ВОЛ БУШУЕ – ВЯСНУ ЧУЕ

Запісана ў в. Рэмязы Ельскага раёна

ад А. С Шчацко (1895 г. н.)

 

 

Вол бушуе – вясну чуе,

Вол бушуе – вясну чуе.

Воран крача – сыра хоча

Воран крача – сыра хоча.

Не бушуй, воле, пойдзешь у поле,

Не бушуй, воле, пойдзешь у поле,

Дай у полі наарэшся.

Не плач, дзеўка, пойдзеш замуж,

Не плач, дзеўка, пойдзеш замуж,

Дай замужам нажывешся.

Наараўся вол, улёгся,

Наараўся вол, улёгся.

Воран крача, сыра з’еўшы,

Воран крача, сыра з’еўшы.

Дзеўка плача, сына меўшы,

Дзеўка плача, сына меўшы.

Запісала С. Сівадзедава ў 1977 г.

 

 

ОЙ, ЗА ГАРОЮ ВОЛ БУШУЕ

Запісана ў в. Лунін Лунінецкага раёна

ад Г. А Косміч. (1926 г. н.)

 

Ой, за гарою вол бушуе,

Вол бушуе, весну чуе.

– Не бушуй, воле, набушуешся.

А за другою дзеўка плача,

Дзеўка плача, замуж хоча

– Не плач, дзеўка, наплачашся.

Калі добра доля – нажывешся,

Як калі нічога – наплачашся.

Запісала Харчанка М. ў 1973 г.

 

 

ВЯСНА-КРАСНА НА НІЗ ПАЙШЛА

Запісана ў в. Дзяражычы Лоеўскага раёна

ад М.  Кошчанка (1921 г. н.)

 

Вясна-красна на ніз пайшла

За крутыя горы,

За крутыя горы.

Зачэм дзеўка замуж пайшла?

Шо чорныя бровы,

Шо чорныя бровы .

Бровы мае, брывянята,

Прапала я з вамі,

Прапала я з вамі:

Нельга выйці на вуліцу

Шчэ й за ворогамі,

Шчэ й за ворогамі.

Варожачкі спаць палягуць,

А я пагуляю,

А я пагуляю.

Як палягуць,не палягуць,

Я не буду спаці,

Я не буду спаці.

Будуць мяне, маладую,

Усю ноч вартаваці,

Усю ноч вартаваці.

А я,малада,уцякала,

Чэраз тры гароды,

Чэраз тры гароды.

Натаптала руту-мяту,

Нарабіла шкоду,

Нарабіла шкоду.

Запісала Р. Кавалёва ў 1980 г.

 

ЧАГО ВАДА НА НІЗ ПАЙШЛА

Запісана ад фальклорнага ансамбля в. Пярэдзелка

пад кіраўніцтвам Пінчук Е. Г. (1918 г. н.)

у в. Пярэдзелка Лоеўскага раёна

Чаго вада на ніз пайшла?

Што крутыя горы,

ой, горы.

Чаго дзеўка замуж пайшла?

Што чорныя брой,

й бровы.

Бровы мае чарнезенькі,

Прапала я з вай,

вамі.

Нельга выйці на уліцу,

Шчэй за ворагай,

за ворагамі.

Усе ворагі спаць палеглі,

Пайду нагуляй,

пагуляю.

Хоць палеглі, не палеглі,

А ўсё тое гуй,

гуюць,

Што дзевачкі з парабкамі,

Усю ночку жартуй,

жартуюць.

Запісала Л. Дзіўпель.

 

ВЯСНА-КРАСНА

Запісана ў в. Дзяражычы Лоеўскага раёна

ад М. Грынь

Вясна-красна

На ніз пашла

За крутыя горы,

За цёмныя лозы…

Узыйду на гору

Ды гукну Хадору.

Запісала Р. Кавалёва ў 1980 г.

 

ВЯСНА, ВЯСНА...

Запісана ў в. Дзяражычы Лоеўскага  раёна

ад Г. Арцёянка

.

Вясна, вясна на ніз пашла,

Дзе крутыя горы. Гу-у!

Дзе крутыя горы.

Зачым дзеўка  пашла замуж?

Што чорныя бровы. Гу-у!

Бровы мае,брывянята,

Прапала я з вамі. Гу-у!

Нельзя выйці на вуліцу

Шчэй за варагамі. Гу-у!

Варожачкі спаць палягуць,

А я пагуляю. Гу-у!

Варожачкі паўставаці,

А  я спаці лягу. Гу-у!

Запісала Р. Кавалёва ў 1980 г.

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики.

Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.