пачынаецца другі этап каляднага дзейства – гульні “Жаніцьба Цярэшкі” і “Яшчар”.
 
Запісала ў 1995 годзе студэнтка аддзялення беларускай і рускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта БДУ Кладніцкая Наталля Уладзіміраўна ў в. Зуёнкі Лепельскага раёна Віцебскай вобласці са слоў Мартыненка Ганны Ільінішны (1915 г.н., беларуска).

10. Гульня “Яшчур”

Гуляючыя ў гэтую гульню, узяўшыся за рукі, утвараюць кола. Адзін садзіцца пасярод кола – Яшчур. Усе астатнія ходзяць вакол яго і спяваюць:
Сядзіць, сядзіць яшчур,
Ладу-ладую,
Сярод карагоду,
Ладу-ладую.
Ён гарошык точыць,
Ладу-ладую,
Ён жаніцца хочыць,
Ладу-ладую.
– Каторую браці?
Ладу-ладую
– Хоць сабе і Ганку… (жаночае імя)
Ладу-ладую.
Дзяўчына, імя якой прагучала, дае Яшчуру фант – нейкую дробную рэч. Пасля ўсё пачынаецца з пачатку, пакуль не будзе дастаткова фантаў. Тады ў Яшчура пытаюцца, што зрабіць таму ці іншаму фанту. Дзяўчына атрымлівае сваю рэч пасля таго, як выканае загад.
Дзве дзяўчыны выходзяць з кола і, узяўшыся за рукі, падыходзяць да Яшчара, і раз за разам нізка кланяючыся, спяваюць па чарзе:
Яшчару, паночку,
Аддай мой вяночку.
Край мора схадзіла,
Ручкі, ножкі збіла,
Пакуль вянец зрабіла.
Мая матка ліхая,
У мяне вянца спытае.
Сё даць і што даць,
Пакуль вянец зыскаць?
Ці пару коні вараненькіх,
Ці пару валоў палавенькіх,
Ці каляску малявану,
Ці па´неньку даравану?
У час гэтага спеву хлопцы усялякімі магчымымі спосабамі імкнуцца рассмяшыць дзяўчат. Калі ім не ўдаецца дасягнуць сваёй мэты, Яшчар вяртае дзяўчыне пярсцёнак ці іншую рэч, якую яна яму паклала. Узрадаваная дзяўчына, узнімаючы рукі ўгору, выкрыквае:
Я скакала, я плясала,
Пакуль вянец зыскала!
Інакш яна вяртаецца да гурту і да таго часу знаходзіцца ў коле, пакуль без смеху не праспявае ўсю песню. Усе без выключэння дзяўчаты мусяць такі экзамен вытрымаць, а каторыя смяшлівыя, то яны заўсёды упрошваюць каго-небудзь са сваіх сябровак, каб ад яе імя тая перад Яшчарам спявала.
 
Запісала ў 1995 годзе студэнтка аддзялення беларускай і рускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта БДУ Кладніцкая Наталля Уладзіміраўна ў в. Палаша Полацкага раёна Віцебскай вобласці са слоў дзеда Рамана.

11. Пра куццю і заклінанне марозу

– Як у вас Каляды святкавалі?
– Не Каляды, а Каляду. Заўсёды святкавалі Каляду дужа. Спачатку куццю посную гатавалі. Гэта каша пшоная прыгатаваная. Так яе гатавалі: таўклі крупы, туды маглі дабавіць сахару, мёду… Гэта галоўнае блюда было. І казалі, калі за стол садзіліся:
мароз, мароз-аржабель,
хадзі куццю есці цяпер.
Улетку не бывай,
Цёпленькім душком павівай,
Малых дзяцей з гароху пугай выганяй,
Баб – палкай,
Мужчын – шпаркай.
 
Запісала ў 2010 годзе студэнтка спецыяльнасці “Славянская філалогія” філалагічнага факультэта БДУ Сіроткіна Ганна Пятроўна ў в. Вяжоўка Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці ад Дармідошкі Ганны Фёдараўны (1919 г.н., беларуска, вышэйшая адукацыя (працавала настаўніцай), мясцовая).

12.

На кутью пріглашалі Мароза: “Мароз-мароз, хадзі к нам кутью есці”.
Сохранілся старый обычай созывать на кутью. За стол саділася вся семья. Хозяін дома берёт хлебный каравай, открывает настеж дверы і окна і выходіт на уліцу. І трі раза обходіт с хлебным караваем вокруг дома. І когда ідёт около дверей, его спрашывают: “Кто там ходзіць?” Он отвечает: “Сам Бог ходзіць і каравай носіць.” – “А чаго ён ходзіць?” – “Мароза на кутью завець”.
 
Запісаў студэнт філфака БДУ Крыцкі Яўген Яўгенавіч у в. Чорная Лаза Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці ад Юхневіч Марыі Паўлаўны (1922 г.н., беларуска, мясцовая).

13. 

Жанр – калядная варажба
 
Гадалі на аладках. Іспекалі на Рождество аладкі, каждый ілі каждая па адной лажылі на заслонку і неслі эту заслонку сабаку. І ч’ю аладку сабака первую возьмёт, тот раньшэ ілі жэніцца, ілі выйдзет замуж.
 
Запісаў студэнт філфака БДУ Крыцкі Яўген Яўгенавіч у в. Чорная Лаза Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці ад Юхневіч Марыі Паўлаўны (1922 г.н., беларуска, мясцовая).

14.

На Каляду гулялі ў “Лявоніху”. У канцы дзярэўні раскладвалі касцёр бальшы з дроў. Бегаюць, прыгаюць праз вогнішча. Там выпіваюць, гуляюць. Песні спявалі, якія ведалі.
У “Цярэшку” не гулялі. Расказвалі, што на “Цярэшку” намалююцца так, што не узнаеш, у сумёт штурхаюцца, снегам абсыпаюцца. Цярэшка-хлопец выбіраў сабе дзяўчыну і разам гулялі ў “Лявоніху”.
 
Запісала ў 1993 годзе студэнтка беларускага аддзялення філалагічнага факультэта БДУ Венско Л.В. у в. Грудзінава Шумілінскага раёна Віцебскай вобласці ад Еўдакімавай Клаўдзіі Уладзіміраўны (1922 г.н.).

 

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики.

Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.