У 40-ыя гады ХХ стагоддзя пачатак самога навуковага канцэпту заклаў эксцэнтрычны амерыканскі журналіст Джо Гулд. Прыкладна ў гэты ж час быў створаны цэнтр вуснай гісторыі пры Калумбійскім універсітэце (1948). Праз два дзесяцігоддзі з’явіліся Асацыяцыя вуснай гісторыі ЗША (1967) і Велікабрытаніі (1969). Зазначым, што замежныя навучальныя ўстановы дасюль зацікаўленыя ў збіранні і захаванні такіх успамінаў. Прычым паказальна, што кожны ўніверсітэт (напрыклад, Брытанскі ўніверсітэт г. Йорк) стараецца найперш захаваць зрэзы памяці, звязаныя з яго ўласным функцыянаваннем.

Значную ролю ў развіцці і папулярызацыі накірунку адыграла кніга брытанскага гісторыка Пола Томсана «Голас мінулага: вусная гісторыя» («The Voice of the Past: Oral History»), апублікаваная ў 1977 годзе. Таксама ў 70-я гады ХХ ст. пабачыў свет і першы тэматычны брытанскі часопіс «Oral History». А з 1997 года выходзіць часопіс «Words and Silence» («Словы і маўчанне») Міжнароднай асацыяцыі вуснай гісторыі.

У СНД адным з першапраходцаў гэтага навуковага накірунку быў дацэнт філалагічнага факультэта МДУ У.Г. Дувакін, які запісваў размовы з людзьмі, што асабіста былі знаёмыя з Маякоўскім. Пазней і тэматыка, і аўдыторыя яго размоў значна пашырылася (у прыватнасці, ён запісаў успаміны пра ўніверсітэт ад блізка 800 рэспандэнтаў). У беларускай культурнай прасторы шырока вядомымі і культурна знакавымі з’яўляюцца пабудаваныя паводле падобнага прынцыпа кнігі Алеся Адамовіча («Я з вогненнай вёскі») і Святланы Алексіевіч («У войны не женское лицо»).

На сённяшні дзень у сусветным сеціве існуе некалькі інтэрнет-рэсурсаў, прысвечаных вуснай гісторыі. У тым ліку – oralhistory.ru, дзе можна пазнаёміцца з запісанымі на відэа гутаркамі з прадстаўнікамі самых розных прафесій. Кожны з гэтых успамінаў дае магчымасць далучыцца да сферы індывідуальных перажыванняў, паглядзець на гістарычны перыяд вачыма непасрэднага удзельніка. Менавіта гэтым «непасрэдным вопытам» і каштоўныя запісы вуснай гісторыі.

Наш зварот да вопыту замежных калег і распрацоўка праектаў, звязаных з вуснай гісторыяй, выкліканы цэлым шэрагам прычын. Па-першае, ужо больш за пяць гадоў мы спецыяльна арыентуем нашых студэнтаў на запісванне, у першую чаргу, фальклорнай прозы розных жанраў. Часцей за ўсё гэта – успаміны розных часоў, асабліва пра Вялікую Айчынную вайну. Так, студэнтка 1 курса спецыяльнасці “Славянская філалогія” Ганна Грыдасава ў 2013 годзе запісала цэлы шэраг успамінаў пра акупацыйны Мінск ад свайго дзядулі, Артура Георгіевіча Гладкага. Гэтыя тэксты, разам з іншымі матэрыяламі фальклорных практык, арганічна ўвайшлі ў склад дапаможніка «Современный городской фольклор» (выходныя дадзеныя: Современный городской фольклор: методические указания и иллюстративный материал по проведению фольклорной практики студентов 1курса филологического факультета / О. В. Приемко [и др.; под ред. О. В. Приемко. – Минск: БГУ, 2014 – 128 с.)

Аднак, на вялікі жаль, не ўсе студэнты спраўляліся і спраўляюцца са збіраннем успамінаў пра Вялікую Айчынную вайну так жа паспяхова, таму ўтварэнне спецыяльнага апытальніка, каб аблегчыць практыкантам працу, было, фактычна, неабходным крокам.

Па-другое, утварэнне асобных праектаў было звязана з асабістымі даследаваннямі супрацоўнікаў лабараторыі або распрацоўкай канкрэтных навуковых тэм. Такім чынам з’явіўся апытальнік, звязаны з сямейнай гісторыяй (“Гісторыі знаёмстваў”). Матэрыялы апытанняў выкарыстоўваліся ў дысертацыйным даследаванні Надзеі Канабеевай (на той час – супрацоўнік ВНЛ БФ, аспірант АН РБ). З распрацоўкай навуковай тэмы, у цэнтры якой было вывучэнне фальклора рэгіёнаў, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС, звязана ўтварэнне адпаведнага апытальніка.

Па-трэцяе, праца з апытальнікамі часам звязана з запатрабаваннямі факультэта, у прыватнасці, з юбілейнымі мерапрыемствамі. Спробы запісваць інтэрв’ю выпускнікоў філалагічнага факультэта БДУ распачаліся яшчэ ў 2013 годзе, і на сёння намі выпрацаваны актуальны апытальнік па тэме, які дазваляе карэктна скіроўваць інфарманта і атрымліваць падрабязныя адказы. Апытальнік у такой форме, як ў дадатку, быў прадастаўлены кіраўніцтву філалагічнага факультэта.

Як бачым, за апошні час мы займелі вопытную базу, на якую можам абаперціся. Напрыклад, гэта тычыцца непасрэднай працы з інфармантамі, запісу і расшыфроўкі інфармацыі, захавання сабраных адзінак і падобнае. Як і ўсе фальклорныя матэрыялы ў фондах лабараторыі, сабраных пасля 2007 года, матэрыялы інтэрв’ю існуюць у выглядзе аўдыязапісаў (.mp3, .mp4, .wav , іншыя аўдыёфарматы) і расшыфровак у фарматах .doc\.docx для працы ў тэкставых рэдактарах.

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики.

Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.