Вучэбна-метадычны дапаможнік па падрыхтоўцы студэнтаў-філолагаў да фальклорнай практыкі ў палявых умовах «Пазаабрадавыя песні» – восьмы тэматычны выпуск «Метадычных указанняў да правядзення фальклорнай практыкі студэнтаў І курса філалагічнага факультэта». У дадзеным выданні вытрыманы базавыя прынцыпы: арыентацыя на фарміраванне ў студэнта-збіральніка фальклору прадметнай кампетэнцыі і забеспячэнне яго неабходным метадычным інструментарыем па вызначанай тэме.
У навуковай літаратуры існуе праблема класіфікацыі пазаабрадавай лірыкі. І гэта зразумела: у жанрава-відавом плане фальклор вельмі багаты; прапанаваць ідэальную класіфікацыю, у якую б «укладваліся» абсалютна ўсе творы, складана. Год ад году сутыкаючыся з рэальнымі сітуацыямі складанасці вызначэння жанрава-відавой прыроды пэўнага твора, мы паспрабавалі ўлічыць, з аднаго боку, усе вядомыя ў фалькларыстыцы падыходы да класіфікацыі пазаабрадавай паэзіі, з другога – ахапіць магчымыя варыянты цяжкіх прыкладаў, якія не падпадаюць пад вядомыя класіфікацыі. У выніку сістэма беларускай пазаабрадавай лірыкі атрымала наступны выгляд: падзел на бытавыя і сацыяльныя, гумарыстычна-жартоўныя і сатырычныя песні, а таксама на малыя лірычныя жанры – прыпеўкі Акрамя гэтага, складальнікі звярнулі ўвагу на ўнутрывідавую класіфікацыю бытавых і сацыяльных песень, прапанаваўшы, з аднаго боку, адмовіцца пры вызначэнні відавой разнавіднасці твора ад абагульненага паняцця «лірычная песня», з другога – аб’яднаўшы бурлацкія, батрацкія, адыходніцкія песні і песні панскіх парабкаў у групу «найміцкія песні». Дадзеныя ўдакладненні сталі вынікам назіранняў над недахопамі ў вызначэнні відавой разнавіднасці твораў некалькіх пакаленняў студэнтаў-філолагаў, якія былі заўважаны ў іх справаздачах па фальклорнай практыцы.
У гэтым жа выданні мы змяшчаем і жорсткія рамансы – творы, якія традыцыйна не адносіцца да ўласна пазаабрадавых песень, але багата ілюструюць пазаабрадавую сферу жыцця беларуса. Агульнавядома, што жорскія рамансы абавязаны сваім ўзнікненнем гарадской мяшчанскай культуры, аднак іх стабільная фіксацыя студэнтамі ў асяроддзі вясковага насельніцтва паўсюдна па Беларусі сведчыць аб папулярнасці гэтага жанру, яго пранікненні ў традыцыйную культуру вёскі. На нашу думку, уяўленне аб функцыянаванні пазаабрадавай лірыкі без гэтага складніку будзе няпоўным.
У якасці ілюстрацыйнага матэрыялу мы выкарысталі запісы студэнтаў і выкладчыкаў БДУ, зробленыя на працягу апошніх 5 – 15 гадоў, што з’яўляецца сведчаннем захаванасці пазаабрадавага песеннага фальклору ў жывым бытаванні нашага народа. Пры адсутнасці запісаў некаторых відавых разнавіднасцей мы змяшчалі тэксты твораў, запісаных падчас выязных фальклорных экспедыцый, якія ажыццяўлялі студэнты і выкладчыкі ў канцы 60-х гг. – пачатку 90-х гг. ХХ ст. Па магчымасці мы імкнуліся прадставіць матэрыялы з розных абласцей і раёнаў Беларусі, каб адлюстраваць поўную карціну бытавання пазаабрадавых песень, жорсткіх рамансаў і прыпевак.