Брэсцкая вобласць
РЫТУАЛЬНА-МАГІЧНАЯ СФЕРА ФАЛЬКЛОРУ
Каляндарна-абрадавая паэзія
Веснавы цыкл
№1. “Гаем зеляненькім…”
Жанр – масленічная песня.
Гаем зеляненькім,
Там арала дзяўчыненька волікам чарненькім}2 р.
Арала, арала, няўмела гукаці,
Да наняла казачэньку на скрыпачцы граці. } 2 р.
Казачэнька грае, вочкамі міргае,
Чорт тваю душу знае- на каго міргаеш. }2 р.
Ці на мае волы, ці на мае коні,
Ці на мае бело ліцо ды на чорны бровы.}2 р.
Ні на твае волы, ні на твае коні,
А на твае бело ліцо ды на чорны бровы. }2 р.
Запісала ў 1998 г. студэнтка1 курса Ефімовіч Вольга Сцяпанаўна ў в. Стайкі Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці ад Кучур Ніны Аляксандраўны (1923 г.н.).
№ 2. “Масленіца”
Жанр – абрад на масленіцу.
Пяклі на масленіцу вераб’еў. Здумоўвалі. У каго, дзе старэйшая баба была ў хаце, то казала: “Ну, сення, пташак напячом ужо”. Пяклі і елі за маліну. А паедзе бацька і маці на базар у Баранавічы, то прывязе сітніцы. Сітніца была–хлеб такі быў, не белы, а сітны хлеб. Ды ўжо чакаем, і карагоды былі.
Запісала ў 1998 г. студэнтка 1 курса Ефімовіч Вольга Сцяпанаўна ў в. Стайкі Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці ад Жанкевіч Марыі Сідараўны (1932 г.н.).
№ 3.”Ой, лэтілы, гусы…”
Жанр – масленічная песня.
Ой, лэтілы гусы, гогочучы,
А заімі другы, говорачы.
Ой, да нэ лэталы то лэталы,
А такога сэла не бачылы.
Ой, як тое сэло Кустынское,
Ой, якое яно хорошае.
Ой, там дівонькі як зіронькі,
Молодцы як поныгы.
А там молодыцы як белыц,
Ой, молодая молодыця.
Ой, выйды, выйды на вулыцю:
– Не могу выходыты,
З дэванькамы гулі разводыты.
Запісала ў 1971 г. студэнтка 1 курса Кулыгіна С. у в. Лышчыцы Брэсцкага раёна Брэсцкай вобласці ад Палінюк Надзеі(1962 г.н. ).
№ 4. ”Масленіца.”
Жанр – масленічная песня.
Наша масленіца гадавая,
Яна гасцейка дарагая.
Яна пешаю к нам не ходзіць-
Усе на коніках раз’язджае.
Каб конікі былі вараныя,
Каб слугі былі маладыя.
Запісала ў 1996 г. студэнтка 1 курса Лагвіновіч Святлана Паўлаўна ў в. Люлькавічы Ганцэвічскага раёна Брэсцкай вобласці ад Васілевіч Алены Аляксееўны (1946 г. н.).
№ 5. “Сеялі дзяўчаткі…”
Жанр – масленічная песня.
Сеялі дзяўчаткі
Учора хмель.
– Расці, хмелечак,потішэчках увесь.
Дрібная расада
Не водзіцца.
Малады малойчык
Не жэніцца.
Красныя дзеўкі
Замуж не йдуць.
Адна дагадалася-
Замуж пайшла.
Цешча для зяця
Піражкі пякла.
Запісала ў 1972 г. студэнтка 1 курса Піткевіч Н. А. у в. Клетная Пінскага раёна Брэсцкай вобласці ад Сліж Канстанціны Адамаўны (1906 г.н.).
№ 6. “У нас сення масленіца…”
Жанр – масленічная песня.
У нас сення масленіца,
Прыляцела к нам ластавіца,
Села-пала на калу.
Скінула масла па каму,
А хто схопіць дык таму.
Наша Агатка хапліва,
Тое масла схапіла.
У кубачку стапіла,
Свайго мілага паіла:
– Пі, мой мілы хоць да дна,
Я у цябе буду адна.
Запісала ў 1978 г. студэнтка 1 курса Дубянецкая Зінаіда ў в. Востраў Пінскага раёна Брэсцкай вобласці ад Страбульскай Таццяны (1905 г. н.).
№ 7. “Было лето як бывало…”
Жанр – масленічная песня.
Было лето як бывало
Я молодзенька не гуляла,
Я молодзенька не гуляла,
Бо мяне маці не пускала.
Мяне маці не пускала,
Дый ў комороньку запірала.
Дый у комороньцы оконечко,
Мне на вуліцу відненечко.
А на вуліцы пароход едзе,
А ў пароходзе мой брат едзе.
Старшой сястрыцы персцень вязе.
Старшу сястрыцу выклікае,
Срэбраны персцень падае.
Запісала ў 1991 г. студэнтка 1 курса Мікша А. у в. Цераблічы Столінскага раёна Брэсцкай вобласці ад Шпакевіч Проссі Пракопаўны (1925 г.н.).