Звестак пра беларускую Масленіцу назапашана параўнальна няшмат. Гэта, відаць, дало падставы, спасылаючыся, напрыклад, на П. Бяссонава, лічыць, што ў нас яна не мела такога размаху, як у рускіх. Абмежаванасць масленічных абрадаў і звычаяў напачатку ХХ стагоддзя адзначаў Е. Раманаў. У фалькларыстыцы нават укаранілася памылковая думка аб адсутнасці моцнай традыцыі масленічных спеваў на Беларусі. І толькі ў наш час, дзякуючы палявым напрацоўкам, высветлілася, што такая традыцыя існуе. Мелодыі і тэксты масленічных песень захаваліся на Беларусі ва ўсёй разнастайнасці агульных усходнеславянскіх і мясцовых варыянтаў, невядомых нашым бліжэйшым суседзям. Ядро арэалу масленічных песень – Паазер’е і Цэнтральная Беларусь, у гістарычным плане гэта (за невялікім выключэннем) вобласць крывіцкай цывілізацыі. На Гомельшчыне занатаваны адзінкавыя сюжэты масленічных песень. У гэтым яна падобная да Украіны, дзе, па заключэнні назіральнікаў, уласна масленічных песень мала, пераважаюць творы з веснавой тэматыкай.
Пагаджаючыся з думкай, што Масленіца на Беларусі сапраўды святкавалася больш сціпла, чым у Расіі, заўважым, што як свята яна вядома ўсім беларусам без выключэння, у тым ліку і заходнім палешукам, хаця масленічныя песні для іх культуры не характэрны. Устойлівай рысай сучаснай вясковай Масленіцы застаюцца баляванні, застоллі з абавязковымі блінамі, варэнікамі, катанні з горак на санках, гушканне на арэлях.
Згодна з былой структурай свята масленічныя песні падзяляюцца на некалькі функцыянальна-тэматычных груп:
- песні сустрэчы і праводзін Масленіцы;
- песні на гуляннях;
-
абходныя песні з віншаваннем маладыдых пар;
- песні на гуляннях, прычым набытак беларускага фальклору – гушкальныя /арэльныя/ песні, украінскага – прысвечаныя Калодзію (калодцы).