30 ліпеня.

          Дзень другі.

          У гэты дзень я вырашыла схадзіць да Сінкевіч Ірэны Аляксандраўны, да цёці Рэні, як усе яе называюць (1931 г.н., беларуска, скончыла 3 класы, мясцовая). Яна ўжо старэнькая, нізенькая жанчынка. Глядзіш на яе – і не верыш, што гэта жанчына была калісь маладой, моцнай, спрытнай, што яна нарадзіла пяцёра дзяцей. У наш час такія жанчыны – рэдкасць. Жыве яна разам са сваёй дачкой, цёцяй Марынай, яе мужам і дзецьмі. Цёця Марына хросная маці для мяне і майго малодшага брата. Раней яна працавала парыкмахерам, і на ўсе святы яна рабіла мне прычоскі. У многія важныя моманты майго жыцця яна прыкладала свае рукі да майго знешняга выгляду, у прамым сэнсе: на першы званок, на школьны выпускны, на мой васямнаццаты дзень нараджэння. І вось цёцю Рэню я таксама памятаю з дзяцінства. Я лічу, што яна таксама ведае шмат цікавага, таму вырашыла з ёй паразмаўляць.

І, чамусьці, маё першае пытанне было пра вяселле.

- Цёця Рэня, можа ведаеце якія вясельныя песні? Я калісьці чула, як вы спявалі вельмі прыгожую песню.

- Песню? Зараз, чакай, успомню.

       20. “ В зялёнэм гоіку”

В зялёнэм гоіку скаўронэчэк кнуціць,

  Паментай, дзевчына, паненство не вруціць.

Не вруці, не вруці, і вруціць не можа,

  Два сэрца злэнчона, клюнжонца не можа.

  Пшэжэгны мі мамо право ручкэй на кшыж,   

  Бо юж остатні раз на муй вянэк паччыш.

 Мама пшыжэгнала, пшым не заплакала,

 Ах, цуруня моя, чэго дочакала.

  Вэйшлі до косцёла, органы зайгралі,

  Органы зайгралі, нам ручкі связалі.

Пшэд велькім олтажэм пшэсенго я брала,

 Пшэсенге я брала, жалосне плакала.

Заўвага: сямейна-абрадавая паэзія.Паэзія вяселля – вясельная песня( ад’езд маладой з дому).

- Вот эту песню спявалі, калі дзяўчына замуж ішла, калі да шлюбу ад’язджала, дык вот песню спявалі, - кажа цёця Рэня.

 - Зразумела. Цёця Рэня, а можа ўспомніце што з дзяцінства. У якія гульні гулялі, якія лічылкі былі?

 - Ну, гулялі ў хаванкі, збіраліся ўсе і так лічыліся:

          21. “Пэнпэндуры, рынды, фанды”.

 Пэнпэндуры, рынды, фанды,на коханды блого і, блого о, пэнпэндуры рынды о.

Заўвага: дзіцячы фальклор – лічылка.

- І яшчэ адна:

          22. “Эгіта-пэгіта, сугіта мэ”.

Эгіта-пэгіта, сугіта мэ, абэль-фабэль до мінэ, экі-пыкі граматыкі, эйна-кайна занс.

Заўвага: дзіцячы фальклор – лічылка.

 Цёця Рэня засмяялася. Мы з маёй мамай дзівіліся памяці цёці Рэні. Такія незвачайныя лічылкі, падобныя да нейкіх магічных закляццяў.

 - Гэта ніхто іх не ўмее, толькі мы, - з гонарам  сказала цёця Рэня.

         - Ага, я такіх ніколі не чула. Добра. А можа вы ведаеце яшчэ якія-небудзь прыпеўкі? - пытаю я.

Цёця Рэня крышку падумала і пачала расказваць.

          23. Милы мой, а я твоя.

 Куда хатиш девай меня.

 Бросай жену законную –

 Бери меня знакомую.

Заўвага: пазаабрадавая лірыка – прыпеўка.

          24. У гародзе жыта родзе,

 На градзе націна.

 Цалавалі хлопцы сучку,

 Думалі жанчына.

Заўвага: пазаабрадавая лірыка – прыпеўка.

Цёця Рэня рассмяялася.

          - Там смяяцца будуць, - кажа яна.

  - Нічога, цёця Рэня.

  - Зараз яшчэ адну такую.

          25.  Мая міла бяльё мыла,

А я любаваўся.

  Мая міла патанула,

  А я засмяяўся.

Заўвага: пазаабрадавая лірыка – прыпеўка.

 - Шмат прыпеўкаў ёсць, толькі трэба ўспомніць, а калі ўспомніш, дык аж…

26. На валовай скуры не спішыш.

Заўвага: малы жанр беларускага фальклору – выслоўе.

Заўвага збіральніка: выслоўе мае значэнне “вельмі многа, шмат”.

          - … так іх шмат. Але ж во, як трэба, дык і не.

- А можа ведаеце якія-небудзь застольныя выслоў? Ну, калі, напрыклад, у вас госці, ці вы ў гасцях, якія тосты гаворыце, ці чаго жадаеце?

- Ну я так заўжды кажу:

            27.  Я для цебя ніц не мам,

  Толькі сэрцэ свое дам.

 А в тым сэрцы ружы квят,

  Зычэ тобе сто лят.

Заўвага: малы жанр беларускага фальклору – выслоўе-зычэнне.

  Цёця Рэня ніяк не магла ўспомніць, але цёця Марына дапамагла.

  - Забываюся, Наташа, - звяртаецца яна да маёй мамы, - забываюся. Я ўмела, але, відзіш, як.

- Нічога страшнага, цёця Рэня, - супакойвае яе мая мама.

 - Цёця Рэня, а што адзін аднаму казалі падчас працы? - пытаю я.

 - Ну, напрыклад, калі кабана калолі, то казалі так:

           28. Спары Божа! – Дай Божа.

Заўвага: малы жанр беларускага фальклору – выслоўе-вітанне, якое казалі пры працы.

 - Ага, зразумела. А ці памятаеце, якія калыханкі спявалі дзецям, унукам?

            29. “Люлі-люлі-люлі, Пан Езус пшытулі…”.        

Люлі-люлі-люлі,

Пан Езус пшытулі.

А найсвенша матка,

Калышы дзіцятка.

Заўвага: дзіцячы фальклор – калыханка.

  Тут прыйшла цёця Маша і кажа:

  - Помню, як мама дзяцей калахала. Бавае, заходзіш у комнату, а там і дзіцё спіць, і сьпявачка разам, галаву схіліўшы.

Закранутая тэма пра дзяцей навяла мяне на пытанне пра цяжарных жанчын.

  - А што раней забаранялася рабіць цяжарнай жанчыне?

  - Ну што…

         30. а)Не можна было праз вяроўку і шланг пераходзіць, бо пупавіна запутаецца. б)Пры пажары не можна за жывот хапацца, бо пятно будзе краснае ў дзіцяці. в) Над шуфлядкай адкрытай есці не можна, бо дзіця адліваць будзе.

Заўвага: магічная проза –забароныдля цяжарнай жанчыны.

Ну вось на гэтым мы і скончылі.  Далей пачаліся жыццёвыя размовы. Мы папілі гарбаты з свойскім мядком і пайшлі дамоў.

Вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору

Адрас электроннай пошты folkndl@yandex.ru


Адрас: 220030, Рэспубліка Беларусь, г.Мінск, вул. К.Маркса, дом 31, п.39.
 

Тэлефон: 380-57-46

(з рэгіёнаў Беларусі: 8-017-3805746, з замежжа: +375 17 3805746)

 

Прыём наведвальнікаў:

пн-пт: з 9.00 да 17.00

(перапынак з 13.00 да 14.00)