1 жніўня.

          Дзень чацвёрты.

Вось і апошні месяц лета. Жнівень…Раней у нашых продкаў пачыналася самая цяжкая летняя праца. Але ўсё яны рабілі з песняй, напэўна, так было лягчэй. Ды й праца, і песні рабілі людзей больш дружнымі. А зараз зусім інакш. Песен ніякіх не пачуеш за гулам камбайнаў. Але менавіта гул камбайна выклікае асабіста ў мяне асацыяцыі са жнівом, з канцом лета, з дзяцінствам, з зоркамі. Так, менавіта з зоркамі. Чаму? А таму, што ў дзяцінстве мы вельмі любілі летам, бліжэй пад ноч,калі камбайны ўключалі святло, легчы дзе-небудзь у траве, або на даху сарайчыка і глядзець на бясконцае неба, абсыпанае незлічонай колькасцю ззяючых зорак, а навокал толькі чуваць, як стракочуць конікі, і дзесьці там, на полі, гудзе камбайн.

Сённяшні дзень, нават лепш сказаць вечар, я вырашыла прысвяціць сваёй прабабулі, у якой я разам са сваёй цёцяй Ленай і сястрой Насцяй былі ў гасцях. Мая прабабуля, Каралевіч Ганна Матвеяўна (1934 г.н., беларуска, скончыла 3 класы, родам з в. Данілкі, Валожынскага р-н, Мінскай вобл., адтуль пераехала ў в. Багданава, Валожынскага р-н, Мінскай вобл. у 1951 года), пражыла вельмі цяжкае жыццё. Яна вельмі рана выйшла замуж, мела усяго шаснаццаць гадоў, а яе муж, наш прадзядуля, быў старэйшы за яе на дваццаць год. Мела чатырох дзяцей. Рана пачала траціць зрок, і зараз амаль нічога не бачыць. На сённяшні дзень яна мае чатырнаццаць унукаў і чатырнаццаць праўнукаў,  і гэта лічба можа павялічыцца. Я яе заўсёды лічыла гераічнай жанчынай. Колькі яны нацярпелася за сваё жыццё, колькі болі, пакуты, крыўды яна перанесла. Бо ўсе яе чацвёра дзяцей сталі піць. Напэўна, нельга апісаць словамі, як цяжка для маці бачыць, як твае родныя дзеці сваімі ўласнымі рукамі губяць сваё жыццё, ды і не толькі сваё, але і тых людзей, якія іх любяць. Калі Бог дае кожнаму з нас свой крыж, які мы нясём напрацягу ўсяго нашага зямнога жыцця, то бабуля з гонарам яго пранесла, ніколі не скардзячыся на свой лёс і не перакладваючыяго на чужыя плечы. Я ганаруся ёй і хацела б быць да яе падобнай.

Кожны год мы прыязджаем да бабулі на некалькі дзён. Я спецыяльна падабрала такі час для практыкі, каб крышку распытаць у бабулі пра ранейшыя звычаі. Сёння цэлы дзень мы ўбіралі ў хаце, потым схадзілі на магілку да прадзядулі, крышку пабылі на рэчцы і вечарам пасля ўсіх спраў селі паразмаўляць.

- Бабушка, а што раней рабілі на такія святы як вяселле, радзіны, хрысціны? – пытаюся я.

- Ну што рабілі, ну кумоў прыглашалі. Хто больш гучныя рабіў, хто менш.

36.А было такое, што бабкаў-павятухаў тапілі, вазілі на рэчку, ці куды там, куды бліжэй было. Бо бабка вінавата, што дзіця прынесла. Дзіця ж гадаваць трэба. Ну, канешне, так ужо не тапілі, а толькі страшылі. Закінуць на воз, і вязуць да рэчкі ці куды там, дзе вада ёсць. Бабка тады адкупляецца ўжо. Вязе водкіграфін, налівае, каб яе не тапілі.

Заўвага: Сямейна-абрадавая проза –радзінна-хрэсьбінная проза (радзінны звычай).

Гэтая  традыцыя ёсць і цяпер. Не ведаю як дзе, але ў нас ёсць. Канешне, многія зараз не разумеюць, для чаго гэта, асабліва маладыя сем’і. Я і сама не ведала да сенняшняга дня. Цяпер, нарэшце, зразумела. Сама два разы была кумой, і аднойчы мяне саму ледзь не “утапілі” ў басейне, і разам са мной там тапілі ўсіх гасцей, нечакаючы ніякага адкупу, не разумеючы, што гэта значыць. Гэта ўжо дурасць, я лічу.

37. А кумамі не выбіралі п’яніцаў, недавяркаў, гультаёў, удоваў. А выбіралі добрых, веруючых, акуратных. Бо казалі, што дзіця пойдзе па кумах. Дык лепшых бралі.

Заўвага: Сямейна-абрадавая проза – радзінна-хрэсьбінная проза (хрэсьбінны звычай).

38. А было яшчэ такое, што калі ўсе госці сядзяць за сталом,бацькі дзіцяці, або бабулькі прыносяць завёрнутыя дзецкія пялёнкі, а там, у тых пялёнках, мажа быць завёрнуты кот, або лялька, і даюць кумам патрымаць, угадаць, ці гэта іх хроснік. І так некалькі разоў, і ўжо калі прыносяць дзіця, кумы пазнаюць і пакрываюць дзіця грашыма, а кума тканінай якой-небудзь добрай. Гэта значыць долю добрую дзіцяці пакрываюць.

Заўвага: Сямейна-абрадавая проза – радзінна-хрэсьбінная проза (хрэсьбінны звычай).

- А вось гэта бабулька спявала ўжо на канец хрэсьбінаў.

39. “Пане куме, пане сваці”.

Пане куме, пане сваці,

А што гэта штука знача.

З яе ксціны і вяселля,

І вяліка пацяшэння.

Заўвага: Сямейна-абрадавая паэзія – радзінна-хрэсьбінная паэзія (хрэсьбінная  песня для кумоў).

- А можа што ведаеш пра пахаванне. Чаго нельга рабіць?

 40. Нельга дрэнна пра пакойніка гаварыць. Кажуць або добра, або ніяк. Бо калі пра пакойніка дрэнна гаварыць, ён злуе, а калі злуеш пакойніка – гэта надта дрэнна. Або добра, або вапшчэ не гаварыць, бо ён ужо адышоў у другі мір, яго не трэба чапаць.

Заўвага: Сямейна-абрадавая проза – пахавальна-памінальная проза (пахавальны звычай).

Далей я вырашыла папытацца пра зажынкі і дажынкі.

41. Ну сноп першы ў кут паставяць, які сажнуць, вот табе і зажынкамі называлася. І гэны снапок стаіць,а ж пакуль збожжа не пачнуць сеяць. А як пачнуць сеяць, тады гэны снапок вымалачваецца, потым нясецца ў поле і крыжыкам такім сеіцца, а потым ужо болі сеяць. Вот як. А потым збожжа ставім у такія па дзесяць снапкоў, у мэндлячкі.

Заўвага: каляндарна-святочная проза – жніўная проза (зажынкавы абрад).

- А што рабіліна полі, каб рукі,спіна не балелі?- пытаю я.

42. А каб рукі не балелі, бралі нітачку ад вярбы свянцонай і завязвалі пальцы. А каб спіна не балела, то ветачку дубка прывязвалі да спіны.

Заўвага: магічная проза – абрады супраць болі ў спіне, у руках.

-А мужчыны жалі?

- Не, не жалі. У мужчын свая была работа.

- А рэшткі ежы ці пакідалі на полі?

- Не, не пакідалі. Усё, што з сабой бралі, усё з’ядалі. Бедныя былі і так.

Канешне, яны пакаленне вайны. Вакол голад, разруха, жыццё цяжкое. Кусок хлеба ніколі не быў лішні.

- У нас такіх абрадаў, Вікачка, не было, як, напрыклад, на Палессі. Я такога не чула ў нас.

43. Што старана, то і навіна.

Заўвага:малы жанр беларускага фальклору – прымаўка.

- Можа, бабушка, ведаеш якія прыкметы?

44. Кажуць, што на Вялікдзень нельга нічога выкідаць за агароды, патамушта тады, кажуць, скаціна не будзе ісці да хаты. Бывае вот такая скаціна не ідзе ў вароты, і ўсё.

Заўвага: каляндарна-святочная проза – прыкмета, звязаная з Вялікаднем.

45. Гаварылі, што на Звеставанне трэба абнесці, дзе куры нясуцца. Узяць яйко і абнесці кругом, і палажыць на месца, каб куры несліся ў гняздзе.

Заўвага: народна-хрысціянская проза – абрад на Звеставанне.

   - А на Купалле што-небудзь рабілі?

- Купалле святкавалі. Раскладвалі кастры, спявалі.

46. Хадзілі на ціхую ваду, дзе вот вада стаячая, вяночкі спляталі, потым вяночкі пускалі. Пусціш да якога берага. Потым на раніцы выляталі, глядзелі, да каго прытуліўся твой вяночак. Бывае, некаторы прытуліцца, а некаторы стаіць адзін.

Заўвага: каляндарна-святочная проза – проза Купалля (купальскі абрад).

Бабуля ўсміхнулася, мабыць, успомніла маладосць. Я бачыла на сямейных фотаздымках бабулю маладой. Прыгожая. Зараз глядзіш, і не верыш, што гэты маленькі, худзенькі чалавек мог раней, як і ты, бегаць, прыгаць, танцаваць. Так, усё пазнаецца ў параўнанні. Але, напэўна, у душы, яна засталася такой жа.

Тут мы пра кагосці размаўлялі, а бабуля кажа:

47. Хай іх магіла зарэжа.

Заўвага: малы жанр беларускага фальклору – выслоўе-праклён.

Чаго толькі людзі не прыдумаюць.

- Ну яшчэ вось адгадай загадку, - кажа мне бабуля.

48. - Куды ты ідзеш,

 Крывая крывуліца?

- А што табе за дзела,

Абстрыжана патыліца? ( рэчка і сенажаць).

Заўвага: малы жанр беларускага фальклору – загадка.

Доўга я не магла адгадаць. Былі розная варыянта:  нажніцы і валасы, брытва і аббрытая патыліца, але правільнага не было.

А бабуля мне кажа:

        - Ну вось крывая крывуліца – гэта рэчка, бо цячэ так крыва, а абстрыжана патыліца – гэтасенажаць, бо яе зжалі.

 Ну вось на сёння і ўсё. Усе мы за сённяшні дзень дастаткова змарыліся.Трэба ісці адпачываць. Сёння я зразумела: трэба заставацца заўсёды чалавекам, чалавекам з вялікай літары. І старацца рабіць так, каб цябе людзі паважалі, а перш за ўсё паважалі ўласныя дзеці, унукі. У мяне такі прыклад ёсць, значыць, мая прабабуля зрабіла ўсё правільна. Застаецца толькі самой стаць для кагосьці прыкладам. 

Вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору

Адрас электроннай пошты: folkndl@yandex.ru


Адрас: 220030, Рэспубліка Беларусь, г.Мінск,
вул. К.Маркса, дом 31, п.39.

 

Тэлефон: 365-39-45

(з рэгіёнаў Беларусі: 8-017-3653945, 
з замежжа: +375 17 3653945)

 

Прыём наведвальнікаў:

панядзелак, серада, чацвер
з 10.00 да 16.30

(перапынак 

з 13.00 да 14.00)

У сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй прыём наведвальнікаў прыпынены.

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики.

Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.