СЛОВА ПРА Р. Р. ШЫРМУ
(ЗАМЕСТ ПРАДМОВЫ)
Напачатку 2007 г. споўнілася 115 гадоў з дня нараджэння Рыгора Раманавіча Шырмы (8(20).1.1892, в. Шакуны Пружанскага раёна – 23.3.1978).
Постаць Р.Р. Шырмы прыкметна вылучаецца на фоне яго сучаснікаў. Нястомны збіральнік беларускага фальклору, удумлівы этнамузыказнаўца і фалькларыст, уважлівы ўкладальнік зборнікаў народных песень – як ва ўласных запісах і нотных расшыфроўках, так і ў апра- цоўках для практычнай дзейнасці прафесійных і аматарскіх калектываў, заснавальнік шматлікіх хораў з беларускім песенным рэпертуарам, заснавальнік і кіраўнік Акадэмічнай харавой капэлы, якая цяпер носіць яго імя, педагог, публіцыст, грамадскі дзеяч… І ўсё гэта адзін чалавек – Рыгор Раманавіч Шырма, сапраўдны беларускі інтэлігент, патрыёт, усёй душою адданы Радзіме і беларускай песні, высокія эстэ- тычныя вартасці якой ён падкрэсліваў у сваіх артыкулах і практычна дэманстраваў праз выступленні капэлы. Яе канцэрт у Маскве ў дні другой дэкады беларускага мастацтва і літаратуры (1955) настолькі ўразіў Аляксандра Фадзеева, які слухаў па радыё выступленне гэтага цудоўнага хора, што ён з захапленнем пісаў: «Вы – вялікі і сапраўдны майстар, дарагі Рыгор Раманавіч. Безумоўна, калектыў, створаны Вамі, – гэта з’ява значная і незвычайная, гэта, безумоўна, адзін сярод першых, дзесьці ў першай пяцёрцы сярод харавых калектываў нашай краіны, такой багатай на хоры».
Праз песню Р.Р. Шырма здолеў паказаць душу беларускага народа, яго жывую гісторыю. У сваёй дзейнасці ён імкнуўся да таго, каб «вывучыць тыя асаблівасці творчага народнага калектыву, якія не даводзяцца разважаннямі, а заўсёды паказваюцца ў мастацкіх формах». Гэтая думка маэстра асабліва блізкая пазіцыі фалькларыстаў-філолагаў, якія зыходзяць з меркавання, што фальклор – перш за ўсё мастацтва слова, сінкрэтычна спаянага з напевам у лірычных жанрах вуснай народнай творчасці.
Фалькларысты Белдзяржуніверсітэта захоўваюць удзячную памяць аб Рыгоры Раманавічы Шырме, цудоўным чалавеку, які, нягледзячы на велізарную занятасць, заўсёды знаходзіў час, каб сустрэцца са студэн- тамі і выкладчыкамі філалагічнага факультэта.
Ужо ў восьмы раз прайшлі на факультэце рэспубліканскія навуковыя чытанні ў гонар Р. Р. Шырмы, матэрыялы якіх складаюць аснову дадзенага зборніка. Ад студэнта да доктара навук – такі дыяпазон яго аўтараў. Адначасова, 29–30 лістапада, адбылася IV Міжнародная навуковая фальклорна-этналінгвістычная канферэнцыя, прысвечаная 115-год дзю з дня нараджэння Шырмы «Фальклорная спадчына Р. Шырмы і Г. Цітовіча: вопыт збіральніцкай, навуковай і папулярызатарскай дзейнасці ў кантэксце праблем адраджэння традыцыйнай культуры вёскі», у якой удзельнічалі даследчыкі фальклору з блізкага і далёкага замежжа.
Цесная сувязь Рыгора Раманавіча з БДУ выразна акрэслілася напрыканцы 60-х гг. Паводле ўспамінаў доктара філалагічных навук прафесара В. П. Рагойшы, які справядліва назваў Р.Р. Шырму ахоўнікам душы народа, ён разам з двума сябрамі-аднакурснікамі некалькі меся- цаў запар дапамагаў маэстра ў падрыхтоўцы першага тома знакамітага шырмаўскага збору «Беларускія народныя песні». Студэнты сістэматызавалі, перапісвалі і вычытвалі рукапісы тэкстаў, пазней чыталі ка- рэктурныя адбіткі, рабілі розныя паказальнікі.
Дзякуючы Р.Р. Шырме ў БДУ напрыканцы 60-х гг. акрэслілася доўгатэрміновая праграма лакальна-рэгіянальнага вывучэння беларускага фальклору. Расказваючы пра фальклор Пружаншчыны, ён натхніў універсітэцкіх фалькларыстаў на першачарговае збіранне і вывучэнне традыцыйнай палескай культуры. Ужо летам 1968 г. на яго роднай Пружаншчыне працавалі тры студэнцкія групы. Зусім невыпадкова кніжная серыя «Беларускі фальклор у сучасных запісах» распачалася рэпрэзентацыяй запісаў, зробленых на тэрыторыі роднага краю Р.Р. Шырмы – Заходняга Палесся. Вялікім гонарам стала згода Рыгора Раманавіча рэдагаваць першае выданне рэгіянальнага фальклору «Беларускі фальклор у сучасных запісах. Брэсцкая вобласць. Традыцыйныя жанры» (Мн., 1973). Рыгор Раманавіч вельмі ўважліва прачытаў зборнік, выправіў недакладнасці ў тэкстах, унёс карэкты- вы ў назвы раздзелаў, структуру зборніка, напісаў яго прадмову. Яму было ўжо пад 80 гадоў, але трэба было бачыць, з якой цікавасцю Рыгор Раманавіч ставіўся да агульнай працы, наколькі тактоўна выказ- ваў заўвагі, даваў парады. Заварожвалі самі гукі яго голасу з мяккай акцэнтацыяй палескай гаворкі.
Р. Р. Шырма паўплываў на лёс і лад думак Васіля Ліцьвінкі, так- сама палешука, родам з в. Верхні Церабяжоў, што на Століншчыне. Малады універсітэцкі фалькларыст быў у захапленні ад Рыгора Рама- навіча, якога ён усё жыццё лічыў сваім настаўнікам. З вялікай адказ- насцю паставіўся Васіль Дзмітравіч да ўкладання кнігі Р. Р. Шырмы «Песня – душа народа» (Мн., 1976; навуковае рэдагаванне Н. Гілевіча), дзе былі сабраны артыкулы і рэцэнзіі, апублікаваныя на працягу 45 гадоў, пачынаючы з 1929 г. (перавыданне – 1993 г.).
У 1984 г. В.Д. Ліцьвінка паспяхова абараніў кандыдацкую дысер- тацыю на тэму «Р.Р. Шырма – фалькларыст». Як і Р.Р. Шырма, ён лічыў папулярызацыю беларускага фальклору найгалоўнейшай зада- чай. Узначальваючы навукова-даследчую лабараторыю беларускага фальклору, Васіль Дзмітравіч не стамляўся нагадваць пра запавет на- стаўніка збіраць, захоўваць і, галоўнае, усімі сродкамі папулярызаваць беларускую народную песню, бо вывучаць сабранае могуць наступныя пакаленні даследчыкаў.
Свае погляды на фальклор Р.Р. Шырма выказваў не толькі прама – у артыкулах, выступленнях, дакладах, прадмовах, але і ўскосна – праз структурную канфігурацыю зборнікаў, адбор тэкстаў, іх класіфікацыю, размяшчэнне, заўвагі. Напрыклад, ён лічыў прынцыпова важным друкаваць каляндарна-абрадавыя песні, пачынаючы не з калядак, як гэта звычайна рабілася, а з вяснянак, бо ў народным святочным календары вясна трывала звязвалася з пачаткам новага года – дадатковым пац- верджаннем для Р.Р. Шырмы паслужылі радкі валачобных песень, дзе веснавыя святы заўсёды, за рэдкім выключэннем, называюцца сярод гадавых першымі. Гэтай думкі прытрымліваўся і В. Д. Ліцьвінка. Раздзел «Абрадавая паэзія» ў зборніку «Беларускі фальклор у сучасных запісах. Традыцыйныя жанры. Мінская вобласць» (Мн., 1995), дзе ён быў адным з укладальнікаў, пачынаецца якраз з «Веснавых песень».
Вельмі шкада, што шырмаўская спадчына – цалкам ці ў асобных частках – не атрымоўвае належнай увагі. Задумаемся над фактамі: на працягу апошніх пятнаццаці гадоў у часопісе «Роднае слова» не было ніводнага артыкула пра Шырму. Вядома, яго запісы выкарыстоўваліся ў зводзе «БНТ», але там яны губляліся сярод іншых. А між тым цэласны аналіз зборнікаў Р. Р. Шырмы як своеасаблівай калекцыі, «экспанаты» якой размешчаны згодна з воляй укладальніка, адкрывае новыя гары- зонты для больш глыбокага вывучэння дзейнасці і поглядаў Шырмы, дазваляе лепш зразумець лад думак нашага славутага суайчынніка, які ўзбагаціў беларускую навуку дакладнымі запісамі песень у адзінстве слова і напеву. Па сутнасці, ён праклаў шлях для наступнага пакалення этнамузыказнаўцаў, сярод якіх асабліва вылучаюцца З. Я. Мажэйка, В.І. Ялатаў, Л.П. Касцюкавец, У.І. Раговіч, а пазней – І.Д. Назіна, Т.Б. Варфаламеева, Г.В. Таўлай.
Вяртанне да надрукаванага Р.Р. Шырмам уяўляе сабой зваротны рух па вектару часу, асэнсаванне ці пераасэнсаванне зробленага ім дзякуючы асацыяцыям з сучасным станам рэпрэзентацыі фальклору – асацыяцыям рознага віду: па падабенству, па сумежнасці ці кантрасту. Неабходнасць кантэксту заключаецца ў тым, што на яго фоне лепш відаць, наколькі унікальнай была постаць Шырмы, наколькі шырокай і шматграннай была яго дзейнасць, наколькі вызначальнымі для далей- шага развіцця фалькларыстыкі і этнамузыказнаўства былі яго прынцыпы, інтарэсы, ідэйныя пазіцыі.
Р.Р. Шырма быў адным з нямногіх фалькларыстаў, хто свабодна выказваў думкі, якія разыходзіліся з пануючымі. Толькі цяпер у поўнай меры зразумела, наколькі заслугоўвае павагі навуковая пазіцыя Шырмы ў дачыненні да каляндарна-абрадавай паэзіі. У часы трыум- фальнага шэсця т. зв. тэорыі працоўнага паходжання каляндарных свят, абрадаў і іх паэзіі, прапанаванай У.І. Чычаравым, Рыгор Раманавіч у адрозненне ад многіх фалькларыстаў не спяшаўся катэгарычна адмаўляцца ад папярэдніх навуковых думак. У ледзь не аднадушным хоры прыхільнікаў матэрыялістычнага падыходу да разумення генезісу абрадавай лірыкі яго голас не згубіўся. Р.Р. Шырма заставаўся на пазіцыі шматбаковага разгляду каляндарнай абраднасці ў сукупнасці яе жыццёвых вытокаў, псіхалагічнага напаўнення, адмысловай функцыянальнасці і міфалагічнага падмурку. На прыкладзе веснавой абраднасці ён паказаў, наколькі важна прымаць у разлік міфалагічны кампанент каляндарнай святочнай культуры: «Нашы далёкія продкі ладзілі спецыяльныя святы ў гонар вясны. Адно з такіх святаў называлася радаўніцай. Людзі ў дзень гэтага свята радаваліся, што прайшла зіма і настае вясна. Святкаванне пачыналася праводжаннем міфічнай багіні зімы і закліканнем багіні вясны. Пазней на радаўніцу паміналі памёршых».
Так пісаў Р. Р. Шырма ў прадмове да трэцяга тома «Беларускіх народных песень» (Мн., 1962). І няхай скептыкі скажуць, што ў выказванні няма ніякага навуковага адкрыцця, што этымалогія тэрміна «радаўніца» не вытрымлівае крытыкі, але і яны мусяць пагадзіцца з важкасцю думак аўтара, іх відавочным суладдзем. І справа тут не так у змесце працытаванага ўрыўка, а ў пазіцыі Р. Р. Шырмы. Гэта цяпер міфалагічная праблематыка стала адным з прыярытэтных фальклары- стычных напрамкаў, а ў 1962 г. зварот да вывучэння міфалагізму абрадавай лірыкі лічыўся нават не навуковым анахранізмам, а адхіленнем ад магістральнай лініі савецкай навукі аб народнай творчасці.
Чаму яшчэ так важна вяртацца да шырмаўскай спадчыны, аналі- зу яго зборнікаў, нават запісаў асобных твораў. Без гэтага немагчыма па-сапраўднаму ведаць гісторыю беларускай фалькларыстыкі. Амаль 14 старонак прысвяціў Р.Р. Шырме аўтар кнігі «Беларуская савецкая фалькларыстыка» (Мн., 1987) А. С. Фядосік. «Нельга пераацаніць велізарны ўклад, які ўнёс у беларускую фалькларыстыку народны артыст СССР Рыгор Раманавіч Шырма», – так пачаў слова пра Шырму А.С. Фядосік, дзякуючы якому мы маем уяўленне аб развіцці навукі аб вуснай народнай творчасці ў савецкі час. Праўда, аўтар не сказаў ні слова пра тыя праблемы, з якімі сутыкаўся Р.Р. Шырма на практыцы. Мы разумеем прычыны існавання лакун у гістарычных даследаваннях, але даўно надышоў час запоўніць іх.
На жаль, часам і Рыгор Раманавіч Шырма, найвядомейшы ў рэспубліцы чалавек, быў безабаронны перад знешнім ціскам, ідэалагічным у тым ліку, і вымушаны ісці на ўступкі, каб справа яго жыцця – чатырохтомнае выданне беларускіх песень – убачыла свет. Толькі адзін прыклад. У «Фалькларыстычных даследаваннях» (вып. 3; Мн., 2006) прафесар БДАМ Л.П. Касцюкавец змясціла артыкул «Псальма о святом Юрии и цмоке, записанная Р. Р. Шырмой», у якім паведаміла са спасылкай на словы самаго Р.Р. Шырмы шакіруючы факт: у трэцім томе «Беларускіх народных песень» ён быў вымушаны замест запісанай і расшыфраванай псальмы «Былі людзі няверныя», дзе канфлікт адбываўся па лініі веры, змясціць пад нотным прыкладам іншую версію сюжэта – «Даўно, даўно тое было», пазбаўленую хрысціянскіх элементаў. Падчас размовы з Л.П. Касцюкавец Р.Р. Шырма дазволіў ёй перапісаць сапраўдны тэкст псальмы, і цяпер мы маем магчымасць з ім пазнаёміцца. Музыказнаўца Л.П. Касцюкавец адзначыла тое, міма чаго праходзілі фалькларысты-філолагі: відавочную неадпаведнасць рытмікі надрукаванай псальмы нотнай расшыфроўцы, звязанай з тэкстам іншай будовы.
Разам з тым, як можна пераканацца, у зборніках Р.Р. Шырмы змешчаны сапраўды унікальныя тэксты і варыянты. Некаторыя ўтрымліваюць матывы, зафіксаваныя толькі ў яго запісах, што дае прастору для шэрага новых інтэрпрэтацый, больш глыбокага ўсведамлення мастацкага зместу твораў, лепшага разумення асноў міфапаэтыкі. Запісы Р.Р. Шырмы – той універсум, дзе кожны даследчык знойдзе цікавы аб’ект аналізу, іншая справа, ці гатовы мы ўбачыць яго спадчыну ў новым ракурсе, ці падрыхтаваны да таго, каб сказаць пра яе новае слова, ці здольны данесці да слыху шырокіх колаў грамадскасці, на- колькі гэта важна для духоўнага здароўя нацыі – памятаць пра тых, хто паклаў жыццё, каб спыніць імгненне, зафіксаваць і тым самым захаваць для наступных пакаленняў скарбы беларускай народнай творчасці.
Кожны зборнік «Фалькларыстычных даследаванняў» – наша даніна павагі Рыгору Раманавічу Шырме за яго пачэсную працу.
Выказваем шчырую ўдзячнасць Максіму Рагойшу, Ізольдзе Ківель і Вераніцы Cвірыд за дапамогу ў падрыхтоўцы і выданні зборніка, а таксама ўсім калегам і сябрам за маральную падтрымку.
Р. М. Кавалёва