6 верасня 2014 года

Сёння яшчэ будзем запісваць аповяды Ядвігі Адамаўны Залатар. Яна крыху саромеецца гаварыць, калі ўключаецца запіс. Тады траціцца выразная інтанацыя апавядання, яркія заўвагі і глыбокія лагічныя націскі. Сёння паспрабуем запісваць на паперу (чарнавік).

 

25. Пра долю (былічка)

Жыў у адной вёсцы багаты чалавек. Вот ехаў ён неяк раз с кірмашу ці так з мястэчка праз лес. А ўжо вечарэла.

Прыстанавіў ён каня, ажно глядзіць — дык на тоўстай галіне, на суку сядзіць дзяўчына голая да пояса, а ніжэй — як у спадніцы доўгай… Смяе цца тая дзяўчына, ды ўсё кажа: “Вот як быў Мар’ян багаты, так і далей будзя… Вот як быў мар’ян багаты, так і далей будзя…” 

А ён як узлуецца ды кажа: “Чаго ты тут цягаешся голая?! Ідзі дамоў!” Ды й сцябануў яе пугай.

Тут яна саскочыла з галіны і пайшла ад яго і кажа: “Вот як быў Мар’ян багаты, то ўжо цяпер не будзя… Вот як быў Мар’ян багаты, то ўжо ніколі ні будзя!..” І прапала.

А чалавек той дамоў пехаў.

А праз які час — што дзе падзелася… Уся гаспадарка звялася і багацця развалілася. Разышлося, што й каня ні было за што купіць.

Дык старыя ўсё казалі, што гэта ён сваю долю сустрэў быў… Ці судзьбу, як цяпер кажуць.

 

 

 

 

26. Пра пана і жней (бываліца)

Вот праўду кажуць, што нічога ні можна да сэрца браць. Жыў гэта тут нідалёка адзін пан. Ён так ні надта вялікі магнат быў, але заможны, шляхціц, як казалі. А паны ж тыя дык і самі не баяліся працаваць.

Вот прыйшло жніво, дык паклікаў ён жней. Тыя жалі ўвесь дзень. І ён таксама з мужчынамі ўвесь дзень снапы ці сена вазіў з другога поля… Ці йшчэ што рабіў.

А тады вечарам прыйшоў на гэта паглядзець. А жнеі тыя і высока жжалі — дык гэта надта блага, бо салома на полі астанецца, — і каласоў многа ляжыць на полі.

Як узлаваўся, як забядаваў пан, дык адразу і памёр…

 

27. Як ясі, так і працуеш (бываліца)

Паклікаў пан жней сваё жыта жаць. Акрамя платы добрай, загадаў ім стол накрыць. Яды ўсякай!.. Ну, і ешча, частуйцеся! Дык бабы ўсе добра ядуць, бо смачна, пэўня хочуць боляй зь’есьці…

А адна дзеўка сядзіць, марудзіць, жуе памаленьку, слаба…

Глядзеў, глядзеў пан, ды кажа на яе: “Ідзі ты, дзеткі, дамоў. Як тя ясі, так і працаваць будзеш…”

І пайшла яна дамоў, як мыла зь’еўшы.

 

28. Як яўрэйка перац прадавала (гумарэска)

Некалі ў Івенцы жыла адна яўрэйка. Яна ўсё таргавала прыправамі. У яе ўсякія-ўсякія прыправы – якіх жа там ні было!..

Зайшоў мужык паглядзець, чым там яна таргуя, ды ні захацеў прызнацца, што ніколі ні бачыў тых прыпраў.

— Усып мне во гэтага, - і паказвая на перац.

Яна насыпала яму на паперку і на маленькіх вагах важыць. А ён кажа:

— Вот жа ты скупая, што ж ты так мала паклала, шкадуеш ці што?..

А яна ўсміхнулася й кажа:

— Яго ж многа ні зь’ясі.

— Чаму гэта ні зь’ем?! Я ж ні зломак!

Яна яму насыпасла ў лыжачку, а той — хоп у рот…

— Ну, што, - смяецца тая прадаўшчыца, - смашна?

— Сціхні, тваю трасцу, а то зараз як плюну, дык твая й хата згарыць!

 

29. Гультай фурман (анекдот)

Папрасіўся гультай да пана за фурмана быць. А ніколі нічога не рабіў, толькті лежма ляжаў.

Вот пан яму і кажа: “Ну, ідзі каня ў сані запрагай!”

А той пайшоў. Узяў каня за аброць, ды й заводзіць галавой між аглобляў да саней.

А мужыкі ўжо смяюцца: ”Як жа ты каня задам наперад у санях ставіш?”

А ён адказвая: “Чаму, вы ведаіця, куды я паеду?”

30. Гультай (анекдот)

А то ляжаў гультай на печы, ляжаў… А тут сусед яму крычыць: “Гэй, Мірон, твая хата збоку загарэлася!!!”

А гультай як задзівіцца: “Ну, вот жа й ні лянаваўся ты мне гэта крычаць!”

 

31. Гультай і байструк (анекдот)

Вот жылі ў в1сцы гультай і байструк. І ўсе іх крыўдзілі, абіжалі… На гультая брэшуць, што ён гультай, а на байструка — што байструк.

Надаела ім усё гэта, ды і думаюць яны: “Давай дзе зь’едзем. Там ніхто нс ні ведая, дык і добра будзя…”

Так і зрабілі. Паехалі далёка, за вялікі горад, пажылі крыху… А тады сустракаюцца і пытаюць адзін у аднаго, ну як жа цяпер?

—Нічога, — кажа байструк, — ніхто тут мяне ні ведая, дык цяпер добра.

— Вот, халера, — кажа гультай, — а мяне і тут гультаём завуць. Нехта, мусіць перадаў. Што за доля?

 

32. Дзесерт (анекдот)

Вот у адной бабы сын у горадзе пажыў. А тут прыехаў такі нафранчоны…

А маці ўжо й ніведая, як есці падаць…

Ён ужо кажа:

— Давай первая.

Маці яму ўжо булён нясе ці капусту кіслую звараную.

— Ну, цяпер давай фтароя.

Маці яму скваркі зь яйкамі…

А тады сын так пакруціў галавой і кажа:

— А дзесерт?

— А серд, сынок, у нас як быў за хлевам, там і астаўся. 

Вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору

Адрас электроннай пошты: folkndl@yandex.ru


Адрас: 220030, Рэспубліка Беларусь, г.Мінск,
вул. К.Маркса, дом 31, п.39.

 

Тэлефон: 365-39-45

(з рэгіёнаў Беларусі: 8-017-3653945, 
з замежжа: +375 17 3653945)

 

Прыём наведвальнікаў:

панядзелак, серада, чацвер
з 10.00 да 16.30

(перапынак 

з 13.00 да 14.00)

У сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй прыём наведвальнікаў прыпынены.

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики.

Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.