СЛОВА ДА ПРАКТЫКАНТАЎ

 

Збор фальклору – пачэсная праца, працяг традыцый славутых збіральнікаў і даследчыкаў фальклору – З. Даленгі-Хадакоўскага, І. Насовіча, П. Шэйна, Е. Раманава, М. Федароўскага, Д. Булгакоўскага, У. Дабравольскага, Р. Шырмы, Г. Цітовіча і інш. Яны з вялікай цікавасцю і павагай ставіліся да беларускіх сялян, носьбітаў адметнага каларытнага слова, якія ва ўсёй чысціні і прыгажосці захавалі гэты каштоўны скарб.

Памятайце, што ацэнку вашай працы дае не выкладчык, а ўдзячныя сучаснікі і нашчадкі. З вашых запісаў яны даведаюцца пра духоўныя скарбы беларускага народа. Ваша справаздача знойдзе сваё пастаяннае месца ў фальклорным архіве Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Гэта патрабуе ад практыкантаў асаблівай сумленнасці і стараннасці: вы адказваеце сваім добрым імем за кожнае слова, якое пры вашай дапамозе можа ўвайсці ў навуковы ўжытак. Дакладныя запісы будуць спрыяць умацаванню аўтарытэту фальклорнага архіва БДУ.

Вы будзеце працаваць самастойна. Побач не будзе кіраўніка, але нашы парады і апытальнік дапамогуць вам найлепшым чынам зрабiць пачэсную справу – сабраць і сістэматызаваць творы беларускага (рускага, украінскага, польскага) фальклору.

З апытальнікам вы здолееце збіраць фальклор уcюды – у вёсцы і ў горадзе, у мястэчку і на хутары, у цягніках і дамах адпачынку, у Беларусі і па-за яе межамі.

Перш-наперш падрыхтуйцеcя да практыкі. Купіце сшытак для дзённіка-справаздачы, паперу для чарнавых запісаў, цвёрдую паперу для картак, дыскету для камп’ютэрнай апрацоўкі матэрыялаў. Выкарыстоўвайце для запісу фальклорных адзінак магнітафон (касетны ці дыскавы), дыктафон альбо відэакамеру (аналагавую ці лічбавую).

На месцы правядзення практыкі звярніцеся да мясцовых улад, настаўнікаў, работнікаў культурных устаноў. Праз іх паспрабуйце высветліць, хто ў вёсцы ці ў горадзе вядомы як добры спявак, казачнік, наогул, мудры, засведчаны чалавек. Скарыстайце таксама дапамогу вашых родзічаў, сяброў, знаёмых, удакладніце месца, дзе можна паспяхова зрабіць запіс фальклорных матэрыялаў.

Памятайце: ва ўсіх абставінах вельмі важна карыстацца паслугамі аўтарытэтных людзей, паважаных дарадчыкаў. З імі лягчэй працаваць, Мы ўпэўнены, што яны шчыра сустрэнуць вас і добра зразумеюць ваш клопат. Жадаем поспехаў!

 

Attachments:
Download this file (FPDapamoznik.zip)ФП дапаможнік[Поўны тэкст]233 kB
Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики.

Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.