Каляды

вытрымкі з жанравага архіва ВНЛ беларускага фальклору

Калядоўшчыкі

Дваццаць чацвёртага дзекабра ўсе ўжо пачыналі гатовіцца да Калядаў: прыбіралі ў хаце, усё мылі (окны, стол, дзверы), ставілі елку, нараджалі яе бумажнымі ігрушкамі. Гатовілі закускку. Варылі куццю. На стол клалі сена, засцілалі настольнікам. На яго клалі аплаткі, куццю, салаты, картошку, пяклі хлеб, рыбу. Аплаткі дзялілі між сям’ёй, перахрысціліся і елі . Піць забаранялася, бо быў грэх. На куццю звалі дзеда Мароза. Пасля вячэры ішлі калядаваць. Калядоўшчыкамі былі ахотнікі з дярэўні. Перапраналіся ў звяркоў, надзявалі страшныя маскі ці хадзілі ў сваёй адзежы. Спявалі пад акном калядныя песні. Хадзілі з карзіначкамі. У іх гаспадары клалі яблакі, булачкі, канфеты. Спявалі многа песен. Сабіраюцца ў каго галасы харошыя. Так красіва запяюць. Гаспадарам за пачастунак гаварылі: “Спасіба. Дай Бог вам, чаго хочацца.” Гадалі. На дванаццаць хадзілі ў царкву ці касцёл. Патом спаць клаліся.

Запісала ў 2004 годзе студэнтка Бараноўская Юлія Анатольеўна ў г. Браслаў Віцебскай вобласці ад Прошчанка Ніны Фёдараўны (1925 г.н., беларускі, пісьменнай, мясцовай).

Каталіцкія Каляды

Прыбіраецца хата, пірагі пякут, куцью варят. У нас рабілі ў чыгуночку з пярловай крупы. Ставілі на край стала. Сена жменьку якую бяруць, гэтага сенца, сурвэту* сцелюць.

12 блюд гатавалася калісьці (колькі і апосталаў): рыба, каша, лаза´нкі**. Кісель клюквенны, сыр, калбасы, вяндліна. Ужын канчаўся – сенца аддавалі жывёле.

Калядоўнікі самі прыходзілі. Яны выступалі ўсе разряжэныя, разукрашэныя. Хто багацейшыя – тыя ім давалі. У Віцебску ўжо адзяваліся то ў казлят, у казлоў, цыганоў, мядзведзя – кажухвывернуць. Песні спявалі на той час саврэменныя. Усялякія ўкрашэнні насілі. А тэатр лялечны не паказвалі, летам паказвалі. Куццю спраўлялі адзін раз. Сягоння куцья, а заўтра Раждзество.

Заўвагі выканаўцы:
*абрус

**посныя пірагі, мёдам заліваныя, як маленькія булачкі (расцёрты мак залівалі мёдам).

Запісала ў 1998 годзе студэнтка аддзялення беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта БДУ Кабяк Наталля Віктараўна ў г. Віцебск ад Бужынскай Эміліі Антонаўны (1926 г.н., скончыла 8 класаў, беларуска, родам з Лагойску).

Пра куццю і заклінанне марозу

– Як у вас Каляды святкавалі?

– Не Каляды, а Каляду. Заўсёды святкавалі Каляду дужа. Спачатку куццю посную гатавалі. Гэта каша пшоная прыгатаваная. Так яе гатавалі: таўклі крупы, туды маглі дабавіць сахару, мёду… Гэта галоўнае блюда было. І казалі, калі за стол садзіліся:

Мароз, мароз-аржабель,
хадзі куццю есці цяпер.
Улетку не бывай,
Цёпленькім душком павівай,
Малых дзяцей з гароху пугай выганяй,
Баб – палкай,
Мужчын – шпаркай.

Запісала ў 2010 годзе студэнтка спецыяльнасці “Славянская філалогія” філалагічнага факультэта БДУ Сіроткіна Ганна Пятроўна ў в. Вяжоўка Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці ад Дармідошкі Ганны Фёдараўны (1919 г.н., беларуска, вышэйшая адукацыя (працавала настаўніцай), мясцовая).

Мароз, хадзі куццю есці!

На куцью пріглашалі Мароза: “Мароз-мароз, хадзі к нам кутью есці”.

Сохранілся старый обычай созывать на кутью. За стол саділася вся семья. Хозяін дома берёт хлебный каравай, открывает настеж дверы і окна і выходіт на уліцу. І трі раза обходіт с хлебным караваем вокруг дома. І когда ідёт около дверей, его спрашывают: “Кто там ходзіць?” Он отвечает: “Сам Бог ходзіць і каравай носіць.” – “А чаго ён ходзіць?” – “Мароза на кутью завець”.

Запісаў студэнт філфака БДУ Крыцкі Яўген Яўгенавіч у в. Чорная Лаза Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці ад Юхневіч Марыі Паўлаўны (1922 г.н., беларуска, мясцовая).

У афармленні выкарыстана фота Веры Дзянісенка

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики.

Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.