12 жніўня2014 года

Мы прыязджаем у вёску Лапуны Пастаўскага раёна. Яна знаходзіцца за сто семдзесят кіламетраў ад Мінска у напрамку на Вільню. Гэты горад мясцовыя жыхары называюць так да гэтага часу. Ужо сама дарога ў гэтыя мясціны з’яўляецца сапраўдным цудам — падарожжам у царства роднай прыроды, цішыні і вечнай прыгажосці. Мы праязджаем мясціны Беларусі, вядомыя ўсім: яшчэ раз дзівімся з прыгожых старых храмаў у Заслаўі, у Красным, потым у Маладзечне, Мядзелі… Затым нас сустракаюць цудоўныя мясціны Нарачанскага запаведніка з безліччу непаўторных азёр: Баторына, Мястра,Вялікія і Малыя Швакшты, Балдук і шмат іншых. У кожнага з іх свая гісторыя, свае легенды і свае таямніцы. Ажно сорак кіламетраў дарога вядзе па берагавой лініі возера Нарач, прыгажосць якога нас зачароўвае. Пасля шашы мы едзем дзесяць кіламетраў па пясчанай дарозе, а не даязджаючы да возера Лодасі, паварочваем направа. Вось і Лапуны— крыху смешная назва ў невялічкай вёсачкі, адной з тысяч такіх беларускіх вёсак, у якой засталося толькі тры хаты, дзе жывуць яе карэнныя жыхары. Назва паходзіць ад пашыранага тут прозвішча Лапун,што ў сваю чаргу азначае ні то “спечаны ў печы невялікі праснак ці піражок”, ні то “плячысты чалавек з моцнымі працавітымі рукамі, як лапы ў мядзведзя”. Дарэчы, другое пашыранае тут прозвішча Лоўкіс на літоўскай мове таксама азначае “мядзведзь”.Лясы, азёры, цішыня, высачэнныя старыя дрэвы… Ад Мядзелу мы ад’ехалі трыццаць кіламетраў, да Пастаў засталося яшчэ дваццаць два.Ад Лапуноў да мяжы з сучаснай Літвой застаецца толькі дзесяць кіламетраў. Вось такая геаграфія.

У такой прыгажосці, напэўна, жывуць прыгожыя людзі. Гэта мясцовасць захавала даўнія каталіцкія традыцыі, дзякуючы парафіі касцёла ў Камаях, якая працавала тут нават у савецкія часы. Гэта наклала свой адбітак на духоўнасць мясцовых людзей. А як жа ўсё гэта ўплывае на іх фальклорную спадчыну?

У Лапунах жывуць толькі пяцёра яе карэнных жыхароў. Усе пенсіянеры. Сёлета вясной памёр дзед Манюсь — пан Мар’ян — кладзезь мясцовых легендаў, баек і несканчоных смешных гісторый. Сёння з мужчын тут застаўся толькі пан Тадэвуш — так яго завуць усе з яўным намёкам на падабенства з героем Адама Міцкевіча. Трэба сказаць, што тут прынята звяртацца да ўсіх толькі са словам пан ці пані. Скажаце, устарэла, смешнавата? Зусім не, наадварот, гэта вельмі дарэчна і ў нечым нават вытанчана. Знаёмімся з паняй Лёнгінай. Гэта мясцовая прыгажуня, спявачка і мудрая дарадчыца. Сёлета яна адзначыла 85-гадовы юбілей. Нават у яе манеры гаварыць адчуваецца харызма, далікатнасць, прыродная мудрасць і бясконцая павага да суразмоўцы. Яна вучылася ў мясцовай польскай школе, тут выйшла замуж і пражыла ўсё жыццё.

Наша размова працягваецца некалькі гадзін. Слухаў бы і слухаў. Тут і гісторыя вёёскі і яе жыхароў, цікавыя звесткі аб правільным вядзенні гаспадаркі і клопатах аб здароўі. Зазначым, што пані Лёнгіна два гады назад перанесла інсульт, але з Божай ласкі сумела паправіцца і быць патрэбнай усім нам. Пані добра валодае польскай мовай, помніць шмат песень і вершаў па-польску. З задавальненнем слухаем іх і чакаем творы мясцовага беларускага фальклору. Дзе ж тут абысціся без песень! Слухаем кранальна-шчымлівыя вясельныя песні, лірычныя, восеньскія… Слухаем цудоўнае гучанне беларускай мовы з некаторымі мясцовымі асаблівасцямі.

Першы дзень заканчваецца з прыемным пачуццём, што дакрануліся да жыцця шчаслівага чалавека з матчынай мовай, з песняй, з богам у сэрцы.

А вось і неверагодныя мясцовыя аповеды, успомненыя паняй Лёнгінай.

 

1. Пра дзяцюка з дзеўкай (прымхліца)

Дзяцюк з дзеўкай любіўся гэдак. Тады гэтага дзецюка забілі на фронце. Дык гэтак дзеўка па ім ужо плакала і плакала па ім. Тады пайшла яна радзіцца, там да некага ж ўжо радзіцца: як ужо што рабіць, каб з ім увідзецца.Дык ей нехта парадзіў: вазьмі ксёнжку да набожэньства, свечку грамнічную і ружанец, ну, кажыць, ідзі ў лазню і маліся (гэта байка была такая). Кажыць, а як жа ж адзін у лазню пойдзеш? А яна гэтак ужо з ім хацела ўвідзецца, і пайшла ў лазню.

Малілася, малілася, аж, кажыць, прыязджаіць у лазню на конях, і забраў яе, і павёз (мне дык аж мароз па скуры ідзець). Кажыць: “Вятры веюць, віхры шумяць, а ўмарлыя <…> на конях лятаюць.” А яна звалася Леонора.

— Чы баісся, пані Леонора?

— Не баюся нічога. – едуць, <…>

— Што маеш, кідай на зямлю. – кінула ксёнжку.

А гэта ксёнжка, ужо лічыцца яна малітэўнік. А тады кажыць ізноў:

— Вятры веюць, віхры шумяць, а умарлыя на конях быстра лятуць. – ужо гэтак. Кажыць: — Што маеш святога?

Дык яна кажыць:

— Маю ружанец, – кінула ружанец.

А тады зноў, едуць, едуць, а ён пытаецца:

— Чы баісся?

А яна ўжо як з ім едзіць, яна ўжо эдак любіла, кажыць:

— Не баюся.

— Што маеш святога?

— Свечку грамнічную.

(А свечка грамнічная — гэта ўцаленне. Вы ж ходзіце ў касцёл, знаіце)

Як кінула свечку, прыехалі на магільнік, ён шых у яму — і палез, а яна і асталася.

Тады шла жабруючы, нашла свечку, нашла ружанец, нашла ксёнжку і прыйшла да хаты.

 

 

 

2.Пра жорны (былічка)

Гэтыя жорны, як мелюць. Адзін дзядзька пойдзець малоць, усё на ягоных жарнах сядзіць пятушок красненькі. Але, кажыць, ён яго не чапаіць (пятух яго ж не чапаіць), а ён пятуха не чапаіць. Тады нейкі дзядзька кажыць:

— Вазьмі, ‒ кажыць. ‒ Стукні палачкай па гэтым пятушку — пасыпяцца грошы.

Ён пачаў малоць. Гэты пятушок сядзіць. Ён як стукнуў палачкай — дык поўнае карыта золата пасыпалася, дзе жорны былі.

 

3. Як калісьці хадзіў Пан Езус па свеце з апастоламі(маральна-этычная легенда)

У яго было вучняў шэйдзесят тры, а апастолаў — дванасце. Ну, прыйшоў у адну хату. Ляжыць дзяцюк на печы. А ён (Пан Езус) жа знаў, дзе эта дарога, напрымер, ісці во на Навасёлкі. Пытаіцца, кажыць:

— Скажы, маладой чалавек, дзе нам перайсці на Навасёлкі?

А ён як ляжаў на печы, нагой каверык, кажыць:

— Вон туды ідзіце!

Ну яны выйшлі, ідуць. Заходзяцца ў другую хату. А там такая во харошая дзевачка, як і вы харошыя дзевачкі, тчэць кросны. Прыйшоў Пан Езус, кажыць:

<…>

— Ай, дзевачка, гэтак мы зблудзілі, не знаім дзе нам ісці. Дык, кажыць, каб як дарогу паказаць.

Яна гэтым чалнаком кідэль, выйшла на вуліцу, паказала дзе ісці, указала дзе павароты, дзе што ўсё.

Ідуць і маўчаць. Усе чыста вучні і Пан Езус маўчыць. Тады ён кажыць:

— Што рассуждаіце?

Дык яны кажуць, што надта гэта дзяцюк гарды гэтакі, кажыць, нагой кіўнуў, дарогу паказаў. А гэта, кажыць, дзевачка з красён вылезла, паказала дарожку, усё. Дык ён кажыць, Пан Езус да апастолаў:

— Ай-ай-ай, этат дзяцюк будзе, кажыць, гэтай дзеўкі мужык.

Дык яны да Пана Езуса кінуліся ў ногі, у рукі, кажуць:

— Не жані ты іх, гэту дзеўку з гэтым дзецюком. Гэтакі ўжо ніякі: цяжка было з печы злезці, але нагой выгнаў праз <…>.

Кажыць:

— Нет. Чалавеку назначана каждыму ёсць доля. Я ім только поблагослаўлю, каб яны добра жылі.

 

4. Пра золата (прымхліца)

Кажуць, раней жа золата хавалі, не ўмелі іспользаваць. Дык адзін дзядзька меў два гаршкі золата. І этат дзядзька прыстроіў два гаршкі золата.

Вучыўся адзін хлопец на бацюшку, да хаты ісці яму далёка, ішоў праз вёску, усе спяць. Думаіць: “Зайдуся я ў пуню, пераначаую, дзе сена ёсць”. Прыйшоў ён, лёг, ляжыць. Аж прыходзіць старык у гумно, прыносіць гаршчок золата і лапату ў руках. Выкапаў яму, паставіў гаршчок золата і пайшоў апяць дахаты. Гэты ж малады чалавек злез і пад гэты <…> палажыў крыжычак. Тады гэты дзядзька прынёс другі гаршчок золата, паставіў і закапаў. І выйшаў і крыкнуў: “Куды мой голас паляціць, каб мае грошы ў зямлю пайшлі далёка!” Ну добра. Тады гэты хлопец вывучыўся ўжо там да <…>, на бацюшку ці за каго. Пайшоў калядаваць. Прыходзіць да гэтага дзядзькі, кажыць:

— Можа што-небудзь вы маеце на ахвяру палажыць які рубель, апраўляем, кажыць, храм.

— А-ай, дзіцятка, гэтакі я бедны, нічога не маю.

Ён кажыць:

— Калісьці ж золата закопліваў, а цяпер гэдакі бедны?

— Да не, не праўда!

Кажыць:

— Бяры лапату, пайдзём у тваю пуню.

Пайшлі, адкапалі. Як адкапалі, дык гэты верхні гаршчок і пайшоў, а гэты, што пад крыжычкам быў, вот гэты і астаўся. 

Вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору

Адрас электроннай пошты: folkndl@yandex.ru


Адрас: 220030, Рэспубліка Беларусь, г.Мінск,
вул. К.Маркса, дом 31, п.39.

 

Тэлефон: 365-39-45

(з рэгіёнаў Беларусі: 8-017-3653945, 
з замежжа: +375 17 3653945)

 

Прыём наведвальнікаў:

панядзелак, серада, чацвер
з 10.00 да 16.30

(перапынак 

з 13.00 да 14.00)

У сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй прыём наведвальнікаў прыпынены.

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики.

Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.