Кожны год напрыканцы лістапада на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта праводзяцца рэспубліканскія навуковыя Шырмаўскія чытанні, у якіх прымаюць удзел студэнты, магістранты, аспіранты і выкладчыкі.
Арганізатары Чытанняў – кафедра тэорыі літаратуры, якая забяспечвае выкладанне фальклору на філалагічным факультэце БДУ, і Вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору. Дапамогу па правядзенні Чытанняў аказвае створаны ў 2006 годзе кабінет-музей беларускай народнай культуры.
Правядзенне Чытанняў абумоўлена постаццю Рыгора Раманавіча Шырмы, высокаадукаванага чалавека з шырокімі поглядамі на нацыянальную культуру, славутага фалькларыста, выдатнага этнамузыказанаўцы, інтэрпрэтатара беларускага фальклору, педагога. У 2007 годзе беларуская грамадскасць шырока адзначыла 115 гадоў з дня нараджэння нястомнага збіральніка фальклорных скарбаў, які пачаў запісваць песні ў пятнаццацігадовым узросце. Вынік шматграннай дзейнасці Р. Р. Шырмы – 12 фальклорных зборнікаў, якія па праву лічацца класічнымі. Іх матэрыяламі з удзячнасцю карыстаюцца сучасныя фалькларысты і студэнты розных спецыялізацый, у тым ліку і філолагі.
**********************************************************************
Тэматыка чытанняў:
Рыгор Шырма як збіральнік, даследчык і інтэпрэтатар народнай песні;
фальклор і яго праявы ў культурным, мовазнаўчым, літаратуразнаўчым аспектах;
традыцыйныя жанры фальклору: паэтыка, семантыка;
фальклор і постфальклорныя з’явы: стасункі, асаблівасці сацыядынамікі;
фальклорныя сюжэты, вобразы, матывы, алюзіі і рэмінісцэнцыі ў літаратурных творах;
міфалагічная аснова фальклорных і літаратурных твораў;
міфалогія, фальклор і сучаснасць.
Па выніках правядзення Шырмаўскіх чытанняў выдаецца зборнік навуковых артыкулаў “Фалькларыстычныя даследаванні: Кантэкст. Тыпалогія. Сувязі” пад навуковай рэдакцыяй кандыдатаў навук, дацэнтаў кафедры тэорыі літаратуры БДУ Рымы Мадэстаўны Кавалёвай і Вольгі Віктараўны Прыемка. Ужо выйшла 5 выпускаў “Фалькларыстычных даследаванняў”. А дагэтуль даклады ўдзельнікаў Шырмаўскіх чытанняў выдаваліся пад рознымі назвамі: “Восточнославянский фольклор” (2000), “Свет славянскага фальклору” (2001), “На хвалях філалогіі” (2002). Выданне зборніка ажыццяўляецца за кошт аўтараў.
Запрашаем усіх, каго цікавяць праблемы тэарэтычнага і практычнага збірання, вывучэння і захавання фальклорнай скарбніцы нацыянальнай культуры Беларусі і іншых народаў, узаемадзеянні фальклору з іншымі відамі мастацтва, прыняць удзел у працы Чытанняў. Заяўкі з указаннем імя, прозвішча, вучонай ступені (звання), пасады і месца працы, курса навучання, аддзялення, назвы навучальнай установы, хатняга і працоўнага адрасоў і тэлефонаў, назвы выступлення дасылаць на адрасы: 220030, г. Мінск, вул. К. Маркса, 31, аўд. 69, кафедра тэорыі літаратуры БДУ; вул. К. Маркса, 24, п. 15, ВНЛ беларускага фальклору БДУ. Тэлефон для даведак – 017 227-21-76 (кафедра тэорыі літаратуры) і 017 227-41-45 (вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору). Тэрмін падачы заявак – да 10 лістапада. Праграма чытанняў размешчаецца на сайце філалагічнага факультэта БДУ (www.phil.bsu.by) і ВНЛ беларускага фальклору (www.folkndl.bsu.by) з 20 лістапада.
Правілы афармлення матэрыялаў да публікацыі:
Даклад выступлення аб’ёмам да 6 старонак размяркоўваць на аркушы паперы праз 1,5 інтэрвал, палі злева – 3 см, усе астатнія – па 2 см. Шрыфт – TimesNewRoman14. Да раздрукаванага варыянта прыкладаецца дыскета.
Імя і прозвішча – злева аркуша курсівам тлуста, далей вялікімі літарамі тлустым шрыфтам праз інтэрвал пасярэдзіне аркуша назва выступлення.
Спасылкі на літаратуру рабіць у квадратных дужках з указаннем нумару выдання па алфавіце і старонкі (старонка – курсівам), Напрыклад: [1, 23]. Слова “літаратура” – вялікімі літарамі тлустым шрыфтам 14.
У адпаведнасці з патрабаваннямі выдавецтваў пры цытаванні крыніцы з шматтомнага выдання трэба ўказваць, у колькіх тамах увогуле выйшла выданне, а пасля той том, які выкарыстоўваецца. Калі выкарыстоўваецца зборнік артыкулаў, указваецца яго назва і рэдактар ці ўкладальнік, а таксама старонкі, на якіх змешчаны цытуемы вамі артыкул. Калі крыніца не мае аўтара на вокладцы, пасля яе назвы абавязкова ўказваецца від выдання: зборнік артыкулаў, энцыклапедычны даведнік, матэрыялы канферэнцый і г.д. з указаннем рэдактара ці ўкладальніка.
Спасылкі на заўвагі афармляць у тэксце ў квадратных дужках праз зорачку і адпаведны парадкавы нумар. Пасля тэксту артыкула заўвагі размяркоўваць пад адпаведнай назвай ЗАЎВАГІ па парадку ўжывання праз зорачку і адпаведны нумар, н-д: [*1].
СПІС ІНФАРМАТАРАЎ падаецца ў канцы артыкула вялікімі літарамі тлустым 14 шрыфтам па парадку з указаннем прозвішча, імя, імя па бацьку, года нараджэння, населенага пункта і раёна. Прозвішчы інфарматараў размяркоўваць у алфавітным парадку. Спасылкі на інфарматараў у тэксце артыкула рабіць праз зорачку з указаннем парадкавага нумару прозвішча інфарматара.
Ініцыялы і прозвішча ў тэксце артыкула падаюцца праз непарыўныя прабелы, н-д: А. А. Патабня.
Двухкоссі выкарыстоўваць толькі ў варыянце рускага шрыфту (узор – «»).
Кафедра тэорыі літаратуры БДУ
Вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору
Кабінет-музей беларускай народнай культуры