СЛОВА ПРА Р. Р. ШЫРМУ

(ЗАМЕСТ ПРАДМОВЫ)

Напачатку 2007 г. споўнілася 115 гадоў з дня нараджэння Рыгора Раманавіча Шырмы (8(20).1.1892, в. Шакуны Пружанскага раёна – 23.3.1978).

Постаць Р.Р. Шырмы прыкметна вылучаецца на фоне яго сучаснікаў. Нястомны збіральнік беларускага фальклору, удумлівы этнамузыказнаўца і фалькларыст, уважлівы ўкладальнік зборнікаў народных  песень – як ва ўласных запісах і нотных расшыфроўках, так і ў апра- цоўках для практычнай дзейнасці прафесійных і аматарскіх калектываў,  заснавальнік  шматлікіх  хораў  з  беларускім  песенным  рэпертуарам, заснавальнік і кіраўнік Акадэмічнай харавой капэлы, якая цяпер  носіць яго імя, педагог, публіцыст, грамадскі дзеяч… І ўсё гэта адзін  чалавек  –  Рыгор  Раманавіч  Шырма,  сапраўдны  беларускі  інтэлігент,  патрыёт, усёй душою адданы Радзіме і беларускай песні, высокія эстэ- тычныя  вартасці  якой  ён  падкрэсліваў  у  сваіх  артыкулах  і  практычна дэманстраваў праз выступленні капэлы. Яе канцэрт у Маскве ў дні  другой  дэкады  беларускага  мастацтва  і  літаратуры  (1955)  настолькі  ўразіў Аляксандра Фадзеева, які слухаў па радыё выступленне гэтага  цудоўнага хора, што ён з захапленнем пісаў: «Вы – вялікі і сапраўдны майстар, дарагі Рыгор Раманавіч. Безумоўна, калектыў, створаны  Вамі, – гэта з’ява значная і незвычайная, гэта, безумоўна, адзін сярод  першых, дзесьці ў першай пяцёрцы сярод харавых калектываў нашай  краіны, такой багатай на хоры».

Праз песню Р.Р. Шырма здолеў паказаць душу беларускага народа, яго жывую гісторыю. У сваёй дзейнасці ён імкнуўся да таго,  каб «вывучыць тыя асаблівасці творчага народнага калектыву, якія  не даводзяцца разважаннямі, а заўсёды паказваюцца ў мастацкіх формах». Гэтая думка маэстра асабліва блізкая пазіцыі фалькларыстаў-філолагаў, якія зыходзяць з меркавання, што фальклор – перш за ўсё  мастацтва слова, сінкрэтычна спаянага з напевам у лірычных жанрах  вуснай народнай творчасці.

Фалькларысты Белдзяржуніверсітэта захоўваюць удзячную памяць  аб Рыгоры Раманавічы Шырме, цудоўным чалавеку, які, нягледзячы на  велізарную занятасць, заўсёды знаходзіў час, каб сустрэцца са студэн- тамі і выкладчыкамі філалагічнага факультэта.

Ужо ў восьмы раз прайшлі на факультэце рэспубліканскія навуковыя  чытанні ў гонар Р. Р. Шырмы, матэрыялы якіх складаюць аснову дадзенага зборніка. Ад студэнта да доктара навук – такі дыяпазон яго аўтараў. Адначасова, 29–30 лістапада, адбылася IV Міжнародная навуковая фальклорна-этналінгвістычная канферэнцыя, прысвечаная 115-год дзю  з дня нараджэння Шырмы «Фальклорная спадчына Р. Шырмы і Г. Цітовіча: вопыт збіральніцкай, навуковай і папулярызатарскай дзейнасці  ў кантэксце праблем адраджэння традыцыйнай культуры вёскі», у якой  удзельнічалі даследчыкі фальклору з блізкага і далёкага замежжа.

Цесная  сувязь  Рыгора  Раманавіча  з  БДУ  выразна  акрэслілася  напрыканцы 60-х гг. Паводле ўспамінаў доктара філалагічных навук прафесара В. П. Рагойшы, які справядліва назваў Р.Р. Шырму ахоўнікам  душы народа, ён разам з двума сябрамі-аднакурснікамі некалькі меся- цаў запар дапамагаў маэстра ў падрыхтоўцы першага тома знакамітага шырмаўскага збору «Беларускія народныя песні». Студэнты сістэматызавалі, перапісвалі і вычытвалі рукапісы тэкстаў, пазней чыталі ка- рэктурныя адбіткі, рабілі розныя паказальнікі.

Дзякуючы  Р.Р. Шырме  ў  БДУ  напрыканцы  60-х  гг.  акрэслілася  доўгатэрміновая  праграма  лакальна-рэгіянальнага  вывучэння  беларускага  фальклору.  Расказваючы  пра  фальклор  Пружаншчыны,  ён  натхніў  універсітэцкіх  фалькларыстаў  на  першачарговае  збіранне  і  вывучэнне  традыцыйнай  палескай  культуры.  Ужо  летам 1968  г. на яго роднай Пружаншчыне працавалі тры студэнцкія групы. Зусім невыпадкова кніжная серыя «Беларускі фальклор у сучасных запісах»  распачалася рэпрэзентацыяй запісаў, зробленых на тэрыторыі роднага  краю Р.Р. Шырмы – Заходняга Палесся. Вялікім гонарам стала згода  Рыгора  Раманавіча  рэдагаваць  першае  выданне  рэгіянальнага  фальклору  «Беларускі  фальклор  у  сучасных  запісах.  Брэсцкая  вобласць.  Традыцыйныя жанры» (Мн., 1973). Рыгор Раманавіч вельмі ўважліва  прачытаў  зборнік,  выправіў  недакладнасці  ў  тэкстах,  унёс  карэкты- вы ў назвы раздзелаў, структуру зборніка, напісаў яго прадмову. Яму  было ўжо пад 80 гадоў, але трэба было бачыць, з якой цікавасцю Рыгор Раманавіч ставіўся да агульнай працы, наколькі тактоўна выказ- ваў заўвагі, даваў парады. Заварожвалі самі гукі яго голасу з мяккай  акцэнтацыяй палескай гаворкі.

Р. Р. Шырма паўплываў на лёс і лад думак Васіля Ліцьвінкі, так- сама  палешука,  родам  з  в.  Верхні  Церабяжоў,  што  на  Століншчыне.  Малады універсітэцкі фалькларыст быў у захапленні ад Рыгора Рама- навіча, якога ён усё жыццё лічыў сваім настаўнікам. З вялікай адказ- насцю паставіўся Васіль Дзмітравіч да ўкладання кнігі Р. Р. Шырмы  «Песня – душа народа» (Мн., 1976; навуковае рэдагаванне Н. Гілевіча),  дзе  былі  сабраны  артыкулы  і  рэцэнзіі,  апублікаваныя  на  працягу  45  гадоў, пачынаючы з 1929 г. (перавыданне – 1993 г.).

У 1984 г. В.Д. Ліцьвінка паспяхова абараніў кандыдацкую дысер- тацыю на тэму «Р.Р. Шырма – фалькларыст». Як і Р.Р. Шырма, ён  лічыў папулярызацыю беларускага фальклору найгалоўнейшай зада- чай.  Узначальваючы  навукова-даследчую  лабараторыю  беларускага  фальклору, Васіль Дзмітравіч не стамляўся нагадваць пра запавет на- стаўніка збіраць, захоўваць і, галоўнае, усімі сродкамі папулярызаваць  беларускую народную песню, бо вывучаць сабранае могуць наступныя  пакаленні даследчыкаў. 

Свае погляды на фальклор Р.Р. Шырма выказваў не толькі прама –  у артыкулах, выступленнях, дакладах, прадмовах, але і ўскосна – праз  структурную канфігурацыю зборнікаў, адбор тэкстаў, іх класіфікацыю,  размяшчэнне, заўвагі. Напрыклад, ён лічыў прынцыпова важным друкаваць каляндарна-абрадавыя песні, пачынаючы не з калядак, як гэта  звычайна рабілася, а з вяснянак, бо ў народным святочным календары  вясна  трывала  звязвалася  з  пачаткам  новага  года  –  дадатковым  пац- верджаннем для Р.Р. Шырмы паслужылі радкі валачобных песень, дзе  веснавыя святы заўсёды, за рэдкім выключэннем, называюцца сярод  гадавых першымі. Гэтай думкі прытрымліваўся і В. Д. Ліцьвінка. Раздзел  «Абрадавая  паэзія»  ў  зборніку  «Беларускі  фальклор  у  сучасных  запісах. Традыцыйныя жанры. Мінская вобласць» (Мн., 1995), дзе ён  быў адным з укладальнікаў, пачынаецца якраз з «Веснавых песень».    

 Вельмі шкада, што шырмаўская спадчына – цалкам ці ў асобных  частках – не атрымоўвае належнай увагі. Задумаемся над фактамі: на  працягу апошніх пятнаццаці гадоў у часопісе «Роднае слова» не было  ніводнага артыкула пра Шырму. Вядома, яго запісы выкарыстоўваліся  ў зводзе «БНТ», але там яны губляліся сярод іншых. А між тым цэласны  аналіз зборнікаў Р. Р. Шырмы як своеасаблівай калекцыі, «экспанаты»  якой размешчаны згодна з воляй укладальніка, адкрывае новыя гары- зонты для больш глыбокага вывучэння дзейнасці і поглядаў Шырмы,  дазваляе лепш зразумець лад думак нашага славутага суайчынніка, які  ўзбагаціў беларускую навуку дакладнымі запісамі песень у адзінстве  слова і напеву. Па сутнасці, ён праклаў шлях для наступнага пакалення  этнамузыказнаўцаў,  сярод  якіх  асабліва  вылучаюцца  З. Я.  Мажэйка,  В.І. Ялатаў, Л.П. Касцюкавец, У.І. Раговіч, а пазней – І.Д. Назіна,  Т.Б. Варфаламеева, Г.В. Таўлай. 

Вяртанне да надрукаванага Р.Р. Шырмам уяўляе сабой зваротны  рух  па  вектару  часу,  асэнсаванне  ці  пераасэнсаванне  зробленага  ім  дзякуючы асацыяцыям з сучасным станам рэпрэзентацыі фальклору –  асацыяцыям рознага віду: па падабенству, па сумежнасці ці кантрасту.  Неабходнасць  кантэксту  заключаецца  ў  тым,  што  на  яго  фоне  лепш  відаць, наколькі унікальнай была постаць Шырмы, наколькі шырокай і  шматграннай была яго дзейнасць, наколькі вызначальнымі для далей- шага развіцця фалькларыстыкі і этнамузыказнаўства былі яго прынцыпы, інтарэсы, ідэйныя пазіцыі.

Р.Р. Шырма быў адным з нямногіх фалькларыстаў, хто свабодна  выказваў  думкі,  якія  разыходзіліся  з  пануючымі.  Толькі  цяпер  у  поўнай меры зразумела, наколькі заслугоўвае павагі навуковая пазіцыя  Шырмы ў дачыненні да каляндарна-абрадавай паэзіі. У часы трыум- фальнага  шэсця  т.  зв.  тэорыі  працоўнага  паходжання  каляндарных  свят, абрадаў і іх паэзіі, прапанаванай У.І. Чычаравым, Рыгор Раманавіч у адрозненне ад многіх фалькларыстаў не спяшаўся катэгарычна  адмаўляцца ад папярэдніх навуковых думак. У ледзь не аднадушным  хоры  прыхільнікаў  матэрыялістычнага  падыходу  да  разумення  генезісу  абрадавай  лірыкі  яго  голас  не  згубіўся.  Р.Р.  Шырма  заставаўся  на  пазіцыі  шматбаковага  разгляду  каляндарнай абраднасці ў сукупнасці яе жыццёвых вытокаў, псіхалагічнага напаўнення, адмысловай  функцыянальнасці і міфалагічнага падмурку. На прыкладзе веснавой  абраднасці ён паказаў, наколькі важна прымаць у разлік міфалагічны  кампанент  каляндарнай  святочнай  культуры:  «Нашы  далёкія  продкі  ладзілі спецыяльныя святы ў гонар вясны. Адно з такіх святаў называлася радаўніцай. Людзі ў дзень гэтага свята радаваліся, што прайшла  зіма і настае вясна. Святкаванне пачыналася праводжаннем міфічнай багіні зімы і закліканнем багіні вясны. Пазней на радаўніцу паміналі  памёршых». 

Так  пісаў  Р.  Р.  Шырма  ў  прадмове  да  трэцяга  тома  «Беларускіх  народных песень» (Мн., 1962). І няхай скептыкі скажуць, што ў выказванні няма ніякага навуковага адкрыцця, што этымалогія тэрміна  «радаўніца»  не  вытрымлівае  крытыкі,  але  і  яны  мусяць  пагадзіцца  з  важкасцю думак аўтара, іх відавочным суладдзем. І справа тут не так  у змесце працытаванага ўрыўка, а ў пазіцыі Р. Р. Шырмы. Гэта цяпер  міфалагічная праблематыка стала адным з прыярытэтных фальклары- стычных напрамкаў, а ў 1962 г. зварот да вывучэння міфалагізму абрадавай лірыкі лічыўся нават не навуковым анахранізмам, а адхіленнем  ад магістральнай лініі савецкай навукі аб народнай творчасці.

Чаму  яшчэ  так  важна  вяртацца  да  шырмаўскай  спадчыны,  аналі- зу яго зборнікаў, нават запісаў асобных твораў. Без гэтага немагчыма  па-сапраўднаму ведаць гісторыю беларускай фалькларыстыкі. Амаль  14 старонак прысвяціў Р.Р. Шырме аўтар кнігі «Беларуская савецкая  фалькларыстыка» (Мн., 1987) А. С. Фядосік. «Нельга пераацаніць велізарны  ўклад,  які  ўнёс  у  беларускую  фалькларыстыку  народны  артыст СССР Рыгор Раманавіч Шырма», – так пачаў слова пра Шырму  А.С. Фядосік, дзякуючы якому мы маем уяўленне аб развіцці навукі  аб вуснай народнай творчасці ў савецкі час. Праўда, аўтар не сказаў ні  слова пра тыя праблемы, з якімі сутыкаўся Р.Р. Шырма на практыцы.  Мы разумеем прычыны існавання лакун у гістарычных даследаваннях,  але даўно надышоў час запоўніць іх.

На жаль, часам і Рыгор Раманавіч Шырма, найвядомейшы ў рэспубліцы чалавек, быў безабаронны перад знешнім ціскам, ідэалагічным  у тым ліку, і вымушаны ісці на ўступкі, каб справа яго жыцця – чатырохтомнае выданне беларускіх песень – убачыла свет. Толькі адзін  прыклад. У «Фалькларыстычных даследаваннях» (вып. 3; Мн., 2006)  прафесар БДАМ Л.П. Касцюкавец змясціла артыкул «Псальма о святом Юрии и цмоке, записанная Р. Р. Шырмой», у якім паведаміла са  спасылкай на словы самаго Р.Р. Шырмы шакіруючы факт: у трэцім  томе  «Беларускіх  народных  песень»  ён  быў  вымушаны  замест  запісанай  і  расшыфраванай  псальмы  «Былі  людзі  няверныя»,  дзе  канфлікт адбываўся па лініі веры, змясціць пад нотным прыкладам іншую  версію сюжэта – «Даўно, даўно тое было», пазбаўленую хрысціянскіх  элементаў. Падчас размовы з Л.П. Касцюкавец Р.Р. Шырма дазволіў ёй перапісаць сапраўдны тэкст псальмы, і цяпер мы маем магчымасць  з ім пазнаёміцца. Музыказнаўца Л.П. Касцюкавец адзначыла тое, міма чаго праходзілі  фалькларысты-філолагі:  відавочную  неадпаведнасць  рытмікі надрукаванай псальмы нотнай расшыфроўцы, звязанай з тэкстам іншай будовы.

Разам з тым, як можна пераканацца, у зборніках Р.Р. Шырмы змешчаны  сапраўды  унікальныя  тэксты  і  варыянты. Некаторыя  ўтрымліваюць  матывы, зафіксаваныя  толькі  ў  яго  запісах, што  дае  прастору  для шэрага новых інтэрпрэтацый, больш глыбокага ўсведамлення мастацкага зместу твораў, лепшага разумення асноў міфапаэтыкі. Запісы Р.Р. Шырмы – той універсум, дзе кожны даследчык знойдзе цікавы аб’ект аналізу, іншая справа, ці гатовы мы ўбачыць яго спадчыну  ў новым ракурсе, ці падрыхтаваны да таго, каб сказаць пра яе новае слова, ці здольны данесці да слыху шырокіх колаў грамадскасці, на- колькі гэта важна для духоўнага здароўя нацыі – памятаць пра тых, хто  паклаў жыццё, каб спыніць імгненне, зафіксаваць і тым самым захаваць  для наступных пакаленняў скарбы беларускай народнай творчасці.

Кожны зборнік «Фалькларыстычных даследаванняў» – наша даніна  павагі Рыгору Раманавічу Шырме за яго пачэсную працу. 

Выказваем шчырую ўдзячнасць Максіму Рагойшу, Ізольдзе Ківель і Вераніцы Cвірыд за дапамогу ў падрыхтоўцы і выданні зборніка, а  таксама ўсім калегам і сябрам за маральную падтрымку. 

Р. М. Кавалёва

Т. А. Марозава

«Фалькларыстычныя даследаванні» скіраваны на ўсебаковую рэпрэзентацыю традыцыйнага і сучаснага фальклору. 

Т. А. Марозава 

Сучасная навука патрабуе ад даследчыкаў арыгінальных падыходаў да вывучэння і асэнсавання нацыянальнай спадчыны

Р. М. Кавалёва

Кожны зборнік «Фалькларыстычных даследаванняў» – наша даніна павагі Рыгору РаманавічуШырме за яго пачэсную працу.