1.
Жанр – калядная песня
“Маці сына парадзіла…”
Маці сына парадзіла,
У есліны палажыла.
Шчэ сенечкам прытрушае,
Сын мамкаю называе.
Не таі Хрыста ў есліне (2 разы)
Будзь мамкаю сей дзеціне.
Трудна Хрыста ўтаіці, (2 разы)
Бо ўжо сталі песню пеці
Усе ангелы, усе па табе.
Усе ангелы песні пеюць,
Усе людзі веселеюць.
Слава Богу, Хрысту-цару (2 разы).
Саслаў Господ с неба хвалу
Усему міру хрышчэнаму,
Шчэ й дзіцяці ражджэнаму.
Зпісала ў 2001 годзе студэнтка аддзялення “Рускай філалогіі” Янкоўская Аксана Віктараўна ў г.п. Бешанковічы Віцебскай вобласці ад Бондар Варвары Ільінішны, 1935 г.н., в.Грышкі Нараўлянскага раёна Гомельскай вобласці, 8 класаў, беларускі.
2.
Жанр – калядная песня
“Прыехала Каляда…”
Прыехала Каляда
Увечары, увечары.
Прынесла гусенькі
У рэшаці, у рэшаці.
Паставіла гускі
На стале, на стале,
А сама села
Ля куцці, ля куцці.
Запісала ў 2002 годзе студэнтка філалагічнага факультэта БДУ Смірнова Алеся Аляксандраўна ў в. Дабрамыслі Лёзненскага раёна Віцебскай вобласці ад Балабан Надзеі Кірылаўны (1930 г.н., беларуска, пісьменная, мясцовая).
3.
Жанр – калядная песня
Калядзін, калядзін!
Я у бацькі адзін.
Караценькі кажушок,
Дай, бабка, піражок.
Запісала ў 2001 годзе студэнтка аддзялення “Рускай філалогіі” Янкоўская Аксана Віктараўна ў г.п. Бешанковічы Віцебскай вобласці ад Бондар Варвары Ільінішны, 1935 г.н., в.Грышкі Нараўлянскага раёна Гомельскай вобласці, 8 класаў, беларускі.
4.
Жанр – калядная песня
“Ішла свіння па ляду…”
Ішла свіння па ляду′,
Каляда, Каляда,
Рассыпала Каляду,
Каляда, Каляда.
– А вы, дзеўкі, не зівайце,
Каляда, Каляда,
А Каля′ду сабірайце,
Каляда, Каляда.
Заўвагі: патлумачыць, як яна ўяўляюць сабе Каляду, спявачка не змагла. Для яе гэта нейкі няпэўны песенна-абрадавы вобраз.
Запісала ў 1995 годзе студэнтка аддзялення беларускай і рускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта БДУ Яскевіч Марыя Станіславаўна ў в. Жыгулі Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці ад Багдановіч Марыі Пятроўны (1935 г.н., беларускі, скончыла 7 класаў, родам з в. Краўчонкі Міёрскага раёна Віцебскай вобласці).
5.
Жанр – калядная песня
Каляда
А ўчора з вячора
З нібеснага двора
Прышла к нам навіна:
Радзі пана сына.
За варотам Боскім
У Бытлее жыдоўскім,
У пялёначках звязаны,
Здаўна абіцаны.
Пастушкі ў полі былі
І да шопы* бяжалі,
І “Хадзіце!” – усіх звалі.
І з волам, з асёлам,
І з Богам, анёлам.
І даўно цябе чакалі,
Рапаты ўспівалі,
Ойча наймілейшы,
Хрыстос даражэйшы.
Ударон падарка′мі,
Уцешон песнечка′мі.
Заўвагі: *шопы – куды скот заганялі.
Запісала ў 1995 годзе студэнтка аддзялення беларускай і рускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта БДУ Яскевіч Марыя Станіславаўна ў в. Цясты Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці ад Мухі Лідзіі Іванаўны (1929 г.н., беларускі, скончыла 5 класаў, родам з в. Матулева Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці).
6.
Жанр – калядная песня
“Учора з вячора…”
учора з вячора
з нябеснага двора
прыйшла к нам навіна:
радзіла Пані сына,
з сырой зямлі зняла,
у вадзіцы іскупала.
У вадзіцы іскупала,
У пялёнкі звязала.
У пялёнкі звязала
І ў яслі паклала.
Паны´, дзякі´ ўсталі,
Доўга суймавалі,
Дзіця і´мя давалі.
Дзіця імя давалі,
Іісусам назвалі.
Іісус наш мілейшы,
Іісус наш мілейшы,
За ўсіх надзяжнейшы,
За ўсіх надзяжнейшы.
Свята Марыя
З прыстолу саступіла.
З прыстолу саступіла,
І´мя палюбіла.
Дзяцёнак – анёлак,
Ён Божы ўгоднік.
Запісала ў 2002 годзе студэнтка завочнага беларускага аддзялення Кавалеўская Алена Сяргееўна ў в. Лісна Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці ад Закрэўскай Ады Фамінішны (1932 г.н., беларускі, пісьменнай, мясцовай).
7.
Жанр – калядная песня
“Ушла Коледа ўвечары…”
Ушла Коледа ўвечары,
Коледа, Коледа,
Несла арэхі ў рэшаце,
Коледа, Коледа,
А там дзевачкі гулялі,
Коледа, Коледа,
Ля сталочка прабягалі,
Коледа, Коледа.
Абярнулі той сталочак,
Коледа, Коледа.
А вы, дзеўкі, не зевайце,
Коледа, Коледа,
Ды арэшкі сабірайце,
Коледа, Коледа,
Каб былі здаровы, гладкі,
Коледа, Коледа,
А мы пойдзем к другой хатке,
Коледа, Коледа.
Запісала ў 2002 годзе студэнтка завочнага беларускага аддзялення Кавалеўская Алена Сяргееўна ў в. Урагова Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці ад Калеснік Агафіі Паўлаўны (1911 г.н., беларускі, пісьменнай, мясцовай).
8.
Жанр – калядная песня
“Ушлі, пайшлі калядоўшчыкі…”
ушлі, пайшлі калядоўшчыкі,
Ко´леда, Коледа´,
Ды і пыталі, дзе багаты двор,
Ко´леда, Коледа´.
Двор багаты, высок церам,
Ко´леда, Коледа´,
Вароцеткі цясовыя, вакошачкі ды розныя,
Ко´леда, Коледа´.
Адчыніліся варота, выйшла пані-гаспадыня,
Ко´леда, Коледа´.
Гаспадынька, не ляніся, каля печы павярніся,
Ко´леда, Коледа´,
Кішку з печы, калбасу з клеці,
Ко´леда, Коледа´.
Запісала ў 2002 годзе студэнтка завочнага беларускага аддзялення Кавалеўская Алена Сяргееўна ў в. Канчаны Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці ад Сіваха Наталлі Ніканаўны (1918 г.н., беларускі, пісьменнай, мясцовай).
9.
Жанр – калядная песня
“А ў заінькі тры думанькі…”
А ў заінькі тры думанькі,
Ко´леда, Коледа´.
Адна думка – полем бегчы,
Ко´леда, Коледа´,
Друга думка – лесам ісці,
Ко´леда, Коледа´,
Трэця думка – ракой плысці,
Ко´леда, Коледа´.
Полем бегчы – стральцы заб’юць,
Ко´леда, Коледа´,
Лесам ісці – ваўкі з’ядуць,
Ко´леда, Коледа´,
Ракой плысці – утаплюся,
Ко´леда, Коледа´.
А ў Ванечкі тры думанькі,
Ко´леда, Коледа´,
Адна думка – работаці,
Ко´леда, Коледа´,
Друга думка – мамку карміці,
Ко´леда, Коледа´,
Трэця думка – жаніціся,
Ко´леда, Коледа´.
Работаўшы – багат будзеш,
Ко´леда, Коледа´,
Мамку карміць – славён будзеш,
Ко´леда, Коледа´,
Жаніўшыся – з жаной будзеш,
Ко´леда, Коледа´.
Запісала ў 2002 годзе студэнтка завочнага беларускага аддзялення Кавалеўская Алена Сяргееўна ў в. Канчаны Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці ад Русак Ганны Паўлаўны (1901 г.н., беларускі, непісьменнай, мясцовай).
10.
Жанр – калядная песня (цярэшка)
“Мой дзядок, камкуць, камкуць…”
– Мой дзядок, камкуць, камкуць,
Ня ўмеіць ножачкай тапнуць.
Ня ўмеіць бабульку злавіць,
Ня ўмеіць скоранька хадзіць.
– А я скоранька пайду, пайду,
Бабульку злаўлю, злаўлю.
А злавіўшы, пацалую,
А тады і патанцую.
Запісала ў 1988 годзе студэнтка беларускага аддзялення філфака БДУ імя У.І.Леніна Філіповіч Людміла Іванаўна ў в. Верхняе Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці ад Філіповіч Ніны Лявонцьеўны (1913 г.н., беларуска, адукаваная, мясцовая).
11.
Жанр – калядная песня (цярэшка)
“Пастой, дзядулька, у кутку…”
Пастой, дзядулька, у кутку,
Пакуль рубаху вытку,
Пакуль рубаху вытку.
Выткаўшы, бяліць буду,
Пабяліўшы, шыць буду,
Пабяліўшы, шыць буду.
З чырвоненькім каўнерыкам,
Каб ты быў жаўнерыкам.
Запісала ў 1988 годзе студэнтка беларускага аддзялення філфака БДУ імя У.І.Леніна Філіповіч Людміла Іванаўна ў в. Верхняе Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці ад Філіповіч Ніны Лявонцьеўны (1913 г.н., беларуска, адукаваная, мясцовая).
12.
Жанр – калядная песня (цярэшка)
“Жаніцьба Цярэшкі”
Пайду я калі гароду,
Выламлю я вінаграду.
Вінаград ня ломіцца,
Мой дзедка ня ловіцца.
Ходзіць мой дзядулька, як пан,
Маіць ён арэшкаў карман.
Ён жа каля лесу жывець,
Белачка арэшкі нясець.
Запісала студэнтка аддзялення “Беларуская філалогія” філалагічнага факультэта БДУ Швед Марына Мікалаеўна ў в. Мамаі Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці ад Далідзёнак Надзеі Пятроўны (1925 г.н., беларуска, пісьменная, мясцовая).
13.
Жанр – калядныя песні (цярэшкі)
“Цярэшка”
(З фонда Ніла Гілевіча)
Як пайду Цярэшку жаніць,
Аж мая галоўка баліць.
Як пайшла Цярэшку жаніць,
Не магу дзядунькі злавіць
Аж мае ножкі вянуць,
Не магу на дзедзьку глянуць.
Аж мае ножкі баляць,
Не магу дзядулькі спаймаць.
Дзядулька, дзядулечка,
Я твая бабулечка.
Дайся, дзядулька, дайся,
На другіх не заглядайся.
Другая нялепшая,
Горшая, пушчэйшая.
Я свайму дзядулечку
Пашыю кашулечку,
Тонкую бяленькую,
Як свайму міленькаму.
Цярэшка, Цярэшачка,
Цераз бор дарожачка,
Бітая, таптаная,
Я ў мамкі каханая.
Пайду я ў ток, у ток,
Знайду я курэй куток.
Усе куркі чорныя –
Пітушка ніводнага.
Прадам рэшата пер’я,
Куплю петушка-пеўня.
А пайду праз тын глядзець,
Ці добра дзядулька арэць,
Арэць, паганяіць,
Кабылку ўшчыняіць.
Баразна няпростая, –
Кабылка бясхвостая.
Баразёнка кры´выя, –
Кабылка бязгрывая.
А пайду кароў даіць,
А за мной Давыд бяжыць.
Кіну я даёначку
Давыду ў галёначку.
Выйду я на вулачку,
Пакачу качулачку
К дзядульку ў вулачку.
Няхай жа ён знаіць,
Мяне пераймаіць.
Я свайго дзядулечку
Выведу на вулачку,
Абстаўлю саломкаю,
Падпалю лучынкаю.
Здаецца і гром не быў, –
Дзядульку пярун забіў.
Маланка не смаліла,
А дзядульку спаліла.
На небе цёмныя хмаркі,
Усе дзеўкі з сваімі сталі,
А мой дзед з чужых прыйшоў,
Мяне ў куточку знайшоў.
А пайду праз тын глядзець,
Як мая бабулька прадзець.
Тоненька-танюсенька,
З пальчыкам раўнюсенька.
Запісала ў 1971–1972 годах студэнтка філалагічнага факультэта БДУ С.Н. Кручок у в. Бярозаўка Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці ад Багуцкай Марыі (1904 г.н.) і Кулак Марыі (1907 г.н.).
14.
Жанр – карагодная калядная песня
Пра Яшчура
Ся´дзі, ся´дзі, Яшчур,
Ла´ду, ладу´,
Ся´род карагоду,
Ла´ду, ладу´.
Яшчур слёзкі коціць,
Ла´ду, ладу´,
Жаніціся хочыць,
Ла´ду, ладу´.
Бя´ры, бя´ры, Яшчур,
Ла´ду, ладу´,
Каторую хочаш,
Ла´ду, ладу´.
Яна цябе любіць,
Ла´ду, ладу´,
Вянок падаруіць,
Ла´ду, ладу´.
Запісала ў 1995 годзе студэнтка філфака БДУ Кішулька Наталля Станіславаўна ў в. Замасточча Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці ад Уліновіч Алены Мікалаеўны (1929 г.н., беларуска, пісьменная, мясцовая).
15.
Жанр – калядная песня
Яшчур
Сядзі, сядзі, яшчур,
Сярод карагоду.
Яшчур гарох точыць,
Жаніцца хочыць.
Бяры сабе паню,
Каторую хочаш.
Яна цябе любіць,
Вянок падаруіць.
Запісала ў 1995 годзе студэнтка аддзялення беларускай і рускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта БДУ Кладніцкая Наталля Уладзіміраўна ў в. Палаша Полацкага раёна Віцебскай вобласці ад дзеда Рамана.
16.
Жанр – калядная песня
“Сядзіць яшчур…”
Сядзіць яшчур, ладу-ладу,
На арэхавым кусце.
Арэшкі лушчыць,
Вочкамі плюшчыць,
Вераценцы точыць.
– Бяры сабе, пане,
Якую хочыш:
Ці ў вяночку,
Ці ў платочку.
– Вазьму я тую,
Што спадабала,
Што не сядзела,
А працавала.
У хаце заўецца –
Хата смяецца,
У полі званочкам
Мне адзавецца.
Запісала ў 1995 годзе студэнтка аддзялення беларускай і рускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта БДУ Кладніцкая Наталля Уладзіміраўна ў в. Палаша Полацкага раёна Віцебскай вобласці ад дзеда Рамана.