Фальклорная проза

Міфалагічная проза

 

“Кадук”

Жанр – уяўленні аб персанажах міфалогіі

 

Кадук – страшная пачвара. З выгляду не то звер, не то чалавек. Галава калматая, рот шырокі, аж да вушэй! Людзі, калі злуюцца, часам кажуць: «Каб Кадук цябе ўзяў!» Але ён бярэць не заўсёды. Ёсць такое імгненне, калі што ні пажадаеш – збудзецца. І калі Кадук забярэць чалавека, той чалавек ужо ніколі не вернецца!»

 

Запісала студэнтка І курса Марціновіч А. С. у в. Сваткі Мядзельскага раёна Мінскай вобласці ад Гаўрыленка Н. І. (1930 г. н.).

 

“Халера”

Жанр – уяўленні аб персанажах міфалогіі

 

Халера высокая, худая, нібы жэрдка, вочы апухшыя, твар сіні-сіні. Адкуль бярэцца – ніхто не ведае! Аж людзей косіць як касой. Калі прыйдзе ў вёску, то жывых не застанецца...

 

Запісала студэнтка І курса Марціновіч А. С. у в. Сваткі Мядзельскага раёна Мінскай вобласці ад Гаўрыленка Н. І. (1930 г. н.).

 

“Хут”

Жанр – уяўленні аб персанажах міфалогіі

 

Як ён (Хут) выглядае,не знаю. Але ў каго ў хаце паселіцца, у таго гаспадара ўсё будзе: грошы, зерне, гарэлка. Раней Хута кармілі (ён яешню любіць). Хут – добры дух дома.

 

Запісала студэнтка І курса Марціновіч А. С. у в. Сваткі Мядзельскага раёна Мінскай вобласці ад Гаўрыленка Н. І. (1930 г. н.).

 

“Жыжаль”

Жанр – уяўленні аб персанажах міфалогіі

 

Жыжа, Жыж, Жыжаль – гэта даўні бог агню, якога шанавалі нашы продкі. Таксама Жыжаль быў богам кавальскай справы. Ён зрабіў залатую калясніцу для Сонца, а для Месяца – сярэбраную. Жыж куе вогненныя стрэлы для Перуна. І яшчэ, дзякуючы Жыжалю, кавалі на вёсцы лічыліся паважанымі людзьмі.

Лічылася, што ён жыве глыбока пад зямлёй. І калі ў яго добры настрой і ён пачынае бегаць па сваім царстве, выбухаюць вялікія пажары.

 

Запісала ў 2007 годзе студэнтка І курса Сідар А. В. у в. Вендзеж Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці ад Гарадко С. Я. (1931 г. н.).

 

“Зюзя”

Жанр – уяўленні аб персанажах міфалогіі

 

Ну, гэта стары дзед. Ніхто нават не ведаў, колькі яму гадоў ужо. У яго белыя, як снег, вусы і доўгая-доўгая барада. Для яго самае спрыяльнае надвор’е – гэта самы моцны мароз. Баіцца ён толькі Ярылу, бога Сонца. Людзі гаварылі, што жыве Зюзя ў лесе, бо там яму ўтульна, весела, паветра марознае і здаровае, ёсць, з кім пазабавіца. А яшчэ любімым пачастункам Зюзі была куцця. Некаторыя жыхары вёскі і дагэтуль пакідаюць на стале трошкі куцці і гавораць: «Зюзя на дварэ – куцця на стале».

 

Запісала ў 2007 годзе студэнтка І курса Сідар А. В. у в. Вендзеж Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці ад Гарадко С. Я. (1931 г. н.).

 

“Пярун”

Жанр – уяўленні аб персанажах міфалогіі

 

Людзі здаўна верылі ў незвычайныя здольнасці бога маланкі і грому. Перуна малілі, каб не наслаў на зямлю бяды. Ім палохалі нядобрых людзей, каб не рабілі шкоды. А яшчэ людзі казалі: «Клянуся Перуном» ці «Хай мяне Пярун заб’е!» – гэтым самым яго бралі ў сведкі.

 

Запісала ў 2007 годзе студэнтка І курса Сідар А. В. у в. Вендзеж Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці ад Гарадко С. Я. (1931 г. н.).

 

“Дамавік”

Жанр – уяўленні аб персанажах міфалогіі

 

Дамавік, і абідзелі дамавіка гэтага. Памясціўся дамавік у хаце. Я дажа ездзіла к дочке ў Віцебск, ну, тамака жэншчыны, сабраўшыся ў вогарадзі. І гаворыць: «Ай, ай, – кажыць – балеюць і балеюць дзеці». Пайшла да адной жэншчыны. А ў яе дамавік пасяліўся ў доме. Яна ня відзіць яго. І гаворыць: «Ой, ой, дзе ж гэта мае тапкі дзеліся?» Яна тут сюды-туды глядзіць: перад ёй тапкі стаяць. Тады яшчэ вот, гаворыць, дзе маё тое і тое – і ўсё дамавік ёй памагаў. Алі нічога плахога ён не рабіў. Добры быў. Той унічтажаў усё.

 

Запісала ў 2001 годзе студэнтка І курса Шэвель Н. В. у г. Докшыцы Віцебскай вобласці ад Сушчэня І . С. (1930 г. н.).

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики.

Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.