КУПАЛЛЕ
Купала, Іван, Ян– старажытная абрадавая ўрачыстасць, прымеркаваная да летняга сонцастаяння, найвышэйшага росквіту жыватворных сіл прыроды. Свята персаніфікавалася ў вобразе міфічнай істоты Купалы. У выніку пазнейшага напластавання на язычніцкі абрад хрысціянскай традыцыі свята прывязалася да дня Раства Іаана Хрысціцеля і ў праваслаўных аздзначаецца ў ноч з 6 на 7 ліпеня н.ст. Як міфічны вобраз увасабляе сабой ляльку – жаночае чучала, якое насілі, скакалі з ім, запальвалі і тапілі ў вадзе.
Купала – карнавальная маска-персанаж міфічнай істоты. Найбольш была пашырана на Палессі і Магілёўшчыне, дзе яе называлі “дзеўка-Купала”. Яе ролю абавязкова выконвала самая прыгожая дзяўчына на вёсцы. Дзеля стварэння карнавальнага купальскага вобраза дзяўчыну распраналі дагала і абмотвалі зелянінай і кветкамі, на галаву ўскладалі вялікі вянок, сплецены таксама з зеляніны і кветак. Звычайна яна ў акружэнні мнагалюднага карагода ішла ў лес, дзе былі прыгатаваны вянкі. Купале моцна завязвалі вочы, дзяўчаты скакалі і выкручваліся вакол яе, яна ж раздавала ім вянкі, якія прадказвалі лёс дзяўчат: каму даставаўся свежы вянок – будзе жыць весела і багата; калі завялы, то “не бачыць ёй шчасця”.
Да купальскай ночы рыхтаваліся з раніцы. Жанчыны і дзяўчаты ішлі на луг збіраць кветкі і зёлкі, якія ў гэты дзень набывалі асаблівую гаючую сілу. Пасвечаныя ў царкве і засушаныя, яны потым служылі лекавымі слродкамі на цэлы год.
Купальскія зёлкі – расліны, якія набывалі сакралізаваны статус толькі на свята Купалля. Уласна купалкі, або скочкі (Круглянскі раён), багатыркі (Глыбоцкі раён), уваходзяць у шэраг рытуальна-магічных дзеяў лекавай, апатрапейнай, мантычнай, любоўнай магіі. Суаднесенасць Купалля з летнім сонцастаяннем абумовіла ўяўленні пра максімальнае развіццё ўсіх сіл прыроды, у тым ліку і пра набыццё травамі ў гэтыя суткі асаблівых уласцівасцей. Верылі, што ў гэты дзень узрасталі іх магічныя і лекавыя якасці. Для варожбаў купальскія зёлкі збіралі дзяўчаты; для лекавых мэт – жанчыны па-за фертыльным узростам – дзяўчынкі або пажылыя жанчыны. Лекавая моц узмацнялася асвячэннем такіх зёлак у царкве або касцёле. Асвечаныя вянкі развешваліся ў хаце на сцяне, а ў час хваробы іх заварвалі і пілі адвар або “падкурвалі” імі хворага.
З кветак плялі вяночкі для варажбы, кветкі купалак уторквалі ў сцены між бярвеннямі, загадваючы на лёс кожнага з сямейнікаў.
Удзень на месца правядзення свята зносілі розную старызну для купальскага вогнішча. Жывы агонь для яго здабывалі шляхам трэння кавалкаў дрэва. Як сімвал сонца ўздымалі на жардзіне запаленае кола. Полымы святочнага агню надзялялася ачышчальнай сілай ад злых духаў, праганяла смерць. На ім прасушвалі сарочкі хворых, да яго падносілі дзяцей, што занядужылі. Моладзь скакала каля вогнішча, вадзіла карагоды, спявала. Тут жа гатавалі абрадаваую вячэру, частаваліся. У агонь у якасці ахвяры кідалі пучок лёну са словамі-заклінаннямі “Зарадзі лён”. Верылі, што на купальскае вогнішча ў гэтую ноч, калі адбываецца разгул нячыстай сілы, могуць з’явіцца ведзьмы, часам ператвораныя ў жывёлу.
Апоўначы моладзь ішла ў лес шукаць параць-кветку. У купальскую ноч на яе сыходзіць агонь Перуна, і яна ўспыхвае яркім агнём, цвіце некалькі імгненняў, і таму трэба паспець ухапіць яе: “Хто гэту кветку здабудзе, той будзе мець усё, што пажадае”. Авалоданне папараць-кветкай атаясамлівалася з багаццем, з закапанымі скарбамі, якія ў гэту ноч выходзяць на паверхню.
Пашыранай на купальскім свяце была варажба. Маладыя людзі загадвалі, што іх чакае ў будучым. Па кінутых папарна вянках сачылі, сыйдуцца яны ці расплывуцца, чый вянок паплыве далёка, а чый прыстане да берага.
Пад раніцу дзяўчаты і хлопцы купаліся ў рацэ, качаліся на купальскай расе, каб набрацца ад яе моцы; сустракалі ўсход сонца, якое, падымаючыся, “іграе”, “купаецца” – дзеліцца на кругі, сыходзіцца, пераліваецца рознымі колерамі.
Купальскія песні, купалкі, янаўскія песні, баравое – адзін з найбагацейшых песенных раздзелаў каляндарна-абрадавага фальклору беларусаў, творы яго летняга цыкла. Суправаджалі абрадавыя практыкі купальскага свята: збор лекавых траў і кветак, выправу моладзі на абранае для святкавання месца, рытуальныя дзеі, ігрышчы вакол купальскага вогнішча як цэнтра святочнай урачыстасці, а таксама варожбы на вянках, калектыўную сустрэчу сонца на 24 чэрвеня ст. ст. Песням, як і адпаведным абрадавым дзеям, прыдавалася ахоўна-магічная, заклінальная роля. У аснове шэрагу купальскіх тэкстаў ляжаць магічныя матывы (“А на Яна сонца ўстала”, “Не йдзі, Купала, ты ў сяло”, “Звала Купала Іллю на ігрышча”, “Да й расклаў сам Бог агонь”). Значную ролю ў купальскіх песнях і ігрышчах займае вобраз-перасанаж Купалка, семантыка і генезіс якога пазначаны міфічным флёрам (“Ішла Купалка сялом, сялом”, “Дзе, Купала, начавала?”, “Ой, рана на Івана”). Прафілактычны, маральна-этычны характар маюць купальскія балады “Браткі”, “На вуліцы скрыпкі йграюць”, “У цёмым лесе гоман, гоман”, “У нашага войта на дварэ”. У іх сюжэце – засцярога моладзі ад свабодных палавых адносін на Купалле.
З іншых песенных жанраў у рэпертуары Купалля прыкметная роля належыць любоўнай лірыцы. У ёй створаны запамінальныя вобразы дзяўчат, адметныя душэўнай гармоніяй, дзявочай годнасцю, хараством (“На святую Купалачку”, “Прыехала Купалначка ў сяло”, “Цёмная ночка Купалначка”, “Прасілася Гарыслаўка ў ойчанька”.
Карнавальны характар Купалля, атмасферу весялосці і яго святкавання ў значнай меры прадвызначылі жартоўныя купальскія песні. Спяваныя гуртам аднаго сяла супраць другога, хорам дзяўчат супраць хлопцаў – так званыя пікіроўкі, -- яны вылучаліся разумнай гарэзлівасцю, досціпам, пабуджэннем да песеннага спаборніцтва, лёгка правакавалі любоўныя кантакты, нязлосныя кпіны з ляноты, нядбальства, няўдаласці (“На гарэ Купала гарэла”, “Ішла паненка цераз двор”, “На Купала сонца іграла”, “Перад Пятром, пятым днём”, “А хто ў нас да дзевачак лае?”, “Прыйдуць к нам, прыйдуць да Зарэчанскія дзевачкі”).
Эмблемай купальскіх песень, маркерам цыкла з’яўляюцца рэфрэны “Купала на Йвана”, “Купаллё”, “Ой, то-то-то!”, “Сонейка!” і інш. Апошнія два рэфрэны ў песнях акаймоўваюць структуру тэкста з двух бакоў, пачатак кожнага радка і яго канец, што ў практыцы народнай песнятворчасці само па сабе ўнікальна.
Найбольш устойлівыя купальскія песні ў паўночнай і паўднёва-заходняй Беларусі. Мала вядомыя ў Гомельскай, зусім не вядомыя ва ўсходніх раёнах Магілёўскай (Крычаўскі, Хоцімскі, Клімаўскі раёны), Гродзенскай (Лідскі, Дзятлаўскі, Астравецкі раёны) і на крайнім паўднёвым захадзе Брэсцкай (Жабінскаўскі, Брэсцкі раёны) абласцей.
У свяце Купалля спалучыліся культы сонца, агню, вады і расліннасці.
Паводле артыкулаў “Купала” (Т. І. Кухаронак), “Купалле” (У. А. Васілевіч), “Купальскія зёлкі” (Т. В. Валодзіна, М. Малоха), “Купальскія песні” (А. С. Ліс. Г. В. Таўлай), змешчаных у энцыклапедыі “Беларускі фальклор”, т. 1).
Фота Таццяны Лук'янавай