Фальклорная проза

Магічная проза

 

“На Каляды”

Жанр – варажба

 

Гадалі на Каляды. Мояцца ў бане адна. Узяць венік, парыцца. Ні гаварыць. Прынесці венік з бані, адламіць тры ветачкі – і пад койку з вадой (кружкай). Пакласці на кружцы палачкі і казаць: «Сужаны-ражаны, прыйдзі ка мне мост масціць».

 

Запісана ў 1999 годзе ў в. Усята Смалявіцкага раёна Мінскай вобласці ад Яскевіч В. Б. (1918 г. н.).

 

“На Шчадруху”

Жанр – варажба

 

На Шчадруху дзяўчаты сабіраліся ў адной хаце і варажбітавалі. На зямлю сыпалі па жменьцы ячменю, кожная насупроць сябе. Потым гаспадыня ўпускала пеўня. Да якой певень падыдзе і пачне дзяўбаць – тая дзеўчына першая замуж выйдзе.

 

Запісала ў 2004 годзе студэнтка І курса Лопух Н. В. у в. Карчова Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці ад Бурак С. І. (1929 г. н.).

 

“На Шчадрэц”

Жанр – варажба

 

Клалі на Шчадрэц хлопцу пад падушку юбку ці кафтан, а дзеўцы – штаны. Калі дзеўцы засніцца хлопец – будзе пара. Калі хлопцу дзеўка – таксама.

 

Запісала ў 1991 годзе студэнтка І курса Пазнякевіч С. Ф. у в. Сінкавічы Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці ад Капановіча В. А. (1935 г. н.).

 

“На Купалле”

Жанр – варажба

 

У купальскі вечар сабіралі цвяты, якія называліся купалай, уторкалі іх у парог (столькі, колькі чалавек у сям’і). Потым за імі слядзілі. Чый цвет завяніць, значыць, тэй чалавек скора памрэ.

 

Запісала студэнтка І курса Залатуха Н. І. у в. Прудок Лепельскага раёна Віцебскай вобласці ад Жарнасенка Н.

 

“На Пакроў”

Жанр – варажба

 

На Пакроў дзяўчаты выходзілі на перакростак і высыпалі лісце: куды паляціць – туды і замуж.

 

Запісала ў 2003 годзе студэнтка І курса Гутоўская В. М. у в. Пачапава Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці ад Пяцюк А. С. (1946 г. н.)

 

“На Св. Андрэя”

Жанр – варажба

 

На Святога Андрэя (13 дзекабра) тры раза аббяжаць вакруг трох калодцаў і гаварыць: «На святога Андрэя канапелькі сею, Дай Бог мне узнаці, З кім век-векаваці». А ноч’ю цебе прысніцца жаніх.

 

Запісала ў 2000 годзе студэнтка І курса Фурс В. У. у в. Багушы Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. ад Арловай Л. М. (1928 г. н.).

 

“Пад Новы год”

Жанр – варажба

 

Бліны мама рана ўпячэ, гэта ўжо, як кажуць, пад Новы год – трэба ж першым схапіць. Выйдзі на вуліцу, слухай, адкуль сабака бяжыць – у тую старану і пойдзеш замуж.

 

Запісала ў 2000 годзе студэнтка І курса Лютых К. А. у в. Навасёлкі Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці ад Ліс В. М. (1924 г. н.).

 

“На замужжа”

Жанр – варажба

 

Ну, вот свечкі пускалі тожа. Так нальюць вады, запаляць свечку, на бумажачку прыклеяць – пусцяць на воду. Замяшаюць воду палачкай – і круцяцца, круцяцца свечкі. Вот я буду варажыць, к прымеру, а во – сышліся! То кажуць: пойдзе яна ўжо замуж. А бывае, знаяце, што: круцяцца, ходзяць-ходзяць і не сыйдуцца гэтыя свечкі. Ну, кажуць, яна замуж не пойдзе ў гэтым гаду.

 

Запісала ў 2000 годзе студэнтка І курса Лютых К. А. у в. Навасёлкі Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці ад Ліс В. М. (1924 г. н.).

 

“На замужжа”

Жанр – варажба

 

Дзяўчаты вот варожаць. І курыцу ў хату завуць, нассыплюць кучачкі пярлоўкі: каждая сваю і пусцяць чорную курыцу. Катора пачне першу дзяўбсці – та ўжо і пойдзе замуж.

 

Запісала ў 2000 годзе студэнтка І курса Горскіх Д. В. у в. Навасёлкі Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці ад Ліс В. М. (1924 г. н.).

 

“На мужа”

Жанр – варажба

 

Без ведама дзяўчыны падругі ставяць ёй пад ложак кубачак ці шклянку з вадой, а зверху кладуць трэсачку, аловак або проста ложку. Атрымліваецца «мосцік». Хто ў час сну дзяўчыну будзе перавадзіць праз гэты мосцік, той стане яе мужам.

 

Запісала студэнтка студэнтка І курса Кавальчук Т. у в. Ходцы Сенненскага раёна Віцебскай вобласці Міклашэўскай М. Ф. (1920 г. н.).

 

“На сужанага”

Жанр – варажба

 

Нада памыцца расой, прыці дамоў, не абціраяся легчы, палажыць грэбень пад падушку, палаценца, ну і тры разы прагаварыць: «Суждзёны, раждзёны, прыдзі ка мне і абатры мяне». Далжон прысніцца табе.

 

Запісала ў 1999 г. студэнтка І курса Шульга Т. А. у в.Ворань Лепельскага раёна Віцебскай вобласці ад Крук Т. П. (1924 г. н.).

 

“На сужанага”

Жанр – варажба

 

Дачка маці пад падушку ложыць скавараду, завёрнутую ў што-небудзь. А раніцай пытаецца: «Каму мама пякла яечніцу?» Хто прысніцца матцы, той і будзе яе зяцем.

 

Запісала ў 1989 годзе студэнтка І курса Матвейчук Л. Д. у в. Пожарцы Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці ад Рамбальскай А. Н. (1942 г. н.).

 

“На замужжа”

Жанр – варажба

 

Раньшэ ўвязвалі снапы. Кладуць на воз снапы і прывязваюць, каб яны не раскідаліся. І нада ісці зімой, гэта ўжо ў самы перед Новым  годам. Нада паставіць іх роўненька і адыдзіся. У якую сторану ўпадзе – у тую пойдзеш замуж.

 

Запісала ў 2000 годзе студэнтка І курса Лютых К. А. у в. Навасёлкі Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці ад Ліс В. М. (1924 г. н.).

 

“Перад Новым годам…”

Жанр – варажба

 

Перад Новым годам… На гэта сама… Ну, перад Новым годам, як гэта кажуць… Варажылі. Паставілі. Паставілі дзве свечкі, зеркала, стакан з вадой і кальцо абручальнае. Ну і глядзелі ў гэта кальцо і там паказалася… паказаўся жаніх. Гэты жаніх… Доўга няможна было глядзець. Як задзержысся далей ужо, дык ён можыць… нешта зрабіцца тады… Вот і ён тады… нада закрываць ужо, гэта самае, зеркала і… каб болей нічога не паказалася, бо там бывае страшнае. Ну і тады гэта можыць быць твой жаніх. І я як…

А я як варажыла тожа з гэтым зеркалам, дык мне паказалась… мне паказалася: тры хлапцы стаялі: бацька, твой дзед, Чантарыцкі і яшчэ нейкі. Утраіх яны стаялі. І вот гэты самы бацька… Стаялі яны і… ён стаў такі, засмяяўся і сказаў: “Я ўсё-такі вас аперадзіў”. І тады гляджу стаіць гроб… І ў гэтым… Ён узяў адкрыўгэты гроб і лёг… у гэты гроб. Асталіся два толькі. Тады после гэтага ён памёр. После гэтага… гэты самы Чантарыцкі хацеў мяне замуж браць. Тады і было гэта… Ну… Але дзеці былі проціў… Каб не выходзіла замуж. І вот… так ён тожа памёр дзета ў маі месяцы: ці можа 5-га мая ці можа… Точна ня помню. Досіць, што бацька, твой бацька прыйшоў… і кажыць, што… “Маці, твой жаніх памёр”. Кажыць… Ну вот такое гаданне было. А трэці яшчэ нейкі быў… Гэнага ня помню. Ну, гэтых то двух добра было… І гэта ўсё прадсказанне збылося. У гэтым зеркале… У гэтым зеркале… у кальцэ… у гэтым кальцэ я ўсё відзела, во так во… І тады, гэта самае… еслі ўжо доўга глядзець, тады пачалі стукаць у вокны, дзверы… Прама такі во дух. Кажыцца, што хата разваліцца…

 

Запісаў у 2006 годзе студэнт І курса спецыяльнасці “беларуская філалогія” Акушэвіч Андрэй Аляксандравіч ў в. Даўгінава Вілейскага раёна Мінскай вобласці ад Рачыцкай Марыі Пятроўны (1939 г.н., беларуска, сярэдняя адукацыя, мясцовая).

 

“На куццю”

Жанр – варажба

 

Ну, вот на куццю збіраліся есці. Як гэта куцця? Гэта… Мм… Перад Калядамі гэта. Вегілія ці як гэта па-польску? І вот усё тое, што было на стале бралі па трошкі, лажылі пад падушку і тады сасніцца. І тады сасніцца жаніх. То можа бывае, што пера… А тады яшчэ лажылі, бралі ваду ставілі, лажылі дзве палачкі на гэту ваду. І вот тады сніцца, што прыходзіць… пераходзіш чэраз гэту кладку. Рака і кладка гэта. Пераходзіш праз гэту кладку. І тады, гэта самае, як пярэйдзеш, значыць выйдзеш замуж, а як не пярэйдзеш, астанешся на гэтым баку… Мне было, што я перайшла гэту кладку… на другі бок… Тады пайшла замуж за Лазар. Ну і ўсё…

 

Запісаў у 2006 годзе студэнт І курса спецыяльнасці “беларуская філалогія” Акушэвіч Андрэй Аляксандравіч ў в. Даўгінава Вілейскага раёна Мінскай вобласці ад Лазар Ядвігі Казіміраўны (1941 г.н., беларуска, пісьменная, мясцовая).

 

“А на Андрэя…”

Жанр – варажба

 

А на Андрэя сеялі калапні. Около трох калодзец нада было пасеяць калапні. І тады казаць:

На святога Андрэя

Калапенькі сею,

Хачу знаці,

З кім у пары стаці.

Ну і нада… паабегчы тры калодцы гэтыя, і ні з кім не гаварыць, і легчы спаць. І тады сасніцца табе жаніх той. За каторага выйдзеш, у пары будзеш.

 

Заўвагі збіральніка: калапні – каноплі.

 

Запісаў у 2006 годзе студэнт І курса спецыяльнасці “беларуская філалогія” Акушэвіч Андрэй Аляксандравіч ў в. Даўгінава Вілейскага раёна Мінскай вобласці ад Лазар Ядвігі Казіміраўны (1941 г.н., беларуска, пісьменная, мясцовая).

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики.

Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.