АГУЛЬНАНАЦЫЯНАЛЬНЫ КАНТЭКСТ СВЯТКАВАННЯ
БЕЛАРУСКАЙ МАСЛЕНІЦЫ
МАСЛЕНІЦА(Запусты, Масленка, Сырны тыдзень) – старажытнае перадвеснавое свята, звязанае з культам прыроды; урачыстыя праводзіны зімы. У народным календары Масленіца не мае канкрэтнай даты. Пачынаецца за 8 тыдняў да Вялікадня, або за 7 дзён да перадвелікоднага 7-тыднёвага Вялікага посту. Працягваецца Масленіца роўна тыдзень. Гэта першае свята ў гонар сонца, таму ў час святкавання Масленіцы на санях вазілі кола, якое сімвалізавала сонца, а пудзіла ў выглядзе жанчыны ўяўлялася як яго маці. Спальванне пудзіла (антрапаморфны сімвал зімы) на Масленіцу азначала адыход (“смерць”) зімы. Ракладвалі кастры, вакол якіх вадзілі карагоды. У мінулым усё гэта мела магічна-ачышчальнае прызначэнне. Паводле павер’я, такім чынам развіталіся з усім злым і нячыстым. Назва, відаць, паходзіць ад таго, што на працягу ўсяго тыдня дазвалялася есці каровіна масла (у буднія дні ўжывалі канапляны ці льняны алей). Асноўная накіраванасць масленічнай абраднасці – паскарэнне надыходу вясны і забеспячэнне дастатку ў доме.
На Масленічным тыдні ў вёсцы святкаванне звычайна пачыналася ў чацвер. Па некаторых звычаях, прымеркаваных да Масленіцы, чацвер вылучаўся з шэрагу іншых масленічных дзён. Гэты дзень меў назву святога Уласа – ахоўніка гаспадарчай жывёлы. Па народным павер’і, на Уласа павінен першы раз заспяваць жаваранак, які, магчыма, не адлятае ў вырай на поўдзень, а замірае да наступнай вясны дзе-небудзь ва ўтульным месцы на полі, пераважна пад мяжой. Таму ён, як мяркуюць, раней за іншых птушак з’яўляецца на полі (як толькі пачынаюць адтайваць межы). У народзе кажуць: “жаўранак – на праталінку, а шпак – на прагалінку”. У некаторых мясцовасцях (былы Наваргудскі павет Мінскай губерні) на Уласа першы раз запрагаюць маладых коней і валоў. У гэты ж чацвер гушкаліся на арэлях. Звычай захаваўся як адзін са шматлікіх масленічных забаў. Значэнне яго, на думку селяніна, заключалася ў тым, каб у новым аграрным годзе рос доўгі і моцны лён.
На Масленіцу па даўняй традыцыі абавязкова пяклі бліны. На Масленічным тыдні першыя 2-3 дні гаспадыня пякла бліны аржаныя, аўсяныя (ці ячныя), а пасля, калі надыходзілі “развітальныя” дні, пяклі ўжо бліны з куплёнай грэцкай мукі. Звычайна на стол падаваўся цэлы стос бліноў, які гападар разразаў на 4 часткі, крыж накрыж. Пасля кожны з сямейнікаў браў кавалак бліна і еў яго з творагам, залітым у місцы растопленым каровіным маслам. Разам з блінамі на стол падаваўся і селядзец. У гэтыя ж дні ў некаторых вёсках, дзе жыхары доўгі час былі ўніятамі, сяляне часам ужывалі і мясную ежу.
На мясапосным тыдні наладжваліся “запускі” на каўбасу і мяса. Гэта быў дзень перанасычэння скаромнай ежай. У Нарачанскім краі і інш. заходніх рэгіёнах Беларусі святочны дзень называўся “запустамі”. На “запусты” гаспадыням не было калі нават поту ўцерці: трэба было то пячы, то варыць, хоць ежа і не вызначалася сваёй разнастайнасцю і вытанчанасцю. У гэты дзень была звычайная ежа, толькі багата заскваркавалася свежыною ці салам. Варылі капусту, рыхтавалі квас. Была і верашчака з каўбасамі, якая перапаўнялася скваркамі. Крупнік і куцця таксама запраўляліся свежыною. На “запускі” (“запусты”) варылі яшчэ і студзіну, ці квашаніну са свіных ног, галавы і вушэй. Гэта лічылася як прывілеяваная страва. Не абыходзілася і без гарэлкі. Пра яе гаварылі: “Гэта тая, што нараджае, яна ж і пахавае”. Найбольш блізкія сваякі на “запускі” частаваліся (“загаўляліся”) сумесна. Сваты, кумы і інш. радня ездзілі адзін да аднаго ў госці. На Масленіцу адведвалі і бабку-павітуху. Удзень каталіся на санках з горак. Прыцемкам на вуліцы збіралася моладзь. Хлопцы і ідзяўчаты скакалі, вадзілі вакол вогнішча карагоды, спявалі масленічныя песні і іншыя песні на матыў вясновых.
Ідэя прадаўжэння жыцця, роду, стварэння новай сям’і адлюстравалася і ў масленічных абрадах і звычаях. На Міншчыне жанчыны гуртом абыходзілі хаты, дзе жылі маладыя замужніцы, і пад акном спявалі:
Маладзіца, маладзіца маладая,
Выйдзі ты к нам на вуліцу,
А вынесь нам сыра,
А народзіш сына.
Пажаданне насіла характар заклінання (прадуцыравальная магія). Існаваў звычай цягання хлопцамі па сяле калодкі (тоўсты абрубак дрэва) з абавязковым заходам у хату, дзе была сталая жанчына, якая ў сваю чаргу павінна была пачаставаць іх. Не прыпыніцца з калодкаю перад хатай дзяўчыны лічылася вялікай крыўдай для яе. Звычай гэты, меркавалася, паскараў замужжа дзяўчыны. Сярод і ншых святочных жартоўных звычаяў: у панядзелак на Масленічным тыдні збіраліся з вёскі жанчыны, знаходзілі калодку, прывязвалі да яе адзін канец папружкі ці пояса, а другім канцом з жартам і весялосцю “ўпрагалі” сустрэчнага нежанатага хлопца, нібы каралі яго за тое, што ён не ажаніўся за мінулы мясаед. Калі хлопец не жадаў цягаць гэты цяжар за сабою ўвесь дзень, то мог адкупіцца ад жанчын некалькімі манетамі. Тое ж прараблялася і з дзяўчатамі. якія не выйшлі замуж за апошні мясаед.
У апошні дзень Масленіцы бытаваў сямейны звычай дараваць крыўды. Пасля вячэры гападар садзіўся на покуці ў самым строгім настроі. Спачатку па старшынстве падходзілі да яго сыны, пасля – жанчыны і, кланяючыся да зямлі, гаварылі: “Прабач, бцька родны, калі чым саграшыў перад табою справаю ці языком”. Калі ўсе сямейнікі канчалі свае просьбы, гападар падымаўся са свайго месца і кланяўся да зямлі ўсёй сям’і, таксама просячы дараваць яму за ўсе памылкі і грахі.
Масленіца заканчавалася “запускамі” на малочныя стравы, пасля чаго пачынаўся пост. У нядзелю, напярэдадні “запускаў”, рабілася вячэра, якая складалася толькі з малочных страў.
У апошнія 2 дні Масленіцы весела каталіся на конях, упрыгожаных стужкамі і званочкамі. У масленічных абрадах і звычаях захаваліся вераванні ў магічныя дзеянні, што былі накіраваны на хутчэйшы надыход вясны і цяпла, забеспячэнне поспеху сялянскай працы ў полі, урадлівасць нівы, здароўе і лад у сям’і, яе дабрабыт.
МАСЛЕНІЧНЫЯ ПЕСНІ, запусныя песні – разнавіднасць каляндарна-абрадавых песень, што суправаджалі абрады і гульні свята Масленіцы. Функцыянальна ў дыяхраніі яны скіраваны на магічнае забеспячэнне набліжэння вясны, праводзіны зімы. Сюжэтная і вобразная сістэма масленічных песень багатая элементамі абрадавага субстрату. Масавае катанне з горак, раз’езды ў апошнія святочныя дні на конях з шаргунамі і званочкамі пад дугой, таптанне карагодам снегу, калыханне на арэлях і інш. абрадавыя практыкі ў масленках адыгралі прыкметную ролю. У песнях шырока абыгрываецца рытуальная ежа: масла, сыр, малодзіва, якім архаічны чалавек надаваў статус сакральнасці. У цэлым песні арганічна і непасрэдна адлюстравалі характар старажытнай урачыстасці, з яе карнавальнай формай, гарэзлівым разгулам, весялосцю. У іх створаны найперш абагульнены вобраз свята праз персаніфікацыю яго, антрапамарфічнае вобразнае ўвасабленне:
Наша Масленіца гадавая,
Яна госцейка дарагая.
Яна пешшу к нам не ходзіць,
Усё на коніках раз’язджае,
Штоб конікі былі вараныя,
Што б слугі былі маладыя.
Міфалагічныя матывы масленічных песень прасякнуты ўніверсальнай для каляндарна-абрадавай творчасці ідэяй клопату пра будучы ўраджай як гаспадарча-эканамічную падставу для жыцця сям’і, роду, соцыуму:
Ой, топчам мы снег, топчам,
Што з яго мы вытапчам?
Траўку-мурашку на вясну,
А ціхае жыта на лета…
Масленічныя песні выяўляюць сталы клопат пра праблемы роду, сям’і, гарманізацыі сямейных адносін. У песнях, звернутых да маладзіцы, якая нядаўна выйшла замуж, абрадавы гурт жанчын і дзяўчат зычыў нарадзіць сына, дачку, раіў ёй, як адказаць на несправядлівыя папрокі членаў мужавай сям’і (“Маладзіца маладая, выдзі ж к нам на вуліцу”, “Маладая Марутка, выдзі к нам”). Жорстка гучаў дакор у адрас тых хлопцаў, што не скарысталі перыяду вялікіх свадзьбінаў, мясаеду, каб ажаніцца:
А ты, Масленіца, белы сыр,
Ай, люлі, люлі, белы сыр.
А хто не жаніўся, -- сукін сын,
Ай, люлі, люлі, сукін сын.
А хто ажаніўся, -- бацькаў сын,
Ай, люлі, люлі, бацькаў сын.
У кантэксце ідэі роду, сям’і актуалізаваліся і любоўна-шлюбныя матывы масленічных песень. У асобных з іх дакладна лакалізуецца час песеннай дзеі, ён вобразна суадносіцца з першымі прыкметамі надыходу вясны – праталінамі. Тэкст вылучаецца арыгінальнай структурай, сімвалічным вобразным радам, рэдакцыяй:
Ёсць у полі талінка,
На талінцы мураўка,
На мураўцы конічак,
На конічку сядзельца,
На сядзельцы Андрэйка,
На Андрэйку шапачка,
На шапачцы кветачка,
На кветачцы пчолачка:
А зрушыла росачку
на дзеваччыну косачку.
Лірычныя матывы ў песнях “Сягоння ў нас масленіца”, “А на гары сад, сад”, “Крутое калясо”, “Гутаталіся два малойчыкі” паэтычна рэалізуюцца ў кантэксце святочных рытуалаў, абрадавага гуляння. Сямейныя дачыненні ў масленках “Шум-шум на дброве”, “На вуліцы дзеўкі гулялі” і інш. маюць ракурсы паэтычнай выявы, заснаванай на міфапаэтычнай ідэалізацыі, а таксама рэалістычна-побытавы. Пранікнёным разуменнем псіхалогіі сямейных узаемаадносін, народным досціпам і шырокім вобразным абагульненнем вылучаюцца масленічныя песні, у якіх інтэрпрэтуюцца адносіны нявесткі і свекрыві:
На вуліцы бабы сядзелі,
Кулаком зямлю прабілі,
Аб нявестках судзілі.
Адна нявестка шэльма была:
Запалілі свечку, у клець пайшла.
У той клеці свет дабра:
Саломена дудка мёду было,
Арэхава чашка круп была,
Камарова лытка мяса было, --
І ўсё тое згарэла.
Каб нявестка згалела.
Арэал бытавання масленічных песень даволі шырокі. Збіранне і публікацыя іх у апошняй чвэрці 20 ст. дазваляюць скарэкціраваць выснову Я. Карскага аб адноснай сціпласці беларускай масленічнай традыцыі.
Паводле артыкулаў А. І. Гурскага “Масленіца” і А. С. Ліса “Масленічныя песні”, змешчаных у энцыклапедыі “Беларускі фальклор”, т. 2
Матэрыялы падрыхтавала Таццяна Марозава