БАЛАДНЫЯ ПЕСНІ (БАЛАДЫ)

Міфалагічныя балады

 

ЦЕРАЗ РЭЧАЧКУ ЛЯЖЫЦЬ КЛАДАЧКА…

 

Цераз рэчачку ляжыць кладачка,

Пераходзілі сястра і братачка.

Братачка перайшоў, сястра ўтанула,

Сястра ўтанула і прамовіла:

– Не насі, братачка, з рэчак вады,

Не лаві, братачка, шчуку-рыбачку,

Не ламі, братачка, чорнай смуроды,

Не бяры, братачка, у бару бруснічку.

З рэчак вада – то слёзкі мае,

Чорна смуродань – то вочкі мае,

У бары бруснічка – то лічка маё.

 

Запісалі Т. Пташнікава, В. Скарупіч, І. Сакольчык у 1989 г. ад М. Ф. Наскавец (1949г. н.) у в. Шавярыты Бярэзінскага раёна.

 

 

ЧАРАЗ РЭЧАНЬКУ, ЧАРАЗ БЫСТРУЮ

 

Чараз рэчаньку, чараз быструю,

Ой, рана, рана й, чараз быструю.

Ой, там ляжыць гібка кладзенька,

Ой, рана, рана й, гібка кладзенька.

Гібка кладзенька, сірабраначка,

Ой, рана, рана й, сірабраначка.

Ой, там ішоў брат з сястрыцаю,

Ой, рана, рана й, брат з сястрыцаю.

Брацец перайшоў, сястра ўтанула,

Ой, рана, рана й, сястра ўтанула.

Сястра ўтанула й прамовіла,

Ой, рана, рана й, прамовіла:

– Ні бяры, брацец, у раццы вады,

Ой, рана, рана й, у раццы вады.

Не рубі, брацец, белую бярозу,

Ой, рана, рана й, белую бярозу.

Не касі, брацец, па лугах травы,

Ой, рана, рана й, па лугах травы.

Па лугах травы – усё й каса мая.

Ой, рана, рана й, усё й каса мая.

Бела бяроза – усё й ліцо маё,

Ой, рана, рана й, усё й ліцо маё.

У рацэ вада – усё сліза мая,

Ой, рана, рана й, усё сліза мая.

 

Запісалі Т. Пташнікава, В. Скарупіч, І. Сакольчык у 1989 г. ад І. Ц. Ліцвінок (1910г. н.) у в. Данілкава Талачынскага раёна.

 

 

НАШЫМ РАДУ ПРАЯВІЛАСЬ ПРАЯВА…

 

Каб у нашам у раду праявілась праява,

Ой, праявілась праява.

 

Праявілась праява: маладая ўдава,

Ой, маладая ўдава.

 

Маладая ўдава двух сыночкаў радзіла,

Ой, двух сыночкаў радзіла.

 

Двух сыночкаў радзіла, у пялённі спавіла,

Ой, у пялённі спавіла.

 

У пялённі спавіла, на ціхій Дунай нісла,

Ой, на ціхій Дунай нісла.

 

– Ах ты, ціхінкый Дунай, калышы маіх сыноў,

Ой, калышы маіх сыноў.

 

Калышы маіх сыноў, ой, да дваццаці гадоў,

Ой, да дваццаці гадоў.

 

На дваццаты год пайшла ўдава па ваду,

Ой, удава па ваду.

 

Стала ўдава воду браць, стаў караблік прыплываць,

Ой, стаў караблік прыплываць.

 

А ў тым караблі ды два мальцы сядзяць,

Ой, ды два мальцы сядзяць.

 

– Удовушка малада, а ці пойдзеш за мяне,

Ой, ці пойдзеш за мяне?

 

– За аднаго сама йду, да другога доч даю,

Ой, за другога доч даю.

 

– А бог мяне засцярог, што з сястрою спаць не лёг,

Ой, што з сястрою спаць не лёг.

 

Пойдзем, сястрыца, у лужок і скінемся травою,

Ой, скінемся травою.

 

А ты будзеш жоўты цвет, а я буду сіненькі,

Ой, я буду сіненькі.

 

Выйдуць людзі траву рваць, будуць пра нас ўспамінаць,

Ой, будуць пра нас ўспамінаць.

 

А дзе ж тая травіца, што брацейка з сястрыцай,

Што брацейка з сястрыцай.

 

Запісала У. Л.  Бараніч у 1987 г. ад А. Л. Кавалёвай (1904г. н.) у в. Пацраеўка Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці.

 

 

А Ў ПОЛАЦКУ НА РЫНКУ…

 


А ў Полацку на рынку

П’юць малайцы гарэлку.

П’юць малайцы гарэлку,

Шынкарачку сватаюць.

– Калі ў вас грошай жбан,

Я за вас дачку аддам.

І ў каморы спаць клала.

Пытаецца мальчына:

– Адкуль жа ты, дзяўчына?

– А я з гораду дваранка,

А з дзярэўні мішчанка,

А зваць мяне Каця,

А па бацьку Карпаўна.

Пытаецца дзяўчына:

– Адкуль жа ты, мальчына?

– А я згораду дваранін,

З вёскі мішчанін,

Па отчаству Карпаў сын,

А зваць мяне Канстанцін.

– Брайцех мой родненькі,

Ці не бог нас усцярог,

Што брат з сястрою спаць ня лёг?

Пойдзем жа мяжою,

Рассеемся травою,

На брацейку сіні цвет,

На сястрыцы жоўты.


 

Запісала Т. М. Асташонак ад А. К. Маруцька (1914г. н.) у в.Кардон Шумілінскага раёна.

 

 

ПАНЯДЗЕЛАК РАНО…

 

 


Панядзелак рано

Сіне морэ йграло.

Да й отдала маць дочку

У чужу стороночку.

Отдаючы, да й прыказвала,

Шчоб часто ў госці не ходіла.

Побула годок, побула другі –

Стало мне скушненько.

Да пораблю крылца

З золотого перца,

Да полечу до мамочкі.

Лесам летіла –

Ліст пополіла

Золотымі крылейкамі,

А полем летіла

Да поле замочыла

Дробненькімі слёзочкамі.

Да прыляцела ў маменькін садок,

Села меж галочкам.

А брацейко стоіть,

Ружэйко держыть,

Хоча галочку убіть.

А мамонька ходіть,

Сыночка просіть:

– Не бі, сыночку, галкі,

Бо гэтай галцы,

Як моей доньцы

На чужой сторонцы.

– Колі галочка, колі сівая –

То ў бор ягодок есті,

А як сясірыца родная –

Прошу за стол сесті.


 

Запісала Н. Гуд у 1973 г. ад Дарошка А. А. (1908г. н.) у в. Верасніца Жыткавіцкага раёна.

 

 

Рытуальныя балады

 

ТРУЙЦА, ТРУЙЦА ДА СВЯТАЯ БОГОРОДЫЦА

 

Труйца, Труйца да святая Богородыца,

Посію я жыто да ныхай зародыцца.

 

Посію жыто да посію пшэныцю,

Зароды, Божэ, да всякую пашныцю.

 

Ой, у полы дэ тыхый вітёр віе,

Там вдовонька да пшэнычэньку сіе.

 

А посіявшы, стала волочыты,

А поволочывшы, стала бога просыты:

 

–                                                                                           Зароды, божэ, да густую пшэніцю,

На мэнэ, бідну, нышчаслыву вдовыцю.

 

Ой, шчэ ж вдова да додомы ны зошла,

А вжэ вдовына да пшэнычэнька взошла.

 

Ой, шчэ ж вдова на порозы ны стала,

А вжэ вдовына пшэнычэнька скрасовала.

 

Ой, шчэ ж вдова да на лавцы ны сіла,

А вжэ вдовына да пшэнычка поспіла.

 

Ой, шчэ ж вдова ны ложыласа спаты,

А вжэ вдовыну пшэнычэньку пора жаты.

 

Запісаў У. І. Раговіч у 1986 г. ад М. Д. Бондзіч (1906 г. н.) у в. Ганчары Пінскага раёна.

 

 

ОЙ, ШЧО Ж ГЭТО БІДНА ВДОВОНЬКА ДІЕ

 

Запісана ў в. Парэ

Пінскага раёна Брэсцкай вобласці

ад фальклорнага гурта

 

Ой, шчо ж гэто бідна вдовонька діе,

Нэ горанэ полэ, да пшэнычэньку сіе.

 

Ой, посіяла да й стала волочыты,

А заволочывшы, стала бога просыты:

 

–                                                                                           Зароды, божэ, да пшэнычэньку в полю,

На вдовыно шчасце, на сыротыну долю.

 

Ой, шчэ ж вдова дай додомы нэ дошла,

А людэ говорать, шчо пшэнычэнька взошла.

 

Ой, шчэ ж вдова на порозі нэ стала,

А людэ говорать: пшэнычэнька скрасовала.

 

Ой, шчэ ж вдова дай на лавцы нэ сіла,

А людэ говорать, шчо пшэнычка поспіла.

 

Ой, пошла ж вдова дай пшэнычэньку жаты,

А пэрэпюлцы нэма кого глядіты.

 

Ой, коб жэ тому дай тры літы хворіты,

Ой, да хто зобрав пэрэпюлчыны діты.

 

Запісаў У. І. Раговіч у 1989 г.

 

 

НА ВУЛІЦЫ ДА НА ШЫРОКАЙ…

 

На вуліцы ды на шырокай

Сабралася да дзявок танок,

 

Сабралася да дзявок танок,

Адной німа Рожынай дачкі.

 

-- Дзевачкі мае, мае кветачкі,

Прывядзіце Рожынаю дачку.

 

-- Ой, Рожа, Рожа, Рожа-маці,

Пусці дачку на вуліцу пагуляці.

-- Пусціла б дачку да на вуліцу,

Да баюся маладога Кузьмы.

 

-- Ой, Рожа, Рожа, німа Кузьмы дома,

Да паехаў куды нівядома.

 

Выйшла дачка да на вуліцу –

Кузьма яе да за ручаньку.

 

Выйшла маці да на вуліцу

Клікаць дачку да вячэраці.

 

-- Не пайду, мамка, я вячэраці,

Вячэрала і з маладым Кузьмам.

 

-- Да Юру, Юру да маці кліча:

Нясі, сынку, залатыя ключы.

 

Да царкоўку дай адмыкаці –

Дачку Рожы з Кузьмам абвянчаці.

 

Запісаў У. І.  Раговіч у 1986 г. ад М. І. Шчуроўскай (1914 г. н.) у в. Мыслабож Ляхавіцкага раёна.

 

ОЙ, НА НЭБЫ ДАЙ ЗІРОНЬКЫ ЯСНЫ…

 

Ой, на нэбы дай зіронькы ясны,

В нашому сэлі два козачэнькы красн(ы).

 

Да ішлі ж воны, потыху говорылы,

Воны ободва ёдну дівку любыл(ы).

 

Богатыч кажэ, шчо: «Моя дівка будэ»,

А бідный кажэ: «Чы то мэнэ й нэ буд(э).

 

Ходімо, братко, в чыстэ полэ стрэляты,

Ёдын ёдному юв сэрдэйко цэлят(ы)!»

 

Ой, богатыч став пры горы, на долыны,

А бідный сын став пры чырвонуй калын(ы).

 

Богатыч стрэлыв – калыну пэрэстрэлыв,

А бідный стрэлыв – в самэ сэрцэ поцэл(ыв).

 

-- Ой, гэто ж тобі, да богатычу, дівка,

Дай гэ влэтіла в самэ сэрдэйко стрілк(а).

 

Даруй, муй братко, з мого сэрдэйка стрілку,

То я дарую тобі гэтую дівк(у).

 

Ой, тобі ж, братко, в сыруй зэмлі лыжаты,

Ой, а мні, братко ету дівчыну брат(ы).

 

Запісаў У. І. Раговіч у 1988 г.ад фальклорнага гурта ў в. Ганчары Пінскага раёна.

 

ОЙ, ЗЫЙШЛО, ЗЫЙШЛО…

 

Ой, зыйшло, зыйшло

Да два месяцы ясны.

Там ішлі два казачэнькі красны.

Да ішлі воны, потыху говорылі,

Што в славнум місты

Одну дівчіну любілі.

Поповіч кажа, што моя дівка будэ,

Удовін сын кажа: «То менэ не будэ».

Ой, ходылі в чістэ поле стрэляты,

Одын другому ў сэрдэнько уцэляты.

Поповіч стрэлів – тай доліну перэстрэлів,

Удовін сын стрэлів – да ў сэрдэнько цэлів.

-- Да гэто ж тобі, поповічу, дівко,

Што ўлетела ў твоё сэрдэнко стрілка.

 

Запісалі М. Луферчык, А. Салаўёва ў 1985 г. ад Г. Б. Сыцько (1927 г. н.) у в. Клемаў Слуцкага раёна.

 

Разнавіднасці рытуальна-міфалагічных балад

 

Казачныя і легендарныя балады

 

 

 

ОЙ, ДА БУЛЫ Ж ЛЮДЭ ДА НЫ ХРЫСЦІЯНЕ…

 

Ой, да булы ж людэ да ны хрысціяне,

Да ны віровалы юв Господя Бог(а),

 

Да ны віровалы юв Господя Бога,

А повіровалы в проклятого Цмок(а).

 

Да давалы Цмоку кажон дэнь оброку,

Да на кажон дэнёк дай по чоловік(у),

 

Да на кажон дэнёк дай по чоловіку,

Да прышла ж колея до самого цар(а).

 

Ой, став цар думаты да став цар гадаты,

Ой, кого ж до мора ля Цмока послат(ы).

 

Ой, я сам ны пойду і жоны ны пошлю,

Есть юв мэнэ дочка ёдна-ёдыночк(а),

 

Есть юв мэнэ дочка ёдна-ёдыночка,

То ж я еі пошлю до мора по вод(у),

 

Юв нэділю рано сонэнько ж выходыть,

А вжэ цар по двору засмучоный ход(ыць),

 

А вжэ цар по двору засмучоный ходыць,

Да свою дочушку потыхеньку буд(ыть):

 

-- Ой, вставай, дочушко, вставай, одэвайса,

До мора по воду іті зобырайс(а).

 

Ой, сама царэвня до мора доходыть,

А проклятый Цмока вжэ з мора выход(ыть).

 

Ой, сама царэвня юв морэ ступае,

А проклятый Цмока зібра розявля(е),

 

А проклятый Цмока зібра розявляе,

Аж тут святый Юрай конём наежжа(е).

 

-- Ой, постуй, царэвня, постуй, нэ лякайса,

Правою ручкою дай пэрэджыгнайс(а),

 

Правою ручкою дай пэрэджыгнайса,

До татко, до маты назад ворочайс(а).

 

Да скажы ты татко, нэхай він всэ знае,

Нэхай Цмоку людэй дай ны высыла(е).

 

Запісаў У. І. Раговіч. у 1989 г. ад фальклорнага гурта ў в. Ладараж Пінскага раёна .

 

ЮВ НЭДІЛЮ ПО ОБІДЫ…

 

Юв нэділю по обіды

Ходыв Господь по всюм світы.

 

Ходыв Господь жыбруючы,

Грішных людэй пробуючы.

 

Ішов Господь лісом-бором,

Зустрів дівку воду нысе.

 

-- Ой, стуй, дівко, подай воды,

Я помыю рукы й ногы.

 

Дівка Бога ны познала,

Ёму й горда ёдказала:

 

-- Гэта ж вода й нэчыстая,

Бо в Дунаі еі брала,

 

Лыстом й дрэвом западала,

Шчэ й ціною заплувала.

 

-- Ой ты, дівко, й нэчысныца,

Ты сама есть нэчыстая,

 

Ты сама есть нэчыстая,

Гэту воду знэчыстыла:

 

Ты сэм сынув породыла,

У Дунаі потопыла,

 

У Дунаі потопыла,

На світ білый ні пустыла,

 

На світ білый ні пустыла,

Ны годного ны хрысціла.

 

-- Ой ты, діду, якый пророк,

Шчо ж ты на мні пророкаеш.

 

-- Ох, ны есть я й тобі пророк,

Ёно есть я сам Господь Бог.

 

Тая дівка ювзлінкнула,

На коліно ювклінкнула.

 

Тогда дівка Бога взнала,

Пэрэд  Богам крыжам впала.

 

-- Ой, стуй, дівко, ны лякайся,

Йды до цэрквы, сповыдайся.

 

Ёно дівка в цэрквы стала,

На сэм сажнюв в зэмлю впала.

 

По юй попы ны чыталы,

По юй дякы ны спывалы.

 

По юй лозы затрэшчілі,

По юй лугы зашумілы,

 

По юй лугы зашумілы,

По юй звіры-вовкы вылы.

 

Запісаў У. І. Раговіч у 1909 г. ад Надзеі Кузьмінічны Баравік (1938 г. н.) у в. Наваселле Пінскага раёна Брэсцкай вобласці.

 

 

ХАДЗІЎ ПАН БОГ ПА ЎСІМ СВЕЦІ…

 

Хадзіў пан Бог па ўсім свеці

І прашоў жа да Дунаю.

А там дзеўка ваду брала.

– Ды дай, дзеўка, чыстай воды

Памыць Богу рэнкі-ногі.

– Гэта вада ні чыстая,

З дрэва лісцем западае.

– Сама, дзеўка, ні чыстая:

Трох сынэчкаў спарадзіла

І в Дунаю патапіла.

Ідзь ты, дзеўка, ты дадому,

З атцом, з маці распрашчайся,

Ідзь да косцёлу, спавідайся.

Стала дзеўка спавідацца –

Стала цела распадацца.

Паслаў пан Бог з неба анелю,

Каб гэты косці ды сабралі,

В агонь-смалу пакідалі.

Сталі косці сабіраці:

– Ды ня ёсць жа наша мамка?

А ты наша пагубніца,

Пагубіла нас маленькіх.

 

Запісала Г. У. Бамбізава ў 1998 г.ад Алены Сямёнаўны Глінскай (1920 г. н.) у в. Папшулі  Міёрскага раёна Віцебскай вобласці.

 

 

Балады з загадкамі

 

ПАСЦІЛА ДЗЯЎЧЫНА ДЫ ТАБУН КАНЕЙ…

 

Пасціла дзяўчына ды табун каней,

Сама задрамала, коней пагубляла.

Як пайшла яна марскім беражком,

Марскім беражком каля рэчанькі,

Сустрэла яна трох малойчыкаў:

-- Ах вы, хлопцы, белыя малойцы,

Ці не бачылі вы маіх каней?

–А хоць бачылі, табе не скажам,

Загадаем мы ды сем загадак.

Калі адгадаеш, мы табе скажам,

Мы табе скажам, дзе твае коні.

-- А што бяжыць без повада?

А што гарыць без полымя?

А што расце без кораня?

А што ляціць панікаючы?

А што бяжыць паглядаючы?

А што чорна ды не чэрнена?

А што бела ды не белена?

-- Вада бяжыць без повада,

Зара гарыць без полымя,

Камень расце без кораня,

Пчала ляціць панікаючы,

А звер бяжыць паглядаючы,

Чоран воран ды не чэрнячы,

Белая бяроза ды не белячы.

-- Цяпер скажам, дзе твае коні:

А тваі коні ў чыстым полі

А п’юць ваду сцюдзёную,

Ядуць траву шаўковую,

Залатымі путамі папутаны.

 

Запісала Л. І. Сеніна ў 1995 г. ад А. Ф. Сманцар (1919 г. н.) у в. Навасады Барысаўскага раёна.

 

ОЙ, У ПОЛІ ПАД ЯВАРАМ…

 

Ой, у полі пад яварам

Стаіць Галя з кавалерам.

Стаяць яны, сакрэт вядуць,

Што ўсе дзеўкі замуж ідуць.

-- Пастой, Галя, пастой, Галя,

Адзін сакрэт сказаць маю:

Сем загадак загадаю,

Калі, Галя, адгадаеш,

Маёй жонкай, Галя, станеш.

-- А што расце без коласа?

А хто плача без голаса?

-- Трава расце без коласа,

Раса плача без голаса.

-- А хто ляціць, крыл не мае,

А хто плача, слёз не мае?

-- Куля ляціць, крыл не мае,

Скрыпка плача, слёз не мае.

-- А што бела не бялёна,

А што сіне не сінёна?

-- Лебедзь бела не бялёна,

Мора сіне не сінёна.

-- А што ўецца вакол дрэўца,

А што сушыць каля сэрца?

-- Хмель уецца вакол дрэўца,

Любоў сушыць каля сэрца.

 

Запісала Т. Л. Саваль ад Бурак Н. І. (1920 г. н.) у в. Ахонава Салігорскага раёна.

 

 

Карагодна-гульныявыя балады

 

ЗА РЭКАМІ, ЗА ВОДАМІ…

 

За рэкамі, за водамі

Дзеўка з туркам ў карты грала,

Да татачкі лісты слала.

– Ой, мой татка, ой, мой родны,

Выкуп мяне з няволенькі,

З чужое старонанькі.

Ой, шле бацька дваццаць валоў,

Дваццаць валоў ў чатыры.

Туркі таго не прымаюць,

Дзеўкі з няволі не пускаюць.

 

За рэкамі, за водамі

Дзеўка з туркам ў карты грала,

Да мамачкі лісты слала.

– Мая мамка, мая родна,

Выкуп мяне з няволенькі,

З чужое старонанькі.

Ой, шле маці дваццаць кароў,

Дваццаць кароў і чатыры.

Туркі таго не прымаюць,

Дзеўкі з няволі не пускаюць.

 

За рэкамі, за водамі

Дзеўка з туркам ў карты грала,

Да сястрыцы лісты слала.

– Ой, сястрыца мая родна,

Выкуп мяне з няволенькі,

З чужое старонанькі.

Ой, шле сястра дваццаць авец,

Дваццаць авец і чатыры.

Туркі таго не прымаюць,

Дзеўкі з няволі не пускаюць.

 

За рэкамі, за водамі

Дзеўка з туркам ў карты грала,

Да брацейка лісты слала.

– Ой, мой братка, ой, мой родны,

Выкуп мяне з няволенькі,

З чужое старонанькі.

Ой, шле братка дваццаць каней,

Дваццаць каней і чатыры.

Туркі таго не прымаюць,

Дзеўкі з няволі не пускаюць.

 

За рэкамі, за водамі

Дзеўка з туркам ў карты грала,

Да мілага лісты слала.

– Ой, ты, мілы, надмілейшы,

Выкуп мяне з няволенькі,

З чужое старонанькі.

Ой, шле мілы дваццаць рублёў,

Дваццаць рублёў і чатыры.

Туркі таго прымаюць,

Дзеўкі з няволі выпускаюць.

 

Запісалі І. Лушчыцкая, В.  Рахматуліна ў 1970 г. ад Веры Сцяпанаўны Герман (1923 г. н.) ув. Калдычэва Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці.

 

 

ЎЗДРЫГНУЛА МОРА, ЎЗДРЫГНУЛА…

 

Ўздрыгнула мора, ўздрыгнула,

Там наша дачушка ўтанула.

А ішоў беражком татанька,

А ішоў беражком татанька:

– Падай ручку, дачушка,

Падай ручку, дачушка.

– Не падам ручкі табе, татанька,

Не падам ручкі табе, татанька.

 

Ўздрыгнула мора, ўздрыгнула,

Там наша дачушка ўтанула.

А ішла беражком маманька,

А ішла беражком маманька

– Падай ручку мне, дачушка,

Падай ручку мне, дачушка.

– Не падам ручкі табе, маманька,

Не падам ручкі табе, маманька.

 

Ўздрыгнула мора, ўздрыгнула,

Там наша дачушка ўтанула.

А ішоў беражком Мікола,

А ішоў беражком Мікола:

– Падай ручку, Ганначка,

Падай ручку, Ганначка.

– На табе, Міколка, хоць і дзве,

На табе, Міколка, хоць і дзве.

 

Ўздрыгнула мора, ўздрыгнула,

Там наша Ганначка ўтанула.

 

Запісаў В. Дручун ад А. М. Лукшы ў в. Гарань Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці.

 

У НЯДЗЕЛЮ РАНЕНЬКА З-ПАД ЗАРЫ

 

У нядзелю раненька з-пад зары

Шчабятала ластаўка на моры.

 

На беленькім камені седзячы,

На крутыя беражкі гледзячы.

 

На крутыя беражкі гледзячы,

Увідзела матулю ідучы:

 

– Сюды, сюды, матуля, для бога,

Ссадзі мяне з каменя з бялога.

 

Увідзела мілога ідучы:

– Сюды, сюды, міленькі, для бога,

 

Сюды, сюды, міленькі, для бога,

Ссадзі мяне з каменя з бялога.

 

А ў мілага жаласці досць многа,

І ссадзіў ён з каменя бялога.

 

Запісаў В. І. Скідан у 1970 г. ад Веранікі Герасім (1916 г. н.) у в. М. Якінты Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці .

 

Класічныя балады

 

Легендарныя балады

 

ЖЫЛА ЎДАВА Ў КАНЦЫ СЯЛА…

 

Жыла ўдава ў канцы сяла,

Мела сабе тры дачкі.

Пайшлі яны ў лес па ягады.

Саму большу звяры з’елі,

Селядорша ўтапілася,

Саму меншу туркі ўзялі.

Туркі ўзялі, замучалі,

Па свайму не навучылі.

Чужаземка па сенечках ходзіць,

У міленькага вядра просіць:

– Дай, міленькі, вядзёрушка,

Пайду ў крыніцу па вадзіцу,

Туркава матка яшчэ не спала,

Яна гэта пачула:

– Не давай, сынку, вядзёрушка,

Чужаземка занудзілася,

Яна пойдзе, утопіцца!

Чужаземка занудзілася,

Па сенечках ходзіць, даёначкі просіць:

– Дай, міленькі, даёначку

І яшчэ к таму вяровачку,

Я пайду даіць каровачку.

Туркава матка яшчэ не спала,

Яна гэта пачула:

– Не давай, сынку, даёначку.

Чужаземка занудзілася,

Яна пойдзе, павесіца!

Чужаземка занудзілася,

Па сенечках ходзіць, ножыка просіць:

– Дай, міленькі, нож гастрэнькі,

Пайду рэзаць тры кашулі,

Адну ту, што падсцілаецца,

Другую ўціраецца, трэцюю адзяваецца.

Туркава матка, яна заснула,

Яна гэта не чула.

Сынок даў нож гастрэнькі,

Пайшла рэзаць тры кашулі,

Не папала ў палаценца,

Да папала ў шчыра сэрца.

Як папала, так і ўпала.

Турка мамку абуджае:

– Уставай, уставай, мамка родненька.

Чужаземка занудзілася,

Яна ўжо зарэзалася.

– Рабі, сынку, залатую трунку

І нясі яе на крутую горку.

Прыляцелі тры зязюлі,

Адна села ў галаве, другая на грудзь,

Трэцяя села ў ножках.

Сталі яны кукаваць,

Турку жалю надаваць.

Што ў галаве, то то мамка,

Што на грудзі, то то сястра старшая,

А на ножках селядорша.

 

Запісала Т. Астрэйка ў 1988 г. ад Тамары Якаўлеўны Скрыган (1936 г. н.) у в. Пацейкі Капыльскага раёна Мінскай вобласці.

 

БЫЛО Ў УДОЎКІ ТРЫ ДАЧУШКІ…

 

Было ў удоўкі тры дачушкі,

Яны пайшлі ў лес па ягадкі.

Першую ваўкі з’елі,

Другая ўтапілася,

Трэцюю татары ўкралі.

Не жаль тую, што ваўкі з’елі,

Не жаль тую, што ўтапілася,

А жаль тую, што татары ўкралі.

Да палячу на татарску зямлю,

Сяду-паду на вішнёвым саду,

Закукую сільна жаласна,

Няхай чуе ўсё дзіцятухна маё.

Дзіцятухна паслушавае,

Свякрухначку ўсё папрашавае:

-- Ой, дай, мамка, мне вайстрога сярпа,

Я пайду цяляткам травы нажну.

Ліхі мужа ўсё пахаджавае,

Сваёй мамцы ўсе прыказавае:

--Не дай, мамка, ёй вайстрога сярпа,

Яна пойдзе ды зарэжыцца.

Дзіцятухна ўсё  пахаджавае,

Свякрухначку ўсё папрашавае:

--Во дай мне, мамка, цясовага вядра,

Пайду цялятак напаю.

Ліхі мужа ўсё пахаджавае,

Сваёй мамцы прыказавае:

--Не дай, мамка, ёй цясовага вядра,

Яна пойдзе ды ўтопіцца.

 

Запісалі Т. М.Сашко, Н. А. Пашкевіч у 1992 г. ад Тамары Усцінаўны Гацко (1932 г. ну в. Тажылавічы Бабруйскага раёна Мінскай вобласці.

 

БЫЛО Ў ТАТКІ ДЗЕВЯЦЬ СЫНОЎ…

 


Было ў таткі дзевяць сыноў

Ды дачушачка,

Звалася яна Ганусечка.

Выйшла яна на ганачак

Ды глянула ў роўна поле:

У роўным полі дымы дымяць,

Дымы дымяць, там кастры гараць.

Прыйшла яна ды ў хатачку,

Расказала сваёй мамачцы.

А дачушка мая родная,

Цар турэцкі па цябе едзе,

Па цябе едзе, ён цябе возьме.

А матуля мая родная,

Замкні мяне ў каморачку,

А прыбяры ты чаляднічку,

Пастаў яе ды на ганачку.

Цар турэцкі ўсё тое даведаўся –

Чалядніцы з плеч галоўку зняў,

Ганусечку за жонку ўзяў.

Едуць полем, едуць другім,

На трэцяе ўз’язджаючы,

Стала яна прасіцца

У ціхім Дунаі памыцца:

А калі мне не верыш,

Вышлі за мной вернага слугу,

Няхай трымаецца за русую касу.

Як вынула яна меч

Ды разанула па русай касе:

Табе, слуга, русая каса,

Сама, малада, у Дунай пайшла.


Запісала М. Ф. Сідаровіч у 1989 г.ад Марыі Аляксандраўны Галубовіч (1925 г. н.) у в. ВугляныМаладзечанскага раёна Мінскай вобласці.

 

Навелістычныя балады

 

ЗАШУМЕЛА Ў БАРЫ ДУБРОЎКА…

 

 

Зашумела ў бары дуброўка,

Забалела ў Марусі галоўка.

Захацела заморскага зелля,

Заморскага зелля – другога вяселля.

Каму ехаць за мора па зелле?

Братку ехаць за мора па зелле.

Братка кажа: «Я коней не маю,

Другое дзела – зелейка не знаю».

Адазваўся казак маладзенькі:

--Маю, маю тры коні на стане,

Адзін конік, як воран, чарненькі,

Другі конік, як дзяцел, рабенькі,

Трэці конік, як лебедзь, бяленькі.

Чорным канём мора пераплыву,

Белым канём на месца заеду,

Рабым канём зелля накапаю.

І стаў Ясь зеллейка капаці,

Прыляцела зязюля, стала кукаваці:

--Кідай, Ясю, зеллейка капаці,

Едзь да Марусі вяселле гуляці.

Як прыехаў Ясю да падвор’я,

Правай ручкай коніка трымае,

Левай ручкай мечыка вымае.

Як выняў востранькі мечык,

Сцёў у Марусі галовачку з плеч.

--Вот табе, Маруся, заморскае зелле,

Вот табе, Маруся, другое вяселле.

 

Запісана ад Соф’і Іванаўны Гуд (1899 г. н.) у в. Падневічы Валожынскага раёна Мінскай вобласці.

 

 

РАБІЎ БРАТОК ПІВА ЁН П’ЯНЮСЕНЬКА

 

 

Рабіў браток піва ён п’янюсенька,

Ён пазваў сястру-багатырачку,

Багатырачцы ён коні паслаў,

А вот бедненьку ён так наказаў.

Багатырачка на кані едзе,

А вот бедная ўсё пяшком ідзе.

Багатырачка на куце сядзіць,

А вот бедная на парозе стаіць,

Багатырачцы на дзве чарачкі льюць,

А мне, бедненькай, ды адну даюць,

І тую няпоўную льюць.

Родна сястрыца не чуралася,

Вылезла з-за стала, павіталася:

--Ці ў нас, сястрыца, мамка не адна была?

Ці нам долюшку няроўную дала?

Дала коніка нез’еджонага,

Дала грошыка незлічонага.

--А я коніка і прадавала,

Міламу даўгі я паўбывала,

А я сукенцы ўсё прадавала,

Бо дробныя дзеткі я ўсё гадавала.

 

Запісалі І. Лапуць, Л. Крыловіч у 1990 г. ад Галіны Осіпаўны Аўдзевіч (1912 г. н.) у в. Бакунова-2 Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці.

 

 

НА МОРЫ ДЗЯВІЦА БЕЛЬ БЯЛІЛА…

 

 

На моры дзявіца бель бяліла,

На шнурочку дзявіца бель сушыла.

 А прыйшло да дзявіцы два малайцы:

Бог у помач, дзявіца, бель бяліць.

Спасіба, малайцы маладыя.

Як узялі дзявіцу за падручкі

І павялі дзявіцу да карчомкі,

Напаілі дзявіцу дурна-п’яна

І прывялі дзявіцу к сіняму мору,

Пасадзілі дзявіцу ў чаўночку.

Як узялі малайцы па масточку

І спіхнулі дзявіцу з беражочку.

А прачнулася дзявіца сярод мора,

А ўспомніла дзявіца сваё гора:

--Не татулька мяне замуж выдаваў жа,

Не мамулька кубачкі налівала,

Не сяструлькі косачку распляталі,

Не братулькі за мною прыязджалі.

Выдаваў мяне замуж вясёл месяц,

Налівала кубачкі цёмная ночка,

Распляталі косачку буйныя ветры,

Прыязджалі за мною ясныя зоркі.

 

Запісалі С. Савіч, В. Шайтар ад Юстыны Сямёнаўны Паляковай (1921 г. н.) у в. Белавічы Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці.

 

 

Новыя балады

 

У ЗЯЛЁНЫМ ГАЁЧКУ ДУБ СУХІ РАЗВІЎСЯ

 

 


1). У зялёным гаёчку

Дуб сухі развіўся,

Жалеў сын матулю,

Пакуль не жаніўся.

 

2). А як ажаніўся,

Узяў сабе жонку,

Пайшла жабраваці

Па свайму пасёлку.

 

3). Ішоў сын дарогай,

Маці жыта жала,

Сказаў ён ёй: «Здраствуй!»

Яна не адказала.

 

4). – Маці мая, маці,

Ты гордаю стала,

Як прывітаўся,

Ты не адказала.

 

5). – Сынок мой, сыночак,

Не гордаю стала –

Старэнькаю стала,

Цябе не спазнала.

 

6). – Давольна табе, маці,

Цяжола рабіці.

Прыязжай да мяне,

У мяне будзеш жыці.

 

7). Прыехала к сыну –

Сына няма дома,

А гордая нявестка

Прамовіла слова:

 

8). – Дзеці парасталі,

Няма што рабіці,

Паязжай да дачкі,

У яе будзеш жыці.

 

9). Прыехала к дочцы,

Села ў куточку:

– Дачушка, дачушка,

Памый мне сарочку.

 

10). – Не буду я мыці,

Няма дзе сушыці,

Каўры дарагія,

Няма дзе хадзіці.

 

11). – Дзеці мае, дзеці,

Я вас гадавала,

Чаму я сягодня

Нянужнаю стала?

 

12). Яшчэ, мае дзеці,

Я вас вывучала:

Дачку – пракурорам,

А сына – маёрам.

 

13). Хаты вялікія,

Пасцелі харошыя.

Усё гэта куплялі

За мае грошы.

 

14). Пашыю я торбу,

Пайду жабраваці.

Толькі вашы хаты

Буду абмінаці.

 

15). Дачка – пракурорам,

А сын стаў маёрам.

А старая маці

Сядзіць пад заборам.

 

16). У зялёным гаёчку

Дуб сухі развіўся,

Жалеў сын матулю,

Пакуль не жаніўся.


 

Запісала Ж. М. Салодка ў 1991 г. ад Соф’і Макараўны Казак (1934 г. н.) у в. Турэц Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці.

 

ЗЯЛЁНЫ ДУБОЧАК НА БОК НАХІЛІЎСЯ

 

 


Зялёны дубочак

На бок нахіліўся.

Жалеў сын матулі,

Пакуль не жаніўся.

 

А як ажаніўся,

Узяў сабе жонку,

Забыўся пра маці

І родну старонку.

 

Прыехаў да маці,

Маці жыта жала.

Сказаў: «Здрасвуй, маці!»

Яна не адказала.

 

– Ой, маці, ты, маці,

Ты гордаю стала,

Сказаў табе «здраствуй»,

А ты не адказала.

 

– Ой, сынку мой, сынку,

Не гордаю стала –

За горкімі слязьмі

Цябе не ўзнала.

 

– Хваціць табе, маці,

Так цяжка рабіці,

Паедзем у горад,

Лягчэй будзе жыці.

 

Прыехала ў горад –

Сына няма дома.

А гордая нявестка

Прамовіла слова:

 

– У нас дзеці бальшыя,

Няма што рабіці.

Каўры дарагія,

Няма дзе хадзіці.

 

Каўры дарагія,

Няма дзе хадзіці,

Ідзі да дачушкі

І там будзеш жыці.

 

Пайшла да дачушкі,

Стала ў куточку:

– Родная дачушка,

Памый мне сарочку.

 

– Ой, маці, ты, маці,

Не буду я мыці,

Каўры дарагія,

Няма дзе сушыці.

 

Каўры дарагія,

Кварціры харошы,

Усе людзі знаюць,

За маміны грошы.

 

Хваціць табе, мама,

Па дзецях скітацца,

Пара табе, мама,

На той свет збірацца.


 

Запісалі Т. В. Кандрацьева, Л. Я. Казак, Т. Н. Казыра, І. А. Кузьміч ад Соф’і Лявонцьеўны Касцюкевіч (1932 г. н.) у в. Масціславічы Клецкага раёна Мінскай вобласці.

 

 

НАПІЛАСЯ ГАРЭЛАЧКІ…

 

 


Напілася гарэлачкі

Да віна нап’юся,

Хоць к сыновей хаце прыхілюся.

Нявестка кажа:

«Не патрэбна маці».

– Мо ў цябе ёсць сарочка,

Хоць якая рванка,

Хай маці пабудзе

З вечара да ранка.

Она кажэ:

– Гэна сарочка і рванка

Ды дзецям памыла.

Як твая маці міла,

Дык павешай на шыю.

Снег ідзе, снег ідзе,

Да ўжэ зіма будзе.

– Нехай наша маці

Старшай у хаце будзе,

Як будзе дзецяніна,

Калыхаці будзе.

– Я сама калыхаці буду,

А твая маці хай ідзе незнаючы.

– Не пайду я, сынку, пешком,

А запрагай жа коні.

Калыхала я цябе –

Павырывала рукі-ногі.


Запісала І. Пратасеня ад Галіны Пятроўны Лазарчук (1938 г. н.) у в. Пагост Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці.

 

ЛІРЫЧНЫЯ ПЕСНІ З БАЛАДНЫМІ МАТЫВАМІ

 

ОЙ, БОРАМ БАРОВЫЯ КАРЭННІ…

 

Ой, борам баровыя карэнні

Ехалі, ехалі два кавалеры.

Ехалі, ехалі, сталі-пастаялі,

Сваё гора, гора расказалі.

Гора гаварылі – хто з кім растаецца:

Растаецца Ванька ды з сваёй дзяўчынай.

Ай, да пад’ехаў Ванька ды пад акенца:

– Добры дзень, мая люба дзеўка,

Калі любіш – гавары са мною,

А не любіш – гавары другому.

– Як я буду гаварыць з табою,

Калі законны муж ляжыць са мною.

Зайдзі, хмара гразавая,

Забі, хмара, майго мужа.

Узышла хмара гразавая,

Не ўбіла законнага мужа,

А забіла, каго я любіла.

 

Запісала Г. І. Голуб ад Васілісы Міхайлаўны Кавалёнак (1928 г. н.) у в. Ілішавічы Смалявіцкага раёна Мінскай вобласці.

 

 

КАЛІ МАЯ НЯДЗЕЛЕЧКА БУДЗЕ…

 

 

Калі мая нядзелечка будзе,

Што я пайду на вулку гуляць,

Мілы будзе дзіця калыхаць.

Падыйду я да аконца ціха,

Ці гаворыць свякровачка ліха.

Чую, чую, свякровачка будзіць:

– Ці ж ты, сынку, нагайкі не маеш?

Чаму жонку не б’еш, не караеш?

– Я, мамачка, нагайку маю,

А я жынку і б’ю, і караю.

Стаіць сынку, як лебедзь бяленькі,

Ляжыць жонка, як воран чарненькі.

– Маці ж мая, парадзіца ў хаце,

Парадзіла мне жонку забіць,

Парадзь жа яе дзе схаваці.

– Схавай, сынку, у вішнёвым садочку,

Будуць дзеці вішанькі шчыпаць

І будуць сваю мамку ўспамінаць.

– Маці ж мая, парадзіца ў хаце,

Парадзіла мне, дзе жонку схаваці,

Парадзь жа мне, дзе другую ўзяці.

– Запражы, сынку, варану кабылку,

Аб’едзь, сынку, усю сваю краінку,

І знойдзеш сабе жонку, як малінку.

– Не хочу я із малінаю жыці,

Пайду сваю мілую будзіці:

– Устань, мілая, дзетачкі плачуць.

– Няхай плачуць ды хоць паўміраюць,

Няхай знаюць, што мамкі не маюць.

 

Запісаў У. К. Танкавіч у 1995 г. ад Эміліі Казіміраўны Тонкавіч (1917 г. н.) у в. Куляшы  Вілейскага раёна Мінскай вобласці.

 

 

ЗАРЖЫ, ЗАРЖЫ, СІВЫ КОНІК…

 

Заржы, заржы, сівы конік,

На полі гарцуючы.

Ці не пачуе мая мамка,

Вячэру гатуючы.

Чула-пачула, села-ўздыхнула,

Сільненька заплакала.

– Куды, міленькі-чарнабрывенькі,

Рана каня сядлаеш,

А пры кім мяне, маладзюсенькую,

З дзеткамі пакідаеш?

Абярнуся я шэрай зязюляй,

Паляту на Украіну,

Сяду-паду ў вішнёвым саду,

Стану там кукаваці.

Выйшла ўдава з новага двара

Зязюлю разважаці:

– Пакінь, зязюля, пакінь, шэрая,

Жаласна кукаваці.

– Не кіну, не кіну, пакуль не загіну,

Не с кім век векаваці.

Дзетачкі мае маленечкія –

Некаму гадаваці.

 

Запісала Л. Пратасоўская у 1976 г. ад Марыі Сцяпанаўны Арлоўскай (1923 г. н.) у в. Беланы Лагойскага раёна Мінскай вобласці.

 

ДОБРА ТАМУ, ДОБРА…

 

 

Добра таму, добра, у каго свая маці,

А ў мяне, маладой, маці чужая.

Яна рана ўстала, мяне не збудзіла

Да пайшла да суседкі – мяне асудзіла.

А я, маладая, усё гэта ўзнала

І на другое ўтра яшчэ раней устала,

Узяла за валы, пасвіці пагнала:

– Пасіцеся валы на зялёнай дубраве.

Да пушчу я свій голас па зялёнай дубраве:

– Зачуй, зачуй, мой міленькі, сплючы ў каморы.

– Ох, хто ж там гукае? Ці дзевушка,

Ці ўдавушка, ці мая мілая?

Коль ты, мая мілая, бяры за валы

Да гані дадому – табе абед прыгатоўлен.

Ішчэ нявестка ў дарозе – віно, мёд на стале,

Чэмярыца на парозе.

Як узяла за шклянку чамярыцы:

– Пастой, міла, пастой, пастой, не спяшайся.

Вып’ем уперад маё, тады будзем піць тваё.

Як выпілі па стакану мёду – то нічога.

Як выпілі па стакану чамярыцы,

То прыпалі яны да сырой зямліцы.

Свякроў ходзіць, ходзіць-пахаджае,

Сваю долю кляне, кляне-праклінае.

– Ах, божа ж мой, божа,

Да нашто я страціла дзетак пару?

Ах, божа ж мой, божа, дзе мне іх пахаваці?

Сына каля алтару, а нявестку на цвентару.

Ах, божа ж мой, божа, што мне на іх пасадзіці?

Пасажу я на сыну явар зялёны,

А на нявестку ліпінушку.

Явар малады прабівае

Да ўсё ліпінушку даставае.

 

Запісала М. Данцэвіч ад Ганны Іванаўны Сліж (1901 г. н.) у в. Сліжы  Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці.

 

 

А Ў ЛОЗЕ КАЛІНАЧКА ВЕЧАР СВЯЦІЛА…

 

 

А ў лозе каліначка вечар свяціла,

У тую пару мамачка мяне радзіла,

Не даждаўшыся розуму замуж аддала.

Чужая маменька журыць ды журыць,

Чужы татуленька веліць пабіць.

Абярнуся, молада, шэрай зязюляй,

Палячу я, молада, у татулькаў садок.

Ай, сяду я, молада, на вішаньцы,

Закукую, молада, громкім голасам,

Ці не выйдзе татулька зязюлю слухаць.

Ажно мой татулька па двары ходзіць,

Залатыя ключыкі ў руках носіць:

– Калі шэра зязюля – ляці ў шэры бор,

Калі мая дачуля, хадзі ка мне ў двор.

А я, маладзенькая, не зразумела,

Я ў шэрыя барочкі паляцела.

Лячу я барочкамі – барочкі шумяць.

Лячу я лясамі – лясы ламаюцца,

Ажно мой татулечка ўдагон гоніцца.

 

Запісаў М. Ціцянкоў у 1973 г. ад Кацярыны Іванаўны Шандрык (1895 г. н.) і Настассі Паўлаўны Ціцянковай (1924 г. н.) у в. Серкуці Сенненскага раёна Віцебскай вобласці.

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики.

Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.