ПРАДМОВА

 

Баладныя песні – адзін з самых яркіх фальклорных жанраў. Калі вам падабаюцца гісторыі пра незвычайныя падзеі, ракавыя страсці, наканаваны лёс, пра моцныя пачуцці, вернасць і здрадніцтва, калі вас цікавяць таямніцы чалавечай душы і нязведаныя сілы, якія кіруюць учынкамі чалавека, калі ў вас ёсць жаданне разабрацца ў прычынах канфліктаў паміж бацькамі і дзецьмі, братамі і сёстрамі, даведацца пра перашкоды, з якімі могуць сустрэцца закаханыя, то вы, безумоўна, звернеце ўвагу на баладныя творы.

Што яны сабой уяўляюць? Ёсць шэраг азначэнняў балады. Ці не сведчанне гэта таго, што ў яе шмат твараў? Яна нагадвае казкі і легенды, гістарычныя і лірычныя песні, спяваецца і танцуецца, часам вельмі падобная да жорсткага раманса, а часам да навелы. Пры агульным падыходзе да балады карціна атрымоўваецца стракатая і шматмерная. Баладу можна пераблытаць з карагоднай песняй і прыняць за баладу сямейную, любоўную, салдацкую песню з баладнымі матывамі. У гістарычнай рэтраспектыве балада звязана з танцамі, карагодамі і ... абрадамі. У цяперашнім стане яна, наадварот, адмяжоўваецца ад іх. Шэраг інфармантаў засведчыў, што выкананне баладных песень прымяркоўваецца да пастоў, галоўным чынам, піліпаўскага, дакаляднага, і да Вялікага посту.

Фальклорная балада настолькі значна паўплывала на развіццё еўрапейскай літаратуры, што можна казаць пра яе выключную ролю ў змяненні эстэтычных прыярытэтаў – пераходу ад застылых канонаў класіцызму да разняволеных форм рамантызму. У гэтым сэнсе баладу сапраўды можна назваць падарункам лёсу, які адкрылі свету рамантыкі – паэты і філосафы. Яны паказалі, што жыццё складаецца не толькі з працы, законаў і абавязкаў, але і са стыхійных парываў душы, неўсвядомленых імкненняў, невытлумачальных учынкаў. Рацыянальнае і містычнае існуюць у баладах сумесна, побач, але не паасобку, рэальнае і фантастычнае  настолькі перакрыжоўваюцца, што ствараецца ўражанне аб іх адзінай несупярэчлівай прыродзе.

Рускія даследчыкі даўно засведчылі затуханне жанру балады ў Расіі, нават на спрадвечна «баладных» тэрыторыях – Рускай Поўначы, дзе ў другой палове ХХ ст. заставаліся толькі мізэрныя рэшткі некалі багатай традыцыі. Мы, беларусы, можам ганарыцца тым, што народныя спевакі да нашага часу захоўваюць баладныя песні ў жывым бытаванні. Фальклорныя запісы студэнтаў-практыкантаў, зробленыя амаль за паўстагоддзя, даюць магчымасць акінуць вокам шырокую панараму беларускіх балад, убачыць іх тэматычнае багацце, захапіцца высокай паэтычнасцю і глыбокім ідэйным зместам. На фоне сучаснага разбурэння маральных арыенціраў, ледзь не свядомага закліку да вольных стасункаў паміж паламі, асабліва ясна бачыш, наколькі чыстыя ў сваіх памкненнях баладныя героі, наколькі яны душэўна багатыя, здольныя кахаць да магілы ў пераадольваць саму смерць, падаючы з таго свету жывым знакі свайго непарушнага пачуцця, – дрэвы, што вырастаюць на магілах і пераплятаюцца галінамі.

Падзеі агульнанароднага значэння ўзнаўляюцца ў баладных песнях выключна праз лёс канкрэтнага чалавека, што і робіць гэтыя творы такімі прыцягальнымі для выканаўцаў і слухачоў. Гуманістычны пафас балад невычарпальны, спачуванне да ахвяры бязмежнае, маральная аснова мастацкага зместу надзвычай трывалая.

Якое навуковае значэнне мае збіранне балад у новы час? Вялікае. Здаецца, усе сюжэты даўным-даўно занатаваны і выдадзены, што яшчэ можна дадаць да тых падлічаных і сістэматызаваных 150 тыпаў? Але ж фальклорны працэс не спыняецца. І заўсёды важна ведаць, у якім напрамку ён рухаецца – дэградзіруе той ці іншы жанр, запаволіў сваё развіццё, закансерваваўся або пераўзыходзіць іншыя назапашваннем новых твораў. Сучасны стан баладнай традыцыі – найлепшае сведчанне духоўнага патэнцыялу народа, узроўню яго культурнай свядомасці. Даведацца пра гэта можна толькі шляхам параўнання сучасных і мінулых запісаў. Вось чаму патрэбны паўторныя фальклорныя экспедыцыі, зноў і зноў наведванне тых самых вёсак і спевакоў, з якімі ўжо працавалі папярэднікі.

Другое не менш значнае пытанне – асаблівасці баладнага мыслення беларусаў. Даўно высветлена, што частка баладных сюжэтаў (40 – 45%) складае агульны фонд ў традыцыйнай культуры трох усходнеславянскіх народаў, але ж астатняя частка – якраз вынік уласна нацыянальнай творчасці.

Трэба мець на ўвазе, што баладныя песні славян маладзейшыя за каляндарна-абрадавыя, але старэйшыя за вясельныя. Наяўнасць агульных сюжэтаў сведчыць на карысць думкі аб запачаткаванні баладнай традыцыі ў той час, калі славяне складалі адзінае цэлае і яшчэ не падзяліліся на ўсходніх, заходніх, паўднёвых. Пасля падзелу славянскага племені на тры часткі баладная творчасць, як бачым, не толькі не спынілася, хутчэй наадварот – атрымала новы штуршок, узбагаціла нацыянальную традыцыю этнічна пазначанымі сюжэтамі. Часам яны пераходзілі этнічныя межы, распаўсюджваліся сярод суседзяў, аднак дадзены працэс не быў масавым.

Даследчыкі падлічылі, што больш за ўсё сыходжанняў – 45% – назіраецца паміж беларускімі і ўкраінскімі баладамі. Гэта каля 60 агульных сюжэтаў. Менш адпаведнасцей з рускім матэрыялам – каля 40 сюжэтаў – і ўдвая менш з польскім і славацкім.

Як і заўсёды, ілюстрацыйны матэрыял да метадычных указанняў узяты з фальклорнага архіва вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта. Ён размеркаваны адпаведна прынятай фалькларыстамі універсітэта класіфікацыі баладных песень і тэрміналогіі. Трэба мець на ўвазе, што на сённяшні дзень універсальнай класіфікацыі балад не існуе, хаця назіраюцца перакрыжаванні. Дадзены факт намі ўлічаны. Акрамя таго, папярэджваем: далёка не ўсе запісы, прадстаўленыя ў выданні, узорныя. Недасканаласць некаторых запісаў проста кідаецца ў вочы. Галоўная прычына – запіс балады не «з голасу», а пад дыктоўку. У сувязі з гэтым у плане падрыхтоўкі да самастойнага праходжання фальклорнай практыкі прапануем выканаць наступнае заданне, вынікі якога будуць абмеркаваны на практычных занятках па фальклору або на практыкуме па фальклорнай практыцы:

1. Адзначце тры ўзорныя запісы балад і абгрунтуйце свой выбар.

2. Знайдзіце тры дрэнныя запісы баладных песень і адзначце памылкі збіральнікаў (лексіка, строфіка, памер радкоў, гаворка, лагічныя разрывы і г. д.).

3. На будучае: паспрабуйце мэтанакіравана шукаць варыянты «пашкоджанага» баладнага сюжэта ў месцы праходжання фальклорнай практыкі і пры станоўчым выніку зрабіць паўторны запіс, параўнаўшы яго з папярэднім.

 

Attachments:
Download this file (BaladnyayPesni.zip)Баладныя песні (балады)[Поўны тэкст]189 kB
Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики.

Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.