Ад Акуліч Н.Я.

Калі немцы ў нашу дзярэўню прыйшлі, то мужчыны ў партызанах былі ўжэ. У дзярэўні толькі бабы з дзецьмі ды старыя. Немцы нас пагналі некуды. Многа людзей пабілі, а каторыя дык у дарозе памёрлі.

Прыгналі на нейкі хутар, запёрлі ў хляве. Мы ўжэ думалі, што паліць будуць. Спужаліся,усе дзеці сільна крычалі. Ты да малекі прыціснуліся, сядзімо. Але не сталі немцы нас паліць. Назаўтра выпусцілі і далей пагналі. Пад вечар мы спыніліся. Дзеці плачуць, есці, піць хочыцца. А ўжо зусім сцямнела. Гляджу: побач дрэў і елачак густых многа. Думаю, можа, ўцячы можна. Сказала мамцы. А з намі яшчэ мае дзве сястры былі: Лёкса і Мар’я. Пасядзелі мы яшчэ трохі, а маці нас у кусты штурхае, шэпча ціхенька: “Уцякайце, дзеткі!”. Шмыгнулі мы ў кусцікі, а нас елачкі і закрылі. Беглі, не чуючы ног, не бачачы дарожачкі. Доўга па лесу блукалі. Стаміліся. Ідзем, ідзем у адзін бок, аж чуем: немцы гергечуць. Мы ўцякаць. А тады апяць. Збіралі дзе-нідзе карэньчыкі, што можна было есці. І, помню, увесь час спаць хацелася. Кажыцца, заснуў ба, каб ніхто цябе не чапаў, адаспаўся, а тады можна і дальша ісці. Не верылася, што гэта будзе такі час, калі не нада ні ад каго бегці, можна будзе спакойна спаць. І пасля вайны яшчэ доўга не верылася. Сястра мая, Мар’я, яшчэ трохі трымалася, а Лёкса ўсё гаварыла, што ножкі паапухалі, далей не можа ісці. От так мы і бадзяліся, пакуль нас партызаны падабралі. Сталі мы ў атрадзе жыць. Спалі ў зямлянцы, холадна, вошай было сільна многа. Але нічога, ўсё-такі сярод сваіх. У нас у атрадзі быў партызан. Мы яго дзядзька Санька звалі. Прозвішча яго не памятаю. Дык яго жонка двойню нарадзіла. Усё плакала, што яна будзе з гэтымі дзецьмі рабіць у холадзе, у голадзе, як жыць. Адно дзіцятка памерла, а другое неяк выжыла. Усё дзіваваліся, як эта яно жыво асталося. Але нічога, шчэ й выгадавалася.

От якое жыццё было.

 

Запісала ў ліпені 1985 г. студэнтка 1 курса беларускага адзялення Лось Галінаў г/п Кіраўск Магілёўскай вобласці ад Н. Я. Акуліч (1931 г.н.)

  

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики.

Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.