Гэты апытальнік распрацаваны параўнальна нядаўна і яшчэ не быў у эксплуатацыі. Тым не менш, мы ўскладаем на яго надзеі і лічым, што збіранне ўспамінаў пра вайну з дапамогай такой распрацоўкі будзе больш плённым і сістэмным, чым звычайна.
Істотна таксама і тое, што матэрыялы, сабраныя збіральнікамі-практыкантамі з дапамогаю гэтай распрацоўкі, маглі б укласці якасны зборнік фальклорнай прозы, прысвечаны 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Апытальнік быў створаны для дапамогі студэнтам, з улікам агульнай частотнасці запісу ўспамінаў пра Вялікую Айчынную вайну.
Заўвага: прапанаваны апытальнік адрозніваецца ў залежнасці ад асабістага вопыту інфарманта. Калі гутарка вядзецца з непасрэдным удзельнікам ваенных дзеянняў, выкарыстоўваюцца пытанні з першай часткі. Калі размова са сведкам вайны – з другой.
Для ветэранаў:
- Прозвішча, імя, імя па бацьку інфарманта; год і месца нараджэння, паходжанне (з якой сям’і, з якой мясцовасці). Месца жыхарства зараз.
- Месца жыхарства, склад сям’і, адукацыя, месца працы\вучобы (на момант пачатку ВАВ)
- Якім чынам памятаеце дзень пачатку Вялікай Айчыннай вайны, дзе быў у гэты час? Якая была рэакцыя ў людзей?
- Калі быў прызваны ў армію, які ваенкамат, які род войскаў, якая частка, дзе фармавалася? Ці мелі Вы вопыт вядзення баявых дзеянняў раней \ ці праходзілі курсы вайскоўцаў? Калі служылі ў партызанскім атрадзе: як трапілі туды, хто кіраваў, хто ўваходзіў, дзе дзейнічалі?
- Хто са сваякоў\сяброў таксама ваяваў?
- Якія адчуванні, уражанні былі ад прыезду на фронт? \ Ці памятаеце першы бой, што можаце расказаць?
- Калі і пры якіх абставінах першы раз сутыкнуўся з немцамі?
- Ацэнка дзеянняў камандавання. Адносіны паміж таварышамі па службе. Ці можа назваць каго-небудзь па прозвішчах? Ці стасаваліся пасля?
- Харчаванне і абмундзіраванне. Чым сілкаваліся, якія былі “далікатэсы”. У што былі апранутыя? Як пераносілі халады, непагадзь?
- Зброя: з чым ваявалі, ці хапала патронаў і снарадаў. Ці выкарыстоўвалі зброю\абмундзіраванне немцаў?
- Узнагароды: якія, калі і за што атрымалі.
- Якія яркія эпізоды з франтавога жыцця ўзгадваюцца?
- Якое ўражанне было ад замежжа (для тых, хто ваяваў на вызваленай ад немцаў замежнай тэрыторыі)?
- Дзе і як сустракалі 9 мая 1945 г. Адкуль даведаліся пра Перамогу? Калі атрымалася трапіць дадому?
- Ці шмат сваякоў і знаёмых вярнулася з ВАВ? Як уладкоўваліся ў мірным жыцці?
- Якія дакументы (лісты, малюнкі, дакументы на ордэны і медалі) засталіся ў сямейным архіве?
Для сведкаў вайны:
- Прозвішча, імя, імя па бацьку інфарманта; год і месца нараджэння, паходжанне (з якой сям’і, з якой мясцовасці). Месца жыхарства зараз.
- Месца жыхарства, склад сям’і, адукацыя, месца працы\вучобы (на момант пачатку ВАВ).
- Якім чынам памятаеце дзень пачатку Вялікай Айчыннай вайны, дзе быў у гэты час? Якая была рэакцыя ў людзей?
- Ці прызвалі кагось з сям’і ў войска? Як збіраліся? Ці быў хто-небудзь са сваякоў, знаёмых у партызанскім атрадзе?
- Ці апынуліся Вы ў эвакуацыі (куды, калі)? Ці засталіся ў акупацыі?
- Ці былі Вы (сваякі, знаёмыя) на працы ў Германіі? Як туды дабіраліся, што з сабой бралі? Дзе давялося працаваць (завод, “баўэр”)? Якую працу выконвалі? Што запомнілася з тых часоў? Хто вызваляў тэрыторыю (сваецкія салдаты, амерыканцы)? Як вярнуліся дамоў, як жылося пасля?
- Калі і пры якіх абставінах першы раз сутыкнуліся з немцамі?
- Штодзённае жыццё ў час вайны. Праца. Адносіны паміж членамі сям’і, суседзямі. Як абыходзіліся з мірным насельніцтвам немцы?
- Як харчаваліся? У што былі апранутыя? Як змянілася жыццё ў параўнанні з мірным часам? Ці праходзілі, напрыклад, заняткі ў школе?
- У што гулялі дзеці падчас вайны? Якія былі любімыя цацкі, кніжкі, прысмакі? Ці тлумачылі дзецям дарослыя, што адбываецца?
- Ці былі зносіны з партызанамі? Ці дапамагалі ім? Якім чынам? Як трымалі сувязь?
- Як змянілася жыццё падчас акупацыі? Хто кіраваў населеным пунктам? Дзе размяшчаліся немцы?
- Як жылі ў эвакуацыі (калі з’язджалі)? Ці была магчымасць працаваць, вучыцца (дзе)? Дзе ўладкаваліся жыць? Якія былі суседзі?
- Як атрымлівалі навіны? Ці слухалі радыё? Ці чыталі газеты? Ці атрымлівалі лісты з фронта? Ад каго? Ці захоўваюцца гэтыя лісты зараз?
- Калі была вызвалена ад захопнікаў Ваша вёска (мястэчка, горад)? Ці помніце якія-небудзь дэталі таго дня? Савецкіх салдат, якія вызвалялі?
- Дзе і як сустракалі 9 мая 1945 г.? Адкуль даведаліся пра Перамогу?
- Ці шмат сваякоў і знаёмых вярнулася з ВАВ? Як уладкоўваліся ў мірным жыцці?
- Ці сніліся сны, звязаныя з вайной?
- Якія дакументы (лісты, малюнкі, дакументы на ордэны і медалі) ёсць у сямейным архіве?
(распрацаваны М.Ю. Латышкевіч)