РЫТУАЛЬНА-МАГІЧНАЯ СФЕРА ФАЛЬКЛОРУ

 

Каляндарна-абрадавая паэзія

 

Вяснавы цыкл.

 

Гомельскі раён

 

№1. “Масленіца.”

Жанр – масленічная песня.

 

Ластавачка-кукушачка

Прылятала, шчэбетала,

Свайго пана пабуджала.

“Ах, ты, пан-пан,

Устань,устань,

Запалі свячу,

Ясненькаю, красненькаю.”

 

Запісала ў 1995 г. студэнтка 1 курса Яцук Надзея ў г. Гомель ад Юрачкова Леаніда Васільевіча (1939 г.н. ).

 

Лоеўскі раён

 

№2. “Ой, я масленіцу пракатала…”

Жанр–масленічная песня.

 

Ой, я масленіцу пракатала,

Усе святыя вечарочкі прагуляла.

Ой, я масленіцу баламутную,

Ухваціла сыру і масла, да нехутка.

 

Запісаў студэнт 1 курса Шынкевіч Т.А. у в. Ісаковічы Лаеўскага раёна Гомельская вобласці ад Халаеяўны Проскоф’і Федосаўны (1902 г.н.).

 

Рагачоўскі раён

 

№3.“На гары елка сцеліцца, сцеліцца…”

Жанр–масленічная песня.

 

На гары елка сцеліцца, сцеліцца,

А пад ей зайчык туліца, туліца,

А нас, дзевачек, вуліца, вуліца.

А мы заячку злавілі, злавілі.

Дзеўкі мяса ядуць, смяюцца, смяюцца,

А хлопцы косці грызуць – грызуцца, грызуцца.

 

Запісала студэнтка 1 курса Навумчык Наталля ў в. Турск Рагачоўскага

раена Гомельскай вобласці ад Сапацькавай Надзеі Іосіфаўны(1935 г. н.).

 

Чачэрскі раён

 

№4. “Я думаламасленка сем нядзель…”

Жанр – масленічная песня.

 

Я думаламасленка сем нядзель,

Астаецц масленкі адзін дзень.

А е ў мяне, мамачка, белы сыр, белы сыр,

Пабіў мяне мамачка сукін сын, сукін сын.

А я таго белага сыра не хачу,

А я таго белага сыра не хачу,

А я таго сукіна сына не люблю,

А я таго сукіна сына не люблю.

 

Запісала студэнтка 1 курса Лепека Я.Я. у в. Залессе Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці ад Харпуновай Анны Савельеўны (1907 г.н.).

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики.

Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.