Шаноўныя чытачы! Перад вамі шосты выпуск зборніка навуковых артыкулаў «Фалькларыстычныя даследаванні: Кантэкст. Тыпалогія. Сувязі», аснову якога складаюць матэрыялы дакладаў, зачытаных падчас працы ІХ Шырмаўскіх чытанняў, а таксама матэрыялы ІІ Рэспубліканскага навукова-метадычнага семінара «Праблемы выкладання фальклору ў ВНУ». Абодва мерапрыемствы прайшлі на філалагічным факультэце БДУ 28 лістапада 2008 г. Іх арганізатарамі традыцыйна выступілі кафедра тэорыі літаратуры на чале з загадчыкам, доктарам філалагічных навук прафесарам В. П. Рагойшам, вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору (загадчык – кандыдат філалагічных навук дацэнт Т. А. Марозава), студэнцкая навукова-даследчая лабараторыя «Фалькларыстыка» і фальклорна-этнаграфічны кабінет-музей беларускай народнай культуры (загадчык – Г. М. Шваба). Як і ўсе папярэднія зборнікі «Фалькларыстычных даследаванняў», дадзенае выданне з’яўляецца сведчаннем нашай павагі да выдатнага беларускага фалькларыста, этнамузыказнаўцы, збіральніка, выдаўца, рэдактара, інтэрпрэтатара і папулярызатара народнай песні, кіраўніка знакамітай на ўвесь свет музычнай капэлы Рыгора Раманавіча Шырмы. Гэтае імя залатымі літарамі ўпісана ў гісторыю беларускай нацыянальнай культуры. Р. Р. Шырма пражыў доўгае нялёгкае жыццё, сумленна служачы свайму народу, заклікаючы да справы адраджэння традыцыйнай культуры беларусаў, гучання роднай мовы, захавання народнай песні. Яго шматгранная дзейнасць з’яўляецца для нас, аўтараў фалькларыстычных даследаванняў, нязменным прыкладам адданай працы на карысць сваёй краіны, і мы спадзяемся, што прадстаўленыя ў зборніку навуковыя матэрыялы і палявыя запісы з’яўляюцца працягам справы гэтага выдатнага чалавека.
У шостым выпуску «Фалькларыстычных даследаванняў» захаваны базавыя прынцыпы папярэдніх выданняў: падзел на раздзелы, плюралізм у выказванні меркаванняў і выкарыстанні навуковых падыходаў, дэмакратызм у дачыненні да аўтараў (разам з вядомымі навукоўцамі можна ўбачыць артыкулы маладых і толькі пачынаючых даследчыкаў – студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў). Аднак у дадзеным выданні ёсць і свае адрозненні, якія, на нашу думку, з аднаго боку, павышаюць навуковы ўзровень зборніка, з другога – сведчаць аб грамадскім рэзанансе на нашу кнігу.
Па-першае, у гэтым годзе ў зборніку на тры раздзелы больш, чым было ў папярэдніх выданнях. Гэта сведчыць аб тым, што тэматыка заяўленых падчас працы Шырмаўскіх чытанняў работ пашыраецца, што само па сабе не можа не радаваць. Акрамя таго, у гэтым годзе мы прапануем чытачам новы раздзел «Аспекты сацыяфалькларыстыкі і этнафалькларыстыкі». І гэта не проста чарговая назва раздзела, а спроба нашых аўтараў замацаваць у навуковым ужытку калі не новую навуку, то новую галіну фалькларыстыкі. Ідэйным натхняльнікам такога напрамку нашай дзейнасці сталі меркаванні і высновы, змешчаныя ў навуковым выступленні «Фальклор і соцыум» старшыні фалькларыстычнай навуковай школы БДУ Рымы Кавалёвай, якое яна прадставіла падчас працы VІІІ Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Язык и социум» на філалагічным факультэце 5–6 снежня 2008 года, а пасля развіла ў сваім артыкуле, змешчаным на старонках шостага выпуску нашага зборніка. На яе думку, сацыяфалькларыстыка і этнафалькларыстыка маюць вызначаны аб’ект і прадмет даследавання з шырокім колам уласных праблемных пытанняў. Іх легалізацыя, спачатку хаця б на ўзроўні тэрмінаў, актывізуе даследчыцкую думку, скаардынуе намаганні фалькларыстаў па асэнсаванні заканамернасцей жывога фальклорнага працэсу ў яго адносінах да традыцыйнай народнай культуры. Мы ўпэўнены, што сацыяфалькларыстыка і этнафалькларыстыка атрымаюць навуковае жыццё і набудуць зацікаўленых даследчыкаў.
Па-другое, пашыраецца кола аўтараў зборніка. Нам прыемна засведчыць, што ў гэтым выпуску свае артыкулы змясцілі навукоўцы з Балгарыі і Чэхіі, а традыцыйны «беларускі»напрамак «Мінск–Бабруйск–Гомель–Мазыр»набыў новы вектар – «Гродна». Сярод нашых аўтараў – студэнты, магістранты, аспіранты, выкладчыкі і навуковыя работнікі з сямі ВНУ рэспублікі (Беларускі дзяржаўны універсітэт, Беларускі дзяржаўны педагагічны універсітэт імя М. Танка, Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў, Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны, Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы, Мазырскі дзяржаўны педагагічны універсітэт імя І. Шамякіна), Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы НАН Беларусі і дзвюх замежных ВНУ (Карлаў універсітэт, Прага, Чэхія, і Паўднёва-Заходні універсітэт імя Неафіта Рыльскага, Благоеўград, Балгарыя). Адпаведна на старонках зборніка «гучаць» такія славянскія мовы, як чэшская, балгарская, а таксама польская, на якой падрыхтаваны артыкул нашай суайчынніцы Марыны Фамянковай.
У межах ІХ Шырмаўскіх чытанняў адбылася яшчэ адна падзея, якую мы не маглі абыйсці ўвагай, – святкаванне 70-гадовага юбілея вядомага беларускага грамадскага дзеяча, выпускніка філалагічнага факультэта БДУ, выкладчыка-фалькларыста Янкі Саламевіча. З гэтай нагоды загадчык кафедры тэорыі літаратуры БДУ прафесар Вячаслаў Рагойша падрыхтаваў артыкул, якім мы пачынаем наш зборнік.
Рэдкалегія выказвае падзяку ў падрыхтоўцы шостага выпуску «Фалькларыстычных даследаванняў» да выдання кандыдату філалагічных навук дацэнту кафедры тэорыі літаратуры Р. М. Кавалёвай – за дапамогу ў рэцэнзаванні артыкулаў, Максіму Рагойшу – за фінансавую падтрымку, супрацоўніку вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору, кандыдату філалагічных навук Таццяне Лук’янавай – за карэктарскую праўку і ўкладанне зборніка. Спадзяемся, што гэта выданне будзе карысным усім, хто любіць фальклор і каго цікавяць пошукі сучаснай навукі.
Таццяна Марозава