6 жніўня.

 

Сесія ўжо даўно здадзеная, за гэты час я паспела трохі адпачыць і нават знайсці падзаробак на лета, таму трэба ўжо пачаць і сваю першую практыку.

 

Шчыра кажучы, гэтая перспектыва выклікае ў мяне розныя пачуцці, бо, з аднаго боку, у мяне, як у астатніх першакурснікаў, зусім няма вопыту ў такой дзейнасці, практыка трохі палохае мяне, але ж, з іншага боку, гэта будзе вельмі цікава. Да што там цікава?! У мяне ёсць магчымасць дакрануцца да культурнай спадчыны нашага народа, прытым не да “кніжнай”, а да “жывой”: паслухаць песні, якія былі складзеныя пакаленнямі іх носьбітаў, даведацца пра цікавыя звычаі і павер’і, якія, у сваю чаргу, для тых, хто карыстаецца імі ў сваім жыцці, з’яўляюцца нечым зусім звыклым. І мне здаецца, што, каб зразумець і адчуць своеасаблівасць, адметнасць нашага народа, гэты спосаб лепшы за нечыя асабістыя думкі ці стэрэатыпы, якія сфармаваліся з цягам часу.

 

А ўвогуле з фальклорам мы так ці інакш сустракаемся ў штодзённым жыцці вельмі часта: і некаторыя народныя песні памятаем, і старадаўнія святы с некаторымі звычаямі, якія яшчэ захаваліся, адзначаем, і дзеткам мы спяваем калыханкі, часам складаючы іх на хаду, і шмат яшчэ іншых выпадкаў.

 

Таму я вырашыла далёка не хадзіць – дзесяць хвілінаў пешшу да маёй бабулі, галоўнай захавальніцы даўніх звычаяў ў нашай сям’і. Яна заўсёды памятае пра святы, лечыць, калі патрэбна, народнымі спосабамі і троху варожбай, ведае, якой пястушкай развесяліць зусім маленькіх стрыечных браціка і сястрычку, ад яе я амаль кожны раз даведваюся пра якую-небудзь чарговую народную прыкмету. Бабуля нарадзілася ў вёсцы Стары Востраў, што ў Магілёўскай вобласці, там жа і вырасла, а потым паехала шукаць шчасця ў сталіцу і, відавочна, знайшла. Яна ўжо вельмі доўга тут жыве, але гэта не перашкаджае ёй захоўваць тыя каштоўныя веды, якія яна атрымала праз пакаленні ад сваёй маці і якімі карысталася ў штодзённым жыцці. (Лазурка Жана Рыгораўна, 1949 г.н., бел., в. Стары Востраў Клічаўскага раёна Магілёўская вобласці, адукацыя вышэйшая, пераехала ў Менск ў 1968 г.)

 

Калі я прыйшла пасля сваёй працы да бабулі, яна ў першую чаргу, канешне, спытала:

 

-         Есці хочаш?

 

А чаго яшчэ можна чакаць ад бабулі, да якой прыходзяць у госці

 

ўнукі? І гэта, на мой погляд, вельмі цудоўна (асабіста для мяне - заўсёды галоднага студэнта).

 

         Падмацаваўшыся, мы пайшлі ў пакой, дзе бабуля спытала:

 

-         Ну што табе расказаць?

 

Я вырашыла пачаць с таго, што асабіста ў мяне выклівала вялікую цікавасць:

 

-         Раскажы мне замовы, ці прыкметы, ці парады якія-небудзь – штосьці звязанае з магічная сферай.

 

-         О-о-о, такога ў мяне шмат. Вось напрыклад:

 

1.     Калі хто-небудзь штосьці дрэннае пра цябе кажа, скажы: “Соль у вочы, п..да ў рыла, каб ты пра мяне нічога не гаварыла!”

 

Заўвага: фальклорная проза - магічная проза.

 

 

Я здзіўленна паглядзела на бабулю.

 

-         Чаго ты глядзіш? Да, так гаварылі, гэта яшчэ мая цётка мяне навучыла, наша сямейнае. Вось яшчэ ад сурокаў:

 

2.     Калі адчуваеш на сябе нядобры ўзгляд, трэба ў мыслях паставіць перад сабой зеркала, каб чалавек у ім сам атражаўся, тады ён нічога табе не зробіць.

 

Заўвага: фальклорная проза - магічная проза.

 

-         І яшчэ, Насця, запомні, калі ласка:

 

3.     Калі гаварыш з кім-небудзь, не глядзі яму прама ў вочы, глядзі яму недзе паміж бровамі – тады ён не насурочыць.

 

Заўвага: фальклорная проза - магічная проза.

 

4.     Калі гаварыш с чалавекам нядобрым, трэба ці сабраць рукі ў замок, ці ногі скрысціць. Можна яшчэ рукі ў кулакі, і каб у іх бальшыя пальцы былі схаваныя.

 

Заўвага: фальклорная проза - магічная проза.

 

5.     Таксама ад сурокаў: трэба паставіць стакан ці што яшчэ з вадой пад краваць, а раніцай вынесці і выліць на вуліцы і гаварыць: “Хай ўсё худое і плахое ідзе ад мяне”.

 

Заўвага: фальклорная проза - магічная проза.

 

6.     Ад сурокаў аберагае лаўровы лісток, які трэба палажыць пад прастыню ці пад падушку.

 

Заўвага: фальклорная проза - магічная проза.

 

7.     Увечары ўзяць дванаццаць манетак жоўценькіх, прамыць вадою і нагаворваць на іх: “Каб плахое і худое сыйшло з мяне”. Потым па 3 манеткі палажыць у кожны вугал у пакоі.

 

Заўвага: фальклорная проза - магічная проза.

 

8.     Каб ад сурокаў сберагчы дзіцяці, яму завязвалі на ручку чырвоную ніць.

 

Заўвага: фальклорная проза - магічная проза.

 

9.     Каб ніхто дрэннага не падумаў на дзіцяці, яму ў адзёжу закалываюць булаўку.

 

Заўвага: фальклорная проза - магічная проза.

 

-         Бачыла, у нашай маленькай Дар’і чырвоная нітачка на руцэ павязана? Гэтае павер’е ўжо здаўна мы ведаем і сёння карыстаемся.

 

-         Бабуля, а раскажы, калі ласка, як засцерагчыся ці пазбавіцца ад хваробаў.

 

-         Ну, вось гэтым спосабам я гаварыла і цёце Люсе лячыцца, і маці тваёй.

 

10.            Калі хварэеш, трэба ўбіць у дзверы тры цвікі трохвугольнікам: адзін уверсе пасярэдзіне і два ўнізе па баках.

 

Заўвага: фальклорная проза - магічная проза.

 

-         Цёця Люся гаварыла, што яна потым не знайшла гэтых цвікоў, толькі адзін каля дзвераў валяўся. “Але чаму? – гаварыць. – Я ж так крэпка ўбіла іх”.

 

-         І як жа так атрымалася?! – здзівілася я.

 

-         Вось так. Такая энергетыка моцная. Слухай далей!

 

11.            21 чэрвеня, у дзень сонцастаяння, трэба падысці да дуба, правесці па ім далонню, і ён будзе на працягу ўсяго года лячыць усе твае хваробы.

 

Заўвага: фальклорная проза - магічная проза.

 

-         Яшчэ ў нас была малітва-замова ад хваробаў, маліліся на Прачыстаю.

 

12.            Першым разам, добрым часам Святая Прачыста Мацер Божая, вялікая памошніца, прашу я цябе у помашч да сябе урокі шаптаці. Урокі-прарокі, прыйдзіце да рабы Божай (імя), урокі, здыміце: і з ручак, і з ножак, і з пальчыкаў, і з усіх устаўчыкаў ад розных балезняў ды немашчэй.

 

Заўвага: рытуальна-магічная сфера – замовы.

 

-         Вось яшчэ адна замова ад хваробаў.

 

13.            Цераз луг адганяць пералог з залатой трасцінай, шоўкавай хусцінай. Трасцінай трахне, хусцінай махне – пералогі адпадуць: урочныя, стрэчныя, падушныя, пагадныя, падарожныя, вадзяныя, земляныя”.

 

Заўвага: рытуальна-магічная сфера – замовы.

 

14.            Нельга у час заката спаць – здароўя не будзе.

 

Заўвага: фальклорная проза - магічная проза.

 

-         А я ўсё думала: чаму маці не дазваляла мне падрамаць, калі сонца заходзіць? – раптам успомніла я. Потым спытала: - А як вы звычайна аберагалі скаціну і рабілі, каб ураджай добрым быў?

 

15.            Ну, на Благавешчанне нельга расчэсваць валасы, бо куры будуць градкі драць.

 

Заўвага: фальклорная проза - магічная проза.

 

16.            28 травеня, на Пахома, садзілі агуркі,  прыгаворваючы: “Пахом – агуркі мяхом”.

 

Заўвага: фальклорная проза – народна-хрысціянская проза.

 

17.            Нельга было сажаць капусту ў мужчынскія дні: панядзелак, аўторак, чацвер. Але квасіць яе можна толькі ў гэтыя дні.

 

Заўвага: фальклорная проза - магічная проза.

 

18.            Калі пасеў, нельга даваць грошы ў доўг, каб не сапсаваць гарод.

 

Заўвага: фальклорная проза - магічная проза.

 

19.            18 чэрвеня трэба абавязкова палоць градкі, і траву, якую вырвала, садзі зноў, але галавой уніз – потым пустазелля амаль не будзе.

 

Заўвага: фальклорная проза - магічная проза.

 

20.            На Пятра мы пачыналі збіраць ураджай, гэты дзень быў  пачаткам восені. Гаварылі тады: “Прыўшоў Пятрок – скінуў лісток”.

 

Заўвага: фальклорная проза – народна-хрысціянская проза.

 

21.            На Іллю гаварылі: “Ілля накінуў у рэчку гнілля”. З гэтага дня ўжо нельга было купацца: халодна і гніллё сапраўды было ў рэчцы.

 

Заўвага: фальклорная проза – народна-хрысціянская проза.

 

Бабуля расказала мне і пра шмат якія спосабы, як засцерагчыся ці пазбавіцца ад нядобрай энергетыкі.

 

22.            У хаце ці ў кватэры добра мець расліны з кветачкамі, бо яны аберагаюць дом ад нядобрай энергіі. У нас у Востраве ў хаце баба Таня  заўсёды вырошчвала кветку аганёк – не ведаю, як яна правільна называецца, але ў нас яе звалі “аганёк”, на ёй былі яркія чырвоныя кветачкі.

 

Заўвага: фальклорная проза - магічная проза.

 

23.            Каб увечары ачысціцца ад усяго дрэннага, што накапілася на табе за дзень, трэба зрабіць так: патры далоні адна аб адну, каб разагрэліся, потым паднясі іх да твару ды правадзі імі па воздуху, быццам…ну, быццам у цябе нябачны шар вакол галавы. І так тры разы. А, і вочы трэба заплюшчыць пры гэтым. Пакуль гэтае робіш, уяві, што ўсё дрэннае зыходзіць з цябе ў рукі. І з рук потым на зямлю страхні ўсё гэтае дрэннае.

 

Заўвага: фальклорная проза - магічная проза.

 

24.            Яшчэ, памятую, у нас, каб лячыць і чысціць ад нядобрай энергіі, разбівалі над галавой чалавека ў міску яйка, а потым вылівалі на вуліцу.

 

Заўвага: фальклорная проза - магічная проза.

 

-         Хочаш даведацца, як зрабіць, каб грошы вадзіліся? – спытала бабуля.

 

-         Хачу. Можа, і дапаможа, - усміхнулася я.

 

25.            Калі корміш птушак, гавары: “Маё зерне клюйце, а мне дзеньгамі плюйце!” Тады грошы будуць вадзіцца.

 

Заўвага: фальклорная проза - магічная проза.

 

26.            Калі хтосьці моцна пужаўся, яго трэба было акрапіць ясвячонай вадой і сказаць: “Хто спужаў – той сабе забраў!”

 

Заўвага: фальклорная проза - магічная проза.

 

Я раптам спытала пра тое, што так часам цікава маладым дзяўчынам:

 

-         Бабуля, а пра любоўную магію што ты ведаеш?

 

-         Якую табе любоўную?! У цябе і без яе ўсё добра! – з усмешкай усклікнула бабуля. А потым раптам успомніла і сказала:

 

27.            Любоў не картошка – не выкінеш у акошка!

 

Заўвага: малыя жанры фальклору – прымаўка.

 

-         Была ў нас такая прыказка, - адразу дадала бабуля.

 

28.            Каб шчасліва выдаць дачок замуж, жанчыны у падолу насілі яблыкі, частавалі дзяцей і думалі пра замужжа дачкі.

 

-         Я тады яшчэ заўсёды думала: чаму яны нас гэтымі яблыкамі кормяць?

 

Заўвага: фальклорная проза - магічная проза.

 

29.            Быў такі выпадак у нас у вёсцы, тады здарыўся вялікі пажар, шмат чаго пагарэла. Пасля мы вынеслі шмат рэчаў з хаты, выйшлі ўсе самі, а маці, твая прабабуля Таня, пачала шаптаць нейкую малітву, пераліваючы ваду цераз клямку на ўваходных дзверах. Потым з гэтай вадой падышла да нас, ды, усё прышэптваючы, пачала гэтай вадой мазаць нам твар і рукі, а вада раптам высыхала так хутка, быццам бы яе там і не было. Так яна нас і нашу хату ад бедаў засцерагала.

 

Заўвага: фальклорная проза - магічная проза.

 

30.            Калі памірала дзіця, маці нельга было есці яблыкі да Яблачнага Спасу, бо, кажуць, яму “там” цяжка будзе.

 

Заўвага: фальклорная проза – народна-хрысціянская проза.

 

31.           Яшчэ адразу пасля Яблачнага Спасу мухі пачынаюць часта кусацца, лічыцца, што яны злуюцца, што лета адыходзіць.

 

Заўвага: фальклорная проза – народна-хрысціянская проза.

 

32.            Калі дзіця ўсё не можа зрабіць свой першы крок, яму праводзілі паміж ног пальцамі, як нажніцамі, “пераразалі путы”, пры гэтым так і гаварылі: “Разарвіцеся путы”.

 

Заўвага: фальклорная проза - магічная проза.

 

-         Я і вам маленькім так рабіла,  і Дар’і нашай нядаўна “путы перарэзала”, так што хутка пабяжыць.

 

33.            Калі хтосьці ішоў у армію, маці давала яму свой платочак. Ён махаў гэтым платочкам, ідучы, а потым кідаў яго. Маці платочак падбірала і захоўвала, каб сын вярнуўся жывы і здаровы.

 

Заўвага: фальклорная проза - магічная проза.

 

-         Мы так дзядзьку Сашу, майго брата, праводзілі, адсюль і ўспомніла такое павер’е. А з яшчэ аднаго, мабыць, смяяцца пачнеш, калі ўявіш сабе такую карціну.

 

34.            Каб хата не згарэла ды ўсе ў ёй шчаслівыя былі, увесну гаспадар павінен быў абысці ўвесь свой участак ці голым, ці ў споднім.

 

Заўвага: фальклорная проза - магічная проза.

 

-         Не голы, але ў споднім твой прадзед кожную весну так і абходзіў наш участак. Я вось успомніла яшчэ адну прымаўку- заклінанне ад сурокаў, яна вельмі падобная да той, пра якую я спачатку гаварыла, але без “нелітаратурных” слоў:

 

35.            Соль таму ў вочы, хто дабра мне не хоча.

 

Заўвага: фальклорная проза - магічная проза.

 

36.            Нельга было саджаць дуб каля хаты ці ў гародзе, бо гэта абазначае смерць гаспадара.

 

Заўвага: фальклорная проза - магічная проза.

 

-         Помню, бацька на нашым гародзе дубок высек. Астатняе заўтра прыйдзеш – я табе раскажу, бо позна ўжо.

 

Я сама ўжо стамілася за дзень, таму лёгка пагадзілася з ёй. Лепш працягнем заўтра.

  

Вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору

Адрас электроннай пошты: folkndl@yandex.ru


Адрас: 220030, Рэспубліка Беларусь, г.Мінск,
вул. К.Маркса, дом 31, п.39.

 

Тэлефон: 365-39-45

(з рэгіёнаў Беларусі: 8-017-3653945, 
з замежжа: +375 17 3653945)

 

Прыём наведвальнікаў:

панядзелак, серада, чацвер
з 10.00 да 16.30

(перапынак 

з 13.00 да 14.00)

У сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй прыём наведвальнікаў прыпынены.

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики.

Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.