Архіўныя запісы ВНЛ беларускага фальклору:

***

У Дзяды нада гатовіць абязацельна 11 страў. Я сцялю беленькую скацерць, а пад ніз – сена. Стаўлю стравы і свечачку. Усё, што ёсць на стале закусі, кладзеш у асобную тарэлачку. І сказаць нада, што мы чакаем Дзядоў, каб яны прышлі, пачаставалі. Кажуць, чаму ж яны не з’елі? А душы, ёй толькі панюхаць нада, не есці. А як свята кончыцца, аддаю скату, што Дзядам ставілі.

Запісала ў 1995 годзе студэнтка аддзялення беларускай і рускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта БДУ Яскевіч Марыя Станіславаўна ў в. Бялькоўшчына Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці ад Тумашэвіч Надзеі Лявонаўны (1927 г.н., беларускі, скончыла 7 класаў, мясцовай).

 

Абрад “Дзяды”

На памінкі абязацельна каб хто-небудзь са стараны прыйшоў. Вось так даўней старэйшыя гукалі. Чалавек прыйшоў, дый, мусіць, “дзед”, прыйшоў з таго свету. На памінкі не стукаюцца, калі п’юць гарэлку. А што са стала звалілася – гэта ўжо ім, не нада падбіраць. А што засталося – тожа ім будзе. А хто павесіўся сам, яго зусім чэрці пацягнулі, яго нет тут. Нігдзе. А чэрці віламі кідаюць ў агонь. Чалавек грэшны – яго на вілы і ў агонь. Дажэ не памінаюць, хто удавіўся. Кажуць, чорту душу аддаў і ўсё. “Дзяды” самі прыходзілі, іх не звалі. На стале хай усё стаіць, са стала ўставалі, хто калі хоча. К “Дзядам”, бывала, папаша кабанёнка рэзаў. А “Дзядамі” зваліся, бо болей “дзяды” паміралі, маладня не ўміралі, а старыя (дзед, баба). У пасты нікагда не жаніліся, у памінальную – цем более. “Дзядоў”ніколі не звалі, не. Баню тапілі, мыліся, куццю варылі, паміналі ў хаце. І калі за сталом сядзіш, то нельга аблакачывацца і ложку ложаць адкрытую. Насорыцца што – не падбірай, гэта ўжо для іх валіцца. У нас было тры іконы, свечкі палілі. Тады адну патушаць, як куццю з’ядуць, а тады маліліся дужа Богу. Стол прыкрывалі. А на заўтра, на стале, устанеш – няма нічога. Во як раней было.

У бані лажылі “дзядам” мыла, гатовілі ваду. Казалі, прыдуць “дзяды” мыцца сягоння. Нада, каб усё было ім гатовае. З місак “дзядам” адкладвалі. І поліўкі адлівалі. Вокны не завешваліся. Даўней мама на памінкі лажыла на стол пірог, соль, туды куццю на падклад. Тата свечкі запаліць – і мы усе малыя, на каленях, вакол яго. Ён моліцца: “Госпадзі, памілуй усіх сроднікаў”. Пасля – перваначальна тры разы куццю патрошачку, дагэтуль нікому есці. Варылі і камы´, кіслую поліўку. “Дзядам” адкладвалі яду аддзельна ў кружачку. Калі клаліся на “Дзяды” спаць, са стала не прыбіралі. Кружачка, у якую “дзядам” есці адкладвалі, стаяла да памінак у шкапе. І нярушымце.

Запісала ў 2000 годзе студэнтка завочнага аддзялення філалагічнага факультэта БДУ Давідоўская Таццяна ў в. Антонава Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці ад Бадуна Гаўрылы Андрэевіча (1904 г.н., беларус, сярэдняя адукацыя, мясцовы).

 

***

Хлеб пякуць на Дзяды. На Дзяды пякуць перапечку*. (Пшанічная). Пшаніцу падсушаць на печы, змелюць у жорна, тады гэту перапечку пякуць на Дзяды і ядуць вечарам.

На Дзяды певуна секлі ці курыцу, сыр у масле смажуць, капусту вараць з певунінаю.

Заўвагі: *Перапечка або прасна – гэта пшанічная булачка на скаварадзе.

Запісалі ў 2000 годзе студэнткі аддзялення рускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта БДУ Касцюкевіч Алена Уладзіславаўна і Наскова Алеся Генадзьеўна ў г. Дзяржынск Мінскай вобласці ад Змачынскай Вольгі Іосіфаўны (1919 г.н., беларуска, нарадзілася ў в. Волка Дзяржынскага раёна).

 

***

На Дзяды ўсе хадзілі на кладбішча, убіралі, а патом паміналі: гатовілі ежу, у першую чаргу кашу з ячменных круп. І елі гэта дома, а продкам на талерачку адкладалі, як елі, і казалі: “Дзяды, Дзяды, прыхадзіце і за сабой усіх вядзіце!” Заўсёды свечку запальвалі, маліліся і звалі дзядоў: “Прыхадзіце, прыхадзіце к нам!” Дзяды бывалі тры разы. Адні – Траецкія. Тыя, што перад Троіцай. Помню, тады мама ўвечары печ топіць, смачнае гатуе: сала, бліны пячэць, яечню, мяса… Ну, у каго што было… А мы, дзеці, тады рады… Пасля – Змітраўскія Дзяды – другога наябра. Змітраўскія ад таго, што Дзмітрый Данской перамог… І Пакроўскія. Тады, калі акцябар.

Запісала ў 2010 годзе студэнтка спецыяльнасці “Славянская філалогія” філалагічнага факультэта БДУ Сіроткіна Ганна Пятроўна ў в. Вяжоўка Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці ад Дармідошкі Ганны Фёдараўны (1919 г.н., беларуска, вышэйшая адукацыя (працавала настаўніцай), мясцовая).

 

***

Восенню… Усе святыя – першы дзень, потым дзень задушный. Першага акцябра з адмёрлых абчышчаюць усе магілы і 8 ілі 10 дней паляць на кладбішчы свечкі, молюцца.

Запісаў у 1998 годзе студэнт філалагічнага факультэта БДУ Колабаў Кірыл Аляксандравіч у в. Завельцы Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці ад Ярмак Уладзіславы Казіміраўны (1921 г.н., літоўка, пісьменная, мясцовая).

 

***

Другога лістапада – Задушны Дзень ці Дзень Усіх Святых. Перад гэтым днём ішлі на могілкі, прыбіралі ўсё, прыносілі кветкі, свечы, маліліся. У самы Дзень Усіх Святых паміналі не паасобку кожнага нябожчыка, а ўсіх разам. Уся вёска ў чорным адзенні – у жалобе.

Запісалі ў 1990 годзе студэнткі філалагічнага факультэта БДУ імя Леніна П.М. Булдакова і А.В. Гіціна у в. Індуры Гродзенскага раёна Гродзенскай вобласці ад Белуць Марыі Дамінікаўны (1925 г.н., беларуска, адукацыя 7 класаў, мясцовая).

 

***

На Дзяды на могілкі насілі толька цветы або пасвенчоныя пячэнне, хлеб, ваду. Свянцонай вадой крапілі магілкі. Перад памінальнай вячэрай гаварылі : “Дзяды, дзяды, усе сабірайцеся к сталу”. Усіх паімённа. Астаўлялі яду на стале. Уночы дзяды сніліся. Гэта было добрым знакам.

Запісалі ў 2002 годзе студэнтамі Г.М. Навумчык, Ю.І. Данільчык, В.М. Астроўская, І.С. Канановіч у г. Зэльва Гродзенскай вобласці ад Борыс Ніны Антонаўны (1931 г.н.).

 

***

Яшчэ гэта свята называлася Асяніны. У гэты дзень калолі парсюка ці рэзалі цялушку або авечку. Гатавалі такія стравы, як куцця, бліны, клёцкі, мяса. Перад гэтым святам абавязкова ўбіралі падворак і хату, мыліся ў лазні. На вячэру заклікалі сваякоў, суседзяў. Гаспадар запальваў свечку і звяртаўся да памерлых: “Прыходзьце да нас на Асяніны ўсе тыя, што займалі гэту сялібу”. Ад кожнай адкладвалі памерлым продкам. Пасля заканчэння вячэры зноў звяртаўся  да дзядоў, развітваючыся з імі: “Святыя дзяды, елі і пілі, ідзіце да сябе”.

Запісала ў 2001 годзе студэнтка філалагічнага факультэта БДУ Е.С. Канановіч у в. Дзітва Лідскага раёна Гродзенскай вобласці ад Нямшной Клаўдзіі Піліпаўны (1940 г.н., полька).

 

***

Збіральнік: а як у нас Дзяды святкавалі?

1-шы інфармант: о! Дзяды! Ну-ка, Нікіфараўна, расказвайце, як Дзяды святкаваілі ў вас. Варылі…

2-гі: Ну, варылі "дзяды", варылі расольнік. Немножка фасолі павараць з грыбамі, а тады кідаюць агурэц абчышчаны, парэзаны. А патом кідаюць лукавіцу, ну і лаўровы ліст. Эта постныя. Кашу варылі з постным маслам.

1-шы інфармант: На стол што б гарачае ўсё было і што б стравы былі ў нічотнае чысло.

2-гі: Ніўчоснае… штоб расольнік, тамака…

1-шы: Галушкі…

2-гі: Галушкі – гэта ўжо на другі дзень. Таму што галушкі з малаком варылі. А вот на першы дзень на вечар ужо які-небудзь гуляшык з грыбамі на втарое, а на трэцяе – каша. І кампот…

1-шы: А як та называлася? Не боршч варылі, а…

2-гі: Расол!

1-шы: Не, не расол…

2-гі: Квас – з буракоў боршч.

1-шы: Буракі рэзалі, тожэ посны быў…

2-гі: Буракі, сразу квасілі іх. Квасілі калі не ў бочкі, так у спецыяльна для дзядоў – у банкі. Што б яны кіслыя сталі. Проста буракі красныя вадой наліваюцца і яны як укіснуць, так такі ўкусны расол. І вот етых буракоў нарэжаш скрылечкамі мелка, і луку туды, і поснага масла. Ета карасі называліся. І эта на поснае. А ўжэ назаўтра ізноў варылі расольнік і з мясам. Галушкі. Аладзі ці блінчыкі.

1-шы: Кісель был.

2-гі: Кісель, кашу.

1-шы: Тады ўжо больш страў варылі. Скаромныя дзяды.

2-гі: Дзяды два дні святкавалі. Гэта ў пятніцу ў вечары яны заходзяць. Постная вячэра. А вот удо як адслужат у цэркве с утра ў суботу, тады ўжо людзі прыходзіць і абедаюць. Гэта ўжо скаромнае.

1-шы: І звалі ўсіх родных сваіх: прыходзьце на вячэру.

2-гі: Як садзіліся ўжо за стол, так адкладвалі ўжо ў другую тарэлачку. Папа, вот ужо расольнік елі, ён ўжо ложачку туды лінуў. Сталі есці карасі ці што там на втарое, ён тоже атклаў на талерачку. Для дзядоў. І ўжо корачку знімаюць і кашу тожэ ложаць для дзядоў і свечку запальваюць. І свечка гарыць, пакуль паужынаюць і паабедаюць.

Запісала ў 2008 годзе студэнтка спецыяльнасці “руская філалогія” Радачынская Аліна Аляксандраўна ў г. Рагачоў Гомельскай вобласці ад Курачэнкі Кацярыны Міхайлаўны (1948 г.н., беларуска, вышэйшая адукацыя, нарадзілася ў в. Раманаўка (Хапаны) Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці), Навіцкай Вольгі Нікіфараўны (1916 г.н., беларуска, сярэдняя адукацыя, мясцовая).

  

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики.

Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.