10 жніўня

Дзень трынаццаты.

Сёння я зноў завітала ў госці да нашай паэтэсы Генуэфы Францаўны. Яна неяк сустрэла маю бабулю і сказала ёй, што яшчэ штосьці ўспомніла і хоча мне гэта расказаць. Дык вось сёння вырашыла да яе схадзіць.

- Раскажу табе віншаванне для пана, - кажа Генуэфа Францаўна. Раней, матуля расказвала, як кончаць жніво, вязалі такі красівенькі, роўненькі снапок з калосся красівенькага, і вяночкі з каласочкаў плялі і ўручалі гэта пану і віншавалі яго гэта ўжо так:

132. “Дзень добры, пане…”.

Дзень добры, пане.

 У нас сягоння вайна была.

 Жнеі поле зваявалі,

Пану славу даказалі.

  І вяночак прынеслі,

  Каб на галаву аздобіць.

І нашы такія жаданні пану:

 Каб на другое лета –

 Жыта лепшае за гэта.

  Каб на поле снапамі,

  У свірне гарутамі,

  А ў кішэні чырвонцамі.

Заўвага: каляндарна-абрадавая паэзія – жніўная паэзія(зажынкавая песня).

- А можа ведаеце якія-небудзь легенды? - пытаюся я.

 - Ну ведаю такую легенду, нават не легенду, а гісторыю. Яна мяне аж за душу кранула. Некалі мне ксёндз яе расказваў, ды я і сама яе чула.

133. “ Легенда пра благога сына”.

Быў сын благі ў бацькоў. П’яніца, машэйнік, уцякаў з хаты, разносіў усё, прапіваў, а потым, калі ўжо нічога не меў, апомніўся, і захацеў вярнуцца да бацькоў.  Але стыдна было. Тады ён некага там з вёскі спаткаў і кажа: “ Я так сам да хаты не вярнуся, баюся. Еслі мама сагласна мяне прыняць, дык няхай завяжа на яблыні ручнік. Я пагляджу: калі ручнік завязаны, ужо пайду смела”. А матка ўсё ручнікі сабрала, і на кожная яблыньке завязала, хаця ж,каб сын увідзіў. А то адно можа сын не замеціць за лістамі, або вецер сарве. Галоўнае, каб сын вярнуўся да хаты, хоць благі, хоць які, але каб вярнуўся.

Заўвага: няказкавая проза – легндарная проза (маральна-этычная легенда).

- Я з гэтай легенды зрабіла верш, - сказала Генуэфа Францаўна.

І яна зачытала яго:

 

          В народе легенда бытует о том,

          Как сын был и мод, и кутила.

Все деньги растратил, и только потом,

Хотел, что бы мать всё простила.

Домой просто так он, сказал: «Не пойду.

Согласна простить меня если,

На яблоньке старой в отцовском саду,

Пусть мать полотенце повесит».

А мать услыхала слова от людей,

Свои рушники все собрала,

И сколько на яблоне было ветвей,

На каждой рушник завязала.

За время, что сына не видела мать,

Состарилась и поседела.

Белело на ветках прощенье её,

И голова у неё побелела.

 

          Прывожу гэты верш для параўнання з легендай.

Як у яе цудоўна атрымоўваецца. Я заўсёды зайздросціла людзям, якія ўмеюць пісаць вершы. Гэтаму нельга навучыцца. Талент або  ёсць, або яго няма. Бо патрэбныя словы нараджаюцца не ў галаве, а ў сэрцы.

Я спытала ў цёці Гені:

 - А як вы пішаце свае вершы? Як вы іх прыдумваеце?

  - А ніяк не прыдумваю. Яно само неяк складваецца. Калі мне сказаць: вось напішы што-небудзь за дваццаць мінут – не напішу. Не напішу, хоць ты трэсні.

- Яшчэ во адно легенду раскажу, як возера тут адно ўтварылася. Не помню, праўда, якое.

134. “Легенда пра ўтварэнне возера”.

Любіліся хлопец з дзеўкай. І хлапец быў багаты, а дзяўчына – бедная. Але ён хацеў на ёй жаніцца. Але ж бацькі не пазвалялі, трэба, каб толькі багатую браў. На што ж ім бедная? І хлопец з дзеўкай уцякалі, доўга ўцякалі, але потым бацька паслаў ганцоў на конях і яны ўжо іх даганялі. А гэныя як увідзілі, што іх даганяюць, сталі Бога прасіць,каб як іх схаваў. Тады божанька зрабіў так: хлопец стаў возерам, а дзеўка белай ліліяй на гэтым возеры.

Заўвага: няказкавая проза – легендарная проза(тапанімічная легенда).

Далей Генуэфа Францаўна прачытала нам некалькі сваіх вершаў, сярод якіх былі вершы пра нашу Радзіму Беларусь, пра нашу маленькую Радзіму Ашмяны, пра маці. Калі цёця Геня чытала верш пра матулю, на яе вачах выступілі слёзы. Цяжка, калі таго чалавека, які любіў цябе ўсім сваім сэрцам, які шкадаваў цябе, дапамагаў, аберагаў ўжо няма, а магчыма, засталося штосьці, што не паспеў сказаць, зрабіць, але час ужо не вернеш.

Што я зразумела сёння? А зразумела я, як важна берагчы сваіх блізкіх, любіць іх, і казаць ім аб гэтым кожны дзень. Бо ніхто не ведае, што будзе заўтра. Можа заўтра, я вельмі пашкадую, што сёння не сказала штосьці вельмі важнае для іншага чалавека. А потым…А потым будзе позна. Таму зараз я пайду і скажу сваёй матулі, бабулі, тату і браціку як я іх вельмі моцна люблю. 

Вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору

Адрас электроннай пошты: folkndl@yandex.ru


Адрас: 220030, Рэспубліка Беларусь, г.Мінск,
вул. К.Маркса, дом 31, п.39.

 

Тэлефон: 365-39-45

(з рэгіёнаў Беларусі: 8-017-3653945, 
з замежжа: +375 17 3653945)

 

Прыём наведвальнікаў:

панядзелак, серада, чацвер
з 10.00 да 16.30

(перапынак 

з 13.00 да 14.00)

У сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй прыём наведвальнікаў прыпынены.

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики.

Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.