Купалле на Віцебшчыне (паэзія з фондаў ВНЛ беларускага фальклору)

  КУПАЛЬСКІЯ ПЕСНІ

“Хадзіў Чыжык па вуліцы...”

Хадзіў Чыжык па вуліцы,

Люлі, рана па вуліцы.

Збіраў дзевак на Купальню,

Люлі, рана на Купальню.

А ў дзевачак свая воля,

Люлі, рана свая воля.

А ў жаночак болей нету,

Люлі, рана болей нету.

Ляжыць міла на пасцелі,

Люлі, рана на пасцелі,

Ма'ло дзі'ця – у калыбелі,

Люлі, рана ў калыбелі.

А свікроўка каля печы,

Люлі, рана каля печы.

А свёкарка каля столу,

Люлі, рана каля столу.

Я мілога не баюся,

Люлі, рана не баюся.

А свікроўкі падгажуся,

Люлі, рана падгажуся.

А свёкарку пакаруся,

Люлі, рана пакаруся.

Пака млода сабралася,

Люлі, рана сабралася,

Ўся Купальня разышлася,

Люлі, рана разышлася.

Дзеўкі і'дуць, песні пя'юць,

Люлі, рана песні пяюць,

А я, млода, горка плачу,

Люлі, рана горка плачу.

 

Запісала ў 1995 годзе студэнтка аддзялення беларускай і рускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта БДУ Яскевіч Марыя Станіславаўна ў в. Цясты Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці ад Серады Ніны Фёдараўны (1928 г.н., беларускі, скончыла 4 класаў, родам з в. Талочына Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці).

 

 “Як я ў зёлачкі пашла...”

Як я ў зёлачкі пашла

І шэру зязюлечку найшла.

Там зязюлечка кукавала,

На міне, млоду, вішчавала,

Да семь год замуж не ісці.

З зёлак прышла

Да дома падарачак знайшла:

І татулька піва варыць,

І матулька хлябы пячэць,

І брацейка каня строіць,

І сястрыца дары строіць –

Усё к майму вяселейку.

 

Заўвагі: кожны радок паўтараецца два разы.

Ад сябе выканаўца растлумачыла, што зязюля зманіла.

Запісала ў 1995 годзе студэнтка аддзялення беларускай і рускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта БДУ Яскевіч Марыя Станіславаўна ў в. Жыгулі Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці ад Хадкевіч Любові Васільеўны (1924 г.н., беларускі, скончыла 5 класаў, родам з в. Дрыгуны Міёрскага раёна Віцебскай вобласці).

 

“Перад Пятром пятым днём...”

Перад Пятром пятым днём

Разгуляўся Іванаў конь,

Разбіў арэх капытом.

А ў арэхі ядро есць,

І ў дзевачак праўда есць.

Перад Пятром пятым днём

Разгуляўся Іванаў конь,

Разбіў камень капытом.

А ў камені жа ядра нет,

І ў мальчыкаў праўды нет.

 

Запісала ў 1995 годзе студэнтка аддзялення беларускай і рускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта БДУ Яскевіч Марыя Станіславаўна ў г. Верхнядзвінск Віцебскай вобласці ад Мароз Ніны Уладзіміраўны (1933 г.н., беларускі, скончыла 4 класы, родам з в. Далгінава Міёрскага раёна Віцебскай вобласці).

 

 

 “Ішла Купалка па плоце…”

Ішла Купалка па плоце

І мыла сына ў золаце.

– Сынку мой, сынку мой найменшы,

Прасі ў Бога пагоду

На гэту ночку вясёлу.

Будуць дзевачкі хадзіці,

Будуць песенькіпяяці.

Будуць жоначкі сядзеці,

На гэтых дзевочок глядзеці.

 

Запісалі ў 1984 годзе студэнткі беларускага аддзялення філалагічнага факультэта БДУ Л.А. Мызнеўскай і Н.У. Гуло ў в. Сценка Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці ад Рабец Насты Васільеўны (1900 г.н.).

 

“Купалачка, цёмная ночка…”

Купалачка, цёмная ночка,

Купаліся дзве сястрыцы.

Купаліся і гаварылі:

– Во як нам вышла, сястрыца,

Разам раслі,

А па-розну пайшлі.

Купалачка, цёмная ночка,

Гаварылі дзве атраковачкі.

Купаліся і гаварылі:

– Во як нам вышла,

Па-розну раслі,

А ўмесце прышлося жыць.

 

Запісалі ў 1984 годзе студэнткі беларускага аддзялення філалагічнага факультэта БДУ Л.А. Мызнеўскай і Н.У. Гуло ў в. Сценка Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці ад Рабец Насты Васільеўны (1900 г.н.).

 

 Святы Іван

 – Святы Іван, што ты робіш?

– Ах, божа мой, ляды* палю.

– Святы Іван, нашто ляды?

– Ах, божа мой, ячмень сеіць.

– Святы Іван, нашто ячмень?

– Ах, божа мой, піва варыць.

Піва варыць, сыноў жаніць,

Дачок даваць, пасаг дзяліць.

Заўвагі выканаўцы: * “карзіны для зерня”.

 

Запісала ў 1995 годзе студэнтка аддзялення беларускай і рускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта БДУ Кішулька Наталля Станіславаўна ў в. Масар Ушацкага раёна Віцебскай вобласці ад Раманоўскай Марыі Іосіфаўны (1927 г.н., беларуска, скончыла 5 класаў, мясцовая).

 

“Купальскай ночы…”

Купальскай ночы

Выпякалі ведзьме вочы,

Каб уночы не хадзіла,

Каб і расы не збірала,

Каб у печы не сушыла,

Каб у жорнах не малола,

Каб і кашы не варыла,

Каб дзяцей не карміла,

Каб вядзьмят не пладзіла.

Запісала ў 2001 годзе студэнтка рускага аддзялення філалагічнага факультэта БДУ Уласевіч Вікторыя ў в. Латыголь Сенненскага раёна Віцебскай вобласці ад Сімаковай Марыі Рыгораўны (1928 г.н., беларускі, адукаванай, мясцовай).

 

Купалка

Сама сяду лі варот,

Сама сяду лі варот.

Я конейка прывяжу,

Я конейка прывяжу.

Я конейку прыкажу,

Я конейку прыкажу:

Ня еш, кося, травіцы,

Ня еш, кося, травіцы,

А еш, кося, красачкі,

А еш, кося, красачкі,

Баравыя васількі,

Баравыя васількі.

А мне ў татулькі ня жыць,

А мне ў татулькі ня жыць,

Мне з іх вяночкі ня віць,

Мне з іх вяночкі ня віць,

Каб я ў татулькі жыла,

Каб я ў татулькі жыла,

Я б з іх вяночкі віла,

Я б з іх вяночкі віла.

 

Запісала ў 2012 годзе студэнтка І курса спецыяльнасці “Славянская філалогія” філалагічнага факультэта БДУ Лагвіновіч Алёна Віктараўна ў в. Стараселле Віцебскай вобласці ад Лобкіс Галіны Васільеўны, 1933 г. н., беларускі, праваслаўнай, адукацыя 4 класы, мясцовая жыхарка.

 

“Іван, Іван ды Мар’я…”

Іван, Іван ды Мар’я

Каціліся са звалля,

Каціліся са звалля,

Каціліся з гарыны

На мяккія пярыны.

 

Запісала ў 2012 годзе студэнтка І курса спецыяльнасці “Славянская філалогія” філалагічнага факультэта БДУ Лагвіновіч Алёна Віктараўна ў в. Стараселле Віцебскай вобласці ад Лобкіс Галіны Васільеўны, 1933 г. н., беларускі, праваслаўнай, адукацыя 4 класы, мясцовая жыхарка.

 

“Ішла Купалка па вуліцы”

Ішла Купалка па вуліцы,

Ішла Купалка па вуліцы,

Дзеўкі Купалку не ўзналі,

Дзеўкі Купалку не ўзналі.

Купалку нанач не пускалі,

Купалку нанач не пускалі.

Стала Купалка бедуваць,

Стала Купалка бедуваць.

А дзе ж мне ночку ночуваць,

А дзе ж мне ночку ночуваць?

А спаці спаці ноч ночуваці,

А спаці спаці ноч ночуваці.

А ў пана, пана Пецечке,

А ў пана, пана Пецечке,

Яго гарэлкі наганя,

Яго гарэлкі наганяй.

Яго ж палочкі дубовыя,

Яго ж палочкі дубовыя.

Яго скацеркі бялёныя,

Яго скацеркі бялёныя.

Яго дачушкі заручоныя,

Яго дачушкі заручоныя.

Пан йе папамынен,

Пан йе памыкнен.

 

Запісала ў 2012 годзе студэнтка І курса спецыяльнасці “Славянская філалогія” філалагічнага факультэта БДУ Лагвіновіч Алёна Віктараўна ў в. Стараселле Віцебскай вобласці ад Панізавец Марыі Ігнацьеўны, 1929 г. н., беларускі, праваслаўная, адукацыя 1 клас, мясцовая жыхарка.

(фота Т.В. Лук'янавай)

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики.

Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.