Паэзія юраўскага цыклу
Вялі дзеўкі карагод...
Запісана ў в. Пагай Жыткавіцкага раёна
ад А. К. Лазарчук (1905 г. н.).
Вялі дзеўкі карагод,
З карагодам напярод.
Дзе карагод ходзіць,
Там жыта родзіць,
А дзе не бывае,
То там палягае.
Ой, то ж карагод -
Сам Бог напярод.
Дай, маці, ключык,
Не магу я адамкнуці
Да расою адпусціці.
Радзі, божа,
Ды на жыта,
Ды на пшаніцу,
Ды на ўсяку пашніцу.
Запісала Папкова Л. ў 1974 г.
Юр’я! Добры вечар!
Запісана ў в. Соўкі Пастаўскага раёна
ад Ф. В. Мядзвецкай
Юр’я! Добры вечар!
Юр’я! Устань рана!
Юр’я! Пусці расу!
Раса – для конікаў,
Траўка – для каровак,
Пырнік – для авечак.
Запісала Макруш М. у 1991 г.
Юр’я, падай ключы!..
Запісана ў в. Пажарцы Пастаўскага раёна
ад С. Талайка
– Юр’я, падай ключы!
Юр’я, падай ключы
– Матка, каторыя?
Матка, каторыя?
– Што расу адмыкаці,
Што расу адмыкаці,
А траву выпускаці,
А траву выпускаці.
Запісала Мацвійчук Г. у 1989 г.
А мы Юр’я ўспамінаем...
Запісана ў в. Камары Віцебскага раёна
ад Н. І. Зэлікавай
А мы Юр’я ўспамінаем,
Бога ўзвелічаем.
Дай, Божа, ключы ад замка,
Адамкнуць зямлю сырую,
Ды на добрае жыта, пашаніцу
Ды на ўсякую пашніцу.
Запісала Радзюкова А. ў 1991 г.
Юр’я! Падай ключы...
Запісана ў в. Соўкі Пастаўскага раёна
ад Ф. В. Мядзвецкай
– Юр’я! Падай ключы.
– Мамка, каторыя?
– Сынку,земляныя.
Юр’я! Атамкні зямлю.
Юр’я! Пусці расу.
Расу для каровак,
Траўку для конікаў,
Гігель для свіначак,
Смычка – то для бычка,
Пырнік – для гусачак.
Запісала Макруш М. у 1991 г.