РЫТУАЛЬНА-МАГІЧНАЯ СФЕРА ФАЛЬКЛОРУ

 

Каляндарна-абрадавая паэзія

 

Веснавы цыкл.

 

Асіповіцкі раён

 

№ 1. “Мы масленіцу пракаталі…”

Жанр – масленічная песня.

 

Мы масленіцу пракаталі,

Сырам горы ўкладалі,

Маслам зверху палівалі.

Што б нашы горушкі былі крутыя,

Наша маслентца з гор катліва.

А мы масленіцу пракаталі,

У пясок яе закапалі,

Да на лета яе прыбралі.

 

Запісала студэнтка 1 курса Чыстая І.В. у в. Рафалін Асіповіцкага раёна ад Гоціна  Рыгора Пракопавіча (1911 г.н ).

 

Бялыніцкі раён

 

№2. “А ужо дзеванькі масленка, масленка…”

Жанр – масленічная песня.

 

А ужо дзеванькі масленка, масленка,

Прыляцела к нам ластаўка, ластаўка.

Як села яна на калу, на калу,

Кідала масла па каму, па каму?

А хто ўхопе той таму, той таму,

А наша Танечка ўхапіла, ўхапіла.

У чарапочку стапіла, стапіла,

Там свайго Іваньку карміла, карміла.

 

Запісала ў 1992 г. студэнтка 1 курса Мытнік ў в. Мокравічы Бялыніцкага раена Магілеўскай вобласці.

 

Клічаўскі раён

 

№3. “Цешча ля зяця ды ўдобрылася.”

Жанр – масленічная песня.

 

Узяла ніва наварыла, шчэ й пірог спякла,

Спякла пірог на дванаццаці рублех.

За восем рублей мукі, солі ўзяла,

На чатыры рублі яшчэ сахару кусок.

Я думала цешчуха сямерых угасціць,

А ж мой зяцек сеў і адзін ўсе наеў.

Бадай цябе зяцюхна дый разарвала бок,

Прыедзь ка мне цешчухна,

Дый на масленую.

А я цябе цешчухна яшчэ й лепш ўгашчу,

Пасадзіў зяць цешчу ды за новым сталом.

А к вакну вачымы, ды к сталу плячымы,

Тут мая цешчухна, ды блохі лічыла.

То адна, тод зве, гэта зяцю, гэта мне,

А дзе тая лазіла, што на спіне лазіла.

Паехала цешчухна, ды папыхваючы,

Як узлезла на печ, дык чуць выдыхаючы.

На двары сабачкі, ды яхі-яхі,

Паглядзіце дзетачкі, ці не зяць едзе ліхі.

Ці не едзе ліхі зяць на пахмельніка зваць.

А скажыце дзетачкі, што я больна была,

Што я больна была, баліць сэрца, галава.

 

Запісала ў 1985 г. студэнтка 1 курса Паражынская Ганна ў в. Бацэвічы Клічаўскага раёна Магілёўскакй вобласці ад Півуновай Марыі Іванаўны (1919 г.н. ).

 

№4. “Масленіца.”

Жанр – масленічная песня.

 

Прыпеў:

Шчабячы, шчабячы, ластавіца,

А ў нас сення масленіца.

 

А ў нас жоны кроны ткуць,

А наша Тэкля лен трэпле.

Прыпеў той жа.

 

Пад страхою стоючы,

Салаўем гаворачы.

Прыпеў той жа.

 

Каціцеся, дзеткі, у патрэп’е,

А я , малада, у зрэб’е.

Прыпеў той жа.

 

Раскашы, мне, Пятрэц,

Як мне дзетачак адзець.

Прыпеў той жа.

 

Усіавай, уставай, ты, ранюсенька,

Умывайся бялюсенька.

Прыпеў той жа.

 

Сваіх дзетак адзевай,

На работу паспявай.

Прыпеў той жа.

 

Запісалі ў 1992 г. студэнткі 1 курса Каваленак Н., Астроўская М., Шаманкова М. у в. Нясата Клічаўскага раёна Магілёўскай вобласці ад Пекур Е.А. (1911 г.н. ).

 

Круглянскі раён

 

№ 5.“Выйду на вулку, запаю…”

Жанр: масленічная песня.

 

Выйду на вулку, запаю,

Усіх дзевачак сабяру,

У мяне маладзенькай муж ліхі,

Сам на вулку не пайдзе,

Мяне маладзеньку не пусціць,

А хоць пусціць, позненька,

А дзеверачкі грозненька.

Будзем гуляць да свету,

Да позняе вячэры,

А дамоў ісці баюся,

А ў дзеверачкі праўуся:

“А здеверачка, родны брат,

Давядзі мяне да дому,

У новую камору,

На новую кравать,

Я ж цябе буду шановаць”.

–Адвяду цябе да дому,

Куплю табе хустку шаўкову.

 

Запісанаў 1978 г. у в. Вугляшы Круглянскага р-на Магілёўскай вобл. ад Ярковіч Ганны Сяргееўны студэнткай 1 курса філфака БДУ Цімуравай Рымай.

 

№6. “Ноч мая, ноч мая цемна…”

Жанр – масленічная песня.

 

Ноч мая, ноч мая цемна,

А свякроўка ліхая.

Шлець мяне, шлець мяне младу

Проці ночкі на ваду.

– Баюся, баюся не пайду,

Проці ночкі не пайду.

А не певень, не певень не пяець,

А не гуса не крычыць.

Толькі адзін, толькі адзін  вучыліша

За гарою вые.

А мой мілы на начлезе начуець

Ен усе гэта чуець.

– Не бойся, не бойся, мілая,

Не адна ты такая.

Есць у лузе, есць у лузе красачкі,

А на небе пташачкі.

Яны цябе, яны цябе прывядуць

І вадзіцу паднясуць.

 

Запісала ў 1991 г. студэнтка 1 курса Лаева І.В. у в. Кананавічы Круглянскага раёна Магілёўскай вобласці ад Краўцовай Марыі Іванаўны (1923 г.н.).

 

 

№7. “Нашу масленіцу…”

Жанр – масленічная песня.

 

Нашу масленіцу кот падраў,

Нашых мальцаў чорт пабраў.

Асталося чатыры і тых чэрві стачылі,

А дзевачак пяць, яны ў пярынцы спяць.

 

Запісала ў 1978 г. студэнтка 1 курса ў в. Дуброва Круглянскага раёна Магілёўскай вобласці ад Шэратавай Марфы Сідараўны (1909 г.н.).

 

Магілёўскі раён

 

№8. “А чаму ж ты, масленка…”

Жанр – масленічная песня.

 

А чаму ж ты, масленка

Ды не сем нядзель,

Масленка, масленка.

Адна нядзелька і тая караценька,

Масленка, масленка.

 

Запісала ў 1988 г. студэнтка 1 курса Цумарова С. у г. Магілёў ад Абложнай А.М. (1921 г.н. ).

 

Чавускі раён

 

№ 9. “Прыйшла Масленка...”

Жанр – масленічная песня.

 

Прыйшла Масленка,

Прыляцела ластаўка,

Села яна на калу,

Падае ўсім па бліну,

Хто папросіць, то таму.

Прыпеў:

Трынцы, брынцы,

Пякіце блінцы.

Мажце маслянее,

Будзе пасмачнее.

Трын-трын-трынцы,

Падавайце блінцы!

 

Запісала студэнтка 1 курса Карчагіна Алена Уладзіміраўна ў г. Чавусы Магілёўскай вобл. ад Бурынай Марыі Елівееўны (1927 г.н., бел., мясцовая).

 

Шклоўскі раён

 

№ 10.“На вуліцы дзеўкі гуляюць…”

Жанр: масленічная песня.

 

На вуліцы дзеўкі гуляюць,

Мяне маладую гукаюць.

А ў мяне, маладой, муж ліхі

На вуліцу не пускаюць.

 

А я выйду на высеку ды запяю,

Ды ўсіх дзевачак сабяру,

І музычанкаў трох найму,

І будзем гуляць да свету

І да позняга абеду.

 

А ў двор ісці баюся

І дзявёрачкі прашуся:

--Завядзі мяня дадому,

Пашыю кашулю да долу,

Дам табе хусту шаўкову.

А зачуў гэта муж ліхі,

А й на двару ходзючы,

У руках бізун носяцы.

 

--Я ж табе, шэльма, бок праб’ю,

Да долу кашулю сам знашу,

Шаўкову хусту ўдаль палажу.

 

Запісана ў 1978 г. у в. Ступляны Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл. ад Карпавай Таццяны Філіпаўны 1913 г.н., беларускі, пенсіянеркі, нар. у в. Бушоўка Круглянскага р-на.

Запісалі студэнткі 1 курса філфака БДУ Паўловіч Н., Моніч З., Саламевіч Т.

 

№11. “Хто на вуліцу не йдзець…”

Жанр – масленічная песня.

 

Хто на вуліцу не йдзець,

У таго лен зарасцець.

Масленіца!

Травіцею-палевіцею

Лен зарасцець.

Масленіца!

Траўкай-мураўкай зелянюсенькай

Лен зарасцець.

Масленіца!

 

Запісала ў 1992 г. студэнтка 1 курса ў в. М. Аўчыненкі Шклоўскага раена Магілёўскай вобласці ад Раманавай Марыі Мікітаўны (1925 г.н. ).

 

№12. “Маслінка…”

Жанр – масленічная песня.

 

Маслінка–(каўзуха),

Вадзіся ж ты (да Духа).

А казалі, да Маслёнкі (семь нядзель).

А ж да масленкі (адзін дзень).

Адна нядзелька, і тая караценька,

Масленка, масленка!

Сядзелі бабкі (крыцаю)

Калупалі зямлю (спіцаю).

Пра нявестак (судзілі),

А своіх дачок дачок (хвалілі).

А свая дачушка – (рабатушка),

А нявестка – (гультайка):

К печы пайшла – (спяклася),

На ваду пайшла – (аблілася).

 

(“Слова ў дужках”) – 3 разы.

 

Запісалі студэнткі І курса Барадзевіч В.І. і Барсуковай Ф.В. у в. Запалм Шклоўскага раёна Магілёўская вобласці ад Новікавай Валянціны Яфімаўны (1938 г.н.).

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики.

Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.