ТЛУМАЧАЛЬНАЯ ЗАПІСКА
Фальклорная практыка студэнтаў філалагічнага факультэта з’яўляецца неад’емнай часткай вучэбнага працэсу пры падрыхтоўцы спецыялістаў-філолагаў па спецыяльнасцях 1-21 05 01 «Беларуская філалогія», 1-21 05 02 «Руская філалогія», 1-21 05 04 «Славянская філалогія» у адпаведнасці з агульнаадукацыйным стандартам і тыпавым вучэбным планам. Формы праходжання фальклорнай практыкі:
1) палявая практыка: выезд груп з навуковым кіраўніком у запланаванае месца экспедыцыі (на фінансавых умовах аплаты ўсіх выдаткаў ВНУ);
2) пры адсутнасці фінансавання:
а) самастойнае праходжанне практыкі студэнтамі па месцы жыхарства з прадстаўленнем справаздачы аб выніках збіральніцкай дзейнасці;
б) праца ў архіўных фальклорных фондах пры кафедры, якая ажыццяўляе практыку ў вну;
в) праца па індывідуальных праграмах (замежныя студэнты).
Мэта фальклорнай практыкі – авалоданне першаснымі практычнымі навыкамі прафесійнай дзейнасці, якая звязана са збіраннем фальклору. Гэта асабліва актуальна сёння, калі першакурснікі ўсё больш арыентуюцца на самастойнае праходжанне фальклорнай практыкі.
Задачы практыкі:
- паглыбіць і пашырыць веды студэнтаў па фальклоры, атрыманыя на лекцыях, практычных занятках і КСР;
- пазнаёміць студэнтаў з жывым бытаваннем твораў вуснай народнай творчасці;
- набыць навыкі збіральніцкай дзейнасці ў практычным ключы – праз непасрэдныя сустрэчы з выканаўцамі фальклорных твораў, усталяванні кантактаў з імі, выкліканні зацікаўленасці і разумення мэтазгоднасці перадачы фальклорных твораў маладому пакаленню.
Праграма зарыентавана на сучасную канцэпцыю агульнаадукацыйнай і вышэйшай школы. Фальклор падаецца як багацейшы культурны скарб кожнага народа, сродак выяўлення яго нацыянальнай свядомасці, умова выхавання патрыёта сваёй краіны, грамадзяніна з высокім узроўнем нацыянальнай годнасці.
Дадзеная праграма абапіраецца на вучэбна-метадычны дапаможнік «Фальклорная практыка: метадычныя рэкамендацыі і праграма-апытальнік» (аўтары-складальнікі: Р.М. Кавалёва, В.В. Прыемка, Т.А. Марозава; БДУ, 2008), на тыпавыя вучэбныя праграмы па курсе «Фалькларыстыка» (аўтары-складальнікі І. В. Казакова, І. А. Швед; РІВШ, 2009), «Беларускі фальклор» (аўтар-складальнік Р.М. Кавалёва; БДУ, 2008), вучэбную праграму «Фольклор славянских народов» (аўтар-складальнік В.В. Прыемка; БГУ, 2008) і вучэбна-метадычны дапаможнік для выкладчыкаў ВНУ па курсе «Фалькларыстыка» (аўтары-складальнікі Р.М. Кавалёва, В.В. Прыемка; электронны рэсурс).
Праграма каардынуецца з праграмамі іншых дысцыплін вучэбнага плана – славянскай і ўсходнеславянскай міфалогіяй, уводзінамі ў літаратуразнаўства, тэорыяй літаратуры. Адсюль увядзенне ў праграму невялікай колькасці тэрмінаў і паняццяў, якія ў цяперашні час шырока выкарыстоўваюцца ў міждысцыплінарных даследаваннях і даказалі сваю эфектыўнасць пры аналізе фальклорных з’яў.
У адпаведнасці з агульнаадукацыйным стандартам па фальклорнай практыцы студэнт-філолаг павінны:
ведаць: тэорыю фальклору, падзел фальклорнай спадчыны на роды, віды, жанры і ўнутрыжанравыя разнавіднасці; асаблівасці асобных фальклорна-этнаграфічных комплексаў, іх адміністрацыйна-тэрытарыяльную лакалізацыю;
умець: самастойна адрозніваць жанры і жанравыя разнавіднасці фальклорных адзінак; суадносіць сведчанні інфарманта з уласнымі ведамі па тэорыі фальклору пры вызначэнні віду і жанру; карыстацца сучаснымі тэхнічнымі сродкамі фіксацыі фальклорных твораў; адрозніваць фальклорныя творы ад псеўдафальклорных (індывідуальна-аўтарскіх песень, вершаў, папулярных раней і цяпер, і г.д.);
набыць навыкі: вядзення гутаркі з людзьмі рознага ўзросту, прафесіі, статусу; сістэматызацыі і класіфікацыі вусна-паэтычных твораў розных відаў і жанраў; выяўлення лакальна-адметных твораў фальклору па дыялектных асаблівасцях, жанравых прыкметах, дакладнай пашпартызацыі твора.
Тэрмін праходжання практыкі – 14 дзён (84 гадзіны). Пры падрыхтоўцы да праходжання практыкі студэнты на працягу семестра адпрацоўваюць абавязковы фальклорны практыкум у вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору. Мэта правядзення практыкума – пазнаёміць студэнтаў з афармленнем выніковых справаздач па фальклорнай практыцы, з запісанымі фальклорнымі творамі, з сістэмай захоўвання фальклорных адзінак у архіўных фондах, складаннем рэестравых ведамасцей уліку матэрыялаў, з працай рэгіянальнага, жанравага, аўдыёвідэаархіваў, а таксама архіва іншых народаў свету. Колькасць гадзін на арганізацыю і правядзенне фальклорнага практыкума – 4.