Абрад “Каляда”

Каляды

Да свята сяляне пачыналі рыхтавацца з часу піліпаўкі. К Калядам кожная сям’я імкнулася забяспечыць сябе патрэбнымі прадуктамі харчавання.

З другога дня калядных свят пачыналі хадзіць калядоўшчыкі, “цыганы”, хлопчыкі-звездары, вадзіць “казу”.

“Казу” рабілі наступным чынам: кажух адным рукавом на канец дугі, якая ставілася выгінамі ўніз. Рукаў завязвалі, ён служыў шыяй і галавой, да якой прымацоўваліся рогі з саломы. Да другога канца дугі прывязвалі хвост, таксама з саломы. Акрамя саломы ўжываліся лён, звычайныя кіі і нават сталовыя ложкі – тое, што было пад рукой.

У вывернуты кажух пераапранаўся хлопец. Хлопца адбіралі звычайна невысокага росту і здатнага да танцаў. Другі хлопец высокага росту, які ўмеў складна гаварыць, ішоў за павадыра-Дзеда. Астатнія каляднікі таксама загаддзя дамаўляліся, хто кім будзе, потым збіраліся ў адной хаце і прыбіраліся. Абавязковыя ўдзельнікі шэсця (каля 15-20 чалавек) прадстаўлялі Цара, Царыцу, іх служак (4-5 чалавек), Каваля, Смерць, Чорта, Барабаншчыка, Музыку, Жорава, Кабылу, Лісу, цыган, Мядзведзя.

Мядзведзя, як і Казу, апраналі ў вывернуты кажух ці аж два кажухі, якія замацоўвалі (сшывалі або звязвалі) паміж сабой. На галаву надзявалі калматую шапку, на твар прымацоўвалі маску ці мазалі сажай.

Для пераапранання ў Жорава прывязвалі якую-небудзь посцілку, сабраную ў складкі, а пад яе саджалі хлопца. Трымаючыся рукамі за кій, ён варочаў галаву “жорава”. Ходзячы па хаце, ён кіркаў і стараўся дзяўбануць каго-небудзь з гледачоў. Яго вадзілі разам з Казой.

Кабылу робяць так: бяруць шэст і прасоўваюць яго праз два рэшаты, паміж якімі ўсаджваюць маладога хлопца, затым робяць спераду галаву з вушамі і ззаду хвост з лёну і накрываюць якой-небудзь лайнінай.

Касцюмы астатніх удзельнікаў былі традыцыйныя. Цар – з каронай на галаве, у стракатым халаце з шырокім аднатонным поясам, на які прышпільвалася вялікая бліскучая брошка. Побач з ім Царыца ў шубейцы, у квяцістай сукенцы, каляровых рукавіцах і боціках. За імі слугі ў доўгіх белых кашулях, падпярэзаных яркімі паясамі, пелі “Вяртэп”.

А потым рухаліся астатнія: Смерць у белым адзенні з шырокімі рукавамі, з касой за плячыма; чарнабароды Каваль у цёмнай куртцы, шырокіх цёмных штанах, шэрым фартуку, чорнай шапцы, з малатком і сякерай у руках; Барабаншчык з барабанам, Музыка ў вышаванай кашулі, падпярэзанай поясам, Ліса ў масцы і з кіем.

Даволі экзатычны выгляд мелі калядныя цыганы. Гэты гурт складаўся з Цыгана, Старой цыганкі, якая трымала на руках “Сідорку” – скручаную з анучы ляльку, а таксама некалькі Маладых цыганак.

Адну дзяўчыну апранаюць у мужчынскае цыганскае адзенне, прымацоўваюць з абсыпанага сажай ільну бараду, наводзяць вусы, затыкаюць за пояс бізун. Другую апранаюць Старой цыганкай: адну вялікую хустку ці посцілку, а другую хустку завязваюць на галаве чалмой такім чынам, што ззаду адзін з вуглоў яе спускаецца да пояса, на левую руку кладуць скручаныя ў выглядзе вялікай лялькі анучы – “Сідорку” – дзіця Цыганкі. Астатнія дзяўчаты апранаюцца маладымі цыганкамі: у такі ж балахон-хустку, але з непакрытымі галовамі, на якіх у валасы ўплятаюцца чырвоныя ленты. Валасы, бровы і твар мажуцца сажай.

Цікавымі каляднымі персанажамі былі Немец і Афіцэр. Першы прадстаўляў, відаць, нейкага іншаземца ў чорных штанах і камізэльцы, на галаве брыль, а вочы і рот абведзены сажай. Афіцэра апраналі ў вайсковы мундзір, з паперы рабілі галаўны ўбор – ківу з султанам, а праз плячо навязвалі папяровую стужку.

Хлопца ж, якога прыбіралі ў маладзіцу, апраналі ў жаночую вышытую сарочку, андарак, шнуроўку, на шыю вешалі маністы, а на галаве завязвалі хустку.

Калі ўсё было гатова, гурт на чале з Дзедам і Казой ішлі на абход. Падышоўшы да двара, павадыр пасылаў гаваркога хлопца да гаспадара прасіцца ў хату. Хлопец вітаўся, а пасля гаварыў ветлівыя словы і спяваў:

Іду ад пана нашага,
Іду, пытаю,
Што сказаці маю
Свайму пану Году,
Што носіць бараду,
Шыроку, як лапату,
Сіву і касмату?
Ці шырокі лавы,
Каб нам паляжаці?
Ці добра гаспадыня,
Каб нас частаваці?
– Адкуль вы?
– Мы людзі не простыя,
З далёкага краю.
Хлопцы ўсе сталыя,
З самага раю.
– Адкуль ідзеце?
– Ідзем кругам света,
Аж да пана Лета.
Мы к Лету ідзем,
Казу вядзём
І радасць нясём.
– Дык просім у хату!

Першым уваходзіць павадыр, вёў за сабой Казу, пасля Музыка і ўся “світа”. Каза станавілася пасярод хаты, пры ёй павадыр з музыкам, астатнія стаялі ў парозе. Пахваліўшы гаспадароў, павадыр пачынаў муштраваць кіём Казу, а астатнія спявалі:

Го-го-го, каза,
Го-го-го, шэра.
Дзе рожкі дзела?
– На соль праела.
 
Го-го-го, каза,
Го-го-го, шэра.
Лезь, каза, на печ,
Пакажы чапец.
 
Го-го-го, каза,
Го-го-го, шэра.
Лезь на кут,
Пакажы хамут.
 
Го-го-го, каза,
Го-го-го, шэра.
Лезь, каза, на пол,
Пакажы хахол.
 
Го-го-го, каза,
Го-го-го, шэра.
На печы авёс
Вялікі парос.
 
Го-го-го, каза,
Го-го-го, шэра.
На палу жыта
Пачкамі звіта.
 
Го-го-го, каза,
Го-го-го, шэра.
А ў тым жыце
Перапёлачка.
 
Го-го-го, каза,
Го-го-го, шэра.
Вывела дзеці,
Міла глядзеці.
 
Го-го-го, каза,
Го-го-го, шэра.
Дзе каза ходзіць,
Там жыта родзіць.
 
Го-го-го, каза,
Го-го-го, шэра.
Дзе каза рогам,
Там жыта стогам.
 
Го-го-го, каза,
Го-го-го, шэра.
Дзе каза нагой,
Там жыта капой.
 
Го-го-го, каза,
Го-го-го, шэра.
А дзе каза хвастом,
Там жыта кустом.

Музыка падыграваў, а Каза дробнай ступой хадзіла то ўперад, то назад, пераварочвалася то налева, то направа. Пасля заканчэння песні Каза клалася і прыкідвалася мёртвай, затым падымалася і кланялася гаспадарам.

Пасля Казы выступаў Важак з Мядзведзем, які выконвае ўвесь рэпертуар былых важакоў сапраўдных мядзведзяў:

– Ну-ка, Міша, выйдзі на хату, прайдзі па хаце, пакажы, як бабы ў поле ходзяць!

Ідуць бабы ў поле нага цераз нагу, чуць ідуць.

– Ну-ка, Міша, як бабы з поля ідуць: з поля ідуць – на кані не дагоніш.
– Ну-ка, Міша, як дзеці ў гарох ходзяць? Падпаўзаюць, назад паглядваюць, ці не ідзе хто, ці не гоніцца.

І гэтак далей. У канцы Важаты гаворыць:

– Ну, Міша, падзякуй усім хазяінам, да пойдзем далей.
Мядзведзь кланяецца.

Аднымі з самых цікавых у час Каляд былі прадстаўленні, звязаныя з Кабылай. І галоўнае тут заключалася не ў ёй самой, а ў яе павадыру-цыгану. Цыган мяняў кабылу. Пасля невялікага танцавальнага ўступу ён звяртаўмя да гаспадара хаты і гледачоў:

– Ці няма памяняцца на каней?

Пасля браўся расхвальваць кабылу:

– Мая сівая як бяжыць, дык дрыжыць, а паваліцца – ляжыць, памажы падняць. Ну, дык будзем мяняць? Я цыган багаты. У мяне ў адным кармане вош на аркане, а ў другім – блаха на цапе.

Складна гаварыць стараўся ў гэтым гурце і механоша, які заканчваў прадстаўленне словамі, звернутымі да гаспадара хаты:

– За гэту чэсць
Давай, хазяін, карбованцаў шэсць
І тры кускі сала,
Каб наша кабыла не прыстала!

Гаспадар даваў бохан хлеба, кусок сала і 3-5 капеек грашыма, гледзячы па сваёй магчымасці. Тады Кабыла пераходзіць у другую хату. Калі дзе-небудзь не пажадаюць яе пусціць, пяюць:

А ў бару, бару
Стаяла сасна
Вілаватая.
А Кумнярыха*
Жаднаватая!
Шчадзёр-бадзер,
Хазяін – зладзей,
Кабылку ўкраў,
Пад печ схаваў.
Дзеці сказалі,
Яго звязалі.
Дзеці ў смех,
Хазяіна ў мех!

Заўвагі выканаўцы: * Кушнярыха, або якое-небудзь іншае імя – гэта імя гаспадыні.

Пакідаючы хату, павадыр зычыў гаспадару:

Будзь ваша здароў,
Як рыжы бароў!
Май торбу грошы,
Жыві ў раскошы!
Май усяго даволі,
А бяды – ніколі!
Стары год канчаем,
Новы зачынаем:
З ранняю вясною,
З буйнаю травою,
З збожжам каласістым,
З зярном ядраністым.
Ды з прыятным летам,
І з грашом пры гэтым,
І з восенню яснай,
І з долечкай шчаснай!

– Дзе вы гэту казу дасталі? – пытаў гаспадар.

– На кірмашы ад старога купіў, – адказваў павадыр. – Семсот грошаў заплаціў.

– А дзе сам так вывучыўся?
Па ўсім свеце ходзячы,
Торбу хлеба носячы,
Між людзей бываючы,
Дзівы дзіўныя відаючы,
Розныя кнігі чытаючы,
Уверх нагамі трымаючы.
А вы здаровы бывайце,
За год нас чакайце.

Пасля заканчэння абходу двароў з велічальна-віншавальнымі песнямі пачынаецца другі этап каляднага дзейства – гульні “Жаніцьба Цярэшкі” і “Яшчар”.

Запісала ў 1995 годзе студэнтка аддзялення беларускай і рускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта БДУ Кладніцкая Наталля Уладзіміраўна ў в. Зуёнкі Лепельскага раёна Віцебскай вобласці са слоў Мартыненка Ганны Ільінішны (1915 г.н., беларуска).

Абрад “Каляду на дуба цягнуць

Сімвалічным заканчэннем Каляд з’яўляецца абрад “Каляду на дуба цягнуць”, які праводзіўся на вадзяную куццю на вольным паветры у Бярэзінскім раёне. З саломы і старых рэчаў рабілі ляльку-Каляду, садзілі яе на салому, пасыпаную паверх бараны. Калядоўшчыкі пехатой або конна цягнулі яе да вызначанага дуба, на якім вешалі ляльку-Каляду. Запальвалі вогнішча, вакол якога спявалі калядныя песні. Такім чынам рытуальна знішчалі зіму.

 

У афармленні выкарыстаная праца мастака Яўгеніі Сухаверхавай з "Беларускага каляндара 2008. Неба і зямля: спевы краю"

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики.

Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.