7 верасня 2014 года

Працягваем размову з Ядвігай Адамаўнай. Гаворым пра тое, што з твару зямлі знікаюць нашы вёскі. У некаторых ужо няма і хат, толькі ледзь відаць, дзе былі падмуркі. У некаторых, як у вёсцы Жыгуні Пастаўскага раёна, хаты засталіся цэлыя, бывае, што іх нехта яшчэ і даглядае, але няма ні воднага жыхара, толькі часам наведваюцца сюды на колькі гадзін іх дзеці ці ўнукі. Некаторым вёскам шанцуе, будынкі раскупляюцца, людзі адбудоўваюць тут сабе лецішчы. Так вёска не знікае, але знікае паступова яе асаблівы свет, знікае цэлая гісторыя. Добра было б, каб для нашчадкаў захавалася гісторыя кожнай вёскі, нібы гісторыя кожная краіны. Трэба захаваць і мастацкую спадчыну людзей, якія тут жылі. Гэта праца яшчэ многіх экспедыцый.

 

33. Вашы грыбы (анекдот)

От гарацкія дык усякія грыбы бяруць… А ў нас каб толькі харошыя: баравікі ці падасінавікі, казьлякі ці ўжо хоць лісічкі… А гарацкія дык і кабылкі, і ўсякую халеру, толькі што мухамораў ні цягнуць… Што яны зь імі робяць?..

Едуць людзі з гораду, а бачаць, дзед на лаўцы сядзіць, то пытаюць:

— Дзед, скажы, ці ёсць грыбы ў лесе?

А ён кажа так спакойна:

— Нашых німа, а вашы ёсць!

 

34. Пад могліцамі (прымхліца)

Гэта было як гадоў, можа, семдзісят назад. Адна дзяўчына з нашай вёскі пайшла ў Івенец. Бо некалі ж болей пяшком ішлі ці на кані. І гэта раніцай было. Вот пайшла яна ды зараз і назад ідзе. А сама ўся белая, спалоханая… Пытаюць тут у яе, чаго ж вярнулася. А яна кажа, што як падышла да Паршэлява (гэта такая гара высокая, дарога празь яе ідзе), дык убачыла жанчыну ці дзяўчыну усю ў белым доўгімнейкім адзенні. І яна стаіць так трохі галаву схіліўшы. Дзяўчына бліжэй падходзіць, а жанчына стаіць… А яшчэ бліжэй як падышла, то бачыць, што ў жанчыны твар белы… Дык не вытрывала, кінулася ўцякаць дамоў…

Хто паверыў у вёсцы, а хто і не. А тады сталі пытаць у старэйшых людзей. Дык яны кажуць, што даўно, больш, можа, як сто год назад там былі старыя магілкі, іх ужо й ніхто ні помніць. Тады там лесам засадзілі.  А месца на полі там і завецца “Пад могліцамі”.

 

35. Маёнтак(прымхліца)

Гэта во тожа было. Пагнаў пасвіць кароў адзін наш хлапец. Пагнаў пад Дзякаўшчыну, дзе возера. Вот пасе. А тады глянуў — дык бачыць, стаіць чалавек воддаль, галава нахіляна,  стаіць у чорных штанах, камізэлька чорная, белая кашуля… Так цяпер не адзяюцца, каб на поля прыйсці. Відаць, што чужы. Тады ў другі бок паглядзеў хлапец, а як назад глянуў, то чалавека ўжо й няма. Дзе дзеўся?

Тады пахпдзіў хлапец, ізноў глядзіць на тое месца — ізноў стаіць чалавек. І так колькі раз. Паняў тады ён, што гэта ні чалавек, а здань вот такая.

Спалохаўся хлапец, прыгнаў каровы аж дамоў. Расказаў каму там, зразу ні паверылі. Дык адзін стары распытаў, дзе той чалавек стаяў, ды кажа:

“Там жа некалі панскі маёнтак стаяў. І пан дажа харошы чалавек быў. А тады саветы як прыйшлі, раскулачылі таго пана і звезлі і яго, і дзяцей… Дык вот гэта той пан і стаяў”

36. Янук (анекдот)

Ідзе чалавек па вуліцы, бачыць, Янук на дарозя нешта шукая. Шукая і бядуя надта. Падышоў чалавек і пытая:

— Што ты згубіў?

— Ды капейку згубіў, — ізноў бядуя.

Дастаў той з кішані капейку:

— На табе капейку,- кажа, — ні шукай!

Узяў Янук капейку, парадаваўся і йзноў шукая.

Дык чалавек той кажа:

— Ну, дык я ж табе даў капейку, нашто йзноў шукаеш?

— Ага, дык каб цяпер гэну знайшоў, то было бы дзве!..

 

37. Чэсь (апавяданне-ўспамін)

Мой быў чалавен неблагі, але гультаяваты і надтаж спаць любіў. Вот як трэба раней устаць, ні за што ні падыміш, хоць гармату цягні.

Вот спім ночай. Нехта ў дзверы стукая. Я падхапілася:

— Хто? — пытаю.

Нешта бубніць нейкі чалавек, просіць адчыніць. А я баюся пускаць уночы чужога. Кажу:

— Мечык, устань. Ідзі ты паглядзі, хто там…

Як ні чуя… А той чалавек ізноў стукая. Я йзноў свайго прашу — ідзі! А ён мяне кляне, злуе:

— Адчапіся!..

А той чалавек абыдзе вакруг хаты, грукочучы нагамі ды йзноў у дзверы… Божа, змучыў за ноч. А тут ужо і віднея… Крычу я на свайго:

— Уставай, ідзі глядзі!

Пайшоў. Чую, ужо ўдваіх лётаюць вкруг хаты… Здурнелі, думаю. Тады ўжо ідуць у хату. Ажно ж гэта музыкант з вяселля ехаў на ровары. Хацеў зайсці вады папіць ці закурыць. А выпіўшы сам троха. Ровар паставіў каля адных варот, а тады выйшаў з двара праз другія, і ні ведае, дзе ровар дзеўся, бо цёмна. А на ровары і скрыпка. Вот ён нас мучыў, каб ровар памаглі знайсці.

Зайшлі, селі да стала. У таго музыканта каравая кусок, бутылка… Наш тут жа скварак, яйкі, агуркі… Селі, выпіваюць. Музыкант пытаецца:

— Як цябе зваць?

— Мечык.

А той нідачуў:

— Га, Чэсь? От, Чэсь, ну ты — чалавек!.. Ну, баба твая!..

 

38. Добра ўсё ўмець (апавяданне-ўспамін)

Мечык мой умелы быў, масцеравы. Што ні возмецца рукамы рабіць — усё зробіць. Але крыху гультаяваты. Дык вот дзядзька яму й кажа неяк:

— Паслухай, ты ж усё ўмееш, ты ж такі маладзец. Калі толькі ўсяму і навучыўся? Дык чаму ж ты не зрабіў …? (Ужо не помню што…)

А той яму і адказывае:

— Бо добра ўсё ўмець, але не ўсё рабіць.

 

39. На вяселлі (апавяданне-ўспамін)

Ідзём мы неяк на вяселле, у вёсцы было. Я, мой і Пеця з жонкай. Пеця кажа:

— Вы толькі ні зявайце там, як за стол садзіцца будуць. Бо тады як сядзіш на канцы стала, дык, ведама, там людзей з трох бакоў, скора ўсё з’ядаюць, дык будзя быццам гэта мы так многа ядзім. І глядзіце, каб каля Манькі ні сесці, бо яна тожа многа есць, дык і нам няёмка будзе.

Вот прыйшлі на вяселле, садзяць за стол. Дзе Пеця? Німа! Ужо мы ўтраіх селі, а дзе ён быў — ні ведаю. Глядзім мы — заходзіць Пеця, тады за ім Манька і садзяцца якраз на канцы стала. Нам і смяяцца німа як, і есці ад смеху нічога не можам. І Пеця сам сядзіць, толькі ў столь глядзіць, і еле смех трымае. Толькі мой сядзіць, усміхаецца, выпівае і закусвае спакойна. Во тады ўжо рагаталі, як выйшлі з-за стала танцаваць.

 

40. Гарбатая (апавяданне-ўспамін)

Неяк мы пасвілі радоўку з суседам Пецям. А трэба было тады з двух хат пасвіць разам. Вот пасём, а ідзе баба з нашай вёскі. Такая поўненькая, прыгорбленая трошкі, бо ўжо пастарэла. Пэўня, у горад ездзіла ды з аўтобуса ідзе. А Пеця кажа:

— Вунь, Гарбуля аднекуль ідзе.

Яе так звалі ў вёсцы. А я яму кажу:

— І вот як рабіць — дык лянуецца, а ў горад — дык зможа з’ездзіць.

Падыходзіць баба, а ён тады ціха кажа:

— А я скажу ёй, што ты на яе гэтак казала, што яна лянуецца.

У мяне і блохі падохлі. Кажу яму:

— А я скажу, што ты казаў, што яна Гарбуля…

— А я ёй скажу: “Дык цётка ж і праўда гарбатая, а што лянуешся — гэта ж ніпраўда…”

Каб ты праваліўся!..

 

41. Рэдзьку грыз (апавяданне-ўспамін)

Пасвіў Пеця ў полі з Рэнькай кароў. Так давялося, радоўка так выпала. А яна надта ж пець любіць. Хоць голас такі не надта мондры, але моцна ж пяе…

А мы тут чулі, што яна пела ў полі.

Тады гоняць кароў дамоў, дык мы ў Пеці пытаем:

— Што, наслухаўся песень? Харашо Рэнька пяе?

— Ну, як сказаць… Харашо, але так, што вот, здэцца б, рэдзьку грыз…

А ты ж вот так скажы.

 

 

42. Каштоўная (апавяданне-ўспамін)

Кажуць Пецю неяк:

— Харошая, Пеця, у цябе жонка.

— Ого! – згаджаецца ён. – Але каштоўная!.. Абы чаго не есць!

 

43. Запраўляць(апавяданне-ўспамін)

Капаюць усе бульбу на агародах. Ціха, і пагода добрая. А Рэнька на сваіх сотках, добра выпіўшая, як заўсёды, поркаецца і пяе моцна, на ўсю вёску. І яшчэ пішчыць неяк. А нашы соткі каля Пецявых. А я кажу:

— Во, Пеця, каб табе такую жонку!

А ён тут жа:

— Ого! А каб жа яе яшчэ воврэмя запраўлёў!

 

44. Заметка (апавяданне-ўспамін)

Як мы маладыя былі, яшчэ дзеўкамі, на ферме тады працавалі. Весела было, смешна з усяго… дык вот там у нас дзядзька такі Пупка быў падвозчыкам. Усё з намі дражніўся.

— Знаю добрую пару замуж ісці!

А мы ўжо яго просім:

— Скажы, дзядзька, скажы.

А ён нам:

— Ні скажу.

Так ніколі й не сказаў, бо й сам ні ведаў. Выдаваў ён нам сілос каровам. Ды так па малу, па крыху, як са сваёй кішэні. А каровы галодныя, шкода іх… Дык мы з дзяўчатамі ночай, як ён засне, хадзілі той сілос красці. Ды каровам насілі. Калхозным жа каровам, не сваім. Барані, Божа, каб сабе калі ўзялі, гэтага і ў галовах не было. А раніцай як убачыць, што мы бралі сілос, злуе, крычыць… А мы смяёмся ціха. У праўленне хадзіў, там скардзіўся, што нехта з дзяўчат крадзе сілос. А там смяюцца, кажуць:

— Дзядзька, дык ты замець, ты ж стораж!

— Замеціў, дык і заметку панеслі, хай іх ногі ня носяць!

 

45. Смешна (апавяданне-ўспамін)

Адна баба расказвала, што яна ў сваім агародзя нешта рабіла, дык як не відаць было. А па вуліцы йдуць дзве пьяніцы з нашай вёскі. Яны толькі пьюць, нічога не робяць, усё запушчана і ў хаце, і ў агародзе… Век гразныя… А то сёння цвярозыя, ідуць, нешта гавораць і так жа моцна голасна смяюцца!.. Дык я думаю (жанчына гэта): “От бедныя!.. З некага ж і яны смяюцца…”

 

46. Торг(анекдот)

Паехаў адзін мужык у горад. Бачыць, што там крамы надта шыкоўныя, шкляныя, яркія. “Дай пагляджу, што там”, ‒ думае. Зайшоў, а там стаяць два хлопцы выкшталцоныя, прадаўцы, пэўне.

— А што тут прадаецца? – пытае дзед.

А яны рашылі паздзекавацца з дзеда ды кажуць:

— Тут дуракі прадаюцца.

А ён ім:

— А, бачыш, і торг добра ідзе, што толькі два дуракі і засталіся.

 

47. Валёнкі (апавяданне-ўспамін)

У нашага дзеда валёнкі былі, зімой насіў. А вялізныя!.. Туды дзве такія нагі ўлезуць. Хто такія нашто рабіў? Дык ён накруціць туды цёплых ануч ці шкарпэткі тоўстыя — дык і цёпла. Пытаюць у яго:

— Дзядзька, як ты гэтыя валёнкі носіш, яны ж цяжкія?

— А нічога, іх трэба толькі разварушыць, а тады яны самі ідуць.

 

48. Як злічыць узрост (анекдот)

Пыталіся ў нашага дзеда, колькі яму гадоў. А ён кажа: “А хто яго, дзеткі, ведае, колькі ўжо гадоў. Вот як малы быў, дык без памяці быў. Як рос, дык яшчэ розуму не меў. А як да розуму дайшоў, дык можа і лічыў бы, дык што ж, ужо ж многа год прайшло… Як жа ты злічыш!”

 

49. Ксёндз (анекдот)

Каля нашага касцёла жыў ксёндз у доме. І ён на надворку сваім усё сам рабіў. Неяк раз нешта, чуваць, майструя, малатом стукая. Дык нашы хлапчукі скорынька да яго, і на плоце пачапіліся, і глядзяць на яго. Ён адхінуўся ды кажа:

— Хлопчыкі, што вы хочаце?

Яны маўчаць і хаваюцца. Як толькі ён малатком стукне, яны йзноў на плот. І так колькі раз.

— Дык што мы хочаце? – пытае ізноў ксёндз. Тады адзін малы кажа:

— Мы хочам паслухаць, што кажа ксёндз, калі стукне малатком па пальцы.

 

50. Карова (апавяданне-ўспамін)

Гонім неяк кароў дамоў з Пастаўніка ажно, што там на гары пад Макасічамі. А лета, горача, каровы гілююць… мы бегаем, бегаем, змагліся, каб як іх утрымаць. Вот прайшлі паўдарогі, ужо далёка адышліся, а адна баба прышла была па сваю карову аж сюды, да нас. То яна й кажа:

— А я ўзяла сваю сваю на повад ды вяду.

Азірнуліся мы — ажно повад па зямлі цягнецца, а карова далёка ў Пастаўніку засталася. Як усхопіцца гэта баба! Як пабяжыць!..

А мы тут і пакаціліся.

 

51. Пра ката (апавяданне-ўспамін)

Прапаў адзін раз наш кот. Доўга ні было, можа, два ці тры тыдні. А гэта ў яго марац, аказваецца, быў. Вот прыйшоў ён дамоў, скачаны ўвесь, нейкі спляжаны, падраны, гразны, вока заплыло… А тут суседка якраз прыходзіць. Паглядзела на ката, ківае галавой ды кажа:

— Вот. Дык гэта ж толькі гуляе. А каб жа яшчэ піў!

Вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору

Адрас электроннай пошты: folkndl@yandex.ru


Адрас: 220030, Рэспубліка Беларусь, г.Мінск,
вул. К.Маркса, дом 31, п.39.

 

Тэлефон: 365-39-45

(з рэгіёнаў Беларусі: 8-017-3653945, 
з замежжа: +375 17 3653945)

 

Прыём наведвальнікаў:

панядзелак, серада, чацвер
з 10.00 да 16.30

(перапынак 

з 13.00 да 14.00)

У сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй прыём наведвальнікаў прыпынены.

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики.

Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.