ПРАДМОВА

 

Пры падрыхтоўцы студэнтаў-філолагаў да фальклорнай практыкі ў палявых умовах важна забеспячыць іх агульнымі і канкрэтызаванымі па той ці іншай тэме дапаможнікамі. Апошнія выходзяць пад серыйнай назвай «Метадычныя ўказанні і ілюстрацыйны матэрыял да правядзення фальклорнай практыкі студэнтаў І курса філалагічнага факультэта». Кожны з выпускаў прысвечаны асобнай тэме, прыкладам, шосты – масленічным песням, а дадзены сёмы – карагодным. Яго змест і структура скіраваны на фарміраванне ў студэнта-збіральніка фальклору прадметнай кампетэнцыі. Такім чынам, улік пазіцыі адрасата і ступені яго дасведчанасці сталі для аўтараў вызначальнымі фактарамі пры распрацоўцы канцэпцыі выдання. Яго мэта:

1. Паглыбіць веды студэнтаў па даволі складанай нават для дасведчанага фалькларыста тэме. Адсюль наяўнасць такога раздзелу, як «Праблемныя пытанні тэорыі і гісторыі карагодных песень», дзе коратка разглядаюцца наступныя пытанні: карагодныя песні – жанр або група жанраў? Што такое карагод? Карагоды – сфера экспрэсіўнага мастацтва; графіка карагодаў; вытокі карагодаў; семантычная трансфармацыя карагодаў.

Студэнтам прапануецца зыходзіць з таго, што жанрам з’яўляецца песня, песенная сфера складаецца з жанравых разнавіднасцей (відаў), таму карагодныя песні – асобны песенны від, які не існуе без карагоду, а пры знікненні карагодаў з побыту сваёй мастацкай формай сведчыць пра генетычную і функцыянальную сувязь з імі. І зноў, каб пазбегнуць тэрміналагічнай блытаніны, удакладняем, што карагодныя песні падзяляюцца на тры вялікія групы: 1) Апавядальна-лірычныя песні-карагоды (іх тэксты не разыгрываюцца). 2) Гульнявыя песні-карагоды (тэксты песень разыгрываюцца). 3) Танцавальныя песні-карагоды (не так важны змест песень, як іх рытміка).

2. Скіраваць студэнта ў бок развіцця ўмення працаваць з запісаным матэрыялам, распазнаваць карагодныя песні ў масіве іншых лірычных твораў. Гэтай мэце падпарадкаваны раздзел «Метадычныя рэкамендацыі». Практыкантам прапануецца ўлічваць народную тэрміналогію (прыводзяцца прыклады) і разам з тым даваць навуковае азначэнне твораў, кіруючыся структурным прынцыпам (вылучаюцца песенныя, гульнявыя, танцавальныя карагоды) і функцыянальным (адзначаюцца каляндарныя, абрадавыя і пазаабрадавыя карагоды). Далей аўтары даюць мадэль жанравага і фальклорна-этнаграфічнага апісання песень-карагодаў, якой будзе кіравацца студэнт пры афармленні справаздачы па практыцы. Для паспяховага вырашэння задання мы падрабязна апісваем фармальныя адзнакі карагодных песень (прамое ўказанне на карагод у тэксце, наяўнасць назвы песні, адмысловыя прыпевы, мадэлі паўтораў і інш.) і іх змястоўна-структурныя прыкметы (вобразны паралелізм арніталагічнага тыпу – двухчленны і адначленны, тэма боскага шлюбавання, тэма карагоднага навучання працэсу гаспадарчай працы, арганічная сувязь працоўных і любоўна-шлюбных матываў, згадванне пацалункаў або пабуджэнне да іх, сэнсавае супастаўленне некалькіх асоб з выдзяленнем апошняга, звычайна мілага, вырашэнне сямейна-бытавой тэмы праз умоўныя, далёкія ад рэальнасці сітуацыі, палегчаны канфлікт, які часта падаецца ў гумарыстычнай афарбоўцы, мнагачленны паралелізм і інш.). Падкрэсліваем, што менавіта ў карагодах змяшчалася патэнцыя будучых любоўных, сямейных і гумарыстычных песень. Частка з іх выйшла з карагодаў, але захавала «радзімыя плямы” зместу і кампазіцыі карагодных песень. Задача збіральніка ў гэтым выпадку – высветліць мясцовае прымеркаванне твораў. Трэба мець на ўвазе, што ў адным выпадку твор можа ўсведамляцца як карагодны (у мінулым або ў цяперашнім часе), у іншым – як каляндарна прымеркаваны, у трэцім – як звычайная пазаабрадавая песня.

3. Забяспечыць паўнацэнную камунікацыю на ўзроўні збіральнік – інфармант. Мы зыходзім з факта нулявой камунікатыўнай кампетэнцыі студэнта, у якога няма ўменняў і навыкаў мець зносіны з рэальнымі інфармантамі, наладжваць з імі эмацыянальна-псіхалагічны і творчы кантакт, таму лічым абавязковай ва «Указаннях» праграму-апытальнік па адпаведнай тэме. Яна выконвае інфарматыўна-стратэгічную функцыю: па-першае, канкрэтызуе кола пытанняў, якое павінен высветліць практыкант, па-другое, служыць падказкай у сітуацыі паўзы з боку інфарманта. Прапанаваныя пытанні не ўзоры, а мадэлі. Авалоданне імі дазволіць прадуцыраваць уласнае маўленне з адрасантам, узбагачанае эмацыянальнымі фарбамі і псіхалагічнымі нюансамі адпаведна сітуацыі. Прагматычная кампетэнцыя практыканта мае быць якраз ва ўменні, браць на ўвагу пэўныя матывы і намеры, дабівацца ад носьбіта фальклорнай традыцыі адказы, багатыя на сацыякультурную інфармацыю.

4. Даць узоры запісаў карагодных песень і іх правільнага афармлення ў сшытку, абапіраючыся ў якасці прыкладаў на матэрыялы фальклорнага архіва вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору БДУ. На жаль, не ўсе матэрыялы маюць поўную пашпартызацыю і ніводны з тэкстаў архіва не суправаджаецца каментарыем. Гэта тлумачыць адсутнасць дзе-нідзе году запісу, імя выканаўцы ці збіральніка, а таксама складанасць вызначэння каляндарна-святочнай прымеркаванасці некаторых карагодаў.

У дадатку прыводзяцца вытрымкі з прац вядомых айчынных фалькларыстаў, якія займаліся збіраннем і вывучэннем песеннай традыцыі нашага народа, у тым ліку і карагоднай: У. І. Раговіча (па Палессі), М. А. Козенкі (па Віцебскім Падзвінні і Гродзенскім Панямонні), З. Я. Мажэйкі і Т. Б. Варфаламеевай (па Падняпроўі), А. Шырынай (па Міншчыне). Таксама дапоўнены вызначэнні карагода і карагоднай песні, якія прыводзяцца ў энцыклапедыях «Беларускі фальклор» (Мінск, 2005) і «Этнаграфія Беларусі» (Мінск, 1989), што скіравана на пашырэнне прадметнай кампетэнцыі студэнта-збіральніка.

Аўтары выказваюць шчырую падзяку старшыні Студэнцкага этнаграфічнага таварыства Аляксею Глушко за дапамогу ў падрыхтоўцы выдання.

Attachments:
Download this file (KaragodnyyaPesni.zip)Карагодныя песні (карагоды)[Поўны тэкст]176 kB
Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики.

Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.