СЯМЕЙНА-АБРАДАВЫ КОМПЛЕКС
Радзіны і хрэсьбіны
“Хвартух мой шырокі…”
Жанр – радзінная песня
Хвартух мой шырокі
Закрыў усе бокі.
З-пад таго хвартушка
Вяляцела птушка
З ручкамі, з ножкамі,
З шэрымі вочкамі.
Дасюль я таіла,
Цяпер не буду.
Дайце мне пялёнкі,
Спавіваці буду.
Запісала ў 1986 годзе студэнтка Курчак Т.П. у в. Шчаўры Крупскага раёна Мінскай вобласці ад Кашалёвай Любові (1919 г.н., беларуска, мясцовая, адукацыя – пачатковая).
“А чыя хата, а чыя хата…”
Жанр – радзінная песня
– А чыя хата, а чыя хата
На вуліцу вакном стаіць?
На вуліцу вакном стаіць?
А чыя жана, а чыя жана
У палазе ляжыць?
– А Янкава хата, а Янкава хата
На вуліцу вакном стаіць,
На вуліцу вакном стаіць.
А Янкава жана, а Янкава жана
У палазе ляжыць.
Ай, загадала, загадала
Вішнёвага соку.
Ай, завалала, ай, завалала*
Свайго мужа з току.
А калі сына, а калі сына, –
Буду дастаўляці.
А калі дочка, а калі дочка, –
Буду прабачаці.
*звала
Запісалі студэнты Некрашэвіч Л.Б., Пракоп Л.Л., Маіснічык Л.А. у в. Заполле Лагойскага раёна Мінскай вобласці ад Ханкевіч Ганны Васільеўны.
“Цябе, Ігарочак, у нядзельку радзіла…”
Жанр – хрэсьбінная песня (дзіцяці)
Цябе, Ігарочак, у нядзельку радзіла*
І ў шапачку зараначку ўшыла,
Каб яна табе ўсю ночачку свяціла.
Свяці, свяці мне, зорачка, да свету,
Пакуль я к свайму цесцятку на двор прыеду.
Сявяці, свяці мне, зорачка, да пару,
Пакуль я сабе сваю дзевачку забяру.
*кожны радок паўтараецца
Запісалі ў 1989 годзе студэнты Кісялёва Н.Б., Каральчук А.Г., Новікава В.Л., Чэрнік А.М., Шырокава А.М., Шупенька М.Г. у в. Дамжарыцы Лепельскага раёна Віцебскай вобласці ад Ціханавец Кацярыны Міхееўны (1911 г.н., адукацыя – 2 класы).
“А ў палажочку млода Волечка ляжала…”
Жанр – хрэсьбінная песня (бабцы)
А ў палажочку млода Волечка ляжала,
Паціхонечку к сабе малога гукала:
– Ай, хадзі, хадзі, мой міленькі, да мяне,
Буду пытаці я паціхоньку ў цябе.
Ай, здаецца, мы віно, піва варылі,
Ай, здаецца, сваю бабульку паілі?
Сядзіць бабуля цверазюсенька на куце,
Дзяржыць бабуся пустую чару ў руцэ.
Запісаў у 1989 годзе студэнт Развякоў І.Г. у в. Залессе Полацкага раёна Віцебскай вобласці ад Дзядзёнак А.І. (1933 г.н., адукацыя – 3 класы).
“А кум куму…”
Жанр – хрэсьбінная жартоўная песня.
А кум куму,
А кум куму
Разуваў,
Разуваў.
А кум куме,
А кум куме
Пад падол паглядаў,
Пад падол паглядаў.
– А кумачка,
Галубачка,
Што за звер у цябе?
Што за звер у цябе?
Ой, баюся ж,
Я баюся,
Каб ня з’еў ён мяне,
Каб ня з’еў ён мяне.
Запісана ў 2006 г. у в. Даўгінава Вілейскага раёна Мінскай вобласці ад Рачыцкай (1939 г.н., мясцовая, беларуска, адукацыя – сярэдняя).
“Ой, вы, госцейкі мае...”
Жанр – хрэсьбінная песня.
Ой, вы, госцейкі мае,
Што вы хмурна сядзіце,
Што вы хмурна сядзіце,
Не пяеце, не ясце?
Не пяеце, не ясце,
А ўсё хмурна сядзіце.
Ці мой хлебушак пухов,
Ці хозяін не вясёл,
Ці хозяін не вясёл?
А я хлеб распушу,
Вас развесялю.
Запісалі студэнткі І курса спецыяльнасці “беларуская філалогія” Саўчук Таццяна Мікалаеўна і Шыманец Ірына Андрэеўна ў в. Бор Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці ад Буцкевіч Зінаіды Іванаўны (1934 г.н., беларуска, базавая адукацыя,мясцовая).
Вяселле
“Зборная суботка настала…”
Жанр – вясельная песня (для сіраты)
Зборная суботка настала*,
Янечка дзяўчатак збірала.
Сабраўшы, у радочак саджала.
Сама села вышэй усіх,
Скланіла галоўку ніжэй усіх,
Косамі зямельку пакрыла,
Слёзкамі ножанькі абмыла.
Уся яе галоўка ў квеце –
Нет яе матулькі на свеце.
Уся яе галоўка ў вяночку –
Няма яе матулькі ў радочку.
Уся яе галоўка прыбрана –
Няма яе матулькі, схавана.
*кожны радок паўтараецца два разы
Запісала студэнтка Кетрыс І.Р. у Астравецкім раёне Гродзенскай вобласці.
Жанр – вясельная песня (каравайная)
Чэрэз новыі сіны
Два анёлы лэцілы,
Два анёлы лэцілы
Дай на покуці сілы.
А як сілы, спыталі,
Чы коровай зробылы.
В саду голле вісыць,
Сам Бог коровай місыць,
Прычыстая памагае,
Обрусом прыкрывае.
Стук-постук на дворы,
Коровай місяць на столі
Біленькымы ручанькамы,
Золотымы пэртэнькамы.
Ой, пшоночка, мое зернятко,
Як сіюць, то куры грэбуць.
А як сходыш,
То гускы шчіплюць,
А як поспіеш,
То добрые жонкы
Коровай роблюць.
Дэ тая гаспадыня,
Шчо була?
Нэхай ідэ
Доставаты помэла.
Дэ тая господыня
З хаты?
Нэхай ідэ
Доставаты лопаты!
Запісала ў 1998 годзе студэнтка Мазырка Н.В. у в. Спорава Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці ад Дмітручыны Ксеніі Рыгораўны (1925 г.н., беларуска, мясцовая, пісьменная).
Жанр – апісанне вясельнага звычаю
Каравай не паказваюць гасцям да таго часу, пакуль не пачнуць дзяліць.
Запісала ў 1991 годзе студэнтка Скуратовіч А.Я. у Бабруйскім раёне магілёўскай вобласці ад Архіпенка Яўгеніі Эрнастаўны (1933 г.н., нарадзілася ў в. Бацэвічы Крычаўскага раёна Магілёўскай вобласці, адукацыя – 5 класаў).
“Да выражу барозкі…”
Жанр – вясельная песня (маладому, калі едуць па маладую)
Да выражу барозкі
Тры ножкі.
Да секану коніку
Пыд ножкі.
Да бяжы, коніку, пыдбагай,
Будзе тобе дорожка маленька,
Будзе тобе дзевочка блізенька.
Запісала ў 1996 годзе студэнтка Лагвіновіч С.П. у в. Малькавічы Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці ад Гардзей Вольгі Міхайлаўны (1926 г.н., беларуска, мясцовая, пісьменная).
“Ой, борам, борам, барамі…”
Жанр – вясельная песня (маладому, калі едуць па маладую)
Ой, борам, борам, барамі,
Выслана дарожка рублямі.
А выслаў дарожку Іван,
І к сваёй Наташцы ездзючы,
Дарагія падаркі возючы.
Першы падарак – платочак,
Другі падарак – вяночак.
Трэці падарак – конь вараны,
А чацвёрты – сам малады.
Запісала ў 1996 годзе студэнтка Саламевіч Т.І. у в. Скарводы Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці ад Іваніч М.А. (1931 г.н., пачатковая адукацыя).
“Да выйдзі, свякруха губата...”
Жанр – вясельная песня.
Да выйдзі, свякруха губата,
Да прыехала нявеста багата,
Да паглядзі, свякруха, у куток,
Да прыехала нявеста, як мяшок.
Да паглядзі, свякруха, на паліцу,
Да прывезлі нявесту, як рукавіцу,
Сем год фартук шыла,
Ды да абеду знасіла.
Заўвага: выконваецца, калі едуць за маладой.
Запісала ў 1982 г. студэнтка Савельева С. у в. Глінішча Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці ад Казачонак (1901 г.н., беларуска, мясцовая).
“Ляцелі гусачкі цераз сад…”
Жанр – вясельная песня (пасадная)
Ляцелі гусачкі цераз сад,
Крыкнулі-гукнулі на ўвесь сад:*
– Пара табе, Ганначка, на пасад!
– Што вам, гусачкі, да таго,
Ёсць у мяне татачка для таго.
Калі благаславіць, дык сяду
На благаслаўлёным месцечку,
Шчэ й на таткавым крэсцечку.
* пачынаючы з другога, кожны радок паўтараецца два разы.
Запісала ў 1994 годзе студэнтка Хазеева І. у п. Чырвоны Сцяг Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці ад Гаўрыленка Ганны Ігнатаўны (1917 г.н., беларуска, пераехала ў 1965 г. з в. Будзішча Чачэрскага раёна).
Цыганы
Жанр – апісанне вясельнага звычаю
Спачатку “цыганы збіраюцца ў доме жаніха, каб ісці да бацькоў нявесты”. “Цыганам” звычайна з’яўляецца жанчына, якая апранаецца ў мужчынскае адзенне, прычым у найбольш зношаным, абадраным. “Цыганка” – мужчына ў жаночым адзенні, якое сядзіць на ім нязграбна. Мужчына стараецца паходзіць на жанчыну ў рухах, паходцы, што выклікае смех. “Цыганы” ходзяць увесь час у пары, скачуць, спяваюць. Яшчэ ёсць “доктар”, які замотваецца ў прасціну ці апранае белы халат.”Доктар” носіць з сабой сумку, дзе ляжаць лекі ад усіх хвароб – гарэлка. Ён лечыць “хворых”, якіх аказваецца вельмі шмат. А для аховы парадку ёсць “салдат”, абавязкова ў ваеннай форме. Абавязкова прысутнічаюць фальшывыя жаніх і нявеста.
Запісала ў 2004 годзе студэнтка Бышка Н.Ф. у в. Беражное Столінскага раёна Брэсцкай вобласці.
Жанр – апісанне вясельнага звычаю
На вяселлі, калі нявеста ужо не дзяўчына, то, выпіўшы першую румку, жаніх б’е румку аб стол.
Запісалі ў 1992 годзе студэнты рускага аддзялення Лексіна К.У. і Нікалюк А.Р. у в. Казулічы Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці ад Авінай Алёны Сяльвестраўны (1900 г.н., беларуска, з Пастаўшчыны, неадукаваная).
“А ў гароччыку маковачка цвіцела…”
Жанр – вясельная песня пакладзін.
А ў гароччыку маковачка цвіцела.
А ў гароччыку маковачка цвіцела.
А прызнайся, а наша Ядзюнечка ці цэла?
А прызнайся, а наша Ядзюнечка ці цэла?
Калі цэла – ў печы пірог пячэцца.
Калі ня цэла – на сцяне бізун пляцецца.
Калі цэла – віном, мёдам напоім.
Калі ня цэла – чупчыннікам наколім.
Заўвагі збіральніка: чупчыннік – шыпшыннік.
Запісана ў 2006 г. у в. Даўгінава Вілейскага раёна Мінскай вобласці ад Рачыцкай (1939 г.н., мясцовая, беларуска, адукацыя – сярэдняя).
“Непраўдзівая каліна…”
Жанр – вясельная песня
Непраўдзівая каліна2 разы
Казала: “Цвісці не буду,2 разы
Белага цвета не пушчу2 разы
Ружовых ягад не раджу”2 разы
Як прыйшла вясна,зацвіла2 разы
Вішневых ягад урадзіла2 разы
Непраўдзівая Светачка2 разы
Казала: “Замуж не пайду”2 разы
Як прыйшлі сваты, дык пайшла,2 разы
Маладога Валодзечку палюбіла2 разы
Запісала студэнтка І курса спецыяльнасці “беларуская філалогія” Чачко Дарыя Ігараўна ў в. Чорны Бор Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці ад Лахадынавай Надзеі Дзямідаўны (1935 г.н., бел., пісьм., мясцовая).
Вясельны абрад падавання вянка
Жанр – апісанне абраду
[Падаваць вянок запрашалі спецыяльнага чалавека, і за гэта яму плацілі. Як брат жаніўся, я не ўмела яшчэ падаваць вянок. Тады прывезлі чалавека, каб падаваў. Вянок робяць з мірта. Чалавек, які падае, прыходзіць у дом і кажа]:
–Нехай бэндзе похвалёны тэн Буг благославёны, Езус Хрыстус в тым доме свенцоным.
[Людзі адказваюць]:
–На векі векув.Амэн.
[Далей чалавек пытае]:
–Од родзіцув кшэсных і родзоных чы я мам воле встомпіць в тэн дом свенцоны?
– Так.
–Од мнейшэго до венкшэго, до цалэго акту вэсольнэго, чы я мам воле пшыстомпіць до столу Божэго?
– Так.
–Гдзе ест господыня тутэйшэго дому?
[Гаспадыня называе сябе. Далей чалавек гаворыць]:
–Нех пода мне талеж злоты, срэбны або партыналёвы, жэбы был новы, бо с панё сваццё естэсь пенькна размова.
[Гаспадыня падае талерку, а чалавек кладзе на яе вянок і далей гаворыць так]:
–Стэмпуе крок, стэмпуе другі, а на тшэці стае. Вшысткім дзень добры дае, а пане млодэй вянэк подае. Як тэ дробнэ пташэчкі вшыстке краі облецялі, нігдзе собе пары не выбралі, так наш пан млоды обэбрал собе парэ в тутэйшым доме. Од Бога осондзонэ, од людзі намувёнэ, на дзень дзісейшы вэсэле одложонэ. А вшыстке дружкі, то панны млодэй служкі, цало ноц не спалі, квяткі збіралі, тэн вянэчэк увівалі, тэн вянэчэк здрадзоны бэндзе у цебе на глове пшышпілёны. Блогославце, ойцец і мамуся, і вы, вэсэльнэ госці, нех для ніх загра музыка жалосна.
[У гэты час іграе жалосная музыка. Далей гаворыць]:
–Тэн вянэчэк з тшэх сорт квятув. Першы квят – зелена рута, жэбы панна млода завшэ ходзіла абута. Другі квят – чырвонэй ружы, жэбы панне млодэй завшэ было вэсоло подружжа. Тшэці квят – бяла заморэнна лілея, нех панна млода тэн вянэк лзамі облее. Облей, панна млода, тэн вянэчэк лзамі, жэбы на новэ жыце вэшла з добрымі мыслямі, бо не вем, гдзе покіруе рэнка Вшэхмогонцэго Пана, можэ упадне на квяткі пахнонцэ, а можэ і на острэ церне колёнцэ. І як дзісяй рано слонко свеціло, то панна млода паненко ходзіла, як слонко зашло, то і з-под тэго вянэчка і паненство згасло. Благославце, ойцец і мамусё, і вы, вэсэльнэ госці, нех для ніх загра музыка жалосна.
[Зноў грае музыка.]
–Стэмпуе крок, стэмпуе другі, а на тшэці стае. Одвруць сень, пан млоды, скруш свое сэрцэ млодэ, забач на тэн сэрдэчны жаль млодэй. Можэ, маш мысле поблондзонэ, нех оні бэндо в можу утонёнэ.Пані свацця, прошэ пшыёнць, бо мне ценжко его тшымаць.
[З гэтымі словамі падае вянок свацці. Свацця ўзамен дарыць што-небудзь, на гэта той, хто падае, гаворыць]:
–Дзенькуе, пані свацця, за тэ хустка бяла, жэбы пані свацця цо недзеля за такім пенькным столэм седзяла і такон пара млодых людзі злончала.
Як до столу пшыстэмповалі, то вшысткіх взаемне віншовала, як од столу отстэмпуе, то вшысткім взаемне дзенькуе. Блогославце, ойцец і мамуся, і вы, вэсэльнэ коло, нех для ніх музыка загра, але юж вэсола.
[Зноў грае музыка, але ужо вясёлая. Вянок свацця прышпіляе нявесце: калі тая дзяўчына, то пасярэдзіне, а калі ўжо жыўшы з жаніхом, то крыху набок, удаве – зусім збоку. Падчас вянчання ксёндз пасвенціць гэты вянок. Тады яго ў падушку зашываюць, на якой спяць маладыя. Кажуць, каб у згодзе жылі. І мне мама таксама ўлажыла.]
Запісала ў 2007 годзе студэнтка рускага аддзялення Гурневіч Н.А. у в. Пераганцы Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці ад Батук М.І. (1918 г.н., мясцовая, полька, адукацыя – 3 класы).
Жанр – вясельныя пажаданні
Дару ружу, каб жонка не змяняла мужу.
Дару табе званочак, каб маладая нарадзіла трох дочак.
Дару абрусам, каб хадзіла з вялікім пузам.
Дару грошы на квактуху, каб маладая пацалавала свякруху.
Дару кляновым лісточкам, каб кожны год быў з сыночкам.
Дару лук са стралой, каб мужык не хадзіў за другой.
Запісала ў 1996 годзе студэнтка Цыбулька Н.А. у г. Слоніме Гродзенскай вобласці ад Серай Марыі Іосіфаўны (1924 г.н., беларуска, мясцовая, адукацыя – 4 класы).
Жанр – вясельнае пажаданне
Жадаем, каб конікі ў стайні
Былі сталёвыя,
Авечачкі – валністыя,
Свіначкі – рахманыя,
Каровачкі – дойныя,
Гаспадары – здаровенькія,
А дзетачкі – вясёленькія!
Запісала ў 1996 годзе студэнтка Мірук М.М. у в. Гацук Слуцкага раёна Мінскай вобласці ад Казея Віктара Серафімавіча (1930 г.н., беларус, пісьменны).
Пахавальная абраднасць
“Ох, памру я, памру…”
Жанр – пахавальная песня
Ох, памру я, памру я,
Пахаваюць мяне.
І родныя не дознаюцца,
Дзе магіла мая.
На маю ўжо магілу
Больш ніхто не прыдзе.
Толькі летняю парою
Салавей прапае.
Праспявае і прасвішча
І зноў паляціць.
А мая, мая магіла
У адзіночку ляжыць.
Запісала ў 1996 годзе студэнтка Барысік Т.У. у в. Садалькі Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці ад Крысені Соф’і Лявонцьеўны (1933 г.н., беларуска, мясцовая, непісьменная).
“Людзі кажуць, што я ўмру…”
Жанр – пахавальная песня
Людзі кажуць, што я ўмру,
А я хачу жыці.
Сколькі жыці на том свеці,
Ўсё трэба ўмярці.
Астаецца срэбра, злото,
І драгія шаты,
Цяжко, трудно мне з сабою
На той свет забраці.
А хаця бы і забраў я,
Там таго ні трэба.
Чытыры доскі, сажэнь зямлі,
Спасенне з неба.
Як апусцяць мертво цело
У глыбокія долы
І засыплюць пяском вочы,
Ні глянеш ніколі.
Як зазвоняць ва ўсе звоны
Па смертнай гадзіні,
Пакланюся ўсяму свету
І сваёй радзіні.
Запісана ў в. Конна Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці ад Шлык Вольгі Іванаўны (1920 г.н., мясцовая).
“Із-пад Кіева, з-пад Чарнігава…”
Жанр – пахавальная песня
Із-пад Кіева, з-пад Чарнігава,
Ішла Марыя лужком-беряжком.
Сустрэла іна трох чарнушычэк.
– А дзе вы былі, трі чарнушэчкі?
– Былі мы, былі на страшным судзе,
а дзе душэчка з целам прашчалася,
раскрэвалася, распрашчалася.
– Табе, целічка, і ў гробе ляжаць,
А мне, душечкі, перад Богам стаяць.
Перад Богам стаяць, всю правду сказаць.
Нашто, целічка, ранінька ела?
Нашто, душэчка, есцькі хацела?
А ела пячонку ў дзень па разочку,
А ў суботачку сонійка ўзойдзіць,
А ў нядзелічку служэбка пойдзіць.
* Пасля кожнага радка паўтараецца “Алілуй, Госпадзі, памілуй”.
Запісала ў 1998 годзе студэнтка Лістраценка М.Л. у в. Сафонаўка Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці ад Лістраценка Агаф’і Аляксееўны (1922 г.н., беларуска, мясцовая, адукацыя – сярэдняя).
Жанр – апісанне пахавальнага абраду
Когда гроб выносят з дому, дорогу пасыпаюць зярном, і па ўсёй дароге на кладбішча. Эта делаюць для таго, каб чалавек, каторы памёр, у другой жызні быў багатым.
Запісала ў 1995 годзе студэнтка Сафонава А.У. у в. Лёццы Віцебскага раёна Віцебскай вобласці ад Сафонавай Кацярыны Іванаўны (1917 г.н., беларуска, мясцовая, пісьменная).
Пахаванне
Жанр – апісанне пахавальнага абраду
Нас прыглашалі на пахаванне. Вот памёр чалавек. Ну, садзімся, прымерна чатыры чалавекі. Як у вёскі нашай, сколькі могуць, столькі і сядзець за стол, каторыя спяваюць. Ну, а як прыйдзеш у другую вёску – сколькі ў машыну ўлезіць. Ну, і сьпяваем тожэ святыя песні, молімся, ружанец мовім… Моляцца, пакуль не пахаваюць, а пахаваўшы, канчаюць маліцца на жалобным стале. Плачуць па-рознаму, па-ўсякаму. Хто па папу плачаць – “міленькі, родненькі, даражэнькі”. А хто ціхенька стаіць, плачыць. Як у каго сэрца якое. Як другі не можыць саўсім плакаць. Можа, яму ў сто раз жалчэй, но ён не плача, таму што ён не можа. Можа, яму б лягчэй было, каб ён выплакаўся. А другі вон, чорт ведае, як равець.
– Хто адзяваў пакойніка?
Абычна старыя жэншчыны, каторыя могуць. Но не кажды ж чалавек вот можэць прыйсці і пакойніка памыць. У нас ёсць адна жэншчына, так вот яна многіх і адзяваць памагала, і мыла. Як мама мая памёрла, так мыла майго брата жонка (маміна нявестка). Яна такога ж самага года, як і я… Плакалі ад сэрца, не заучэнымі славамі.
Запісалі ў 1998 годзе студэнткі Зуева І.С. і Клюц П.В. у в. Ахрэмаўцы Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці ад Папковіч Яніны Браніславаўны (1935 г.н., беларуска, мясцовая, пісьменная).
Памінальная абраднасць. «дзяды»
Жанр – апісанне абраду “Дзяды”
У Дзяды нада гатовіць абязацельна 11 страў. Я сцялю беленькую скацерць, а пад ніз – сена. Стаўлю стравы і свечачку. Усё, што ёсць на стале закусі, кладзеш у асобную тарэлачку. І сказаць нада, што мы чакаем Дзядоў, каб яны прышлі, пачаставалі. Кажуць, чаму ж яны не з’елі? А душы, ёй толькі панюхаць нада, не есці. А як свята кончыцца, аддаю скату, што Дзядам ставілі.
Запісала ў 1995 годзе студэнтка аддзялення беларускай і рускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта БДУ Яскевіч Марыя Станіславаўна ў в. Бялькоўшчына Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці ад Тумашэвіч Надзеі Лявонаўны (1927 г.н., беларускі, скончыла 7 класаў, мясцовай).
Жанр – апісанне абраду “Дзяды”
Другога лістапада – Задушны Дзень ці Дзень Усіх Святых. Перад гэтым днём ішлі на могілкі, прыбіралі ўсё, прыносілі кветкі, свечы, маліліся. У самы Дзень Усіх Святых паміналі не паасобку кожнага нябожчыка, а ўсіх разам. Уся вёска ў чорным адзенні – у жалобе.
Запісалі ў 1990 годзе студэнткі філалагічнага факультэта БДУ імя Леніна Булдакова П.М. і Гіціна А.В. у в. Індуры Гродзенскага раёна Гродзенскай вобласці ад Белуць Марыі Дамінікаўны (1925 г.н., беларуска, адукацыя 7 класаў, мясцовая).
Жанр – апісанне абраду “Дзяды”
Яшчэ гэта свята называлася асяніны. У гэты дзень калолі парсюка ці рэзалі цялушку або авечку. Гатавалі такія стравы, як куцця, бліны, клёцкі, мяса. Перад гэтым святам абавязкова ўбіралі падворак і хату, мыліся ў лазні. На вячэру заклікалі сваякоў, суседзяў. Гаспадар запальваў свечку і звяртаўся да памерлых: “Прыходзьце да нас на асяніны ўсе тыя, што займалі гэту сялібу”. Ад кожнай адкладвалі памерлым продкам. Пасля заканчэння вячэры зноў звяртаўся да дзядоў, развітваючыся з імі: “Святыя дзяды, елі і пілі, ідзіце да сябе”.
Запісала ў 2001 годзе студэнтка філалагічнага факультэта БДУ Канановіч Е.С. у в. Дзітва Лідскага раёна Гродзенскай вобласці ад Нямшной Клаўдзіі Філіпаўны (1940 г.н., полька).
Жанр – выслоўе.
Кажуць, калі запрашаюць дзядоў:
Дзяды, дзядочкі.
Каму не к каму хадзіць – хадзіце,
І дзетак з сабой вядзіце.
Запісаў у 2007 годзе студэнт беларускага аддзялення Канапацкі М.В. у в. Майск Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці ад Клапоцкай Г.П. (1925 г.н.).