Гуканне вясны – першае па часе веснавое свята, старажытны язычніцкі абрад. Звязана з абуджэннем стваральных сіл прыроды, надзей чалавека. Ад вясны ў значнай ступені залежаў дабрабыт селяніна, таму яе сустрэча адзначалася вельмі ўрачыста. З гуканнем вясны звязана мноства магічна-рытуальных дзеянняў, якія суправаджаліся адпаведнымі заклікамі, заклінаннямі, песнямі, гульнявымі момантамі. Гэтыя дзеянні і абрадавыя творы вызначаліся і абумоўліваліся характарам працоўнай дзейнасці чалавека. Сам абрад набываў утылітарную ролю, станавіўся часткай складанага комплексу падрыхтоўкі будучага ўраджаю.
Гуканне вясны ў асобных месцах пачыналася 1 сакавіка с.ст. (на хрысціянскае свята Аўдакеі), паўсюдна – 25 сакавіка (на Дабравешчанне). Мясцовыя адрозненні ў абрадзе не кранаюць яго сутнасці і асноўных кампанентаў, якія застаюцца нязменнымі: выхад на высокае месца, паленне агню, спяванне гукальных песень. Месца дзеяння горка, бераг ракі, возера, дахі пабудоў) не было выпадковым. Узвышаныя месцы звязаны з ідэяй неба, пакланення сонцу, а таксама з імкненнем узмацніць эфект спявання, воклічу. Важны момант гукання вясны – паленне агню. Вогнішчы наладжвалі не толькі з ачышчальна-гігіенічнай мэтай, у іх – водгаласы старадаўніх магічных дзеянняў у гонар сонца. Пра гэта сведчыць традыцыя пускання па вадзе запаленага кола на плыціку ў суправаджэнні спявання вяснянак (Гомельшчына, Чачэрскі раён). Песня як частка абраду такая ж неабходная і магічная па сваёй прызначанасці, як і рытуальныя дзеянні. У песнях гукання вясны вылучаюцца 2 групы: песні-гуканні з акрэслена выяўленым характарам і песні карагодна-гульнявыя. Для беларускай этнакультурнай традыцыі характэрна наяўнасць архаічнай, старадаўняй веснавой абрадавай песеннасці заклінальнай функцыі. Такую ж ролю выконвалі і веснавыя карагоды як носьбіты магічнай сілы (у песнях – «Дзе карагод ходзіць, там жыта родзіць»). Звычай “заскоквання”, “затанцоўвання” вясны ў Салігорскім раёне звязаны з абходам двароў і ваджэннем каля кожнага двара карагодаў.
У свята гукання вясны пранік і культ расліннасці, ушанаванне бярозы (звычай кідаць на бярозу кастрыцу і інш.). Сляды аграрна-магічнай функцыі хлеба захаваліся ў печыве (галёпы), якое рабілі ў выглядзе птушак (жаўрукоў, буслоў і інш.) на Саракі. З хлеба звязаны і звычай закопваць у зямлю гаршчок кашы – своеасаблівая ахвяра зямлі, гукаць вясну з караваем (Петрыкаўскі раён). Сярод іншых дзеянняў гушканне на арэлях з мэтай стымулявання росту раслін. Паступовае ператварэнне магічнага абраду ў прыгожае свята, забаву моладзі прывяло да пашырэння кола вяснянак за кошт песень лірычных, да сцэнізацыі песень.
Аўтар: Г.А. Барташэвіч (публікуецца паводле артыкула “Гуканне вясны” ў энцыклапедыі “Беларускі фальклор”)